Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
09 ліпеня 2020, 13:03
Кацярына Карстэн

Умовы створаны - справа за рэзультатам

Кацярына Карстэн
Двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў акадэмічным веславанні

Першы вялікі поспех прыйшоў да Кацярыны Карстэн у 1990 годзе. Тады спартсменка, якая выступала пад прозвішчам Хадатовіч, стала чэмпіёнкай свету сярод юніёрак. У фінальным заездзе пераможцу вызначыў фотафініш. Адрыў ад балгаркі Румяны Нейкавай склаў менш за дзясятую долю секунды. Такая ж сітуацыя паўтарылася пазней, пасля фінальнага заезду на Гульнях у Сіднеі, дзе выхаванка Анатоля Квяткоўскага таксама змагла апярэдзіць грозную балгарку. Да 1991 года беларуска стала трохразовай чэмпіёнкай СССР і выйграла бронзу чэмпіянату свету ў двойках парных, аб'яднаўшы намаганні з Сарыяй Закіравай з Украіны. У 1992 годзе Кацярына Карстэн дэбютавала на Алімпійскіх гульнях, выступаючы ў класе чацвёрак парных, і стала ўладальніцай бронзы разам з Антанінай Зеліковіч, Таццянай Усцюжанінай і яшчэ адной беларускай Аленай Хлопцавай. Гэты медаль быў адзіным для аб'яднанай каманды ў акадэмічным веславанні і першым з пяці для Кацярыны Вялікай, як пазней назавуць ураджэнку Крупскага раёна журналісты.

Няўдачы ў першыя гады ледзь не падштурхнулі будучую двухразовую алімпійскую чэмпіёнку да пераезду ў Расію, аднак у выніку яна засталася дома. Умовы для падрыхтоўкі да Гульняў у Атланце-1996 былі прадастаўлены і канфлікт вычарпаны. Пропускам на Алімпіяду стала сёмае месца на чэмпіянаце свету 1995 года.

На галоўных стартах чатырохгоддзя прэтэндэнткай на тытул лічылася канадка Сілкен Лаўман, для якой гэта быў апошні шанц выйграць золата Алімпіяды. Таксама фаварытам была датчанка Трынэ Хансэн. Але беларуска абышла ўсіх. У паўфінале яна абхітрыла канадку, імітуючы па парадзе трэнера стомленасць у канцы гонкі, а ў вырашальным заездзе за 250 м да фінішу "раскруціла" свой фірменны спурт. Сілкен Лаўман прайграла ў выніку Кацярыне Карстэн больш за корпус лодкі.

Праз чатыры гады ў Сіднеі беларуска зноў не мела сабе роўных, выйграўшы другое ў кар'еры золата. Раней двухразовых алімпійскіх чэмпіёнаў у суверэннай Беларусі не было. Таксама на яе рахунку серабро Афін-2004 і бронза Пекіна-2008. Пасля галоўных стартаў чатырохгоддзя ў Кітаі Кацярына Карстэн стала поўным кавалерам ордэна Айчыны.

У жніўні 2019 года на прэс-канферэнцыі ў НАК Беларусі Кацярына Карстэн аб'явіла аб завяршэнні прафесійнай кар'еры.

Залаты медаль Алімпіяды-2000 па веславанні заваявала Кацярына Карстэн (Хадатовіч). На фінішы. Фота з архіва, 2000 год

- Кацярына Анатольеўна, на сайце Міжнароднай федэрацыі веславання прайшлі старты на фэнтэзі-кубак. Віртуальныя спаборніцтвы, у час якіх балельшчыкі выбіралі мацнейшых атлетаў сярод легенд мінулага і зорак сённяшняга дня акадэмічнага веславання. Вам не было роўных у класе жаночых адзіночак.

- Безумоўна, вельмі прыемна, што пра мяне да гэтага часу памятаюць як пра спартсменку. Але, шчыра кажучы, цяпер ёсць важнейшыя задачы, удзяляю больш увагі развіццю веславання ў Беларусі. Курырую спартсменаў ва ўзросце да 18 гадоў. Для мяне гэта вельмі каштоўны вопыт.

- Як ацэньваеце ўмовы, у якіх займаецца маладое пакаленне весляроў-акадэмістаў?

- Для іх створаны выдатныя ўмовы, якія не ўступаюць тым, што ёсць у вядучых вяслярных дзяржавах. Справа - за рэзультатам. Толькі трэніруйся, прагрэсіруй.

Юных таленавітых спартсменаў у нас хапала ва ўсе часы. Цяпер яны таксама ёсць. Аднак запалу ў хлопцаў і дзяўчат хапае толькі на міжнародныя юніёрскія і маладзёжныя спаборніцтвы. У дарослым спорце ўсё некуды знікае. Адна з нашых першарадных задач зрабіць так, каб таленты не страчваліся і пераходзілі на элітны ўзровень, смела заяўлялі аб сабе.

Кацярына Карстэн у час гонкі на 2000 метраў, у выніку якой заваявала сярэбраны медаль. Фота з архіва

- За апошнія два дзясяткі гадоў у краіне з'явілася нямала сучасных спартыўных збудаванняў. Сярод іх вяслярны канал у Брэсце.

- Наш від спорту, а таксама майстры веславання на байдарках і каноэ паказвалі і паказваюць дастойныя рэзультаты на міжнароднай арэне. Таму кіраўніцтва краіны пайшло нам насустрэч і ў горадзе над Бугам з'явіўся аб'ект, які адпавядае сусветным стандартам. Гэта канал топ-узроўню, аналагічных у свеце можна пералічыць па пальцах. Зручны і сам канал, і інфраструктура вакол выдатная. Усё побач: гасцініца, трэнажорная зала. Нездарма там праводзілі чэмпіянаты і першынство Еўропы, маладзёжны планетарны форум.

- Для многіх спартсменаў алімпійскае золата - галоўная мэта, дасягнуўшы якой яны завяршаюць кар'еру. Вы ж на поспеху ў Атланце не спыніліся…

- Мне тады 24 гады споўнілася, і думак кідаць спорт нават не ўзнікала. Добра памятаю, як, паспяхова адганяўшыся ў фінале Алімпіяды-1996, ужо на наступны дзень выйшла на трэніроўку, пачаўшы рыхтавацца да галоўных стартаў чатырохгоддзя ў Сіднеі. У 1998 годзе зрабіла перапынак з-за нараджэння дачкі. Але потым зноў аднавіла трэніроўкі. Мне вельмі падабалася займацца спортам, акадэмічным веславаннем. Так супала, што гэта было для мяне і хобі, і любімая работа. Гэта і стала залогам доўгай кар'еры.

- Хто была ваша галоўная канкурэнтка ў той час?

- Больш за ўсё доўжылася маё саперніцтва з Румянай Нейкавай з Балгарыі. Мы з самага дзяцінства ганяліся адна супраць адной. Яна ўсё не магла мяне абысці, заставалася за долі секунды ззаду, як на Гульнях у Сіднеі. Гэта была доўгая гісторыя. У выніку ёй удалося выйграць у мяне на Алімпіядзе ў Пекіне, дзе мне дастаўся бронзавы медаль. У мінулым годзе на чэмпіянаце свету ў Плоўдзіве з задавальненнем паразмаўлялі. Варожасці ў нас няма і быць не можа. У акадэмічным веславанні так не прынята.

Кацярына Карстэн - сярэбраны прызёр Афін-2004. Фота з архіва

- Напэўна, з'яўляючыся спартсменкай экстра-класа, не раз атрымлівалі прапановы змяніць грамадзянства?

- Калі з мужам змянілі месца жыхарства і пераехалі ў Германію, такіх прапаноў хапала. Абяцалі шмат усяго і адразу. Але ўсё гэта перастала мець значэнне, калі атрымала запрашэнне прадоўжыць выступленні за зборную Беларусі. Прыняла яго з радасцю. Для мяне гэта было больш важна.

- Нягледзячы на знакавыя рэзультаты для беларускага і сусветнага спорту, зорная хвароба абмінула вас…

- Заўсёды спакойна ставілася да славы, якая мяне акружала. Заўсёды ведала, што зорная хвароба да дабра не даводзіць, нават самых выдатных людзей. У сусветным спорце ёсць шмат прыкладаў, якія пацвярджаюць гэта правіла. У любой сітуацыі важна заставацца чалавекам.

Уладзімір УПЕНЬЕК

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі