Пытанні сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі заўсёды актуальныя і нязменна выклікаюць цікавасць у насельніцтва, аб чым сведчаць вынікі аналізу зваротаў грамадзян у Мінгарвыканкам. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, паколькі людзей у першую чаргу хвалюе тое, з чым яны сутыкаюцца штодзень. Каб даведацца, колькі сталічных дамоў плануецца паставіць на капрамонт у бягучым годзе, калі старое жыллё вызваліць тэрыторыі для новага і калі пачне працаваць сайт, з дапамогай якога мінчане змогуць паскардзіцца на недахопы ў сферы ЖКГ, карэспандэнт БЕЛТА сустрэлася з першым намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым.
- Уладзімір Яўгенавіч, колькі дамоў плануецца паставіць на капрамонт у гэтым годзе?
Не так даўно быў выдадзены загад Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, згодна з якім некаторыя віды работ па капітальным рамонце будуць праводзіцца за кошт сродкаў жыльцоў. У горадзе вядзецца карэкціроўка праектнай дакументацыі. За кошт скарачэння пераліку работ ужо сэканомлена каля Br140 млрд, якія таксама будуць накіраваны на правядзенне капрамонту. І калі ў бягучым годзе стаяла задача адрамантаваць 470 тыс. кв.м жылля, то дзякуючы дадатковаму фінансаванню плануецца выйсці на 650 тыс. кв.м.
Рашэнне, праводзіць капрамонт дома ці не, прымаецца па выніках комплекснага абследавання. Ставіць на капрамонт усе дамы, якія эксплуатуюцца больш як 25 гадоў, было б няправільна, таму што некаторыя з іх у гэтым не маюць патрэбы. І наадварот, ёсць жыллё "маладзейшае", але трубы ў ім праржавелі ўжо і патрабуюць замены.
- Цяпер у сталіцы каля 150 дамоў падлягаюць зносу. Ці распрацаваны графік зносу? Дзе ў першую чаргу знікнуць пустуючыя дамы?
- У Мінску практычна няма свабодных тэрыторый, якія можна выкарыстоўваць для будаўніцтва жылля. У той жа час у кожным раёне горада налічваецца немалая колькасць адселеных некалькі гадоў таму старых дамоў. Яны не толькі псуюць знешні выгляд сталіцы, але і з'яўляюцца прыстанішчам для людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Цяпер зносу падлягаюць 159 кінутых дамоў. На гэтыя мэты выдзелена Br118 млрд. Зносам старых будынкаў займаюцца УКБ і ЖРЭА раёнаў. У другім паўгоддзі УКБ плануюць знесці каля сотні пабудоў, ЖРЭА - 28, у першай палавіне 2016 года - 20 і 7 адпаведна. На вызваленых тэрыторыях пабудуюць дамы для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
- Колькі калясачных у дамах Мінска плануецца перавесці ў арэндны фонд жылля? Якія работы для гэтага будуць выкананы?
- Усяго ў сталічных дамах налічваецца каля 240 калясачных. З іх у фонд арэнднага жылля пераведзена 50. Самае складанае ў гэтай рабоце - атрымаць згоду ўсіх жыхароў дома на тое, каб калясачная стала кватэрай. Далей БРТІ рыхтуе тэхпашпарт або ведамасць тэхнічных характарыстык, на падставе якіх раённая адміністрацыя прымае рашэнне аб пераводзе памяшкання ў жылфонд.
- Колькі кантэйнераў для раздзельнага збору цвёрдых бытавых адходаў плануецца ўстанавіць у Мінску ў бягучым годзе, а галоўнае - на якім узроўні арганізаваны вываз гэтага смецця? Многія мінчане скардзяцца, што тары для раздзельнага збору смецця часта апустошвае адзін і той жа смеццявоз...
- У горадзе ўстаноўлена больш як 14,5 тыс. кантэйнераў для раздзельнага збору смецця. У гэтым годзе мы плануем закупіць каля 2,2 тыс. ацынкаваных кантэйнераў. І гэта работа будзе прадоўжана.
Размовы аб тым, што ўсё смецце згружаюць у адну і тую ж машыну, беспадстаўныя. Мяркую, блытаніна ўзнікла з-за таго, што раней усе смеццявозы былі афарбаваны ў адзін колер - аранжавы. І жыхары рабілі памылковы вывад, быццам смецце з усіх кантэйнераў трапляе ў адну машыну. Цяпер змесціва кантэйнераў для раздзельнага збору смецця грузяць у машыны зялёнага колеру. Іх у Мінску працуе больш за 20. Усе смеццявозы ездзяць па вызначаным маршруце, які лёгка прасачыць, паколькі аўтамабілі абсталяваны спецыяльнымі ўстройствамі спадарожнікавай сістэмы вызначэння месцазнаходжання. І калі вадзіцель адхіліцца ад маршруту, то заплаціць штраф. Паўстае пытанне, навошта яму выконваць чужую работу, навошта згружаць у аўтамабіль смецце, якое яму не трэба забіраць?
- Як вы ацэньваеце тэмпы рамонту дарог у Мінску? Якія месцы лічацца ў дарожнікаў найбольш праблемнымі? Якія сучасныя тэхналогіі ямачнага рамонту прымяняюць дарожнікі?
- У Мінску каля 22 млн кв.м асфальтавага пакрыцця, таму работы па рамонце дарожнага палатна ў горадзе вядуцца пастаянна. Сказаць, што дзесьці сітуацыя горшая, а дзесьці лепшая, будзе не зусім правільна.
Зразумела, каб палепшыць якасць пакрыцця, мы ўкараняем новыя тэхналогіі. Напрыклад, у горадзе адыходзяць ад ямачнага рамонту, таму што належнага эфекту ён не дае. Пры аднаўленні пакрыццяў пераважна выкарыстоўваецца спосаб суцэльнага фрэзеравання, прымяняюцца новыя тыпы асфальтаў з дабаўкамі.
Цяпер асфальтабетоннае пакрыццё замяняюць на 15 вуліцах горада, у тым ліку Якуба Коласа і Чыгуначнай.
- У Беларусі рэалізуецца дзяржпраграма "Чыстая вада". Яна прадугледжвае паэтапны перавод Мінска на водазабеспячэнне з падземных крыніц. Як ідзе гэта работа, і калі яна завершыцца?
- На сёння з 550 тыс. куб.м вады, якія здабываюцца ў Мінску за суткі, толькі 170 тыс. куб.м не з падземных крыніц. Разам з тым уся пітная вада ў сталіцы адпавядае санітарным правілам і нормам.
На працягу бліжэйшых некалькіх гадоў мы плануем павялічыць колькасць вады, што здабываецца з падземных крыніц, яшчэ на 70 тыс. куб.м шляхам дабурвання існуючых свідравін на водазаборах "Феліцыянава" і "Віцкаўшчына". Каб поўнасцю перайсці на водазабеспячэнне з падземных крыніц, неабходна пабудаваць вадавод даўжынёй каля 40 км і станцыю "Вязынка", над праектаваннем якой сёння працуюць.
- У Мінску ў 2014 годзе выяўлена больш як 2 тыс. неэксплуатуемых аўтамабіляў. Як змагаюцца з аўтахламам, якія новыя падыходы прадугледжаны ў гэтай рабоце?
- У горадзе налічваецца каля 780 тыс. аўтамабіляў, і іх колькасць з кожным горад расце. Машыны ламаюцца, трапляюць у аварыі, але, на жаль, не ўсе аўтаўладальнікі паступаюць цывілізавана. Часта яны проста пакідаюць аўтахлам на вуліцах горада. І тады ўтылізацыя аўтамабіля становіцца нашым клопатам.
Згодна з заканадаўствам, уладальнікі кінутых аўто атрымліваюць паведамленне аб неабходнасці на працягу 30 дзён перамясціць транспартны сродак на ахоўную стаянку, прывесці ў належны стан або знішчыць. На штрафстаянцы кінуты аўтамабіль можа знаходзіцца да трох месяцаў, потым ён прызнаецца безгаспадарным і ўтылізуецца. Аплаціць расходы па яго эвакуацыі і захоўванні давядзецца ўладальніку.
Штогод з вуліц Мінска знікаюць каля 1,5-2 тыс. старых аўтамабіляў. Сёння гэта функцыя ўскладзена на ЖРЭА раёнаў. Але мы адпрацоўваем пытанне аб стварэнні адзінага аператара, які займаўся б гэтай работай.
- Калі мінчане змогуць паведамляць аб недахопах у сферы ЖКГ з дапамогай інтэрнэт-сайта?
- У Мінску ствараецца адзіны партал размяшчэння заявак грамадзян з фотафіксацыяй. Яго работа будзе накіравана на аператыўнае ўстараненне такіх недахопаў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, як неналежнае ўтрыманне жылфонду, аўтамабільных дарог, дваровых тэрыторый, парковак, сквераў. Заяўкі гараджане змогуць размяшчаць з дапамогай мабільнага дадатку. Па факце ўстаранення недахопаў камунальныя гарадскія службы будуць выкладаць на сайт справаздачу з фотаздымкамі.
Гэта значыць дзякуючы такому новаўвядзенню людзям не трэба будзе кудысьці тэлефанаваць і пісаць, а спецыялісты змогуць у рэжыме рэальнага часу рэагаваць на звароты. Плануецца, што сайт пачне працаваць у канцы бягучага - пачатку наступнага года.
- Калі ў Мінску плануецца адкрыць гасцініцу для жывёл?
- Будаўніцтва першай дзяржаўнай гасцініцы для жывёл, якая размясцілася на скрыжаванні вуліц Я.Брыля і Гурскага, завяршаецца. Яе адкрыюць у трэцім квартале бягучага года.
У гасцініцы плануецца абсталяваць каля 35 вальераў для сабак і столькі ж для катоў. Таксама тут будуць аказваць ветэрынарныя паслугі і прадаваць тавары для жывёл.
Хрысціна РАШАНОК,
БЕЛТА.