Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
05 ліпеня 2016, 18:01
Аляксандр Сідарэнка

Рэкорды, зоркі і эфект непаўторнасці - чым здзівіць "Славянскі базар-2016"

Аляксандр Сідарэнка
Дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў (САФ)

Крыху больш як тыдзень застаецца да моманту, калі прагучаць знаёмыя пазыўныя міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Юбілейны, 25-ы форум пройдзе з 14 па 18 ліпеня, але дадатковыя канцэрты прадоўжаць яго ў суме на чатыры дні да і пасля закрыцця. Больш за 130 праектаў, больш як 5,5 тыс. удзельнікаў, зоркі і новыя імёны, мора музыкі, вулічнага мастацтва, рамёстваў і проста фестывальнай атмасферы на вуліцах. Як гэта будзе, што сёння форум значыць для краіны, якія яго пазіцыі ў свеце – аб гэтым і шмат іншым карэспандэнт БЕЛТА размаўляла з дырэктарам міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, прэзідэнтам Сусветнай асацыяцыі фестываляў (САФ) Аляксандрам Сідарэнкам.

- Сёння "Славянскі базар" - не проста міжнародны форум. Яго яшчэ называюць фестываль фестываляў, бо менавіта вакол “Славянскага базару” прадаўжаецца фарміраванне Сусветнай асацыяцыі фестываляў, прэзідэнтам якой вы з'яўляецеся. Раскажыце, а што САФ дае нам самім - "Славянскаму базару", Віцебску, Беларусі?

- У гэтым годзе 13 ліпеня ў Віцебску пройдзе сесія САФ з удзелам членаў асацыяцыі, якія знаходзяцца ў ёй ужо некалькі гадоў, а таксама прадстаўнікоў міжнародных фестываляў і праектаў з Босніі і Герцагавіны, Літвы, Латвіі, Ізраіля, Расіі, Украіны, Італіі, якія падалі заяўкі на ўступленне ў САФ. Такі вынік нашай работы за год. Гэтыя прадстаўнікі ўбачылі перавагі знаходжання ў асацыяцыі. Тым больш той, якую ўзначальвае "Славянскі базар". Фестывалі вельмі розныя, арганізацыі таксама. Ёсць міжнародныя дзіцячыя конкурсы, фестывалі, з якімі ў гэтым годзе пазнаёміліся ўпершыню – напрыклад, Riga Symphony. Або, наадварот, шырока вядомы ў Беларусі фестываль-кірмаш літоўскага Казюкаса, з арганізатарамі якога ўжо ёсць шэраг задум па сумесных праектах.

Гэта яшчэ і Sanremo Music Awards – знакаміты італьянскі фестываль. Яго генеральны дырэктар Нікола Канверціна - прадзюсар большасці вядомых нам італьянскіх выканаўцаў. Мы падпісалі папярэдняе пагадненне паміж дырэкцыямі двух фестываляў, намецілі сумесныя праекты. Хутчэй за ўсё, у верасні гэтага года будзе першы вялікі канцэрт. Прыедуць некалькі сучасных маладых італьянскіх выканаўцаў. Гэта новае пакаленне, якое мы не ведаем, таму што няма такога асвятлення фестывалю ў Сан-Рэма, як раней.

Я падводжу да таго, што для кожнага члена асацыяцыі такія кантакты дораць вялікія магчымасці абмену вопытам. З упэўненасцю магу сказаць, яны ўсе стараюцца раўняцца на “Славянскі базар”. Але ёсць асобныя дэталі, якія і нам у іх можна пераняць. Таксама гэта магчымасці абмену таленавітымі маладымі выканаўцамі. За мінулы год у рамках САФ мы адпраўлялі артыстаў з Віцебска на тры міжнародныя конкурсы, дзе яны ныбывалі вопыт, мелі магчымасць сустрэцца з сотнямі ўдзельнікаў з іншых краін.

Для нас гэта яшчэ і падмога па арганізацыі міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў. Ёсць шанц адбіраць лепшых прадстаўнікоў розных краін для ўдзелу ў ”Славянскім базары” шляхам іх уласных фестываляў. У многіх краінах ужо ёсць нашы прадстаўнкі, якія такія нацыянальныя адборы праводзяць.

- Якая тэма маючай адбыцца сесіі САФ, што будзеце абмяркоўваць?

- Для пачатку скажу, што ў нас запланавана яшчэ і міжнародная канферэнцыя. Вельмі цікавыя спікеры – прадстаўнікі 7 вялікіх фестываляў – раскажуць пра свае праекты, пакажуць відэапрэзентацыі. Такія сустрэчы – вельмі важная частка, на якую мы будзем рабіць упору у далейшым. Што датычыцца самой сесіі, у нас на яе свае планы. Мінуў год, і ёсць шмат момантаў, дзе трэба штосьці мяняць. Абмяркуем пытанне распрацоўкі новага сайта асацыяцыі. Хутчэй за ўсё, пасля “Славянскага базару” пачнём яго стварэнне. Пагаворым аб падыходах у арганізацыі фестываляў, у прыватнасці прысутнасці на іх прадстаўніка савета дырэктараў САФ; пытаннях удзелу на парытэтных умовах ва ўсіх міжнародных конкурсах. Мы гэту ідэю абмяркоўваем ужо некаторы час – магчыма, гэта будзе канцэрт пераможцаў міжнародных праектаў – удзельнікаў САФ на "Славянскім базары". Пакуль што да нас прыязджаюць толькі некаторыя выканаўцы, якіх мы недзе заўважылі і запрасілі. Але ў наступным годзе, спадзяюся, рэалізуем асобны праект.

- Тады давайце пагаворым аб праектах гэтага года. Перш за ўсё – аб юбілейных акцэнтах у іх. Можа, нешта асаблівае будзе ў сцэнаграфіі?

- Літаральна сёння-заўтра прыедуць першыя грузавікі з элементамі сцэнаграфіі, святла, гуку, якія патрэбны для галоўнай пляцоўкі – Летняга амфітэатра. Цяпер любая сцэна вялікага міжнароднага праекта з улікам тэлевізійнай карцінкі зводзіцца да аднаго – гэта вялікая колькасць святлодыёдных экранаў, на якіх можна размясціць любы кантэнт, і сучасных светлавых прыбораў. У бягучым годзе ўпор робім на тое, каб больш і якасней паказаць матэрыялы аб фестывалі: дакументальныя здымкі і самыя цікавыя кадры за мінулыя гады. Ужо зроблена падборка – недзе гэта асобныя сюжэты, недзе секундныя ўстаўкі. Мы ўбачым артыстаў і выканаўцаў, падзеі, віншаванні фестывалю. Гэтыя ўстаўкі будуць звязваць у адно канцэрт адкрыцця. І амаль кожны нумар будзе тэматычным. Шмат дуэтаў, масавых нумароў, выступленняў харэаграфічных калектываў, а таксама даўніх сяброў фестывалю, лаўрэатаў конкурсу. Прагучаць хіты мінулых гадоў. Унікальны канцэрт тым, што ён будзе суправаджацца выступленнем Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна.

Калі ў канцэрце адкрыцця эксперыментаў асаблівых не будзе, то закрыццё рыхтуе сюрпрызы, але яно таксама прысвечана юбілею форуму. Будзе шмат маладых выканаўцаў, у тым ліку і еўрапейскіх, рыхтуецца спецыяльная сцэнаграфія – рэжысёр Марыя Раманоўская прыдумала вельмі цікавую ідэю. Таму раю ўсім не прапусціць гэты канцэрт.

- Ёсць яшчэ і зборнік "25 імгненняў лета" з удзелам лаўрэатаў міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў. У чым унікальнасць гэтага канцэрта?

- Мы стараліся падбіраць тых, хто актыўна працуе на творчай ніве. А праграму зрабіць больш разнастайнай. Таму там будуць уладальнікі Гран-пры, першай і другой прэмій. Хтосьці выканае свае пераможныя песні з памятнага для іх фестывалю, хтосьці – з уласнага рэпертуару. Для нас гэта іміджавы праект, таму што мы заўсёды помнім пра нашых канкурсантаў і стараемся запрашаць іх на наступныя фестывалі. Заўсёды конкурснае журы прадстаўлена лаўрэатамі мінулых гадоў. Прыемна, калі “Славянскі базар” становіцца трамплінам да прызнання і творчага росту для выканаўцаў. Напрыклад, для Даміра Кеджа з Харватыі, які праз некалькі гадоў пасля перамогі на нашым фестывалі праславіўся на “Новай хвалі -2015".

Наогул, конкурс з'яўляецца ключавой падзеяй "Славянскага базару”, і статус нават проста ўдзельніка – ужо вялікае дасягненне для выканаўцы. У гэтым годзе нам вельмі пашанцавала са старшынёй журы. Валерый Лявонцьеў – чалавек вельмі адказны, нячаста ўдзельнічае ў міжнародных праектах у якасці члена журы, і мы вельмі ўдзячны, што ён пагадзіўся. Ён нават загадзя запытаў усе магчымыя матэрыялы пра канкурсантаў, каб паслухаць іх, хоць цяпер сам знаходзіцца ў турнэ.

- У праграме "Славянскага базару" з кожным годам пакрысе з'яўляецца больш маладзёжных праектаў. Напрыклад, у гэтым годзе пасля канцэрта закрыцця адразу пачнецца начная дыскатэка. З чым гэта звязана?

- Vitebsk Dance Night – новы праект, які, я ўпэўнены, прыжывецца. Магчымасць сабраць на адной пляцоўцы столькі цікавых дыджэяў сусветнага ўзроўню не кожнаму выпадае. Важна захоўваць баланс: усе канцэрты павінны быць разлічаны на розную аўдыторыю. У “Славянскага базару” праектаў для людзей сярэдняга ўзросту вельмі шмат – з вядомымі і любімымі артыстамі. А вось калі мы з мінулага года ўключылі праект сумесна з “Еўропай Плюс”, а цяпер яшчэ і маладзёжную дыскатэку дабавілі – гэта стала вялікім крокам. Мы ж фарміруем праграму з улікам меркавання гледачоў і глыбокага фінансавага аналізу, стараемся рухацца ў бок самаакупнасці. Моладзь – актыўная ўзроставая катэгорыя. Таму трэба паступова выраўнаваць гэты баланс, каб 50 працэнтаў фестывальных праектаў былі для моладзі, уключаць больш замежнай эстрады. Апошнія гады з'явілася шмат музычных каналаў, і з імі можна рабіць сумесныя праекты, чым мы і займаемся. З "Еўропай Плюс" гэта адзін праект. З "Шансон ТБ" – зусім іншы, на іншую аўдыторыю. З каналам Music Box - трэці. У выніку мы маем ратацыю "Славянскага базару” на гэтых каналах амаль круглы год. Для нас гэта ўдвая выгадна. Таму што артыст, які прыязджае сюды і разумее, што яго будуць здымаць і потым пастаянна паказваць, і артыст, які працуе толькі за ганарар, - гэта зусім розныя цэны і ўмовы па ўдзеле. З першым можна дагаворвацца па аплаце.

- Ратацыя на музычных каналах – гэта вельмі добра. Але асноўную ролю ў асвятленні фестывалю адыгрываюць беларускія і замежныя СМІ. Колькі іх будзе сёлета?

- У мінулым годзе было 517 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Сказаць, колькі збярэ гэты форум, я змагу толькі пасля рэгістрацыі. Але, мяркуючы па заяўках, цікавасць да юбілейнага фестывалю значна вышэйшая. Літаральна тыдні два таму я сустракаўся з Уладзіславам Багінскім, які з'яўляецца нашым прадстаўніком па правядзенні адборачных тураў ва Украіне. Ішла размова аб тым, што ў гэтым годзе ёсць намер трансліраваць асноўныя падзеі “Славянскага базару” на адным з цэнтральных украінскіх каналаў. І ў цэлым удзел артыстаў з гэтай краіны будзе даволі значным. Вось тут якраз, на фоне ўсіх знешнепалітычных падзей, дэвіз фестывалю “Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення” ўвасабляецца ў поўнай меры. Мы свае творчыя сувязі не страчваем. Прычым адзін з украінскіх фестываляў міжнароднага ўзроўню нават будзе ўступаць у САФ.

- "Славянскі базар" даўно выйшаў за межы толькі славянскага свету. У гэтым годзе ў ім удзельнічаюць ужо 44 краіны. Як далучаюцца навічкі?

- Паколькі за гэтыя гады на фестывалі прысутнічалі прадстаўнікі больш як 70 краін свету, то многія тут не ўпершыню і сярод гэтых 44-х навічок толькі адзін - гэта Калумбія. Яе прадстаўнік удзельнічае ў міжнародным конкурсе. Мы актыўна працуем з Лацінскай Амерыкай, у нас вельмі добры прадстаўнік на Кубе. Пасля перамогі Радрыга дэ ла Кадэна ў 2014 годзе ў Мексіцы таксама з'явіўся свой паўнацэнны прадстаўнік. Тым больш што гэта чалавек даволі вядомы ў сябе на радзіме. Цяпер у гэтых краінах праходзяць свае адборачныя туры, і да нас прыязджаюць іх выканаўцы.

Наогул на фестываль паступае шмат прапаноў аб удзеле. Ад прафесіяналаў і аматараў. Калі б мы ўсё гэта маглі паказаць у праграме, фестываль ішоў бы месяц.

- Многія вельмі пазітыўна выказваюцца аб правядзенні мерапрыемстваў свабоднага фармату на вуліцах горада. Хоць на фэсце вулічнага мастацтва "На сямі вятрах" увесь "Славянскі базар" наўрад ці шмат зарабляе, тым не менш, у бягучым годзе гэты фестываль унутры фестывалю нават пашырае сваю праграму. Чаму?

- Для нас гэта больш іміджавы праект. Акрамя таго, насычаючы падзеямі форум, ён не патрабуе вялікіх затрат. Таму што прыязджае на яго ў асноўным моладзь, шмат творчых калектываў, вулічных акцёраў, якім мы проста даём магчымасць сваім майстэрствам зарабляць грошы, акупляючы свой прыезд. І жадаючых удзельнічаць стала ўдвая больш, нам даводзіцца адбіраць. Куратар праекта Уладзіслава Цвікі вельмі сур'ёзна падыходзіць да гэтага, каб аб'яднаць усё ў адну праграму. Дзякуючы чаму з'яўляюцца новыя праекты - той жа вершамарафон "1000 вершаў пра Віцебск". Хоць, вершаў назбіралася ўжо больш, гэта дакладна будзе рэкорд.

- Дарэчы, ці вызначана ўжо, што з сябе будзе ўяўляць Кніга рэкордаў фестывалю, якую плануецца стварыць у гэтым годзе?

- Мы пакуль яшчэ ў пошку формы. Адназначна будзе яшчэ старонка на сайце фестывалю. А ў будучым хочам зрабіць асобны праект. Для гэтага павінен быць экспертны савет па адборы рэкордаў. Сярод нашых партнёраў з розных краін свету ўжо ёсць цікавыя ідэі і прапановы. Інакш кажучы, у перспектыве гэта можа быць праект "Кніга рэкордаў фестывалю" з цэлым шэрагам мерапрыемстваў: тут - рамеснікі працуюць або нейкі рэкорд устанаўліваюць, тут - творчыя калектывы, тут - паэты, тут - мастакі. Усё што хочаце. Для нас "Славянскі базар" ужо здаецца звычайным: з году ў год адно і тое ж. А вось такія адметнасці ў выглядзе ўнікальных падзей, якія можна ўбачыць толькі сёння і цяпер, прыўнясуць адчуванне навізны. Яны павінны прысутнічаць на кожным фестывалі. Тым больш што многія з такіх праектаў дапускаюць удзел любога жадаючага.

"Славянскі базар" - фестываль у першую чаргу народны. Многія гавораць: "Гэта наш фестываль, і мы хочам у ім удзельнічаць". Прысылаюць вершы, песні, гімны фестывалю. Людзі рознага ўзросту - ад падлеткаў да пенсіянераў. І мы дадзім ім гэту магчымасць такім праектам.

- У прэсе ўжо шмат паведамлялася аб актыўнай рэалізацыі білетаў. А наколькі запатарбаванымі сталі падарункавыя сертыфікаты, якія таксама паступілі ў продаж?

- Як я бачу па базе, былі раскуплены каля 300 паступіўшых спачатку ў продаж. Кожны дзень з'яўляюцца новыя і потым знікаюць, калі іх мяняюць на білеты. Па выніках фестывалю мы паглядзім агульную інфармацыю. Але гэта толькі пачатак. Як толькі гэты фестываль завершыцца, пачнём рэкламаваць падарункавыя сертыфікаты, якія хочам прадаваць круглы год. Праўда, для гэтага яшчэ трэба ўладкаваць асобныя моманты з заканадаўствам, але ўпэўнены, мы знойдзем правільны падыход. Такі сертыфікат стане выдатным падарункам на дзень нараджэння, юбілей, іншую ўрачыстасць.

Адным з ключавых момантаў прыцягнення пазабюджэтных сродкаў з'яўляецца павелічэнне продажу білетаў. Мы пачалі яго ўжо ў лютым ў бягучым годзе. Трэба было на раннім этапе атрымаць абаротныя сродкі, каб аплаціць аванс артыстам, заключыць дагаворы на выгадных умовах. Зноў жа, ёсць магчымасць выбраць больш выгадны курс закупкі валюты для аплаты артыстаў, што вызначае агульны вынік акупнасці форуму. Наогул, у гэтай рабоце задзейнічана шмат людзей, каб знаходзіць разумны баланс паміж тратамі і магчымасцямі зарабіць, прыцягнуць партнёраў. Менавіта таму наш фестываль жывы ўжо 25 гадоў, у той час як многія міжнародныя праекты ў цяперашніх умовах проста сцерліся з памяці.

- Аляксандр Пятровіч, пабудзьце жывой рэкламай і раскажыце, якія праекты гэтага "Славянскага базару" вы асабіста хочаце наведаць?

- Абавязкова паўдзельнічаю ў вершамарафоне, хутчэй за ўсё, буду чытаць штосьці з твораў віцебскага паэта Давіда Сімановіча. У любым выпадку буду на кожным праекце на галоўнай пляцоўцы, пастараюся не прапусціць і ўсе конкурсныя дні. Хацелася б паглядзець тэатральную праграму. Мае густы, як і любога звычайнага гледача, зводзяцца да асобных артыстаў, асоб. Я маю на ўвазе праект з удзелам Фёдара Дабранравава (спектакль "Выхаванне Рыты"). У мяне ўся сям'я, уключаючы дзяцей, яго любіць. Абавязкова схаджу паслухаць у філармоніі канцэрт маладых майстроў з Чэхіі - цікава разумець, чым цяпер жыве чэшская эстрада. У Летнім амфітэатры хачу трапіць на сольнік Дзіяны Арбенінай. Гэта завяршальны праект, таму можна паспрабаваць расслабіцца і атрымаць больш асалоды. І, няхай не буду самым актыўным удзельнікам, але абавязкова схаджу на начную дыскатэку. А ўсім, хто так шмат працуе над стварэннем свята, хачу пажадаць, каб фестываль запомніўся не толькі клопатамі, але і весялосцю, адчуваннем шчасця.

Кацярына КНЯЗЕВА

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі