У Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі ў Гомелі адкрыта выстаўка памяці фотаработ французскага журналіста Мішэля Рэно, які стаў адной з ахвяр тэракта ў рэдакцыі газеты Charlie Hebdo ў Парыжы 7 студзеня. Экспазіцыя прадоўжыцца 40 дзён. У ёй прадстаўлены работы, падораныя майстрам карціннай галерэі ў 2008 годзе, калі тут праходзіла яго першая выстаўка ў Беларусі, а таксама архіўныя фатаграфіі, зробленыя непасрэдна ў дзень адкрыцця той выстаўкі.
Жыццё і дзейнасць Мішэля Рэно ў значнай ступені былі пераплецены з Беларуссю і непасрэдна з Гомелем. Ён часта наведваў Беларусь як віцэ-мэр Клермон-Ферана - пабраціма Гомеля, актыўна садзейнічаў развіццю дзелавых, адукацыйных і культурных сувязей паміж двума гарадамі, прымаў асабісты ўдзел у рэалізацыі сумесных праектаў. Менавіта па яго ініцыятыве і падтрымцы ў Францыі былі арганізаваны дзве персанальныя выстаўкі фотакарэспандэнта БЕЛТА па Гомельскай вобласці Сяргея Халадзіліна. Ён не раз сустракаўся з Мішэлем Рэно, бываў у яго ў рабочым кабінеце і дома. Сяргей падзяліўся ўражаннямі аб гэтым цікавым чалавеку, які выпадкова стаў ахвярай тэрарыстаў. Бо Мішэль не быў супрацоўнікам рэдакцыі Charlie Hebdo, а прыехаў у той дзень у Парыж, каб вярнуць карыкатурысту Жану Кабю яго малюнкі, якія выкарыстоўваліся для чарговай выстаўкі.
- Якім быў Мішэль Рэно, і пры якіх абставінах адбылося ваша знаёмства?
- Мішэль Рэно быў неардынарнай асобай. Такімі былі і яго ўчынкі. У час чарговага візіту ў Гомель яго азнаёмілі з фотавыстаўкай, прысвечанай гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Ён звярнуў увагу, што ў экспазіцыі няма работ гомельскіх аўтараў, і спытаў аб гэтым у арганізатараў. Яму адказалі, што такія фатаграфіі ёсць, напрыклад, у прысутнага на выстаўцы Сяргея Халадзіліна, і па просьбе французскага госця падвялі яго да мяне.
Наш дыялог быў вельмі кароткім і вельмі рэзультатыўным - ужо праз пяць мінут мы ехалі ў машыне ў карэспандэнцкі пункт. Паглядзеўшы мае фатаграфіі, Мішэль, не раздумваючы, аб'явіў, што іх трэба абавязкова прадставіць на выстаўцы ў Клермон-Феране, пры гэтым усю арганізацыю паездкі і выстаўкі ён бярэ на сябе.
Мішэль Рэно
- Відаць, гэта быў чалавек справы, які ўмеў хутка прымаць рашэнні...
- Сапраўды, часам ён дзейнічаў вельмі рашуча. Разам з тым ён быў вельмі мяккім, з пачуццём гумару, далікатным чалавекам, гатовым у любую мінуту прыйсці на дапамогу. Гавару гэта зыходзячы з асабістага вопыту паездак у Францыю, дзе пры дапамозе Мішэля Рэно былі арганізаваны выстаўка фотаработ па чарнобыльскай тэматыцы ў 2007 годзе, а таксама выстаўка фотаграфій у 2012 годзе, прысвечаная культурнай спадчыне Гомельшчыны (нацыянальныя касцюмы, неглюбскія ручнікі, іншыя элементы народнай творчасці).
Фактычна ўвесь час, які я знаходзіўся ў Клермон-Феране, Мішэль у літаральным сэнсе апекаваў мяне, разумеючы, што вырашэнне шэрага пытанняў для мяне будзе цяжкім, прычым рабіў гэта вельмі неназойліва.
- Відавочна, што з Гомелем яго звязвала нешта большае, чым пратакольныя сустрэчы дэлегацый гарадоў-пабрацімаў...
- Гэта быў важны складнік яго работы ў мэрыі. Напрыклад, у Гомелі ёсць вуліца Клермон-Феран, на якой размешчана гімназія нумар 46 з паглыбленым вывучэннем французскай мовы. Па просьбе Мішэля Рэно, ёй у свой час прысвоілі імя Блеза Паскаля. Такую ж назву мае і адна з гімназій французскага горада. Пры садзейнічанні віцэ-мэра наладжаны кантакты паміж гэтымі навучальнымі ўстановамі, адбываўся пастаянны абмен вучнёўскімі дэлегацыямі.
У Францыю неаднаразова выязджалі з канцэртамі творчыя калектывы Гомеля, атрымалі развіццё кантакты і ў іншых сферах. Пабрацімскае супрацоўніцтва паміж Гомелем і Клермон-Феранам, на маю думку, можна лічыць узорным.
Мне давялося неаднаразова бываць дома ў Мішэля. Дарэчы, ён быў жанаты на гамяльчанцы Галіне, яны разам выхоўвалі дачку. Нашы стасункі былі шчырымі і адкрытымі, прычым пастаянна адчувалася па-асабліваму добрае стаўленне Мішэля да нашай краіны, да Гомеля, да яго жыхароў.
Смерць Мішэля Рэно ўспрымаю як вышэйшую несправядлівасць. Гэта вельмі горка і крыўдна, калі забіваюць такіх людзей. У маёй памяці застануцца найлепшыя ўспаміны аб гэтым чалавеку.
Валерый СІДОРЧЫК,
БЕЛТА.