Сцяг Серада, 8 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
14 кастрычніка 2021, 12:26
Ігар Петрышэнка

У Беларусі ўдзяляецца асаблівая ўвага стварэнню ўмоў для мацярынства

Ігар Петрышэнка
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі

Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень маці. Мацярынская цеплыня і пяшчота з намі з самага ранняга дзяцінства. Але мацярынства - гэта не толькі высокая місія, гэта перш за ўсё нялёгкая паўсядзённая праца, якая патрабуе вялікай адказнасці і сіл. Аб тым, якую дапамогу дзяржава аказвае сем'ям, якія ўмовы стварае для самарэалізацыі жанчын, што выхоўваюць дзяцей, а таксама аб мерах стымулявання моладзі на стварэнне моцнай сям'і, расказаў у інтэр'вю БЕЛТА намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

- Дзень маці - гэта ўжо традыцыйнае свята ў нашай краіне. Ігар Віктаравіч, чаму яно важнае для Беларусі?

- Дзень маці займае асаблівае месца сярод святочных дзён, устаноўленых у нашай краіне. Дата 14 кастрычніка выбрана невыпадкова - у гэты дзень праваслаўная царква адзначае вялікае рэлігійнае свята - Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Ва ўсіх праваслаўных храмах у гэты дзень служацца малебны аб здароўі ўсіх маці. У нашых продкаў з гэтага свята пачыналася чарада вяселляў. Сем'і, створаныя ў гэты час, лічыліся самымі моцнымі і шчаслівымі.

У 1996 годзе кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб заснаванні Дня маці, мэта якога - ушаноўванне мацярынства і прызнанне вялікай ролі маці ў жыцці кожнага чалавека і грамадства. Нягледзячы на сваю адносную маладосць, гэта свята ўжо атрымала свае традыцыі і з кожным годам становіцца ўсё больш маштабным. Штогод у краіне праходзіць Тыдзень маці. Ён напоўнены разнапланавымі падзеямі і мерапрыемствамі - гэта ўрачыстыя прыёмы ў гонар маці, віншаванні ў працоўных калектывах, акцыі, канцэрты, прэс-мерапрыемствы і шмат іншага. Удзел у Тыдні маці прымае практычна ўся краіна.

Дзень маці адпавядае самым лепшым традыцыям адносін беларусаў да мацярынства, аб'ядноўвае наша грамадства на ідэях дабра, любові і шанавання маці.

- Як сёння дзяржава заахвочвае працу мацярынства?

- Шчаслівае мацярынства - фундамент моцнай сям'і. У Беларусі ўдзяляецца самая пільная ўвага стварэнню ўмоў для паспяховага мацярынства. Падтрымка мацярынства, сям'і пачынаецца яшчэ да нараджэння дзіцяці. Аснова закладзена ў працоўным заканадаўстве. Гэта забеспячэнне неабходных умоў працы, медыцынскае суправаджэнне, прадастаўленне сацыяльных водпускаў, выплата дапамог і іншае.

Сёння дапамогі выплачваюцца на 400 тыс. дзяцей, або кожнае чацвёртае дзіця ў краіне. У бягучым годзе на выплату дапамог плануецца накіраваць каля Br2,5 млрд.

Перыяд догляду дзіцяці залічваецца ў агульны стаж для вылічэння пенсіі. Прадугледжана прадаўжэнне тэрміну кантракта для тых, хто знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці і выйшаў на работу - не менш як да дасягнення дзіцем узросту пяці гадоў. Таксама ў перыяд догляду дзіцяці можна бясплатна прайсці прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку або павысіць кваліфікацыю за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Для шматдзетных маці, якія выхавалі пяцёра дзяцей, акрамя працоўных ільгот устаноўлены дадатковыя прэферэнцыі ў пенсійнай сістэме. Гэта больш ранні выхад на пенсію.

З 1 студзеня бягучага года павялічана працягласць перыядаў догляду дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, уключаных у агульны стаж і ўлічаных пры вылічэнні пенсіі, з 9 да 12 гадоў. Да 10 гадоў зніжаны страхавы стаж маці, якія нарадзілі і выхавалі чацвёра дзяцей, для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце. Усе гэтыя меры нацэлены на тое, каб забяспечыць маці даступнасць пенсіі па ўзросце і тым самым павысіць іх матэрыяльнае забеспячэнне ў непрацаздольны перыяд.

Значнае месца ў дзяржаўнай падтрымцы займае сямейны капітал. Ён назначаецца ў першую чаргу маці, і менавіта яна з'яўляецца асноўным распарадчыкам гэтых сродкаў.

Асаблівую даніну павагі мы аддаём маці, якія нарадзілі і дастойна выхавалі пяцёра і больш дзяцей. Ордэнам маці ў нашай краіне ўзнагароджаны амаль 12 тыс. жанчын.

Стварэнне ўмоў для таго, каб у сем'ях нараджаліся і выхоўваліся дзеці, з'яўляецца нашым безумоўным нацыянальным прыярытэтам. У аснове моцнай дзяржавы - перш за ўсё стабільная, моцная сям'я, якая забяспечвае пераемнасць пакаленняў.

- Беларусь прыняла сур'ёзныя меры, каб павысіць узровень нараджальнасці, перш за ўсё за кошт нараджэння ў сем'ях трэціх і наступных дзяцей. І гэта прынесла свае вынікі - колькасць шматдзетных сем'яў расце. Якія захады з боку дзяржавы плануецца прыняць, каб замацаваць станоўчыя тэндэнцыі?

- Кожны год дзяржавай знаходзяцца магчымасці, робяцца новыя крокі па ўзмацненні падтрымкі шматдзетных сем'яў. Напрыклад, у 2019 годзе ўведзена мера па кампенсацыі бацькам у шматдзетных сем'ях 50 працэнтаў мытных пошлін, падаткаў, якія падлягаюць выплаце пры ўвозе транспартных сродкаў для асабістага карыстання.

У 2020 годзе прадоўжана праграма сямейнага капіталу, прадастаўлена права яго датэрміновага выкарыстання (жыллё, медыцына, адукацыя), малазабяспечаным шматдзетным сем'ям павялічаны перыяд прадастаўлення штомесячнай сацыяльнай дапамогі з 6 да 12 месяцаў уключна з адначасовым павелічэннем крытэрыю наяўнасці патрэбы са 100 працэнтаў да 115 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму.

У гэтым годзе напярэдадні Дня маці прыняты два вельмі важныя ўказы кіраўніка дзяржавы - нумар 375 "Аб мерах па аказанні дзяржаўнай падтрымкі" і нумар 389 "Аб выкарыстанні сямейнага капіталу".

У прыватнасці, указам нумар 375 уведзена адна з чаканых шматдзетнымі сем'ямі норма - павялічаны з 18 да 23 гадоў узрост дзяцей для прадастаўлення фінансавай дапамогі дзяржавы ў пагашэнні льготных крэдытаў або субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па камерцыйных крэдытах. Указам нумар 389 пашыраны напрамкі датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу.

Сямейны капітал - самая запатрабаваная сацыяльная мера падтрымкі. Яе эфект больш чым пераканаўчы.

Колькасць шматдзетных сем'яў паступальна расце. Сёння іх больш за 116 тыс. Пятая частка ўсіх дзяцей выхоўваецца ў шматдзетных сем'ях. Амаль 105 тыс. шматдзетных сем'яў адкрылі дэпазітныя рахункі, на якія залічана з дзяржаўнага бюджэту $824,5 млн і Br512 млн. Прынята амаль 41,5 тыс. рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу, з іх практычна 90 працэнтаў - на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Навацыі ўказа нумар 389 пераважна заснаваны на прапановах шматдзетных сем'яў. Дакументам не толькі пашыраны існуючыя магчымасці датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу (жыллё, медыцына, адукацыя), але і ўведзены новы напрамак - набыццё сродкаў сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі для сем'яў, у якіх дзеці альбо бацькі маюць інваліднасць.

Такім чынам, нават у няпростых умовах дзяржава захоўвае і развівае свае абавязацельствы па падтрымцы шматдзетных сем'яў. Упэўнены, што моцная сям'я з трыма і больш дзецьмі з часам стане для беларусаў эталонам.

- Не сакрэт, што сёння маладыя людзі не спяшаюцца ствараць сем'і. Становіцца больш познім узрост нараджэння дзяцей. Ці неабходна ўздзейнічаць на такія працэсы? Як сфарміраваць у моладзі ўстаноўкі на стварэнне моцнай, сацыяльна здаровай сям'і?

- Думаю, што пачынаць трэба з умацавання сямейных адносін, павышэння адказнасці бацькоў, і ў першую чаргу таты, за выхаванне дзяцей. Усё закладваецца ў сям'і, праз выхаванне дзяцей.

Маладых людзей трэба вучыць стасункам, абмяркоўваць унутрысямейныя праблемы, шукаць кампрамісы ў іх вырашэнні. Мы адчуваем, што тут трэба прыкладаць дадатковыя намаганні. На гэта накіраваны нашы крокі па ўкараненні ва ўстановах адукацыі факультатываў, спецкурсаў па асновах сямейнага жыцця, актыўным далучэнні бацькоў да гэтага працэсу. Гэта вельмі важны напрамак у сістэме выхаваўчай работы.

Безумоўна, неабходна максімальна актывізаваць, зрабіць больш мэтанакіраванай інфармацыйную работу па папулярызацыі сямейных адносін, традыцыйных сямейных каштоўнасцей, адказнага бацькоўства. Гэта павінна праходзіць чырвонай ніткай ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, у інтэрнэт-прасторы, мастацкіх і тэатральных пастаноўках, фільмавытворчасці. Трэба прадаўжаць фарміраваць пазітыўны імідж сямейнага жыцця, матываваць моладзь на стварэнне сям'і.

На заканчэнне хачу шчыра павіншаваць усіх нашых цудоўных маці са святам, з Днём маці, і пажадаць ім моцнага здароўя, дабрабыту і вялікага сямейнага шчасця. Няхай ваша мацярынская праца вернецца пяшчотай і ўдзячнасцю вашых дзяцей, родных і блізкіх. Нізкі вам паклон.

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі