Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
12 верасня 2012, 16:58

Стварэнне Следчага камітэта стала прагрэсіўным крокам у пабудове прававой дзяржавы

Стварэнне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, указ аб стварэнні якога кіраўнік дзяржавы падпісаў 12 верасня 2011 года, паклала пачатак карэннай рэформе беларускай праваахоўнай сістэмы. На працягу года дзейнасць следчых знаходзілася пад пільнай увагай грамадскасці. Камітэт быў прызначаны стаць увасабленнем справядлівасці, а яго супрацоўнікі - узорам служэння закону і прафесіяналізму. Ці не разышліся словы са справай? Якім быў першы год работы для следчых? Аб гэтым у эксклюзіўным інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў старшыня Следчага камітэта Валерый Вакульчык.


- Валерый Паўлавіч, мінуў год напружанай працы. Ці можаце вы сказаць, што станаўленне новай праваахоўнай структуры завершана?


- Аб'ектыўна гледзячы на Следчы камітэт, магу сказаць, што станаўленне самастойнага адзінага органа папярэдняга расследавання адбылося. Следчы камітэт выконвае ўсе ўскладзеныя на яго функцыі, ён заняў сваё месца ў сістэме праваахоўных органаў і сумесна з імі выконвае задачы па забеспячэнню бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы.


Спадзяюся, што вынікі працы камітэта даюць магчымасць зрабіць выснову аб тым, што давер, які быў нам аказаны кіраўніком дзяржавы, і спадзяванні грамадзян у цэлым апраўдваюцца.


 Важна, што ўдалося пазбегнуць пралікаў і істотных памылак, якія часта дапускаюцца ў пачатку новай справы. Следчы камітэт з першых дзён работы ў цэлым забяспечыў своечасовае і якаснае расследаванне крымінальных спраў. На працягу года следчыя прынялі і ўзбудзілі 97 тыс. крымінальных спраў, па 34 тыс. завяршылі расследаванне.


- Якія праблемы выявіліся ў працэсе фарміравання і работы Следчага камітэта?


- Пакуль не ўдалося змяніць тэндэнцыю павелічэння ўдзельнай вагі крымінальных спраў, закончаных у тэрмін звыш двух месяцаў, якая дасягнула 13,3 працэнта. Гэта на 2,5 працэнта больш, чым за студзень-жнівень 2011 года.


З аднаго боку, гэты паказчык сведчыць аб больш прынцыповай пазіцыі кіраўнікоў следчых падраздзяленняў, якія прад'яўляюць аб'ектыўныя патрабаванні да паўнаты збору доказаў па крымінальнай справе і праверкі ўсіх версій злачынства. З іншага боку, у шэрагу выпадкаў перавышэнне тэрмінаў, прадугледжаных КПК, абумоўлены валакітай і неналежным планаваннем правядзення працэсуальных дзеянняў.


Па выніках праведзенай у ліпені калегіі Следчага камітэта былі прыняты канкрэтныя рашэнні, накіраваныя на скарачэнне тэрмінаў папярэдняга следства па крымінальных справах.


- Галоўная задача Следчага камітэта, якая дэкларавалася ў працэсе яго стварэння, - павышэнне якасці папярэдняга расследавання, у тым ліку і за кошт выключэння ўплыву на ход дазнання ведамасных інтарэсаў, выключэння прыцягнення да адказнасці невінаватых асоб або, наадварот, вызвалення ад прыцягнення да адказнасці злачынцаў. Ці ўдаецца Следчаму камітэту ўвасабляць у жыццё такія фундаментальныя прынцыпы юрыдычнага права - законнасць, справядлівасць і непазбежнасць пакарання?


- У Следчым камітэце пабудавана сістэма мер, накіраваных на скарачэнне выпадкаў незаконнага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці і іншых негатыўных з'яў у следчай практыцы.


За час дзейнасці Следчага камітэта суды вынеслі шэсць апраўдальных прыгавораў, спынілі крымінальныя справы ў адносінах да чатырох грамадзян, расследаванні па якіх праводзіліся нашымі следчымі. На жаль, ёсць і такія сумныя факты. Усе апраўдальныя прыгаворы па справах былі вынесены абгрунтавана, з-за недапрацовак следства.


Аднак адзначу, што, па-першае, вынясенне судамі апраўдальных прыгавораў - гэта цалкам нармальная практыка. Напрыклад, у еўрапейскіх дзяржавах і краінах СНД працэнт апраўдальных прыгавораў значна вышэйшы, чым у нас. З іншага боку, яны сведчаць аб дасканаласці праваахоўнай і судовай сістэм, аб спаборнасці ў крымінальным працэсе, калі абвінаваўца прад'яўляе свае аргументы вінаватасці падазронага, грунтуючыся на даных расследавання, а адвакат яго абараняе. Калі абарона змагла прывесці суду важкія доказы невінаватасці грамадзяніна, і суд пагадзіўся з яе доказамі, значыць, у краіне існуе аб'ектыўная судовая сістэма, якая забяспечвае абарону інтарэсаў чалавека.


Разам з тым я лічу накіраванне ў суд "сырых" матэрыялаў недапрацоўкай супрацоўнікаў Следчага камітэта. Што дало магчымасць следству дапусціць памылку? Дзеянні следчага або сістэмныя хібы? Па ўсіх апраўдальных прыгаворах праводзяцца службовыя расследаванні, высвятляюцца прычыны няякаснага следства. Па выніках праверкі прымаюцца меры, накіраваныя на тое, каб такіх праблем больш не ўзнікала. А гэта ўжо новы ўзровень нашай работы. Калі спачатку мы ставілі мэту забяспечыць станаўленне Следчага камітэта, то цяпер выходзім на этап аналітыкі. Глядзім, якія існуюць праблемы, рэзервы для паляпшэння якасці следства, павышэння яго аператыўнасці і аб'ектыўнасці, прадукцыйнасці працы.


У прыватнасці, мы ўдзяляем вялікую ўвагу развіццю паскоранага вядзення па крымінальных справах. Колькасць такіх спраў, перададзеных у суд, павялічылася ў тры разы ў параўнанні з мінулым годам.


Спадзяюся, што на новы ўзровень выходзіць і работа па своечасоваму выяўленню прычын і ўмоў учынення злачынстваў, прыняццю эфектыўных мер па іх устараненню. Раней гэтай справай займаліся ў асноўным пракурорскія работнікі, а следчыя часта ставіліся да яе фармальна. На калегіі Следчага камітэта мы прааналізавалі недахопы ў гэтым напрамку, вызначылі агульныя падыходы. На мой погляд, патрэбна ўключыць следчых у сістэму кантролю за выкананнем дзяржорганамі або організацыямі прадстаўленняў. Як было раней? Следчы перадаваў справу пракурору для накіравання ў суд і перад гэтым накіроўваў прадстаўленне службовым асобам і арганізацыям аб выяўленні і ўстараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынстваў. Пры такім парадку следчы заставаўся ўбаку, быў пазбаўлены інструментаў кантролю за выкананнем дакументаў. Цяпер мы паставілі патрабаванне: ужо на стадыі расследавання накіроўваць прадстаўленні. Законам адводзіцца да двух месяцаў на расследаванне, за выключэннем паскоранага вядзення па справе. Атрымліваецца, што дзяржорганы на працягу месяца могуць прыняць неабходныя меры і паведаміць аб іх у Следчы камітэт.


Супрацоўнікі камітэта вывучаюць саставы і віды злачынстваў, тэрытарыяльнасць іх учынення, робяць высновы аб магчымых прычынах і ўмовах іх учынення. Перад Следчым камітэтам да канца бягучага года стаіць задача паглыбіць аналіз перадумоў учынення правапарушэнняў, знайсці новыя падыходы для іх устаранення. Лічу, з гэтай задачай мы справімся. Гэта дасць магчымасць следчым шырэй паглядзець на сітуацыю, вырашаць пытанні, зыходзячы з інтарэсаў грамадства. Паколькі задача ўсёй праваахоўнай сістэмы - не толькі ў раскрыцці злачынства, але і ў яго папярэджанні.


- Што прымусіла вас ініцыіраваць стварэнне ў Беларусі інстытута пагаднення са следствам? Як ён паўплывае на работу следчых?


- Гэта ідэя ўзнікла пры пошуку магчымасцей удасканалення работы праваахоўнай сістэмы, і ў прыватнасці павышэння эфектыўнасці работы следства. Ёсць розныя шляхі, адзін з іх - інстытут пагаднення са следствам. Мы ўважліва вывучылі вопыт краін, у якіх ён шырока выкарыстоўваецца, - Расіі, ЗША, Украіны, Грузіі. У беларускім заканадаўстве неабходна вызначыць дакладныя і зразумелыя правілы супрацоўніцтва са следствам, прапісаць гарантыі змякчэння пакарання абвінавачаным, якія дапамагаюць следству. Калі чалавек пайшоў на супрацоўніцтва, ён павінен быць упэўнены ў тым, што яму будзе назначана пакаранне не большае за 1/2, 2/3 ад максімальна магчымага. Адзначу, што цяпер, у беларускім заканадаўстве ёсць паняцце "чыстасардэчнае прызнанне змякчае пакаранне", аднак яно трактуецца па-рознаму, пакідаючы шырокі манеўр для абвінавачання і суда.


Інстытут пагаднення са следствам, з аднаго боку, улічвае інтарэсы грамадзян, у першую чаргу падазроных і абвінавачаных, а з іншага - дае магчымасць аптымізаваць работу следства, знізіць нагрузку на пракурораў і суддзяў.


Прызнанне асабліва актуальна пры расследаванні злачынстваў, учыненых групай асоб. Такая форма супрацоўніцтва са следствам значна аблегчыць раскрыццё злачынстваў, дасць магчымасць прадухіліць новыя, якія могуць учыніць злачынцы, што застаюцца на свабодзе.


 - Прапанова аб стварэнні інстытута пагаднення са следствам выклікала актыўнае абмеркаванне ў Інтэрнэце, некаторыя аналітыкі з маргінальнага асяроддзя назвалі яго "здзелкай", якая дасць магчымасць пазбегнуць пакарання за злачынства...


- Я знаёмы з меркаваннем апанентаў, чытаў гэтыя матэрыялы. Растлумачу: магчымасць вызвалення ад крымінальнай адказнасці замацавана і ў дзеючым заканадаўстве. Паколькі захаванне прынцыпу непазбежнасці пакарання не заўсёды азначае пазбаўленне волі - ёсць альтэрнатыўныя формы, магчыма, у некаторых выпадках больш эфектыўныя з пункту погляду выхавання.


Упэўнены, што інстытут пагаднення са следствам таксама станоўча паўплывае на работу па прадухіленню злачыннасці. Важна, што чалавек усвядоміў, што праўда была не яго баку, раскаяўся і ў далейшым не парушаў закон. Акрамя таго, ён павінен разумець, што справядліва панёс пакаранне.


Пакуль мы не можам гаварыць аб стварэнні гэтага інстытута як аб здзейсненым факце. Ідзе абмеркаванне з праваахоўнымі ведамствамі. Я ж упэўнены, што рана ці позна ён будзе створаны.


- Ці знайшла падтрымку гэта ідэя ў кіраўнікоў праваахоўных ведамстваў?


- Гэта ідэя не новая. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч выступіў з гэтай ініцыятывай больш як пяць гадоў таму, яшчэ калі ён быў начальнікам следства Мінскай вобласці, падрыхтаваў абгрунтаванне. Неабходнасць такога кроку разумеюць і іншыя кіраўнікі.


- Валерый Паўлавіч, ці былі выпадкі, калі на следчых спрабавалі аказаць націск?


- Магчымасці аказання такога націску абмежаваны. Цяпер у плане падначаленасці следчы - асоба незалежная. У гэтых адносінах мы можам гаварыць, што мэта дасягнута.


- Як вы ацэньваеце якасць падрыхтоўкі матэрыялаў ДФР КДК і МУС, якія гэтыя ведамствы накіроўваюць у Следчы камітэт для ўзбуджэння крымінальных спраў?


- Крытэрыі, якія прад'яўляюцца да якасці матэрыялаў, што накіроўваюцца органамі дазнання ў камітэт, дастаткова высокія. Гэта абгрунтаваныя патрабаванні, паколькі матэрыял праверкі закладвае аснову доказнай базы крымінальнай справы. Паўната матэрыялу праверкі дае магчымасць прыняць правільнае працэсуальнае рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы або адмове. Пры гэтым камітэтам прымаюцца кардынальныя меры па недапушчэнню фактаў фармальнага, па надуманых падставах вяртання органам дазнання матэрыялаў для правядзення дадатковых праверак.


Якасць падрыхтоўкі дакументаў органамі дазнання Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю пастаянна расце і, упэўнены, будзе павышацца. Радуе, што неабходнасць больш скрупулёзнага падыходу разумеюць іх кіраўнікі. Следчы камітэт, МУС і КДК сумесна аналізуюць гэту работу, абменьваюцца інфармацыяй аб недахопах, якія выяўлены на стадыі дазнання, дакументавання злачынстваў.


Сапраўды, часам мы вымушаны адмаўляць органам дазнання ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, але гэта не мае масавага характару. Часцей за ўсё па матэрыялах, якія прадстаўляюцца АБЭЗ, ДФР, радзей - па пытаннях барацьбы з наркотыкамі. Дарэчы, менавіта па гэтых саставах злачынстваў суды вынеслі больш за ўсё апраўдальных прыгавораў. Але цяпер з кожным днём сітуацыя паляпшаецца.


- Наколькі плённае ўзаемадзеянне з Генпракуратурай, НЦБ Інтэрпала, МУС? Прывядзіце, калі ласка, прыклады крымінальных спраў, у расследаванні якіх вам дапамаглі.


- Узровень узаемадзеяння мяне задавольвае, ідзе дзелавая размова, мы сустракаем разуменне з боку Генпракуратуры, МУС і КДК, на высокім узроўні ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з крымінальным вышукам. Самыя сур'ёзныя злачынствы выяўляюцца па лініі ДФР і АБЭЗ.


У якасці прыкладу ўзаемадзеяння можна прывесці крымінальную справу ў адносінах да Ларана Арыніча, былога генеральнага дырэктара ААТ "Пінскдрэў", які хаваўся ад органаў крымінальнага праследавання. Як вядома, Арыніча затрымалі ў Польшчы дзякуючы эфектыўнай і зладжанай рабоце беларускіх і польскіх праваахоўных службаў, у тым ліку і НЦБ Інтэрпала. Следчы камітэт і Генеральная пракуратура рыхтуюць дакументы для экстрадыцыі Арыніча ў Беларусь.


Дзякуючы зладжаным дзеянням МУС і Следчага камітэта ўдалося раскрыць заказное забойства бізнесмена Лапцева. Злачынства было ўчынена летам бягучага года ў шматпавярховым доме Мінска. На месцы злачынства зламыснік не пакінуў ніякіх доказаў злачынства. Следства ўстанавіла, што бізнесмен быў забіты па заказу мужчыны, які хацеў завалодаць яго маёмасцю. Падазроны займаўся бізнесам, завінаваціўся вялікую суму грошай. Ён адшукаў выканаўцаў у крымінальным асяроддзі. Прыладу забойства - біту і манціроўку - яны выкінулі ў вадаём разам са сваім адзеннем. Заказчык і выканаўцы затрыманы, ім прад'яўлены абвінавачанні. Мы разлічваем завяршыць расследаванне па справе ў бягучым годзе і перадаць яе ў суд.


- Як далёка рушыла наперад следства па справе былога намесніка міністра ўнутраных спраў Яўгена Полудня, старшыні наглядальнага савета ААТ "Тэхнабанк" Уладзіслава Кацарэнкі, былога мэра Полацка Уладзіміра Тачылы?


- Яўгену Полудню прад'яўлена канчатковае абвінавачанне. Цяпер ён знаёміцца з матэрыяламі справы, пасля чаго справа будзе перададзена пракурору для накіравання ў суд. Ён абвінавачваецца па  ч.3 арт.424 ("Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі") і па ч.3 арт.426 ("Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча") КК РБ. Яўген Полудзень падазраецца ў атрыманні ад службовых асоб органаў унутраных спраў матэрыяльных каштоўнасцей і грашовых сродкаў, злоўжыванні сваімі службовымі паўнамоцтвамі, што прывяло да прычынення ўрону дзяржмаёмасці ў буйным памеры.


Уладзіслаў Кацарэнка падазраецца ў стварэнні і кіраванні арганізаванай злачыннай групай, так званай групай фінансістаў. Ён абвінавачваецца па чатырох артыкулах: у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, ухіленні ад выплаты падаткаў і махлярстве. У якасці абвінавачаных па гэтай справе праходзіць восем чалавек. Сума ўрону, якую яны нанеслі сваімі дзеяннямі бюджэту Беларусі, ацэньваецца ў Br20 млрд., не выключана, што яна павялічыцца. Кацарэнка дапамагаў кіраўнікам прыватных кампаній ухіляцца ад выплаты падаткаў і збораў, прадастаўляючы ім фальшывыя дакументы і рэквізіты падкантрольных яму ілжэпрадпрымальніцкіх структур - рэзідэнтаў Расійскай Федэрацыі, краін Балтыі, Вялікабрытаніі. Таксама Кацарэнка абвінавачваецца як кіраўнік групы, што займалася незаконным абменам валюты. Доказамі яго віны з'яўляюцца: бухгалтарскія дакументы, даныя падатковых праверак, паказанні грузаперавозчыкаў і службовых асоб, заключэнні крыміналістычных экспертыз, матэрыялы выканання міжнародных даручэнняў, у тым ліку па лініі Інтэрпала, з якімі мы цесна ўзаемадзейнічаем пры расследаванні гэтай справы. Існуюць таксама даныя, якія сведчаць аб перадачы для Кацарэнкі каля $1 млн. Віны сваёй падазроны не прызнае. Следства плануе правесці яшчэ шэраг экспертыз. Лічу, што расследаванне гэтай крымінальнай справы будзе завершана да канца года.


Што датычыцца былога мэра Полацка, следства па крымінальнай справе Уладзіміра Тачылы завершана, матэрыялы справы 18 чэрвеня накіраваны ў Генеральную пракуратуру для перадачы ў суд. Сабраны доказы, якія пацвярджаюць факт арганізацыі былымі кіраўнікамі Полацкага гарвыканкама Тачылам У.С. і Полацкага райвыканкама Палідаўцом В.В., а таксама іх намеснікамі С.Куксавым і А.Ермаковічам у 2009 годзе незаконнага выдзялення для сябе і сваіх блізкіх зямельных участкаў у Полацку ў зоне ахоўнага ландшафту, на тэрыторыі, прылеглай да Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра, для індывідуальнага будаўніцтва. Абвінавачанні прад'яўлены чатыром асобам па ч.2 арт.344 "Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцей або матэрыяльных аб'ектаў, якім можа быць прысвоны статус гісторыка-культурных каштоўнасцей" і ч.3 арт.424 "Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі". У ходзе следства ўрон ад незаконнай дзейнасці пералічаных кіруючых асоб кампенсаваны ў поўным аб'ёме.


- Яшчэ адна рэзанансная справа - забойства 7 жніўня ў Мінску былога дэпутата парламента Грузіі Шалікіяні. Ці накіраваў Следчы камітэт запыт грузінскім праваахоўным органам аб аказанні садзейнічання ў раскрыцці гэтага злачынства?


- Па гэтай крымінальнай справе накіраваны запыт у МУС Расіі. З просьбай аб аказанні прававой дапамогі мы маем намер звярнуцца і да грузінскіх калег. Для больш хуткага раскрыцця гэтага злачынства неабходна, каб супрацоўнікі следчай групы выехалі ў Грузію ўдакладніць некаторыя дэталі.


- Следчы камітэт прапанаваў Міністэрству адукацыі ўнесці змяненні ў парадак і ўмовы падбору кадраў ва ўстановы адукацыі. Прапануецца ўвесці для педагогаў тэсціраванне, якое дало б магчымасць выяўляць людзей з адхіленнямі ў псіхіцы, у прыватнасці педафілаў. Якая верагоднасць таго, гэтыя прапановы будуць прыняты?


- Сапраўды, у ходзе расследавання крымінальнай справы адносна асобы, якой прад'яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынстваў сексуальнага характару ў адносінах больш як да 10 непаўналетніх, былі адзначаны істотныя недапрацоўкі ў сістэме падбору кадраў ва ўстановы адукацыі. У Міністэрства адукацыі было накіравана прадстаўленне аб устараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню гэтага злачынства. Перш чым падрыхтаваць заключэнне, мы вывучылі вопыт іншых дзяржаў, у прыватнасці Казахстана, на аснове чаго і падрыхтавалі прапановы аб праходжанні псіхалагічнага тэсціравання педагогамі перад прёмам на работу, што дало б магчымасць вызначыць іх адпаведнасць прад'яўляемым патрабаванням.


Спадзяёмся, што нашы прапановы будуць улічаны. Па вывучэнню гэтага пытання ў міністэрстве створана рабочая група, якая праінфармуе камітэт аб выніках сваёй работы.


- Валерый Паўлавіч, а якія патрабаванні прад'яўляюцца да супрацоўнікаў Следчага камітэта? Ці праводзіцца тэсціраванне следчых? Ці даводзілася чырванець за сваіх падначаленых, якія сваімі ўчынкамі дыскрэдытавалі прафесію сышчыка?


- Адзінкавыя факты былі, мы не ўтойваем іх ад грамадскасці, накіроўваем інфармацыю ў СМІ. На этапе стварэння Следчы камітэт быў укамплектаваны следчымі, якія служылі ў розных ведамствах. У пераважнай большасці гэта прыстойныя людзі, сапраўдныя прафесіяналы. На жаль, сярод іх аказаліся і тыя, каму ў Следчым камітэце не месца. Напрыклад, адзін супрацоўнік, які прыйшоў з іншага праваахоўнага ведамства, удзельнічаў у вымаганні вялікай сумы ў расійскага біснесмена.


Кожны выпадак учынення правапарушэння супрацоўнікамі камітэта, іх неэтычных паводзін, парушэння працоўнай дысцыпліны атрымлівае належную ацэнку з пункту гледжання крымінальнага, адміністрацыйнага і працоўнага заканадаўства.


Цяпер работа па падбору і падрыхтоўцы кадраў выйшла на новы ўзровень, распрацавана канцэпцыя ідэалагічнай работы.


Кандыдаты на вакансіі следчых у абавязковым парадку праходзяць псіхалагічнае тэсціраванне, правяраюцца на паліграфе. Гэтыя "фільтры" даюць магчымасць адсеяць выпадковых людзей, якія імкнуцца трапіць у камітэт не па патрабаванню сэрца, а проста працаўладкавацца.


Акрамя таго, наладжана сістэма падрыхтоўкі маладых спецыялістаў - абучэнне вядзецца на следча-экспертным факультэце Акадэміі МУС, у БДУ, Гомельскім універсітэце, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Супрацоўнікі следчага камітэта супрацоўнічаюць з выкладчыцкім саставам, удзельнічаюць у дапрацоўцы праграм навучання.


На мой погляд, вельмі эфектыўныя стажыроўкі ў Следчым камітэце курсантаў і студэнтаў. Малады чалавек можа памыляцца ў правільнасці свайго выбару. Практыка ж у сценах камітэта дае магчымасць вызначыць, ці гатовы ён прысвяціць сваё жыццё прафесіі следчага. Пасля стажыроўкі далёка не ўсе вырашаюць звязаць свой лёс з камітэтам. Добра, што выпускнікі Акадэміі МУС і цывільных ВНУ маюць магчымасць служыць або працаваць у іншых праваахоўных органах, арганізацыях і фірмах. Калі яны ідуць у камітэт - то не па размеркаванню, а па ўласнаму шчыраму жаданню.


Галоўнае патрабаванне да супрацоўнікаў Следчага камітэта - у іх павінна быць абвостранае пачуццё справядлівасці. Цяпер у камітэце працуе каля 5 тыс. супрацоўнікаў. У хуткім часе заканчваецца дзеянне іх гадавых кантрактаў, што дае магчымасць нам спакойна прааналізаваць асобасныя і прафесійныя якасці кожнага супрацоўніка. Магчыма, застануцца служыць не ўсе.


На развіццё прафесіяналізму супрацоўнікаў камітэта накіраваны і сістэмы павышэння кваліфікацыі, падрыхтоўкі кіруючых кадраў, фарміраванне рэзерву кіруючых работнікаў.


Таму кадравая сітуацыя апасенняў не выклікае.


- Як складваецца супрацоўніцтва Следчага камітэта з праваахоўнымі органамі іншых краін, у прыватнасці з расійскімі калегамі?


- Геаграфія міжнароднага супрацоўніцтва Следчага камітэта ўжо дастаткова шырокая. За прававой дапамогай у камітэт звярнуліся 16 краін, намі накіраваны адпаведныя просьбы 40 дзяржавам, у тым ліку ва Украіну, еўрапейскія краіны і краіны Балтыі. Перспектывы пашырэння супрацоўніцтва абмяркоўваліся і на сустрэчы з кіраўнікамі крымінальнай паліцыі Германіі. Дарэчы, немцы ўважліва адсочваюць дзейнасць нашага камітэта, заяўляючы аб сваім здзіўленні тым, што за такі кароткі тэрмін удалося яго стварыць і ён паспяхова працуе.


Найбольш цесна камітэт узаемадзейнічае са следчым камітэтам і МУС Расійскай Федэрацыі, якім накіравана больш за 60 працэнтаў усіх даручэнняў аб аказанні дапамогі па крымінальных справах. На сустрэчы ў Маскве 1 верасня са старшынёй Следчага камітэта Расіі Аляксандрам Бастрыкіным, куды ён мяне запрасіў для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця кадэцкага вучылішча імя А.Неўскага, мы абмяняліся вопытам, сваім бачаннем перспектыў развіцця супрацоўніцтва. Вопыт расійскіх калег нам вельмі цікавы, а цесныя эканамічныя, сацыяльныя і культурныя сувязі паміж нашымі дзяржавамі і народамі садзейнічаюць пашырэнню супрацоўніцтва. Цяпер падрыхтаваны праект Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж следчымі камітэтамі Беларусі і Расіі, падпісанне якога плануецца ў кастрычніку.


- Валерый Паўлавіч, дзякуй за шчырыя адказы. Год са дня ўтварэння Следчага камітэта, вядома, яшчэ не круглая дата, але, улічваючы сціслыя тэрміны, за якія давялося вырашыць вельмі многа арганізацыйных і іншых пытанняў, яе можна прыраўнаваць да юбілею. Калектыў Беларускага тэлеграфнага агенцтва віншуе вас і ўсіх супрацоўнікаў камітэта з гэтай знамянальнай датай.


- Дзякуй. Азіраючыся назад, я ўпэўнены, што стварэнне Следчага камітэта - гэта вельмі прагрэсіўны крок у пабудове прававой дзяржавы, у абароне інтарэсаў людзей. Мы прыкладзём усе намаганні, каб апраўдаць аказаны нам давер.


Аляксандр САМ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі