Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
28 мая 2012, 13:17

  ВУЧЫЦЦА, ВУЧЫЦЦА І ЯШЧЭ РАЗ ВУЧЫЦЦА... СЛУЖЫЦЬ ДЗЯРЖАВЕ


Дзейнасць кіраўнікоў павінна пераходзіць ад адміністравання да маркетызацыі - М.Шчокін


Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (ІДС) унікальны ўжо тым, што - як ні ў якой іншай навучальнай установе краіны - тут сустракаецца многа вядомых персон, паколькі вучацца ў ІДС міністры, губернатары, кіраўнікі розных ведамстваў і прадпрыемстваў, паслы. Але высокі ранг слухачоў - зусім не адзіная асаблівасць ІДС. Унікальны і яго профіль - падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі кіруючых кадраў у сферы кіравання. Аб тым, якія задачы вырашае інстытут і якія перспектывы яго развіцця, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы кандыдыт філасофскіх навук, дацэнт Мікалай Шчокін.


- Мікалай Сяргеевіч, колькі чалавек прайшлі навучанне ў ІДС з моманту яго стварэння?


- Інстытут дзяржаўнай службы ўтвораны ў верасні 2000 года. А з ліпеня 2009 года ў склад інстытута ўваходзяць ужо тры факультэты: факультэт падрыхтоўкі, факультэт перападрыхтоўкі і факультэт павышэння кваліфікацыі. Больш чым за дзесяцігоддзе работы ІДС толькі пасля заканчэння факультэта перападрыхтоўкі дыпломы дзяржаўнага ўзору атрымалі амаль 9 тыс. чалавек.


Дарэчы, 25 мая адбыўся ўрачысты выпуск слухачоў факультэта перападрыхтоўкі завочнай формы атрымання адукацыі ў Акадэміі кіравання Інстытута дзяржаўнай службы. Дыпломы аб заканчэнні ВНУ ўрычылі 541 чалавеку. Выпуск слухачоў адбыўся па шасці спецыяльнасцях: "дзяржаўнае і мясцовае кіраванне", "эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве прамысловасці", "дзелавое адміністраванне", "кіраванне персаналам", "міжнародныя адносіны", "міжнародны маркетынг".


Адзначу, што акрамя дзяржаўнага заказу згодна з ліцэнзіяй на адукацыйную дзейнасць прыём у ІДС ажыццяўляецца па многіх спецыяльнасцях перападрыхтоўкі і на платнай аснове.


- Ці плануецца пашырэнне спектра спецыяльнасцей?


- З верасня бягучага года на факультэце перападрыхтоўкі будзе праведзены набор на спецыяльнасць "дзяржаўная ідэалогія і кіраванне чалавечымі рэсурсамі".


- Ці з'явіліся, на ваш погляд, новыя рысы ў "партрэце" слухачоў інстытута?


- Безумоўна. У першую чаргу гэта абумоўлена ростам патрабаванняў да прафесійных і маральных якасцей кіраўнікоў рознага рангу.


Час не стаіць на месцы - і нашы слухачы вызначаюцца іншым успрыняццем сусветных працэсаў у палітыцы і эканоміцы, крэатыўнасцю мыслення, адказнасцю. А галоўнае - большай патрабавальнасцю і да саміх сябе, і да атрымліваемых ведаў, каб у далейшым максімальна прымяніць іх на практыцы.


-Якія прынцыпы, на вашу думку, з'яўляюцца краевугольнымі ў сучаснай сістэме дзяржаўнага кіравання?


- Я выдзеліў бы пяць прыярытэтаў. Яны ўзаемазвязаны.


Гэта, па-першае, узаемнасць - гэты прынцып неабходны як паветра для плённай і выніковай камунікацыі. Па-другое, раўнавага - толькі ў кантэксце раўнавагі развіваецца ўзаемнасць і, такім чынам, можа быць пераадолена сітуацыя недаверу. Па-трэцяе, улік магчымасцей - ва ўмовах прымусу іншай краіны да дзеянняў, якія яна відавочна не можа выканаць, знікае прынцып даверу. Па-чацвертае, памяркоўнасць у прымяненні кіраўніцкай улады, бо адваротная сітуацыя хоць і прыносіць імгненную выгаду, тым не менш прыводзіць да самых неспрыяльных вынікаў. І па-пятае, гэта прыняцце легальных, разумных і справядлівых рашэнняў.


У Беларусі, як вядома, павышаныя маральныя патрабаванні ў адносінах да кіраўніцкай сферы. Таму патрабуецца разумнасць і справядлівасць кіраўніцкіх рашэнняў, высокая асабістая адказнасць за іх сацыяльныя наступствы. Гэта, на мой погляд, ключавы момант у кіраўніцкай дзейнасці.


Што датычыцца кіраўніцкіх паводзін, то іх неад'емнымі характарыстыкамі павінны быць кампетэнтнасць, аргументаванасць, публічнасць, дыялагічнасць, патрыятызм, строгае захаванне правіл і норм у беларускім грамадстве.


Лічу, што дзяржаўным служачым павінны быць непрымальнымі спробы злоўжываць уладай дзеля асабістай выгады і асабістых мэт. Здараецца, высокае становішча, валоданне ўладай пабуджае ў чалавеку славалюбства і карыслівыя матывы. Як вынік, у некаторых кіраўнікоў узнікае нястрымнае імкненне прадоўжыць сваё знаходжанне на кіраўніцкім крэсле рознымі спосабамі, у тым ліку і амаральнымі...


 Кіраўніцкая дзейнасць, якая не мае ў якасці фундаменту маральных прынцыпаў, вядзе да дэградацыі і чалавека, і справы ў цэлым. Дзейнасць менеджараў павінна пераходзіць ад адміністравання ў бок аказання кіраўніцкіх паслуг, маркетызацыі. Сёння ў Беларусі вітаецца жаданне і ўменне быць паспяховым. Размова ідзе аб імкненні перамагаць у канкурэнтнай барацьбе праз справядлівае дасягненне найвышэйшых маральна апраўданых вынікаў. На шчасце, маральныя каштоўнасці для беларусаў значаць намнога больш, чым матэрыяльная выгада.


-Тактычныя і стратэгічныя задачы развіцця краіны пастаўлены ў Пасланні Прэзідэнта. Яно шырока абмяркоўваецца і ў асяроддзі кіраўнікоў (што заканамерна), і ў грамадстве ў цэлым. А якое ваша асабістае ўспрыняцце?


- Прэзідэнт у Пасланні заклаў аснову нашага прарыву - інтэлектуальную, тэхналагічную, інавацыйную, палітычную, сацыяльную.


Упэўнены: сіла аўтарытэту кіраўніка дзяржавы, яго пастаянны клопат аб беларускіх грамадзянах, дэмакратычны выбар, што выключае канфрантацыйнае кіраванне ва ўсіх сферах жыццядзейнасці соцыуму, выклікае глыбокую павагу і ў многіх замежных грамадзян і дзяржаўных дзеячаў.


Імпануе непрымальнасць канцэпцыі аднаполюснага глабальнага свету. І што вельмі і вельмі важна - нават у крызісных умовах забяспечваецца ўстойлівае функцыянаванне палітычнай, эканамічнай і культурнай сфер беларускага грамадства.


-Патрабаванні да кіруючых асоб павялічваюцца не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах свету. Паколькі ад "якасці" флагманаў у значнай ступені залежыць ступень прагрэсу кожнай дзяржавы.


- Ідэалогія заходніх топ-менеджараў (кіраўнікоў кампаній і кіруючых асоб вышэйшага звяна) - гэта, перш за ўсё, ідэалогія бізнесу і бізнес-эліт. Яна характарызуецца імкненнем да падтрымання і паляпшэння ў заходнім свеце эканамічнай сістэмы размеркавання ўласнасці, даходаў, рэсурсаў, а значыць і ўплыву ўлады як унутры краіны, так і ў глабальным маштабе. Мэта такой ідэалогіі - захаванне і замацаванне становішча, пры якім буйныя карпарацыі і ўвесь залаты мільярд (насельніцтва багатага Захаду) выкарыстоўваюць сабе на карысць планетныя рэсурсы.


Але гэта не для нас і не пра нас.


-Якая, на ваш погляд, роля ідэалогіі ў рабоце кіраўніка любога рангу?


- Ідэалагічная работа з'яўляецца стрыжнем усёй дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі. Ідэалогія - гэта душа дзяржавы. Без ідэалагічнага асэнсавання сучасных сацыяльна-палітычных працэсаў нельга правільна вызначыць мэты палітыкі і арыенціры палітычнай дзейнасці.


Дзяржаўны апарат для ідэалогіі, а не ідэалогія для апарата - толькі так можа стаяць пытанне, калі размова ідзе аб рабоце органаў дзяржкіравання. Эфектыўнасць дзяржаўнай палітыкі ў многім залежыць ад яе ідэалаічнага сэнсу. Работа органаў дзяржаўнага кіравання павінна быць прывязана да ідэалагічнай парадыгмы беларускай дзяржавы.


А дзяржаўныя работнікі павінны быць не толькі фармальным увасабленнем палітыкі Прэзідэнта, але перакананымі ідэалагічнымі прыхільнікамі гэтай палітыкі. Вось чаму неабходна павялічваць прыток такіх людзей у дзяржструктуры, каб стратэгічны курс дзяржавы атрымліваў адэкватную ідэалагічную падтрымку, а грамадзяне і ўлада ўмацоўвалі пачуццё салідарнай адказнасці за праводзімую дзяржаўную палітыку ў краіне.


Задача Інстыта дзяржслужбы - рыхтаваць канкурэнтаздольныя кадры кіруючых асоб ва ўмовах свету, які дынамічна развіваецца, вырашаючы задачы, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы.


Алена ПРУС,
БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі