У Беларусі 16-17 ліпеня чакаюць з афіцыйным візітам Прэзідэнта Малдовы Мікалая Цімофці. Разам з афіцыйнай малдаўскай дэлегацыяй на беларускую зямлю прыедуць і прадстаўнікі дзелавых колаў. Абмеркаванню перспектыўных напрамкаў развіцця ўзаемадзеяння прысвечаны шаснаццатае пасяджэнне Міжурадавай беларуска-малдаўскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і бізнес-форум. Напярэдадні перагавораў на вышэйшым узроўні аб чаканнях ад візіту ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Малдове Сяргей Чычук.
- Як бы Вы ахарактарызавалі ўзаемаадносіны Беларусі і Малдовы на цяперашнім этапе, што звязвае нашы краіны?
- Нягледзячы на адсутнасць агульных граніц паміж Беларуссю і Малдовай, нашы двухбаковыя адносіны вызначаюцца трывалым і актыўным характарам і маюць даўнюю гісторыю. У Беларусі да гэтага часу помняць, што малдаўская дружына прыйшла на дапамогу нашым продкам у вялікай Грунвальдскай бітве супраць Тэўтонскага ордэна ў 1410 годзе. Тысячы беларусаў былі пахаваны ў малдаўскай зямлі ў Першую сусветную вайну. І ў Другой сусветнай вайне нашы дзяды стаялі плячо ў плячо ў барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў.
У час СССР кантакты і абмены паміж нашымі народамі набылі рэгулярны характар ва ўсіх сферах: ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да навукі, культуры, міжасобасных сувязей.
Пасля дасягнення незалежнасці Беларусь і Малдова прадаўжалі няўхільна пашыраць і ўмацоўваць узаемадзеянне. Візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Малдову ў верасні 2014 года прыкметна ўмацаваў двухбаковы палітычны дыялог, надаў адчувальны імпульс гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. У пэўным сэнсе гэты візіт меў больш шырокае канцэптуальнае значэнне: кіраўнікі дзяржаў Беларусі і Малдовы, адна з якіх з'яўляецца ўдзельніцай еўразійскага, а другая - еўрапейскага інтэграцыйных працэсаў, заявілі аб намеры супрацоўнічаць на карысць народаў дзвюх краін. Гэта практычны крок у рэалізацыі ідэі Прэзідэнта Беларусі аб "інтэграцыі інтэграцый" ад Атлантыкі да Уладзівастока. Фактычна заклік адмовіцца ад проціпастаўлення двух інтэграцыйных працэсаў на еўрапейскім кантыненце.
Упэўнены, што афіцыйны візіт у адказ Прэзідэнта Малдовы Мікалая Цімофці ў Беларусь будзе садзейнічаць умацаванню існуючых пазітыўных тэндэнцый.
- Крызісныя працэсы ў сусветнай эканоміцы і розныя рэгіянальныя фактары, безумоўна, уплываюць на ўзровень і магчымасці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Як на гэтым фоне развіваюцца двухбаковыя эканамічныя кантакты?
- Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Малдовы развіваецца даволі інтэнсіўна. Уявіце сабе: краіна з насельніцтвам 3,6 млн чалавек з'яўляецца 4-м у СНД гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі (пасля Расіі, Украіны і Казахстана) і 14-м сярод краін свету. Толькі за апошнія пяць гадоў тавараабарот вырас больш як на 65 працэнтаў і перасягнуў $400 млн.
Беларусь для Малдовы - буйнейшы спажывец вінаробнай і плодаагародніннай прадукцыі: больш за 40 працэнтаў экспарту малдаўскіх вінных заводаў і амаль чвэрць экспартуемых фруктаў і агародніны былі накіраваны ў Беларусь у мінулым годзе.
Важна, што мы не проста гандлюем, пастаўляючы ў Малдову трактары, тралейбусы, грузавыя аўтамабілі, бытавую тэхніку, нафтапрадукты і іншыя тавары. Актыўна развіваецца кааперацыйнае супрацоўніцтва: у Кішынёве арганізаваны сумесныя вытворчасці беларускіх тралейбусаў і трактароў. Вядзецца прапрацоўка зборкі аўтобусаў МАЗ у Малдове і сумеснай вытворчасці пеністых і ціхіх він у Беларусі.
Так, сёння на ўсходзе Еўропы склалася складаная сітуацыя, якая стварыла сур'ёзныя эканамічныя цяжкасці для ўсіх краін рэгіёна. Як пасол у Малдове скажу, што краіна перажывае не лепшы час. У студзені-маі бягучага года малдаўскі экспарт скараціўся на 16,2 працэнта, імпарт - на 22 працэнты, імпарт з краін СНД - на 25,6 працэнта.
- Як у гэтых умовах рухацца далей, у чым вы бачыце патэнцыяльныя кропкі росту? І ў цэлым, якой практычнай аддачы варта чакаць ад візіту?
- У такіх умовах пошук новых шляхоў і ўдасканаленне традыцыйных форм супрацоўніцтва - адзін з дзейсных спосабаў вырашэння праблемы. Менавіта ў гэтым духу ў Мінску праводзіцца 16-е пасяджэнне Беларуска-малдаўскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Сярод разглядаемых напрамкаў сумеснай работы - паглыбленне вытворчай кааперацыі, сумесны ўдзел у праектах мадэрнізацыі транспарту і дарожнай інфраструктуры, будаўніцтва малочнатаварных ферм, узаемныя пастаўкі новых відаў прадукцыі.
Ужо дасягнута дамоўленасць аб пастаўцы ў Кішынёў 20 дадатковых машынакамплектаў тралейбусаў "Белкамунмаш" для зборкі ў 2015 годзе. Падрыхтаваны да падпісання кантракт паміж СП "Белюкс" і СП ГД "Керамін - Кішынёў" на пастаўку ў Малдову мэблі для ванных пакояў. Падрыхтаваны двухбаковыя дакументы паміж Мінпрамам Беларусі і Мінэканомікі Малдовы, а таксама горадам Кішынёвам аб супрацоўніцтве па арганізацыі зборкі аўтобусаў МАЗ у сталіцы Малдовы.
Як бачыце, планы маштабныя, сур'ёзныя. І з абодвух бакоў ёсць цвёрдая рашучасць сумесна дабіцца іх рэалізацыі. Гэтыя і іншыя пытанні будуць дэталёва разгледжаны ў час беларуска-малдаўскага бізнес-форуму.
- У развіцці супрацоўніцтва з замежнымі краінамі Беларусь традыцыйна надае вялікае значэнне міжрэгіянальнаму ўзаемадзеяню. Як вядзецца гэта работа ў прымяненні да Малдовы?
- Сапраўды, значная роля ў пашырэнні і паглыбленні міжнародных сувязей Беларусі адводзіцца міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву. Хачу адзначыць, што ўзаемадзеянне паміж рэгіёнамі Беларусі і Малдовы грунтуецца на саліднай дагаворна-прававой базе. Паміж гарадамі і раёнамі нашых краін ужо заключана больш за 20 пагадненняў аб супрацоўніцтве. На рэгулярнай аснове праводзіцца абмен дэлегацыямі паміж рэгіёнамі Беларусі і Малдовы. Бакі ўдзельнічаюць у выстаўках і фестывалях на тэрыторыі адзін аднаго. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца выстаўка "Гомельская вясна".
Апошнія гады выклікае задавальненне актыўная работа Аўтаномнага тэрытарыяльнага ўтварэння Гагаузія па ўмацаванні супрацоўніцтва з рэгіёнамі Беларусі. У развіццё пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскай вобласцю і Гагаузіяй рэгіёны падрыхтавалі план дзеянняў на 2015-2017 гады. Падпісваецца таксама пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскім аблвыканкамам і Адміністрацыяй Гагаузскай аўтаноміі.
Мы будзем усяляк падтрымліваць такую актыўнасць з боку іншых рэгіёнаў Беларусі і Малдовы. Дарэчы, цяпер у Малдове знаходзіцца дэлегацыя Быхаўскага райвыканкама Гомельскай вобласці. Таму інтарэс з абодвух бакоў ёсць, трэба толькі дабівацца канкрэтнай работы і практычнай аддачы ад рэгіянальнага ўзаемадзеяння.
- Добрыя адносіны паміж народамі - гэта не толькі палітыка і гандаль. У немалой ступені гэтаму садзейнічаюць і моцныя сувязі ў сферы культуры...
- Прыемна адзначыць, што адно з вераснёўскіх рашэнняў прэзідэнтаў Беларусі і Малдовы аб развіцці культурнага супрацоўніцтва ўжо атрымала рэальнае ўвасабленне. Міністэрствы культуры дзвюх краін дасягнулі пагаднення аб правядзенні Дзён культуры Беларусі ў Малдове ў канцы верасня - пачатку кастрычніка бягучага года. У маі-чэрвені 2016 года Дні культуры Малдовы будуць праведзены ў Беларусі.
Сярод грамадзян Малдовы ёсць немалы інтарэс да Беларусі, яе культуры, гісторыі. Гэтымі днямі ў нашым пасольстве ў Кішынёве прайшла сустрэча з дырэктарам гагаузскага нацыянальнага драматычнага тэатра - размова ішла аб супрацоўніцтве, аб кантактах.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадала камплект кніг для бібліятэкі Цэнтра беларускай культуры імя Янкі Купалы ў Кішынёве. Міністэрства інфармацыі Беларусі таксама накіравала кнігі і матэрыялы для беларускага Цэнтра. Цікавасць ёсць, і мы будзем усяляк развіваць гэты напрамак.
Уладзімір МАЦВЕЕЎ