Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
21 сакавіка 2012, 15:38

ВЫБАР - ЗА ПЕНСІЯНЕРАМ

Зварот за пенсіяй пасля дасягнення агульнаўстаноўленага ўзросту быў і застаецца добраахвотным

Прэзідэнт Беларусі 18 сакавіка бягучага года падпісаў указ нумар 136 "Аб мерах па ўдасканаленню пенсіённага забеспячэння грамадзян". З 1 кастрычніка гэтага года беларускія пенсіянеры змогуць скарыстацца - пры жаданні - больш прагрэсіўнай шкалой адтэрмінаванага выхаду на пенсію, каб павялічыць у будучым яе памер. Справа гэта добраахвотная, ні аб якім прымушэнні размовы не ідзе, адзначыла ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва.

- Валянціна Вікенцьеўна, перайшла ўжо ў разрад афарызмаў ваша любімая фраза наконт таго, што памер пенсій у Беларусі невысокі, паколькі назначаюцца яны занадта рана і занадта многім. Сапраўды, нараканні на памер пенсій гучаць даволі часта...

- Такая чалавечая натура, што заўсёды хочацца большага. Разам з тым кожны павінен усведамляць, што атрымаць больш можна толькі пры большым уласным укладзе.

З уступленнем у сілу ўказа нумар 136 у кожнага пенсіянера з'явіцца магчымасць рэальна паўплываць на памер сваёй пенсіі, калі такое будзе жаданне чалавека. Пры прадаўжэнні работы без атрымання пенсіі (пасля дасягнення 55 гадоў для жанчын і 60 гадоў для мужчын) памер пенсіі будзе прагрэсіўна расці.

Так, за першы год - на 6 працэнтаў заработку, прымаемага для вылічэння пенсіі; за два гады - на 14 працэнтаў (павышэнне на 8 працэнтаў за другі год работы падсумоўваецца з павышэннем на 6 працэнтаў за першы год); за тры гады - на 24 працэнты (14 працэнтаў за першыя два гады плюс 10 працэнтаў за трэці год); за чатыры гады - на 36 працэнтаў (24 працэнты за тры гады плюс 12 працэнтаў за чацвёрты); за пяты і кожны наступны год прадугледжваецца павышэнне памеру пенсіі на 14 працэнтаў заработку, якія таксама падсумоўваюцца з працэнтамі павышэння, устаноўленымі за папярэдні перыяд (за 5 гадоў - 50 працэнтаў, за 6 гадоў - 64 працэнты).

Хачу паўтарыць яшчэ раз: работнік сам прымае рашэнне, звярнуцца за пенсіяй раней, пагадзіўшыся на адносна невысокі яе памер, або пазней, зарабіўшы значна больш высокую пенсію. Напрыклад, за тры гады адкладзенага звароту за пенсіяй яе памер узрасце прыблізна ў 1,4 раза, за пяць гадоў - у 1,7-2 разы (гэта залежыць ад стажу і заработку канкрэтнага пенсіянера).

Памер сярэдняй працоўнай пенсіі ў сакавіку бягучага года складае Br1 млн. 221,9 тыс., сярэдняй пенсіі па ўзросту - Br1 млн. 255,2 тыс. Можна правесці прыблізны разлік, якой была б пенсія, калі б магчымасць заахвочвальных прэмій была ў чалавека 5 гадоў таму і ён бы гэтым скарыстаўся. Такім чынам, за пяць гадоў адкладзенай пенсіі ён сёння атрымліваў бы штомесяц амаль Br2,5 млн. пенсіі. Прычым гэты памер індэксаваўся б і пераразлічваўся б у далейшым у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі да канца яго жыцця.

- У некаторых людзей узнікаюць апасенні, што пры дэкларуемай добраахвотнасці ўдзелу ў сістэме пенсіённых заахвочванняў не выключаны элемент прымушэння: маўляў, або пакінь рабочае месца і атрымлівай пенсію, або прадаўжай працаваць без звароту па яе.

- І зусім дарэмна!

Справа ў тым, што механізм адкладзенай пенсіі існаваў і раней - гэта норма змешчана ў пенсіённым заканадаўстве ўжо некалькі гадоў і не з'яўляецца новаўвядзеннем (прадугледжвалася павышэнне памеру пенсіі па ўзросту за работу пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту без атрымання пенсіі на 1 працэнт заработку, прымаемага для вылічэння пенсіі, за кожныя два поўныя месяцы такой работы). Пры гэтым, скажыце, хто-небудзь сустракаўся з прымушэннем прадаўжэння работы без звароту за пенсіяй?! Не. Хіба гэта не аргумент? Тады пра якое прымушэнне вы кажаце?

Навацыя заключаецца зусім не ў новым парадку звароту за пенсіяй, а ў тым, што ўмовы сталі больш прывабнымі для грамадзян - даплата за адкладзены зварот за пенсіяй значна прыбавіла ў вазе. Ці выгадна гэта чалавеку? Я лічу, што так. Але кожны мае права рабіць свой выбар, была б альтэрнатыва. Ці выгадна гэта пенсіённай сістэме і дзяржаве ў цэлым? Несумненна: паколькі больш позні зварот па пенсiю будзе садзейнічаць зніжэнню прытоку пенсіянераў і павышэнню эфектыўнасці дзяржаўных расходаў.

Сапраўды, нагрузка на пенсіённую сістэму расце. У Беларусі ў 2011 годзе на 1 тыс. работнікаў прыпадала 570 пенсіянераў. У перспектыве нагрузка на Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ўзрасце, хоць, падкрэслю, фонд цяпер спраўляецца са сваімі абавязкамі па своечасовай і поўнай выплаце пенсій і дапамог, з іншымі ўскладзенымі на яго функцыямі.

У 2012 годзе на 100 працуючых беларусаў, паводле ацэнкі, будзе прыпадаць 57 пенсіянераў. У 2015 годзе гэта колькасць узрасце да 60, а ў 2020-м можа скласці 67 чалавек. Таму, з аднаго боку, дзяржава павінна даць магчымасць людзям зарабіць больш высокую пенсію, з другога боку, прыцягнуць іх на рынак працы ва ўмовах дэмаграфічна абумоўленага скарачэння працоўных рэсурсаў.

- Пагадзіцеся, зразумела апасенне людзей наконт таго, што яны прадоўжаць працаваць пасля 55/60 гадоў без пенсіі, а потым - лёс непрадказальны - не паспеюць скарыстацца сваёю прагрэсіўнай пенсіяй...

- Наперакор існуючаму меркаванню, у нашай краіне людзі не толькі дажываюць да пенсіі, але і не адзін дзясятак гадоў жывуць у так званым трэцім узросце: 27 працэнтаў насельніцтва нашай краіны - атрымальнікі пенсій. Сярод 2,5 млн. пенсіянераў - 450,6 тыс. жанчын і 200,7 тыс. мужчын ва ўзросце ад 70 да 80 гадоў, 234,6 тыс. жанчын і 67,5 тыс. мужчын - ва ўзросце 80 гадоў і старэйшыя.

Прытым што сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі, на жаль, яшчэ далёкая ад еўрапейскага паказчыка (у першую чаргу, за кошт высокай смяротнасці і ў працаздольным узросце), узрост дажыцця (ад выхаду на пенсію да смерці) не такі ўжо кароткі: для жанчын - 24,6 года, для мужчын - 14,2 года.

- Скарыстацца пенсіённай прэміяй за адкладзены выхад на заслужаны адпачынак могуць усе работнікі, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту?

- Пад работай, якая дае права на павелічэнне пенсіі згодна з указам, маюцца на ўвазе перыяды работы, прадпрымальнiцкай, творчай i iншай дзейнасцi, на працягу якіх праводзілася выплата абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы і сацабароны ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.

- У Беларусі прадаўжаюць працаваць больш за паўмільёна пенсіянераў - практычна кожны пяты. Ці захаваецца абмежаванне пенсii ў перыяд работы?

- Любая дзяржава зацікаўлена ў тым, каб яго грамадзяне працавалі, калі яны не страцілі працаздольнасць.

Згодна з артыкулам 83 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб пенсіённым забеспячэнні" ў перыяд работы або прадпрымальніцкай дзейнасці (за выключэннем работы непасрэдна ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў калгасах, саўгасах і іншых прадпрыемствах сельскай гаспадаркі) не выплачваецца частка пенсіі, вылiчаная з улікам заработку звыш 130 працэнтаў сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы, якая прымяняецца для карэкцiроўкi фактычнага заработку пенсiянера.

Пенсія працуючым пенсіянерам будзе выплачвацца з абмежаваннем і далей.

- А цяперашнія пенсіянеры могуць адмовіцца ад пенсіі для атрымання ў будучым пенсіённай прэміі?

- Так. Скарыстацца новай нормай могуць тыя людзі, якія сёння атрымліваюць пенсію і працуюць. Яны маюць права прыпыніць атрыманне пенсіі - і ў далейшым памер пенсіі ўзрасце.

Да ўступлення ў сілу ўказа (да 1 кастрычніка) будзе падрыхтавана неабходная нарматыўная база, якая ўлічвае ўсе нюансы.

- На ваш погляд, хто хутчэй за ўсё скарыстаецца магчымасцю пенсіённай прэміі за адкладзены выхад на заслужаны адпачынак?

- Лічу, новаўвядзенні асабліва выгадны для высокааплатных работнікаў. У ліку патэнцыяльных атрымальнікаў прэміі я назвала б жанчын, якія па сваім унутраным адчуванні не гатовы запісацца ў пенсіянеркі, - такіх нямала. Для многіх людзей узрост 55/60 гадоў з'яўляецца стрэсавым менавіта таму, што гэта пенсіённы парог. І адкладзены выхад на пенсію дасць магчымасць ім не толькі атрымаць у перспектыве вялікую пенсію, але і псіхалагічна абстрагавацца ад "пенсіённага" бар'ера.

- Некаторыя гарачыя галовы называюць указ закамуфляваным павышэннем пенсіённага парога ў Беларусі.

- Гэта меркаванне дылетантаў. Ні аб якім павышэнні пенсіённага ўзросту размовы не ідзе.

Нагадаю, на нарадзе па ўдасканаленню пенсіённага забеспячэння 16 сакавіка Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, прычым не першы раз, што Беларусь пакуль не пойдзе на павышэнне пенсіённага ўзросту, нягледзячы на тое, што ў краіне захоўваецца самы нізкі ўзроставай парог. Такі ж узрост выхаду на пенсію застаецца толькі ў Расіі і Узбекістане.

Адзначу, што ўзрост, які дае права для звароту за пенсіяй, - аднолькавы або розны для мужчын і жанчын - абумоўлены ў кожнай краіне гістарычнымі і сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі і традыцыямі. Тэндэнцыі ж такія, што многія краіны павышаюць пенсіённы ўзрост, як толькі для жанчын, у якіх ён першапачаткова ніжэйшы, так і для абодвух полаў.

- Акрамя прэмій, стымулюючых больш позні выхад на пенсію, ва ўказе змешчана яшчэ адно значнае новаўвядзенне.

- У адпаведнасці з указам, пры вылічэнні пенсіі за перыяды без выплаты абавязковых страхавых узносаў, якiя ўключаюцца ў стаж работы для назначэння пенсіі (вучоба, служба ў арміі, догляд дзяцей і іншыя), замест адсутнага заработку будзе прымяняцца ўмоўны даход - 40 працэнтаў сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за адпаведныя месяцы. Гэта дасць магчымасць павысіць значнасць у пенсіі перыядаў работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў і арыентаваць грамадзян на "заробліванне" пенсіі, у тым ліку і стажу.

Алена ПРУС
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі