Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
15 кастрычніка 2014, 14:45

Віктар Назаранка: Генеральная асамблея МЭК пройдзе ў 2015 годзе ў Мінску

У 2015 годзе Мінск упершыню прыме Генеральную асамблею Міжнароднай электратэхнічнай камісіі (МЭК). Гэта буйнейшы бізнес-форум, своеасаблівая "тэхнічная Алімпіяда". Аб значэнні такога мерапрыемства для Беларусі, асноўных задачах і мэтах форуму, а таксама этапах падрыхтоўкі да яго правядзення ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка.

-Віктар Уладзіміравіч, абрэвіятура МЭК і нават яе расшыфроўка мала аб чым гавораць не толькі простаму абывацелю, але і некаторым спецыялістам. Таму перш чым перайсці да тэмы правядзення Генасамблеі  МЭК у Мінску, растлумачце, што ж гэта за арганізацыя - Міжнародная электратэхнічная камісія?


- Міжнародная электратэхнічная камісія існуе з 1906 года. Гэта адна са старэйшых арганізацый у свеце, якая спецыялізуецца на распрацоўцы і публікацыі міжнародных стандартаў, а таксама ацэнцы і пацвярджэнні адпаведнасці электратэхнічнай прадукцыі гэтым стандартам. Міжнародная электратэхнічная камісія - вядучы глабальны партнёр Сусветнай гандлёвай арганізацыі ў галіне тэхнічнага рэгулявання. МЭК рэгулюе пытанні нарміравання і ацэнкі адпаведнасці прадукцыі, што складае 21 працэнт сусветнага гандлю.

Асноўнай перавагай МЭК перад іншымі аналагічнымі ўтварэннямі з'яўляецца дакладнае вызначэнне сферы дзейнасці - электратэхнічная прадукцыя. Усё, што трапляе ў гэту сферу, пачынаючы з вялікай энергетыкі і заканчваючы спажывецкімі таварамі, належыць да сферы дзейнасці МЭК. Цяпер у рабоце камісіі прымаюць удзел 162 краіны: 81 краіна - член арганізацыі і столькі ж партнёраў.

- Наколькі шырока ў Міжнароднай электратэхнічнай камісіі прадстаўлена Беларусь?

- Наша краіна з'яўляецца паўнапраўным членам МЭК з 1993 года. Беларусь прадстаўлена ў 48 тэхнічных камітэтах са 174, якія працуюць у МЭК. Тэхнічны камітэт - гэта аб'яднанне спецыялістаў канкрэтнай галіны. Напрыклад, гэта можа быць бытавая электратэхніка, аднаўляльныя крыніцы энергіі, прамысловае абсталяванне. У рабоце тэхкамітэта ўдзельнічаюць краіны, для якіх выбраны напрамак уяўляе інтарэс. Вядома, хацелася б, каб Беларусь была прадстаўлена ў МЭК больш шырока - хаця б у 140 тэхнічных камітэтах. Напрыклад, Нарвегія, чыё насельніцтва складае крыху больш як 5 млн чалавек, прадстаўлена ў 164 тэхнічных камітэтах/падкамітэтах МЭК. Амаль 500 экспертаў, усе вядучыя кампаніі краіны задзейнічаны ў гэтай рабоце. Як толькі наша прамысловасць пачне актыўнае жыццё ў тэхнічнай супольнасці стандартызатараў, мы будзем зусім па-іншаму бачыць тое, што адбываецца ў галіне тэхнікі, тэхналогій, абсталявання.

- Што ж стрымлівае актыўнасць?


- Недастаткова высокую актыўнасць можна растлумачыць рознымі прычынамі. З аднаго боку, кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў прывыклі, што іх пазіцыю павінен нехта сфармуляваць і адстаяць. З другога - на прадпрыемствах катастрафічна не хапае спецыялістаў у галіне стандартызацыі з веданнем замежнай мовы, якія маглі б на адпаведным узроўні ўдзельнічаць, апаніраваць, адстойваць пазіцыі на пасяджэннях тэхкамітэтаў. І нават калі не гаварыць аб удзеле ў МЭК. Мы востра адчуваем нізкую актыўнасць прадпрыемстваў па ўкараненні міжнародных стандартаў у прамысловасці. Пазітыўным прыкладам можа стаць "Белнафтахім", паколькі ён вымушаны працаваць на знешнія рынкі і выконваць усе патрабаванні, якія прад'яўляюцца ў кантрактах. Можна таксама адзначыць машынабудаўнікоў, якія актыўна працуюць на экспарт.

- Ці можа правядзенне ў Мінску Генасамблеі МЭК стаць паваротным пунктам, пасля якога наш рэальны сектар пачне актыўней працаваць у гэтым напрамку?

- Калі мы прапаноўвалі правесці Генасамблею МЭК у Мінску, зыходзілі з двух аспектаў. Перш за ўсё, мы хочам, каб у Беларусь прыехалі прафесіяналы ў галіне электратэхнікі больш як са 160 краін свету, абмеркавалі набалелыя пытанні, паглядзелі на нашу краіну, прамысловасць, інфраструктуру, заключылі дамоўленасці, выйшлі на якія-небудзь перспектыўныя інвестыцыйныя праекты. Ну і, вядома, мы разлічваем, што ўсё ж разбудзім наш рэальны сектар, паколькі працаваць у напрамку адпаведнасці прадукцыі міжнародным стандартам жыццёва неабходна.

- Раней ніводная з краін постсавецкай прасторы не ўдастойвалася гонару прыняць у сябе Генеральную асамблею МЭК. Чаму, на  ваш погляд, менавіта Беларусі было даверана права правядзення глабальнага форуму?

- Пры прыняцці рашэння аб правядзенні Генасамблеі МЭК вялікае значэнне ўдзяляецца стабільнасці эканамічнай сістэмы, таму, наколькі краіна дэманструе інтарэс да інавацый, стварае ўмовы для інвестыцый. Беларусь можна назваць адной з краін, дзе за апошнія гады створана шмат прывабных стымулаў, якія ўяўляюць інтарэс для замежных партнёраў. Акрамя таго, наша краіна і нашы тэхнічныя спецыялісты на ўсіх этапах займалі і займаюць актыўную пазіцыю ў галіне тэхнічных распрацовак. Мы можам смела гаварыць аб тым, што асноўную колькасць дакументаў дагаворна-прававой базы ў Мытным саюзе зрабілі спецыялісты Рэспублікі Беларусь. Ну і, вядома, тэрытарыяльнае размяшчэнне: усё ж такі Беларусь у цэнтры Еўропы, знаходзіцца на мяжы розных эканамічных сістэм.

- Раскажыце аб ходзе падрыхтоўкі да Генеральнай асамблеі МЭК у Мінску. Ці гатова беларуская сталіца да такой знакавай міжнароднай падзеі? На чым будуць сканцэнтраваны намаганні ў бліжэйшы час?

- Падрыхтоўка да правядзення Генеральнай асамблеі МЭК дзеліцца на два этапы. Першы - гэта работа, звязаная з арганізацыйнымі мерапрыемствамі. Маецца на ўвазе выбар месц правядзення, вызначэнне крыніц фінансавання, прыцягненне спонсараў. У якасці асноўных пляцовак для правядзення рабочых пасяджэнняў МЭК выбраны нацыянальны алімпійскі камітэт, гасцінічныя комплексы "Вікторыя" і культурна-спартыўны комплекс "Мінск-Арэна". Другі этап звязаны з падрыхтоўкай пасяджэнняў тэхнічных камітэтаў, якія пройдуць у час Генасамблеі. Што датычыцца гэтага, частку шляху мы прайшлі ўжо: мы выдзелілі тыя сферы дзейнасці МЭК, што ўяўляюць інтарэс для Беларусі, у рамках гэтых напрамкаў напрацавалі пералікі спецыялістаў ад розных арганізацый, якія хацелі б удзельнічаць у тэхкамітэтах. Цяпер ідуць узгадненні, прадстаўнікі якіх тэхкамітэтаў прыедуць у Мінск і прымуць удзел у пасяджэннях.

- Як Беларусі максімальна эфектыўна выкарыстаць гэты шанц, у тым ліку для прыцягнення інвестыцый у эканоміку краіны?

- У час Генеральнай асамблеі МЭК, як правіла, падпісваюцца перспектыўныя інвестыцыйныя праекты. Краіны-гаспадыні правядзення мерапрыемстваў такога ўзроўню атрымліваюць значныя палітыка-эканамічныя дывідэнды, павышаюць інвестыцыйную прывабнасць краіны, у тым ліку за кошт дэманстрацыі высокага ўзроўню развіцця навукі і тэхнікі, інжынернага развіцця. У сувязі з гэтым асноўная праблема заключаецца ў тым, каб пераканаць прамысловасць актыўна ўключацца ў падрыхтоўчыя мерапрыемствы да правядзення Генасамблеі МЭК, фарміравання перспектыўных прапаноў для перагавораў і тым самым пашыраць свае інтарэсы на знешнім рынку. Тое, што пэўная частка беларускіх прадпрыемстваў стане актыўным членам міжнародных тэхнічных камітэтаў, установіць партнёрскія адносіны, падпіша канкрэтныя інвестыцыйныя дагаворы з сусветнымі кампаніямі на стварэнне сумесных прадпрыемстваў або філіялаў, будзе самым значным вынікам Генасамблеі МЭК у Мінску. Сёння мы вядзём работу па рэфармаванні Нацыянальнага камітэта Беларусі ў МЭК, асноўнай мэтай якога і з'яўляецца рэалізацыя вышэйпералічаных задач. Вельмі важна, каб замежныя госці, якія два тыдні будуць знаходзіцца ў нашай краіне, адчулі, што Беларусь - гэта партнёр, з якім можна адкрыта працаваць у самых розных галінах, у тым ліку вытворчасці і ўзаемных пастаўках прадукцыі.

Юлія Дылянок
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі