Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі 15 мая прадставіць публіцы прэм'еру балета Пятра Чайкоўскага "Лебядзінае возера" ў пастаноўцы народнага артыста СССР і Беларусі мастацкага кіраўніка тэатра Валянціна Елізар'ева. У тэатры цяпер актыўна праходзяць рэпетыцыі. У інтэрв'ю з карэспандэнтам БЕЛТА Валянцін Елізар'еў расказаў пра прычыну, якая пабудзіла звярнуцца да гэтага спектакля, яго актуальнасць і асаблівасці работы над новай версіяй жамчужыны класічнай харэаграфіі.
- Валянцін Мікалаевіч, на ваш погляд, чаму "Лебядзінае возера" да гэтага часу актуальнае?
- Гэта не проста самы папулярны балетны спектакль у свеце - гэта сімвал усяго класічнага балета. Сустрэча з "Лебядзіным возерам" для гледачоў заўсёды незабыўная. Менавіта з гэтага спектакля для многіх пачынаецца знаёмства з мастацтвам балета. Пачынаючы працаваць над "Лебядзіным возерам", важна разумець гэту адказнасць і нават у самых нязначных нюансах усе складнікі спектакля (музычная інтэрпрэтацыя, сцэнічнае афармленне і перш за ўсё выкананне харэаграфічнага тэксту салістамі і кардэбалетам) павінны адпавядаць высокім стандартам акадэмічнага мастацтва.
Аднак лёс "Лебядзінага возера" не адразу складваўся так бліскуча. У гэтага спектакля даволі складаная гісторыя. Як вядома, першая пастаноўка балета Пятра Чайкоўскага ў 70-я гады XIX стагоддзя ў Маскве ў Вялікім тэатры правалілася. Толькі праз 20 гадоў у Пецярбургу харэографы Марыус Петыпа і Леў Іваноў стварылі харэаграфічны шэдэўр, які з часам быў ужо ўспрыняты як сімвал рускага балета.
"Лебядзінае возера" ўражвае сваёй шматмернасцю: хтосьці спачувае кранальнай гісторыі прынца і зачараванай дзяўчыны, для кагосьці на першы план выходзіць прыгажосць геніяльнай партытуры Чайкоўскага, а хтосьці ў казачных вобразах балета шукае і знаходзіць адлюстраванне нашых уласных лёсаў, нашых няспраўджаных мараў. Філасофскія глыбіні музыкі Чайкоўскага і фантастычныя "лебядзіныя" карціны Льва Іванова дазваляюць разважаць пра многае. У гэтым і ёсць неверагодная сіла і прыцягальнасць "Лебядзінага возера", і ўсё гэта робіць яго сімвалам класічнага мастацтва.
Мы не раз паказвалі "Лебядзінае возера" падчас замежных гастроляў. Сам я ставіў гэты спектакль адзін раз - у Токіа. Усюды з захапленнем успрымаецца як музыка, так і харэаграфія, якая, на жаль, захавалася фрагментамі. Спрабуючы захаваць арыгіналы, многія харэографы ствараюць свае версіі, азіраючыся на класікаў, цытуючы іх. Імі па сённяшні дзень з'яўляюцца Марыус Петыпа, Леў Іваноў, Аляксандр Горскі, Асаф Месерэр. Выдатны танцоўшчык і педагог Асаф Месерэр тройчы ставіў гэты твор на беларускай сцэне. Падчас работы майстра над дзвюма апошнімі версіямі я мог назіраць за працэсам пастаноўкі. Магу сказаць, што гэту версію "Лебядзінага возера" можна лічыць эталоннай. Сёння яна ідзе ў дзвюх краінах: у Будапешце на сцэне Венгерскай дзяржаўнай оперы і ў Мінску на сцэне нашага тэатра.
- Чаму вы вырашылі зноў звярнуцца да "Лебядзінага возера"?
- Каля дзесяці гадоў таму версія Асафа Месерэра па нейкіх прычынах была зменена, харэографы перапрацавалі арыгінальны тэкст і спектакль страціў сваю мастацкую каштоўнасць. Маёй задачай у версіі, якую я ўпершыню стаўлю ў Беларусі, злучыць у адзінае цэлае ўсё лепшае, напрацаванае майстрамі рускага і беларускага балетаў.
Я даўно рыхтаваўся да гэтай работы, вывучыў шмат гістарычных матэрыялаў, звяртаўся да архіваў. Я не толькі рэстаўрырую харэаграфічны тэкст, але і вяртаю ў спектакль нумары, якія з часам былі страчаны: рускі танец, асобныя мізансцэны і вялікія сцэны, удакладняю і вяртаю да арыгінала другі і чацвёрты акты. Наперадзе вялікая работа - сабраць разам усе кампаненты спектакля, зрабіць лагічнай драматургію і вярнуць на сцэну гэты спектакль у першапачатковым выглядзе і абсалютна новым мастацкім рашэнні. Спадзяюся, мая рэдакцыя балета "Лебядзінае возера", да якой стаўлюся з вялікім піетэтам, перш за ўсё да музыкі Чайкоўскага, да сваіх калег-пастаноўшчыкаў, любімых артыстаў і, вядома, з вялікім задавальненнем, будзе мець высокі мастацкі ўзровень.
Мне самому вельмі цікава працаваць з гэтым матэрыялам, далучацца да спадчыны вялікіх майстроў мінулага. Глядач, безумоўна, адчуе руку Елізар'ева, хоць я не прэтэндую на поўнае аўтарства гэтага матэрыялу - публіка будзе расчаравана, калі не ўбачыць знакаміты танец маленькіх лебедзяў або 32 фуэтэ ў па-дэ-дэ трэцяга дзеяння.
Кожная балетная трупа, якая паважае сябе і чагосьці ў мастацкіх адносінах вартая прафесійна, павінна мець у сваім рэпертуары такую пастаноўку і павінна ёю ганарыцца. Мы вельмі сур'ёзна ставімся да гэтай работы, таму што запатрабаванне на гэты спектакль, асабліва ў яго арыгінальным выглядзе, у замежных гледачоў вельмі вялікае. Яшчэ не завяршыўшы работу над новым "Лебядзіным возерам", мы ўжо маем запрашэнне на трохмесячныя гастролі з гэтым спектаклем у Францыю, Бельгію, Нідэрланды і Германію.
- Чым адрозніваецца гэта версія ад іншых?
- Я ўжо часткова адказаў на гэта пытанне. Акрамя змяненняў у харэаграфіі, у гэтым спектаклі будзе абсалютна новае афармленне: для спектакля шыюць новыя касцюмы, у жывапісным цэху пішуць дэкарацыі. Мы запрасілі да супрацоўніцтва мастака, які добра ведае матэрыял. Гэта мэтр сучаснага тэатральнага мастацтва народны мастак Расіі Вячаслаў Окунеў, з якім я шмат працаваў, у тым ліку над нацыянальным балетам "Страсці (Рагнеда)", і разам з якім разам атрымаў за гэты спектакль Дзяржаўную прэмію Беларусі.
З дырыжорам Уладзімірам Авадком мы стварылі новую музычную рэдакцыю балета, безумоўна, беражліва захаваўшы арыгінальную партытуру Чайкоўскага. Яго музыка - музыка геніяльнага чалавека.
- Хто з артыстаў будзе танцаваць прэм'еру?
- Гэта пытанне заўсёды цікавіць гледачоў і журналістаў, але няхай пакуль захаваецца інтрыга. Гэта вельмі важна для плённай творчай працы. Калі артысты загадзя не ведаюць, хто будзе танцаваць прэм'еру, паміж імі існуе пачуццё здаровай канкурэнцыі, яны імкнуцца палепшыць сваё майстэрства, і гэта добра дапамагае ў пастаноўцы. Таму, калі загадзя скажаш, многім стане нецікава. Больш таго, працэс выпуску спектакля часам непрадказальны і лепшыя вынікі на фінальным этапе пастаноўкі могуць прадэманстраваць тыя артысты, на каго загадзя не разлічвалі.
- Хвалюецеся перад прэм'ерай?
- Я заўсёды хвалююся, гэта нармальнае пачуццё. Я не веру ў творцаў без хвалявання, якія з халодным сэрцам ставяцца да спектакля, што нараджаецца літаральна ў тваіх руках.
- Як вы лічыце, што ўплывае на поспех пастаноўкі?
- На поспех спектакля ўплывае талент яго стваральнікаў: кампазітара, харэографа, мастака і, вядома ж, артыстаў, музыкантаў, бо гэта адна з вяршынь, па якіх вымяраецца клас любой сусветнай трупы.
На любую версію "Лебядзінага возера" ва ўсім свеце вельмі цяжка дастаць білеты. Ужо сёння мне вядома, што білеты на прэм'ерны паказ амаль распрададзены. Сам зварот тэатра да гэтага твора, тым больш да арыгінала, лічу, будзе мець вялікі поспех.
Настасся АРХІПАВА