Шэраг краін заявіў аб пачатку другой хвалі каранавіруса. Захваральнасць у Беларусі па аб'ектыўных прычынах таксама расце. Аб гатоўнасці краіны процістаяць пандэміі, эфектыўных мерах барацьбы з вірусам і калектыўным імунітэце карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляла з загадчыкам арганізацыйна-метадычнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аляксандрам Пяткевічам.
- Пытанне найбольш эфектыўных мер супраць каранавіруса па-ранейшаму абмяркоўваецца. Як вы лічыце, ці можна рэкамендаваць беларускі вопыт у якасці станоўчага?
- Цяпер краіны прыглядаюцца да вопыту іншых дзяржаў. Часта ў станоўчым ключы згадваюцца Швецыя і Беларусь, якія ўвайшлі ў лік максімальна падрыхтаваных краін. Сцэнарый развіцця эпідсітуацыі тут сапраўды найбольш паспяховы нараўне з такой краінай, як, напрыклад, Рэспубліка Карэя. Напэўна, зыходзячы чыста з палітычных меркаванняў нас не хочуць згадваць, але ад фактаў не адыдзеш. Мы аднесліся да гэтага пытання вельмі адрасна і прыцэльна. Гэта значыць, нашы меры былі адэкватнымі існуючай сітуацыі і будаваліся на прынцыпах разумнай дастатковасці.
Беларусь заўсёды была нацэлена на гатоўнасць процістаяць любой інфекцыі ў выніку шэрага прычын. Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, і любая інфекцыя з захаду на ўсход і з усходу на захад праходзіць праз нас. Мы - на шляху міграцыйных патокаў людзей, грузаў, жывёл і птушак. Калі мігранты, легальныя і нелегальныя, прывозяць інфекцыі, нам даводзіцца гэту сітуацыю вырашаць. У нас выбудавана сістэма процідзеяння інфекцыям, і яна разгортваецца ў залежнасці ад існуючай сітуацыі.
Што датычыцца каранавіруса, 17 студзеня Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) апублікавала даныя аб структуры гэтага ўзбуджальніка, якія даюць магчымасць сінтэзаваць так званыя праймеры для дыягностыкі гэтай інфекцыі метадам ПЛР у рэжыме рэальнага часу. Усе краіны, у якіх ёсць адпаведныя лабараторыі, маглі стварыць набор рэактываў і выкарыстоўваць яго. У Беларусі з гэтым праблем не было. Ужо 23 студзеня мы распрацавалі свае наборы і пачалі іх выкарыстоўваць.
Складанасць у тым, што прайшло вельмі мала часу з моманту выяўлення ўзбуджальніка. У выпадку са многімі ўжо вядомымі вірусамі прайшлі дзясяткі гадоў, перш чым іх уласцівасці былі вывучаны. Пакуль уласцівасцей каранавіруса мы да канца не ведаем. Яны незвычайныя, і на многія пытанні ў нас няма адказу, а невядомасць заўсёды страшыць. Цяпер мы канстатуем факт, што ў свеце, Еўропе расце захваральнасць. Мы не выключэнне, бо межы празрыстыя. Да таго ж настаюць сезонныя змяненні. Усё разам гэта фарміруе эпідсітуацыю.
- Якія магчымасці ёсць у вашым цэнтры для барацьбы з вірусамі?
- У нас, у прыватнасці, адпрацаваны сучасныя тэхналогіі для выяўлення вядомых узбуджальнікаў, а таксама тых, якія могуць з'явіцца заўтра. Ёсць высокакваліфікаваныя супрацоўнікі, абсталяванне. Калі ў Афрыцы ў 2014 годзе была ўспышка ліхаманкі Эбола, на аснове гэтых тэхналогій мы стварылі прэпараты і даследавалі студэнтаў, якія прыехалі адтуль. Як і ў любой цывілізаванай развітой краіне, у нас забяспечана тэхналагічная бяспека, мы гатовы да розных інфекцый. У нас ёсць біялагічныя лабараторыі вышэйшага ўзроўню бяспекі Р3, Р4, дзе можна праводзіць даследаванні з любым узбуджальнікам. Мы не закупляем для гэтага прэпараты, а самі іх ствараем і маштабіруем.
- У некаторых краінах вядуцца даследаванні па імуннай праслойцы сярод насельніцтва. Якая сітуацыя ў нашай краіне?
- У свеце сапраўды праводзяцца такія даследаванні, гэтым займаюцца магутныя арганізацыі, асобныя дзяржавы, напрыклад Расія або Англія. Мы таксама плануем такія даследаванні, у тым ліку з падтрымкай СААЗ. Лічу, што трэба назіраць за тым, што зрабілі нашы суседзі, і мець уласны вопыт, таму што даныя могуць быць самымі супярэчлівымі.
Разам з тым сёння ёсць шмат незразумеласцей адносна імунітэту, таму мы дакладна не ведаем, якая сфарміравана праслойка. Паводле апошніх даных, імунітэт сапраўды фарміруецца - і так званы клетачны, і гумаральны, калі ўтвараюцца антыцелы. Гэта ўсяляе аптымізм. Быў песімістычны прагноз, у адпаведнасці з якім лічылася, што вірус выклікае амнезію клетак, якія ўдзельнічаюць у фарміраванні імунітэту. Гэта значыць, яны не рэагуюць, не выпрацоўваюць ахоўныя механізмы.
Аднак пакуль невядома, якая працягласць сфарміраванага імунітэту. Цяпер лічыцца, што гэта 3,5 месяца, а што далей? Мы можам гаварыць, што імунітэт фарміруецца, але наколькі і якія павінны быць узроўні ахоўных антыцел, пакуль незразумела. Усё гэта паралельна вывучаецца, параўноўваецца, супастаўляецца. І наш цэнтр прымае ў гэтым удзел. Гэта дасць магчымасць мець уласны вопыт, каб даныя замежных аўтараў крытычна даследаваць і рабіць свой аналіз.
Сёння ў свеце распрацавана больш за 130 вакцынавых прэпаратаў. СААЗ лічыць найбольш перспектыўнымі 34 з іх. Але пакуль яны праходзяць так званую трэцюю фазу клінічных выпрабаванняў, у ходзе якой ацэньваецца эфектыўнасць. У час першай і другой фаз даследавалася бясшкоднасць і бяспека.
- Як вы лічыце, наколькі вакцына будзе эфектыўнай?
- Мы цяпер не адкажам на гэта пытанне. Ёсць пэўныя алгарытмы даследавання вакцын. Паколькі яны прымяняюцца масава, трэба дасканала ўзважыць усе плюсы і мінусы. Беларусь удзельнічае ў трэцяй фазе клінічных выпрабаванняў расійскай вакцыны. Хтосьці атрымлівае плацэба, хтосьці вакцыну. Добраахвотнікі будуць шматразова здаваць аналізы, каб кантраляваць сітуацыю.
Разам з тым, улічваючы многія незразумеласці, СААЗ пакуль не выпрацавала агульныя рэкамендацыі адносна прымянення вакцын супраць каранавіруса. У гэтыя дні праходзіць спецыяльная нарада так званай Стратэгічнай кансультатыўнай групы экспертаў (SAGE) па імунізацыі (Strategic Advisory Group of Experts (SAGE) on Immunization), якая павінна абагульніць веды аб імунітэце, вакцынах і выпрацаваць адпаведныя рэкамендацыі.
Важна разумець: з COVID-19 нам давядзецца жыць яшчэ доўга. Трэба гэта ўлічваць і быць гатовымі да любога развіцця падзей.
- Якія рэкамендацыі ў сувязі з гэтым дадзіце насельніцтву?
- Ва ўсіх грамадскіх месцах: гіпермаркетах, транспарце і ў іншых трэба насіць маскі. Трэба пазбягаць месцаў масавага скопішча людзей. Чалавек, які носіць нават звычайную хірургічную маску, не заразіцца або атрымае меншую дозу віруса, а значыць перанясе захворванне ў больш лёгкай ступені. Вельмі важна сацыяльнае дыстанцыраванне, мыццё рук. Дарэчы, я заўважыў, што ў магазінах упакоўваюць булачкі і іншую выпечку. Гэта маленькі, але важны крок, які таксама забяспечвае ахову.
Безумоўна, важны элемент прафілактычных мерапрыемстваў - вакцынацыя насельніцтва супраць сезоннага грыпу, якая пачалася ў краіне. Усё гэта накіравана на ўмацаванне здароўя, каб чарговы ўздым рэспіраторных інфекцый, у тым ліку і на фоне каранавіруснай інфекцыі, мы сустрэлі ў поўным узбраенні.
Неабходна, каб кожны на сваім узроўні прадумаў, што яшчэ можна зрабіць. Толькі агульнымі намаганнямі ўрада, спецыялістаў і насельніцтва мы можам кантраляваць сітуацыю, як гэта і рабілі да гэтага часу.