Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
17 студзеня 2020, 16:31
Алег Дзікун

Студатрадаўскі рух уносіць дастойны ўклад у развіццё краіны

Алег Дзікун
Другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ

Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў пачаў актыўную падрыхтоўку да працоўнага лета - 2020. Асаблівая ўвага ўдзелена пошуку рабочых месцаў, работадаўцаў, арганізацыі навучання камандзіраў і камісараў. Пасля студэнцкіх канікулаў стартуе акцыя "Выбіраем студатрад!". Аб тым, як плануецца правесці трэці працоўны семестр, карэспандэнту БЕЛТА расказаў другі сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Алег Дзікун.

- У Беларусі дазволена круглагадовая працоўная занятасць студэнцкай і навучэнскай моладзі ў свабодны ад вучобы час, але ўсё ж асноўная нагрузка прыпадае на лета. Калі пачнецца падрыхтоўка да трэцяга працоўнага семестра?

- Зімовыя месяцы года - перыяд інтэнсіўнай падрыхтоўкі для работы студэнцкіх атрадаў летам. Гэта пошук рабочых месцаў, запатрабаваных вакансій, аб'ектаў, перагаворы з наймальнікамі, прапрацоўка ўмоў працаўладкавання, сама дагаворная кампанія, распрацоўка метадычных рэкамендацый для арганізацыі атрадаў.

Пры кожным тэрытарыяльным камітэце БРСМ створаны штабы студэнцкіх атрадаў: раённыя, гарадскія, абласныя. Штабы працоўных спраў БРСМ працуюць пры ўстановах вышэйшай адукацыі. Іх галоўная задача - запрасіць у атрады моладзь і арганізаваць гэтыя атрады, прычым па розных профілях: будаўнічыя, педагагічныя, сельскагаспадарчыя, сэрвісныя, экалагічныя, медыцынскія і вытворчыя. Зімой мы прадметна займаемся навучаннем камандзіраў і камісараў атрадаў. Паколькі менавіта ад іх залежыць арганізацыя вытворчай работы самога студатрада, побыт і вольны час яго байцоў. Акрамя таго, мы ставім перад сабой больш шырокую задачу - навучыць маладых людзей, якія жадаюць працаваць у студэнцкіх атрадах, новым прафесіям. Мы нададзім гэтаму напрамку самую пільную ўвагу.

- Папрацаваць у атрадах звычайна жадаючых шмат? Як адбываецца набор?

- Маладых людзей, якія хочуць зарабіць, дастаткова. Каб сфарміраваць атрады, штогод у пачатку сакавіка ў ВНУ мы праводзім шырокамаштабную інфармацыйную кампанію "Выбіраем студатрад!". У гэтым нам дапамагаюць вопытныя байцы. Яны расказваюць, як, дзе працавалі, чым займаліся, і запрашаюць моладзь запоўніць анкету для работы ў студатрадзе.

Для запісу ў атрады можна звяртацца ў штабы працоўных спраў у любы час: у студзені, лютым і нават цэлы год. Але, як паказала практыка, сесія, а таксама канікулы не зусім удалы час для правядзення прома-акцыі. Акрамя таго, у нас ёсць цвёрдае правіла: студэнтам з "хвастамі" ў атрады дарога закрыта. Вельмі важна, каб удзельнікі студатрадаўскага руху не мелі акадэмічных запазычанасцей.

- Мы цяпер гаворым аб студэнтах, а іншыя катэгорыі? Ці ёсць месца ў атрадах для навучэнцаў з каледжаў або школьнікаў?

- Безумоўна. Гэта патэнцыяльныя ўдзельнікі студатрадаўскага руху. Згодна з заканадаўствам падлеткі маюць права працаваць з 14 гадоў. Разам з тым для гэтай катэгорыі ёсць патрабаванні, што рэгулююцца Працоўным кодэксам Беларусі: працягласць штодзённай работы, пэўныя віды і аб'ёмы. Але пры гэтым заработная плата непаўналетнім выплачваецца ў поўным аб'ёме як за цэлы рабочы дзень. Так, мы бяром навучэнцаў у атрады. Па-першае, яны з ранняга ўзросту вучацца працаваць у камандзе, дапамагаць адзін аднаму. Па-другое, БРСМ прадастаўляе магчымасць карыснай занятасці. Як паказвае маніторынг, гэта катэгорыя складае штогод прыкладна 45 працэнтаў усіх удзельнікаў студатрадаўскага руху.

- Ці можна сцвярджаць, што БРСМ з'яўляецца манапалістам студатрадаўскага руху ў Беларусі?

- Студэнцкія атрады - гонар арганізацыі. Фундамент руху заклалі нашы папярэднікі - ветэраны студатрадаўскага руху. Гэта яны будавалі БАМ, Брацкую і Усць-Ілімскую ГЭС, Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы, "Гомсельмаш" і многія іншыя аб'екты.

Сёння дзяржава і асабіста Прэзідэнт робяць многае, каб папулярны ў маладзёжным асяроддзі студатрадаўскі рух у Беларусі развіваўся. Наша краіна першай на постсавецкай прасторы, яшчэ ў 2005 годзе, падтрымала студатрады на дзяржаўным узроўні. З таго часу саюз моладзі неаднаразова вылучаў ініцыятывы па развіцці руху, многія з якіх знайшлі адлюстраванне ў нарматыўных прававых актах, што рэгулююць іх арганізацыю. Але гаварыць аб манапалізацыі пакуль дачасна. Разам з тым на сустрэчах з актывам БРСМ кіраўнік дзяржавы не раз падкрэсліваў, што студатрады - гэта не толькі добрая школа для моладзі, але і сур'ёзны кадравы рэзерв, і ўдзельнікі руху павінны служыць арыенцірамі для ўсёй моладзі. Мы да гэтага імкнёмся.

Студатрадаўскі рух уносіць дастойны ўклад у развіццё краіны, і гэта пацвярджаецца справамі. Беларускія студэнцкія атрады працавалі на сацыяльна значных аб'ектах Беларусі: рэканструкцыі і будаўніцтве дарог, малочнатаварных ферм, школ і дзіцячых садоў, спартыўных комплексаў, жылых дамоў, храмаў і цэркваў. Як прыклад - Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, "Мінск-Арэна", гасцініца "Еўропа", Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, Віцебскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву, Лядовая арэна ў Горках, спартыўна-відовішчны комплекс у Салігорску, Дзіцячая абласная бальніца ў Гомелі, мост цераз раку Мухавец і патрыятычны цэнтр у Брэсце.

- У 2019 годзе саюз моладзі працаўладкаваў у складзе студэнцкіх атрадаў больш за 26 тыс. чалавек. Як плануеце правесці працоўнае лета - 2020?

- Трэці працоўны семестр адкрыем ужо 29 красавіка. Цырымонія ўручэння працоўных пуцёвак у гэтым годзе адбудзецца ў Магілёве. Гэта рашэнне прынята калегіяльна. 2020-ы - 75-годдзе Вялікай Перамогі. Вельмі сімвалічна адкрыць трэці працоўны семестр у знакавым гістарычным месцы - на Буйніцкім полі. Студэнцкія атрады ў свой час унеслі ўклад у рэканструкцыю гэтага мемарыяльнага комплексу. Мы прадоўжым наш праект "Іх імёнамі названы студэнцкія атрады", пошукавую акцыю "Беларусь памятае". У сацыяльных сетках запусцім інтэрнэт-квест "75 гадоў памяці". Традыцыйна студатрады акажуць дапамогу ветэранам, зоймуцца добраўпарадкаваннем памятных мясцін і абеліскаў.

У бягучым годзе прадоўжыць сваю работу Усебеларуская маладзёжная будоўля "Горад маладосці". Сёння актыўна прапрацоўваюцца ўмовы работы атрадаў на сацыяльных аб'ектах Астраўца і БелАЭС. Пасля заключэння дагавораў мы аб'явім набор будатрадаў на конкурснай аснове. Лепшыя атрады мінулага года - "Эўрыка" і "Дойліды" з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта - будуць працаваць на галоўнай маладзёжнай будоўлі краіны па-за конкурсам. Яны гэта права заслужылі. Не стане выключэннем і гэты год для працы на абласных маладзёжных будоўлях. Напрыклад, статус абласной маладзёжнай будоўлі ў 2020 годзе маюць: рэканструкцыя помніка архітэктуры XIX стагоддзя "Косаўскі палацава-паркавы ансамбль", комплекс будынкаў гарадской клінічнай бальніцы нумар 3 горада Гродна, будаўніцтва паліклінікі ў Магілёўскім мікрараёне Казіміраўка. У Мінску гарадская маладзёжная будоўля - трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна.

Вядома ж, мы прадоўжым фарміраваць і накіроўваць на работу атрады ўсіх профіляў. Па іх колькасці планку пастараемся ўтрымаць не меншую, чым у мінулым годзе. У гэтым сезоне плануем развіваць вытворчы профіль, у прыватнасці сумесна з ЗАТ "Атлант" рэалізоўваць Усебеларускі вытворчы працоўны праект. Акрамя таго, для байцоў студатрадаў распрацаваны маладзёжны праект "Змагайся! Імкніся! Перамагай!". Ён накіраваны на фарміраванне моды на здаровы лад жыцця і ўключае ў сябе дзесяць відаў спорту. Кожны ўдзельнік руху можа здаць нарматывы "БСП" і атрымаць залаты, сярэбраны або бронзавы значок. Праект паспяхова апрабаваны і атрымаў станоўчую ацэнку моладзі. Запланаваны рэспубліканскія злёты, творчыя конкурсы і фестывалі, школы лідараў працоўных праектаў і многае іншае.

- Ці будзе ў гэтым годзе расшырана геаграфія студатрадаў?

- Мы па-ранейшаму будзем фарміраваць атрады ўнутры краіны, імкнуцца забяспечваць іх знаходжанне ў месцах дыслакацыі ў рэгіёнах Беларусі. Прадоўжым работу ў міжнародным вектары. Хацелі б накіраваць у іншыя краіны як мага больш маладых людзей, каб яны паглядзелі свет, перанялі нешта новае, але гэта не заўсёды магчыма. Часта ўмовы, якія прапануюцца, непрымальныя.

Безумоўна, мы прапрацоўваем новую геаграфію дыслакацыі студатрадаў. Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць прадстаўнікам беларускіх дыпмісій, якія ў гэтым заўсёды ідуць нам насустрач. У бягучым годзе беларускія студатрады будуць традыцыйна працаваць у Расіі і Малдове, а аб іншых краінах рабіць заявы рана.

- Што дае моладзі работа ў атрадах, акрамя працоўнай загартоўкі і заработку? Ці захавалася рамантыка?

- Усе, каму пашчасціла стаць часткай вялікай студатрадаўскай сям'і, з цеплынёй успамінаюць асаблівую атрадную атмасферу. Моладзь разам працуе, праводзіць вольны час і потым падтрымлівае сяброўства. Нам асабліва радасна віншаваць са стварэннем новых сем'яў, гісторыя якіх якраз пачыналася ў студэнцкіх атрадах.

Прывяду ў якасці прыкладу сям'ю Генадзя і Ганны Лучынаў. Ён - камісар знакамітага БАМаўскага будаўнічага атрада, яна - повар. Пазнаёміліся, пасябравалі, пажаніліся. Яны і сёння разам з моладдзю. Генадзь Лучына - дырэктар прыватнай будаўнічай кампаніі і ўжо шмат гадоў прымае на работу нашы атрады. Летам мінулага года ўтварылася сям'я Юхімец. У час сваёй урачыстасці яны горда надзелі на святочныя ўборы студатрадаўскія байцоўкі, а пасля роспісу адправіліся ў вясельнае падарожжа... на работу ў студатрад "Палаючыя сэрцы". Ён, дарэчы, стаў лепшым педагагічным атрадам у краіне па выніках 2019 года.

Час ляціць хутка. Да адкрыцця трэцяга працоўнага семестра засталося некалькі месяцаў, і мы жадаем усім тым, хто працаваў ужо у студатрадах і збіраецца туды зноў, а таксама навічкам, знайсці ў атрадзе справу даспадобы, удасканаліць свае кампетэнцыі, знайсці верных сяброў. Выбірайце студатрад. Мы рады запрасіць вас у нашу дружную сям'ю.

Святлана СУХАРКО

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі