Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
01 чэрвеня 2020, 21:15
Ірына Касцевіч

У Беларусі імкнуцца адрадзіць традыцыі вялікай і моцнай сям'і

Ірына Касцевіч
Міністр працы і сацыяльнай абароны

Падтрымка сям'і ў Беларусі - нацыянальны прыярытэт дзяржавы. Меры сямейнай палітыкі пастаянна ўдасканальваюцца з улікам патрэб сем'яў, з'яўляюцца новыя формы і механізмы. У Дзень абароны дзяцей міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч расказала карэспандэнту БЕЛТА, якая дапамога аказваецца пры нараджэнні дзіцяці, чаму важна падтрымліваць шматдзетныя сем'і і на якія напрамкі будуць зроблены акцэнты ў перспектыве.

- Дзіцячае насельніцтва Беларусі - якое яно сёння?

- Усяго ў краіне на 1 студзеня 2020 года пражывае больш як 1,8 млн дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. З іх 80 працэнтаў (амаль 1,5 млн) - гарадскія жыхары.

Традыцыйна штогод хлопчыкаў нараджаецца больш, чым дзяўчынак. У красавіку бягучага года ў сярэднім у дзень з'яўлялася на свет 206 дзяцей, кожны дзень стваралася 117 новых сем'яў.

Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці ў 2019 годзе склаў 29,6 года, пры нараджэнні першынца - 26,8 года, што амаль на 2,5 года больш, чым 10 гадоў таму.

Узрастае ўклад у нараджальнасць маці старэйшых за 40 гадоў: у 2019 годзе ў жанчын ва ўзросце 40-44 гады нарадзілася больш за 2,2 тыс. малышоў, што амаль у 2 разы больш, чым было ў 2010 годзе. Больш за 52 працэнты дзяцей сталі трэцімі і наступнымі ў сям'і.

У шматдзетных сем'ях выхоўваюцца 353,8 тыс. дзяцей, або 19 працэнтаў ад агульнай колькасці непаўналетніх. У краіне пражывае 108,5 тыс. шматдзетных сем'яў. Брэсцкая вобласць - лідар як па колькасці шматдзетных сем'яў, так і па колькасці самых вялікіх сем'яў - з 10 і больш дзецьмі.

- Кажуць, дзеці - гэта будучыня не толькі кожнай сям'і, але і грамадства ў цэлым. Што сёння дзяржава ўкладае ў дзяцей для развіцця іх чалавечага патэнцыялу? Як мы выглядаем на фоне іншых краін?

- У развіцці чалавечага патэнцыялу важны тры складнікі: здароўе, адукацыя і даходы. Задача сістэмы сацыяльнай абароны - стварыць аднолькавыя стартавыя ўмовы для дзяцей пры нараджэнні і ў перыяд ранняга развіцця.

Сістэма дзяржаўных дапамог выбудавана такім чынам, каб незалежна ад даходаў бацькоў, іх занятасці або іншых фактараў усім дзецям аказвалася аднолькавая падтрымка. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў назначаецца абсалютна ўсім сем'ям. Гэта адрознівае нашу сістэму дапамог ад сістэмы выплат іншых дзяржаў, паколькі ў многіх краінах выплаты залежаць ад заработнай платы бацькоў, а незастрахаваныя асобы атрымліваюць іх у мінімальным памеры.

У 2019 годзе на сістэму дапамог было накіравана Br2,3 млрд, або 1,7 працэнта ад ВУП. Найбольш прыкметная прамая фінансавая падтрымка аказваецца сем'ям з дзецьмі да 3-х гадоў: у структуры расходаў дзяржаўнага бюджэту на дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3-х гадоў прыпадала каля 60 працэнтаў ад усіх выплат на дапамогі. Іх атрымліваюць амаль 275 тыс. дзяцей.

Памеры дапамог істотныя. Калі падсумаваць аднаразовыя дапамогі і дапамогу да 3-х гадоў, то атрымаецца, што сям'я ў сярэднім першыя 12 месяцаў на першае дзіця штомесяц атрымлівае Br630, на другое і наступных дзяцей - амаль Br900 (з улікам дапамогі на дзяцей ва ўзросце 3-18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці да 3-х гадоў).

За кошт сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі рэгулююцца даходы малазабяспечаных сем'яў. Найбольш запатрабаваныя віды такой дапамогі - штомесячныя і аднаразовыя сацыяльныя дапамогі, бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей ранняга ўзросту.

Напрыклад, у 2019 годзе амаль 20 тыс. дзяцей ва ўзросце да 2-х гадоў атрымлівалі бясплатныя прадукты харчавання. Сярэдні кошт месячнага набору прадуктаў на адно дзіця складае Br156. Дарэчы, 5,4 тыс. дзяцей (27 працэнтаў ад агульнай колькасці атрымальнікаў) жывуць у сем'ях, якія выхоўваюць двайнят(трайнят), ім харчаванне прадастаўляецца без уліку даходаў.

Між іншым, сем'ям, якія выхоўваюць двайнят і трайнят, прадастаўляецца "двайная" падтрымка - аднаразовая выплата па 2 бюджэты пражытачнага мінімуму (па Br494, з 1 мая БПМ - Br246,78) на кожнае дзіця на набыццё рэчаў першай неабходнасці. Таксама ў іх распараджэнні бясплатныя паслугі сацыяльнай нянькі (ад 20 да 40 гадзін на тыдзень).

- Якія сёння найбольш значныя віды падтрымкі для шматдзетных сем'яў?

- Для шматдзетных сем'яў прадугледжана разнапланавая падтрымка: у сферы жыллёва-крэдытнай палітыкі, сістэме адукацыі, сацыяльнай абароны.

За апошнія гады прыняты шэраг значных нарматыўна-прававых актаў па актуальных пытаннях жыццядзейнасці шматдзетных сем'яў. У ліку апошніх - прадаўжэнне праграмы сямейнага капіталу з 1 студзеня 2020 года (згодна з указам нумар 345). Асноўнай навацыяй стала пашырэнне напрамкаў яго датэрміновага выкарыстання (незалежна ад перыяду часу, які мінуў з даты назначэння сямейнага капіталу) з улікам патрэб шматдзетных сем'яў: на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылля, атрыманне платных медпаслуг або адукацыі. Паводле даных на 1 мая, для шматдзетных сем'яў адкрыта ўжо 83,2 тыс. укладаў (дэпазітаў) "Сямейны капітал" на суму $815,1 млн і Br38,2 млн. Прынята больш за 12 тыс. рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу, з іх больш за 90 працэнтаў - на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Нядаўна таксама быў прыняты ўказ Прэзідэнта нумар 171 "Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян". З 1 верасня 2020 года ўказам прадугледжана шматдзетным сем'ям павялічыць перыяд прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі да 12 месяцаў (цяпер - да 6 месяцаў), а таксама крытэрый патрэбнасці са 100 працэнтаў да 115 працэнтаў БПМ у сярэднім на душу насельніцтва для назначэння такой дапамогі (да Br283,80 пры цяперашнім памеры Br246,78).

Указ таксама змяшчае меры, накіраваныя на павышэнне прэстыжу мацярынства, дадатковыя пенсійныя гарантыі для шматдзетных маці (уступаюць у сілу з 1 студзеня 2021 года). Першае новаўвядзенне датычыцца павелічэння з 9 да 12 гадоў перыяду догляду малалетніх дзяцей, які можа быць залічаны ў агульны стаж для назначэння пенсіі і вылічэння яе памеру. Норма ўказа будзе прымяняцца не толькі пры першасных назначэннях пенсій жанчынам, якія нарадзілі чацвёра і больш дзяцей, але і да пенсій, назначаных да 1 студзеня 2021 года.

Другое новаўвядзенне прадугледжвае зніжэнне страхавога стажу да 10 гадоў для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце жанчынам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, нарадзілі чацвёра дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту. Пачынаючы з 1 студзеня 2021 года гэтым жанчынам працоўная пенсія па ўзросце пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту будзе назначацца пры наяўнасці агульнага стажу не менш за 20 гадоў і страхавога стажу не менш за 10 гадоў (сёння страхавы стаж патрабуецца не меншы за 17 гадоў 6 месяцаў, у 2021 годзе будзе не меншы за 18 гадоў).

- Шматдзетным прадастаўляецца значны аб'ём дадатковых прэферэнцый: дапамога ў будаўніцтве жылля, ільготы ў сістэме адукацыі, сямейны капітал. Ці значыць гэта, што быць шматдзетнай сям'ёй у Беларусі выгадна?

- Мы імкнёмся не да таго, каб быць шматдзетнымі было выгадна, а да таго, каб адрадзіць традыцыі вялікай і моцнай сям'і. Індывідуалізм і спажывецтва не павінны выцясняць нашы спрадвечныя каштоўнасці - захаванне свайго роду, веданне сваіх каранёў, духоўнасць сямейнага ладу жыцця. Пагадзіцеся, чым большая сям'я, тым мацнейшы род, а значыць, і народ, беларусы ў цэлым. Таму вельмі важныя праекты, якія расказваюць пра цудоўныя вялікія беларускія сем'і.

Рэспубліканскі конкурс "Сям'я года" якраз і створаны для таго, каб такія сем'і маглі натхняць сваім прыкладам, дзяліцца з намі сваім вопытам стварэння сямейнага жыцця. У кастрычніку 2019 года мы правялі ўжо чацвёрты такі конкурс. Усе нашы ўдзельнікі ўнікальныя і непаўторныя. Так, былі сем'і, у якіх пяць прыгажунь-дачок, сем'і, дзе дзве пары двайняты - хлопчыкі і дзяўчынкі, шматпакаленныя сем'і, творчыя, працоўныя дынастыі. Конкурс дэманструе, што калі дзяцей шмат, яны жывуць у сваім мікракосмасе, дапамагаюць бацькам і цягнуцца адзін за адным у спорце, вучобе і творчасці.

Сярод мерапрыемстваў па павышэнні прэстыжу сям'і - конкурс Міністэрства інфармацыі "Моцная сям'я - моцная дзяржава". Адзначу і тэлевізійны праект Белтэлерадыёкампаніі "Родныя людзі", калі здымачная група праводзіць цэлы дзень у асяроддзі шматдзетнай сям'і. Яго ініцыятарам выступіла грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў".

Такіх праектаў павінна станавіцца больш кожны год, у іх павінны быць уключаны і грамадскія аб'яднанні, і прафсаюзныя арганізацыі, і бізнес, і адукацыя, і культура.

- Па якіх напрамках, на вашу думку, павінна развівацца сямейная палітыка? Што сёння найбольш актуальна?

- У плане сацыяльна-эканамічнай падтрымкі актуальна развіваць стымулы для нараджэння ў сем'ях другіх дзяцей, каб маладыя бацькі не адкладалі з'яўленне дзяцей на потым, калі пабудуюць кар'еру. Такія прапановы будуць прапрацоўвацца з улікам фінансавых магчымасцей дзяржавы.

Важным з'яўляецца таксама развіццё ўмоў для гарманічнага балансу "сям'я - работа". Гэты напрамак уключае развіццё гібкіх форм работы і дыстанцыйнай занятасці, прадастаўленне працоўных гарантый у сувязі з выхаваннем дзяцей. Напрыклад, шматдзетным сем'ям і сем'ям з дзецьмі-інвалідамі прадастаўляюцца свабодныя ад работы дні на тыдні і ў месяцы, аплатныя у памеры сярэдняга заработку. А яшчэ ў Працоўны кодэкс з 2020 года ўключана глава "Дыстанцыйная занятасць".

Мы таксама будзем актыўна працаваць з наймальнікамі па пашырэнні канцэпцыі "Кампаніі, дружалюбныя бацькам". Яе мэта - пераканаць прадпрыемствы ў эфектыўнасці палітыкі падтрымкі сям'і, стварыць карпаратыўную культуру пашаны работнікаў з сямейнымі абавязкамі. Гэта работа будзе весціся ў цесным узаемадзеянні з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.

Яшчэ адзін напрамак - стымуляванне гендарнага парытэту ў сямейных адносінах, павышэнне прэстыжу бацькоўства. Непрапарцыянальна вялікая нагрузка на жанчын у сям'і (у сярэднім у 2,5 раза большая, чым у мужчын) уплывае на многія аспекты як у сямейным жыцці, так і ў магчымасцях самаразвіцця, адукацыі і кар'еры.

Дарэчы, беларускія таты становяцца ўсё больш "прагрэсіўнымі" ў пытаннях выхавання і развіцця дзяцей. З 2020 года для ўключэння бацькаў у працэс выхавання дзяцей ім прадастаўлена магчымасць пайсці ў сацыяльны водпуск да 14 дзён у першыя 6 месяцаў пасля нараджэння дзіцяці. Гэта норма таксама замацавана ў Працоўным кодэксе. Важную ролю адыгралі і грамадскія ініцыятывы "Тата-школы", "ТатаЗала" (таты займаюцца разам з дзецьмі спортам), форумы "ТатаPro".

Неабходна таксама працаваць над сістэмай падрыхтоўкі моладзі да ўступлення ў шлюб, нараджэння і выхавання дзяцей. Статыстыка разводаў не суцяшае: кожны другі шлюб распадаецца. Развесціся прасцей, чым шукаць кампрамісы, вырашаць праблемы ў дыялогу, працаваць над адносінамі. Таму неабходна развіццё сямейнай медыяцыі, новых кансультацыйных форм работы з маладымі сем'ямі, асветных праграм у сістэме адукацыі па асновах сямейнага жыцця, канфлікталогіі. Ёсць сем'і, якія жывуць у моцным шлюбе доўгія гады. Напрыклад, у 2019 годзе было ўрачыста адзначана 570 "залатых" сямейных юбілеяў, а гэта 50 гадоў сумеснага жыцця. Трэба пераймаць іх вопыт.

Сакрэту шчаслівага сямейнага жыцця няма, але гэта ключ да шчаслівага дзяцінства кожнага дзіцяці. Давайце заўсёды помніць пра гэта.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі