Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
26 чэрвеня 2017, 16:05
Чан Дай Куанг

В'етнам і Беларусь прыкладуць намаганні для дасягнення тавараабароту $500 млн

Чан Дай Куанг

Прэзідэнт В'етнама Чан Дай Куанг прыбыў у Беларусь з афіцыйным візітам, які прадоўжыцца да 28 чэрвеня. Праграма маючых адбыцца мерапрыемстваў уключае ў сябе як перагаворы на вышэйшым узроўні, так і сустрэчы з кіраўніцтвам урада, Нацыянальнага сходу, прадстаўнікамі в'етнамскай дыяспары і студэнтамі, наведванне шэрага беларускіх прадпрыемстваў і культурных аб'ектаў. Аб тым значэнні, якое В'етнам надае развіццю двухбаковых адносін з Беларуссю, і чаканнях ад візіту Чан Дай Куанг расказаў у эксклюзіўным інтэрв'ю БЕЛТА.

- У гэтым годзе споўнілася 25 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. Раскажыце аб поспехах, якіх Беларусь і В'етнам дасягнулі за мінулы час.

- Я рады наведаць прыгожую Беларусь, упершыню на пасадзе Прэзідэнта Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам, калі мы адзначаем 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Паміж нашымі краінамі склаліся традыцыйна дружалюбныя сувязі і добрае шматбаковае супрацоўніцтва. Глыбокія і шчырыя пачуцці да краіны і людзей Беларусі засталіся ў душы цэлых пакаленняў в'етнамцаў. Тысячы в'етнамскіх маладых людзей вучыліся ў Беларусі. Гэта гістарычная сувязь з'яўляецца каштоўнай асновай, каб наша ўзаемадзеянне бесперапынна развівалася, што мы сёння і бачым.

Палітычныя адносіны нашых краін вызначаюцца высокім узроўнем даверу. Мы рэгулярна абменьваемся дэлегацыямі на розных узроўнях, асабліва на вышэйшым. Хачу нагадаць візіт у Беларусь генеральнага сакратара Нгуен Фу Чонга ў 2014 годзе, візіт прэм'ер-міністра Нгуен Тан Зунга ў 2013 годзе і візіты ў В'етнам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў 1997, 2008, 2015 гадах.

Беларусь і В'етнам цесна ўзаемадзейнічаюць і падтрымліваюць адзін аднаго на міжнародных форумах, такіх як ААН, Рух недалучэння. У нас працуюць розныя механізмы супрацоўніцтва. Гэта палітычныя кансультацыі на ўзроўні намесніка міністра замежных спраў, міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, міжурадавая камісія па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве і камісія па навукова-тэхналагічным супрацоўніцтве.

Гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне актывізуецца і па маштабе, і па якасці. Тавараабмен за 2016 год склаў амаль $100 млн. Былі падпісаны і ратыфікаваны важныя дакументы, такія як пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж В'етнамам і дзяржавамі - членамі ЕАЭС, пратакол аб падтрымцы вытворчасці маторных транспартных сродкаў на тэрыторыі В'етнама. Гэтыя дакументы адкрываюць новыя гарызонты для ўзмацнення гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

Цяпер адзначаецца тэндэнцыя пераходу ад простага гандлю да вытворчай кааперацыі і прамысловай зборкі. Прыкладам гэтага з'яўляецца супрацоўніцтва паміж Мінскім аўтамабільным заводам і в'етнамскімі партнёрамі ў зборцы ў В'етнаме грузавікоў, аўтобусаў і трактароў.

Узаемадзеянне ў іншых сферах, гэта абарона і бяспека, навука і тэхналогіі, адукацыя і падрыхтоўка кадраў, культура і турызм, таксама станоўча развіваецца. Беларускім грамадзянам ствараюцца спрыяльныя ўмовы для работы і падарожжаў у В'етнаме.

Бакі цяпер рэалізуюць план супрацоўніцтва ў сферы турызму на 2016-2018 гады. Колькасць беларускіх турыстаў за 2016 год павялічылася амаль удвая ў параўнанні з 2015 годам. Беларусь знаходзіцца ў спісе 40 краін, грамадзянам якіх пачалі выдаваць электронныя візы па пілотным праекце з 1 лютага 2017 года.

Зусім нядаўна, у маі, Дні культуры Беларусі паспяхова праводзіліся ў Ханоі і правінцыі Лаакай. Мы маглі яшчэ раз убачыць вобраз прыгожай Беларусі, дружалюбных і гасцінных беларускіх людзей.

- Як Вы ацэньваеце перспектывы в'етнамска-беларускага супрацоўніцтва на бліжэйшы час?

- У нашых краін ёсць вялікі патэнцыял, каб развівацца больш дынамічна і эфектыўна ў бліжэйшы час. Шматгадовая дружба народаў, палітычны давер, рашучасць вышэйшых кіраўнікоў краін і добрыя вынікі супрацоўніцтва - гэта трывалая аснова, якая выведзе нашы адносіны на новыя вышыні ў адпаведнасці з інтарэсамі бакоў.

Падпісаныя і ўступіўшыя ў сілу важныя дакументы акажуць моцны ўплыў на гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва дзвюх краін.

Бакі цяпер актыўна рэалізуюць праект сумеснага прадпрыемства па зборачнай вытворчасці паміж Мінскім аўтамабільным заводам і акцыянерным таварыствам "Аў В'ет". Гэта першае сумеснае прадпрыемства В'етнама і Беларусі. Плануецца, што яно пачне сваю работу ў канцы бягучага года. Перавага Беларусі ў вытворчасці транспартных сродкаў дапаможа пашырыць кааперацыю паміж беларускімі прадпрыемствамі, асабліва МАЗ, і в'етнамскімі партнёрамі.

Акрамя таго, мы будзем узмацняць сувязі ў галіне сельскай гаспадаркі, перш за ўсё ў экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі і ў частцы стварэння сумеснага прадпрыемства па яе перапрацоўцы.

Нашы краіны прадоўжаць актывізаваць узаемадзеянне ў сферы навукі і тэхналогій у рамках камісіі па навукова-тэхналагічным супрацоўніцтве. У аснове гэтай работы - дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва паміж Акадэміяй навук і тэхналогій В'етнама і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі на 2016-2020 гады, падпісаныя пагадненні ў галіне інтэлектуальнай уласнасці, стандартызацыі, метралогіі і якасці.

Мы прадоўжым сувязі не толькі ў галіне адукацыі і падрыхтоўкі кадраў, інфармацыі і камунікацыі, але і ў галіне прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. У В'етнаме падтрымліваюць і заахвочваюць, каб рэгіёны дзвюх краін наладжвалі прамыя кантакты і прапаноўвалі канкрэтныя планы супрацоўніцтва на аснове падпісаных пагадненняў. Гэта садзейнічае ўзаемнаму разуменню, культурнаму абмену, развіццю турызму, прыцягненню інвестыцый і ўзмацненню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

- Якое значэнне для развіцця гандлю і эканомік Беларусі і В'етнама мае падпісанае вашай краінай пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з дзяржавамі - членамі ЕАЭС?

- Гэта пагадненне прынесла каштоўныя магчымасці і новую прастору, каб развіваць гандлёва-эканамічныя сувязі В'етнама і Беларусі. У цэлым мы абавязаліся адкрыць адзін аднаму рынак тавараў прыкладна па 90 працэнтах тарыфных радкоў, гэта больш за 90 працэнтаў тавараабароту. Такія пошлінныя льготы даюць магчымасць пастаўляць адзін аднаму свае асноўныя тавары. Для В'етнама гэта швейна-тэкстыльныя вырабы, абутак, сельскагаспадарчыя і марскія прадукты. Для Беларусі - машыны, абсталяванне, транспартныя сродкі, камплектуючыя і запчасткі аўтамабіляў.

Мы пастараемся збалансаваць гандлёвы абмен і выйсці на ўзровень $500 млн у бліжэйшы час. Акрамя таго, можна разглядаць магчымасць стварэння сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці і перапрацоўцы. Гэтыя прадпрыемствы павінны адпавядаць патрэбнасцям і патэнцыялам бакоў і выкарыстоўваць матэрыялы, якія мы закупляем адзін у аднаго. Усё гэта дапаможа нам карыстацца льготамі ад падпісанага пагаднення.

У В'етнаме прыкладуць намаганні, каб Беларусь і іншыя члены ЕАЭС пашыралі гандлёвыя і эканамічныя сувязі з адзіным рынкам супольніцтва АСЕАН, дзе пражываюць звыш 600 млн чалавек і ВУП якога складае прыкладна $2,5 трлн.

Упэўнены, што развіццё традыцыйна дружалюбных адносін будзе садзейнічаць выкарыстанню лепшым чынам новых шанцаў, дасць магчымасць актывізаваць супрацоўніцтва ў розных сферах у імя інтарэсаў народаў дзвюх краін, міру, стабільнасці і развіцця ў рэгіёне і свеце ў цэлым.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі