Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
12 чэрвеня 2013, 17:33

Прыняцце закона аб процідзеянні сямейнаму насіллю павысіла б міжнародны рэйтынг Беларусі - эксперт

Па выніках сацдаследавання (праведзена ў Брэсцкай вобласці), кожная чацвёртая жанчына ў Беларусі церпіць ад фізічнага насілля ў сям'і, 4 з 5 сутыкаюцца з псіхалагічным насіллем, 22,4 працэнта жанчын адчуваюць эканамічнае і 13,1 працэнта - сексуальнае. Прадстаўніцы слабага полу больш неабароненыя перад дамашнім насіллем: яны ў 2,6 раза часцей, чым мужчыны, падвяргаліся біццю і пабоям; у 2,4 раза часцей прымушаліся да палавой сувязі; у 1,8 раза часцей іх штурхалі, шчыпалі, цягалі за валасы, забаранялі працаваць або вучыцца. Урэшце, у ахвяр дамашняга насілля не заўсёды жаночы твар: кожны пяты мужчына прызнаў, што да яго было прыменена фізічнае насілле, кожны чацвёрты - эканамічнае, 1 з 13 - сексуальнае, больш як дзве трэці мужчын адчувалі псіхалагічнае насілле. Эксперты канстатуюць, што маштабы распаўсюджвання дамашняга насілля ў Беларусі не змяншаюцца. Аб тым, як вырашыць гэту вострую сацыяльную праблему, якія для гэтага патрэбны прававыя інструменты, ці мэтазгодна прыняцце закона аб процідзеянні насіллю ў сем'ях, - у размове карэспандэнта БЕЛТА са старшынёй Праўлення МГА "Гендарныя перспектывы" Ірынай Альхоўка.


- Праблема дамашняга насілля ўспрымаецца па-рознаму. Адны лічаць яе асабліва маргінальнай (нярэдка ў СМІ смакуюцца падрабязнасці жудасных разборак у няўдалых сем'ях, ды і крымінальная статыстыка ўносіць сваю лепту - у 2012 годзе зарэгістраваны 515 забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, учыненых у сямейна-бытавой сферы). Іншыя лічаць гэту праблему толькі сацыяльнай, трэція - камунікатыўнай (маўляў, людзі не могуць дамовіцца і прымяняюць сілу). Яшчэ адзін пункт гледжання - грамадская небяспека: калі чалавек прычыняе боль самым блізкім людзям, то яму даволі лёгка прымяніць насілле і ў іншых сферах жыцця. Мне здаецца, што праблема шматгранная, яна ўключае ўсе гэтыя пункты гледжання і выходзіць далёка за абазначаныя межы. А якая ваша пазіцыя?


- Дамашняе насілле, на маю думку, адбываецца з-за дысбалансу ўлады і кантролю.


Я вылучыла б чатыры катэгорыі ахвяр. У кожнай з іх ёсць свой фактар неабароненасці. У жанчын - гэта іх палавая прыналежнасць (жанчын б'юць і прыніжаюць таму, што яны жанчыны), у дзяцей - узрост (бацькі лічаць іх сваёй уласнасцю, маўляў, як хачу, так і выхоўваю), у пажылых людзей - таксама ўзрост, але ў іншай іпастасі (аслаблены сацыяльныя сувязі, непрацаздольнасць, фізічная слабасць), у інвалідаў - фізічныя і псіхічныя абмежаванні.


Як бы парадаксальна гэта ні гучала, праблема сямейнага насілля - не пытанне любові і нелюбові. Гэта пытанне ўлады. Паколькі б'юць, прыніжаюць тых, хто па розных прычынах слабейшы. У прыватнасці, мужчыны апраўдваюць насілле адносна жанчыны тым, што ёй трэба паказаць, хто ў доме гаспадар і дзе яе месца, "навучыць" жыць правільна. Гэта цягнецца з даўніх часоў, не выпадкова столькі прымавак на гэту тэму. Напрыклад, у нас кажуць: б'е, значыць, кахае, у Малдове - нябітая жонка як нямеценая хата...


Працытую генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна: насілле адносна жанчын - гэта вынік гістарычна існуючай няроўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі.


- У ходзе сацдаследавання толькі 13 працэнтаў мужчын і 11 працэнтаў жанчын адказалі, што канфлікты ў іх сям'і вырашаюцца мірным шляхам. Атрымліваецца, 9 з 10 канфліктаў праходзяць з прымяненнем таго або іншага віду насілля...


- Даследаванні паказваюць, што рэдка прысутнічае толькі адзін від насілля. Як правіла, іх некалькі: псіхалагічнае і эканамічнае, фізічнае і сексуальнае, псіхалагічнае і фізічнае, а то і грымучая сумесь з усіх відаў. Аналагічную карціну мы бачым і на нацыянальнай гарачай лініі. Самыя распаўсюджаныя віды насілля - псіхалагічнае (практычна ўсе), фізічнае (67 працэнтаў) і эканамічнае (больш як палавіна з тых, хто пазваніў).


Што датычыцца схемы развіцця сітуацыі, то спачатку ідзе цыкл напружання адносін, потым цыкл эскалацыі насілля, затым цыкл мядовага месяца і зноў па крузе. Ахвяра кожны раз думае, што мядовы месяц будзе прадаўжацца доўга, верыць абяцанням партнёра і ў большасці выпадкаў маўчыць, утойвае факты насілля і яго вынікі.


Жанчыны тлумачаць сваю адмову ад дапамогі ў сітуацыі дамашняга насілля бояззю разрыву адносін; адсутнасцю ўпэўненасці ў тым, што дапамогуць; жалем да крыўдзіцеля; сорамам, бояззю страціць рэпутацыю. Мужчыны - адчуваннем уласнай віны і надзеяй на тое, што такое больш не паўторыцца.


- Прычынамі для канфліктаў рэспандэнты назвалі несправядлівае размеркаванне сямейных абавязкаў, фінансавыя цяжкасці, п'янства. А першакрыніцай дамашняга насілля, на іх думку, з'яўляецца рэўнасць. Ці пацвярджае гэтыя вывады аналіз званкоў на бясплатную гарачую лінію для пацярпелых ад дамашняга насілля (8-801-100-8-801)?


- Так, многія праблемы ў сям'і пачынаюцца з рэўнасці, якая маскіруецца пад гіперклопат, які пераходзіць у гіперапеку. Муж настойліва патрабуе справаздачы ў жонкі: з кім яна сябруе на рабоце, з кім і аб чым размаўляе па тэлефоне, з кім абедае і інш. Потым ён забараняе ёй хадзіць на работу або ўстанаўлівае строгія абмежаванні па вяртанню дадому (за 5 мінут спазнення - штраф). Сітуацыя пагаршаецца, калі жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. У гэты перыяд яна пазбаўлена магчымасці зарабляць, і мужчына патрабуе справаздачы аж да талона на праезд у грамадскім транспарце, ужо не кажучы аб дзіцячым адзенні і цацках. Мужчына тлумачыць: я - гаспадар, я зарабляю грошы, а ты іх толькі траціш. Атрымліваецца, дамашнія клопаты, якія ляжаць на плячах жанчыны, абясцэнены, як і праца па догляду дзіцяці (і хто ўмудрыўся назваць яго водпускам?).


Потым пачынаюцца абразы, бясконцае прыніжэнне. Жанчына ад сораму пачынае апраўдваць мужчыну: маўляў, яму цяжка, ён адзіны карміцель, на рабоце стрэсы, а я не адпавядаю яго ўзроўню, дрэнна выглядаю, не магу падтрымаць размову на тыя тэмы, якія яго цікавяць, і г.д. Яна ўгаворвае сябе: трэба пацярпець, трэба яго ўлагодзіць - і ўсё будзе як раней, паколькі яна выходзіла замуж за іншага чалавека, які кахаў, прыгожа заляцаўся, ахоўваў...


Аднак калі дамашні агрэсар ужо адчуў сваю бязмежную ўладу над іншым чалавекам, гэта яго разбэшчвае. І насілле ідзе па нарастаючай. Пакутуюць дзеці, для якіх дом становіцца не астраўком любові і абароны, а парахавой бочкай з запаленым кнотам.


Дарэчы, па выніках агульнанацыянальнага даследавання, праведзенага пры садзейнічанні прадстаўніцтва Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ), у Беларусі ў сітуацыі ненасілля выхоўваецца крыху больш як палавіна дзяцей, астатнія ў той ці іншай ступені церпяць ад праяў насілля і жорсткага абыходжання з боку бацькоў.


- Наколькі я ведаю, на гарачую лінію звяртаюцца і агрэсары? Яны лічаць сябе невінаватымі або вінаватымі?


- Такіх усяго пяць выпадкаў (агульная колькасць зваротаў - больш як 2,3 тыс.). Няхай лічба мізэрная, але яна сведчыць аб тым, што намаганні грамадства не праходзяць дарэмна і дамашняе насілле пачынае пазіцыянавацца як канкрэтнае зло адносна кожнай сям'і.


Мужчыны-агрэсары звяртаюцца на гарачую лінію, калі разумеюць: тое, што яны робяць са сваімі жонкамі, дзецьмі, бацькамі - ненармальна, што насілле - прыкмета слабасці, а не сіла, гэта паказчык таго, што яны не знайшлі іншых спосабаў вырашэння праблемы. Мужчыны запэўніваюць, што хочуць захаваць сям'ю, але не ведаюць, як справіцца са сваёй агрэсіяй.


Сярод тых, хто звярнуўся, былі жанчыны, якія праяўляюць агрэсію да сваіх дзяцей. Яны хочуць навучыцца кіраваць сваімі негатыўнымі эмоцыямі (жаданнем даць па карку дзіцяці, адшлёпаць і інш.).


На думку псіхолагаў, агрэсары ў сваю чаргу таксама падвяргаліся дамашняму насіллю, яны ўзялі мадэль паводзін з бацькоўскай сям'і, не ведаюць іншага спосабу высвятлення адносін і вырашэння праблем.


- Агрэсія - гэта дыягназ?


- Не, з такімі людзьмі можна і трэба працаваць. Міжнародны вопыт сведчыць аб тым, што карэкцыйныя праграмы для гвалтаўнікоў даюць магчымасць дабівацца значнага прагрэсу (рэцыдыў складае толькі каля 10 працэнтаў). На жаль, у Беларусі такой практыкі няма - ні на добраахвотнай, ні на прымусовай аснове.


- Асабіста я лічу дзейсным прымяненне да сямейных агрэсараў такой меры, як часовае высяленне з жылля. Можа, тады і не дойдзе да сітуацыі, якая трапляе пад дзеянне Крымінальнага кодэкса.


- Сапраўды, у гэтым сегменце пакуль пераважае лаяльнасць да агрэсараў: маўляў, як яго выселіць, нават часова, з уласнага жылля, на якое ён мае ўсе правы?


- Але ж у яго блізкіх, якія падвяргаюцца насіллю, таксама ёсць правы - на жыццё і захаванне здароўя?


- Безумоўна. І гэта значыць, што тут патрэбны больш радыкальныя падыходы і больш дакладнае разуменне таго, што агрэсара не пазбаўляюць права на жыллё - яго часова пазбаўляюць права пражывання, паколькі ён не выконвае правілы сумеснага пражывання.


Такія дыскусіі ідуць у многіх краінах, гэта норма развіваецца на прававым полі вельмі павольна. У Малдове, напрыклад, заканадаўцы яшчэ некалькі гадоў таму рэзка выступалі супраць высялення з жылля дамашніх агрэсараў - маўляў, нельга ператвараць іх у бамжоў (тым не менш, такая норма была ўведзена ў 2006 годзе). Пры гэтым "за кадрам" застаецца тая небяспека, якой яны падвяргаюць жонку, дзяцей, састарэлых бацькоў і г.д. Атрымліваецца, ад аднаго чалавека пакутуе шмат іншых, а прыняць норму аб яго часовым высяленні ў заканадаўцаў рука не падымаецца...


Між тым, напрыклад, аўстрыйскае заканадаўства прапануе агрэсарам альтэрнатыўнае жыллё пры часовым высяленні. І яно пустуе! Людзі шукаюць іншыя спосабы ўладкавацца - здымаюць кватэру, жывуць у сяброў і сваякоў. Ім сорамна пасяліцца ў цэнтры для агрэсараў.


Усе гэтыя пытанні трэба больш шырока абмяркоўваць дзяржаўным і грамадскім структурам на адной дыскусійнай пляцоўцы. У такіх дыскусіях нараджаецца калі не ісціна, то хаця б кампраміснае рашэнне.


- Можа, корань праблемы - у розных ацэнках маштабаў насілля? Дзяржструктуры карыстаюцца аднымі данымі, грамадскія - іншымі... І атрымліваецца, што кожны бачыць толькі верх айсберга.


- І гэта таксама адыгрывае сваю ролю.


Звычайна на дзяржаўным узроўні апелююць лічбамі праваахоўных органаў - колькасць цяжкіх злачынстваў на бытавой глебе, зваротаў з-за сямейных скандалаў і г.д. У гэтай статыстыцы адлюстроўваюцца пераважна праблемныя сем'і, якія знаходзяцца пад асаблівай увагай супрацоўнікаў міліцыі (асобы, вызваленыя з месц пазбаўлення волі, маюць праблемы з алкаголем і г.д.).


А грамадскія арганізацыі сутыкаюцца пераважна са знешне ўдалымі сем'ямі, добра забяспечанымі і адукаванымі. Агрэсары ў гэтых сем'ях маюць даволі высокі сацыяльны статус (бізнесмены, урачы, педагогі, кіраўнікі розных арганізацый, супрацоўнікі праваахоўных органаў і інш.). Яны не знаходзяцца ні на якіх уліках, да іх участковыя і сацыяльныя службы не заходзяць з праверкай...


Практыка работы гарачай лініі паказвае, што дамашняе насілле не мае сацыяльных межаў. Калі хаця б аб'яднаць існуючыя даныя, то агульная карціна будзе абсалютна іншай, чым гэта ўяўляецца. І куды больш песімістычнай.


- Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый прэзентавалі новую версію законапраекта "Аб прафілактыцы, спыненні і абароне ад насілля ў сям'і". Пакуль яго лёс мне не здаецца аптымістычным. Асабліва пры тым, што ў Беларусі ў некалькіх кодэксах прапісаны розныя нормы, якія датычацца тэмы дамашняга насілля.


- Менавіта, якія датычацца... Так, пэўная нарматыўная прававая база ў рэспубліцы створана і, трэба прызнаць, пастаянна ўдасканальваецца. Але яна ўлічвае толькі крыміналістычны аспект.


Між тым у адпаведнасці з рэкамендацыямі міжнародных экспертаў нацыянальнае заканадаўства па барацьбе з дамашнім насіллем павінна мець комплексны характар і змяшчаць, напрыклад, яшчэ і такі аспект, як аказанне кваліфікаванай дапамогі. Паколькі далёка не ўсё вырашаецца толькі пакараннем. Зразумела, беспакаранасць - куды горш, яна спараджае далейшае насілле. Аднак, згадзіцеся, праваахоўнікі пачынаюць працаваць па факту - калі правапарушэнне або злачынства ўчынена, яго вынікі відавочныя.


У Беларусі не прапісана ні ў адным нарматыўным прававым акце і практычна не праводзіцца работа з віноўнікам дамашняга насілля. Адным словам, упор павінен быць зроблены не толькі на карныя меры, але і на прэвентыўныя (прафілактычныя).


Вельмі важна цеснае ўзаемадзеянне органаў унутраных спраў, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, органаў па ахове правоў дзяцей. Часта бывае: звяртаецца жанчына ў бальніцу, скажам, з пераломам рукі або сківіцы. Тлумачыць, што, маўляў, з лесвіцы ўпала. І мала хто задае ёй дадатковыя пытанні, спрабуе высветліць прычыну траўмаў - не ўваходзіць гэта ў функцыі ўрача. Самой жа ахвяры сямейнага агрэсара, як правіла, страшна і сорамна гаварыць аб пабоях.


Нярэдка ахвяра дамашняга насілля чуе ад тых, да каго звярнулася па дапамогу: маўляў, сама вінавата, што справакавала. Гэта сведчыць аб негатоўнасці прафесіяналаў да работы па гэтай праблематыцы. Спецыялістам трэба праходзіць сістэмнае навучанне. І ў іх функцыі заканадаўча павінны быць закладзены ідэнтыфікацыя і перанакіраванне ахвяр дамашняга насілля.


У законе трэба дакладна прапісаць інструменты па барацьбе з сямейным насіллем. Гэта і шэлтары (прытулкі), дзе можна застацца пераначаваць і пабыць некалькі дзён, і крызісныя цэнтры, дзе аказваюцца розныя віды дапамогі (сацыяльная, прававая, псіхалагічная, гуманітарная і інш.). Гэтага сёння няма за выключэннем крызісных пакояў, якія арганізаваны на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) і патэнцыял якіх выкарыстоўваецца недастаткова (практычна ўсе яны не прадастаўляюць паслугі начнога знаходжання, харчаванне - за свой кошт). Усё гэта можа рэгламентаваць закон.


Важным з'яўляецца каардынацыя дзеянняў. Сутнасць яе ў тым, што ў які орган ні звярнуўся б чалавек, які пацярпеў ад дамашняга насілля, ён павінен атрымаць там дапамогу і (або) яго перанакіроўваюць - менавіта накіроўваюць, а не адфутбольваюць - у тую службу, чыя дапамога ў далейшым яму спатрэбіцца. Напрыклад, ва ўстанове аховы здароўя ахвяра насілля атрымлівае неабходную медыцынскую дапамогу і перанакіроўваецца ў сацыяльную службу.


Такая эстафета дапамогі патрабуе канфідэнцыяльнасці і такту. Чалавеку цяжка гаварыць аб тым, што з ім здарылася, таму такі расказ павінен быць пры першым звароце, а потым яго гісторыя на ўмовах канфідэнцыяльнасці павінна перадавацца ў іншыя службы, каб пазбавіць чалавека ад неабходнасці перажываць тое, што здарылася зноў і зноў, адказваючы на адны і тыя ж пытанні. Па сутнасці гэта і ёсць сацыяльнае суправаджэнне.


Важным з'яўляецца маніторынг эфектыўнасці мер, што прымаюцца, прычым ва ўсіх праграмах трэба ўлічваць меркаванне саміх пацярпелых. Такая ацэнка неабходна яшчэ і з пункту гледжання рацыянальнасці ўкладзеных у гэтыя мерапрыемствы сродкаў, пераразмеркавання іх у выпадку неабходнасці на больш актуальныя задачы.


Неабходны таксама меры па стварэнню асяроддзя, якое садзейнічае фарміраванню новых сямейных каштоўнасцей. Трэба развенчваць стэрэатыпы, трэба гаварыць аб адносінах без насілля як аб новай сямейнай каштоўнасці. Тон тут павінен задаць закон.


- Чаму, на ваш погляд, няма руху насустрач ініцыятыве грамадскіх арганізацый па распрацоўцы законапраекта з боку дзяржструктур?


- І МУС, і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, і парламентарыі лічаць, што на гэтым этапе дастаткова ўнесці змяненні ў дзеючую нарматыўную базу. У прыватнасці, у закон "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў". Так, гэтым законапраектам прадугледжваецца стварэнне сацыяльных прытулкаў для пацярпелых ад дамашняга насілля ў сям'і, дзе ім будзе аказана псіхалагічная, сацыяльна-педагагічная, медыцынская, юрыдычная, матэрыяльная дапамога, па магчымасці - часовае знаходжанне, у тым ліку спальныя месцы і харчаванне. У законапраект уключана новая прафілактычная мера - абароннае прадпісанне. Гэта дае магчымасць пацярпелым разам з дзецьмі знаходзіцца ў бяспечным месцы, якое невядома агрэсару. Абароннае прадпісанне - мера індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў адносна чалавека, які ўчыніў насілле ў сям'і, пасля вынясення яму афіцыйнага папярэджання. Дарэчы, раней прапаноўвалася ўключыць у новую рэдакцыю закона і такія меры, як абаронны ордар, які прадугледжвае часовае высяленне агрэсара, абавязковае праходжанне карэкцыйных праграм, але гэтыя прапановы не былі падтрыманы дэпутатамі парламента. У новым законапраекце больш дакладна прапісаны функцыі органаў улады, пракуратуры і ўнутраных спраў, сацыяльнай абароны, грамадскіх арганізацый па процідзеянню дамашняму насіллю. Але, напрыклад, не прапісаны механізм каардынацыі дзеянняў розных органаў у сітуацыі насілля ў сям'і.


Ёсць два глабальныя падыходы да распрацоўкі закона. Першы - гэта калі праблема ўжо наспела, усе спецыялісты, ды і грамадства ў цэлым разумеюць, што трэба прымаць меры на заканадаўчым узроўні. Такім чынам, закон становіцца адказам на існуючую сітуацыю, прапануе спосабы яе вырашэння. Другі падыход - гэта калі закон папярэджвае сітуацыю. Заканадаўцы адзначаюць міжнародныя і нацыянальныя тэндэнцыі і задаюць новыя грамадскія нормы. У гэтым сэнсе закон узнімае планку для грамадства, якое яшчэ не дарасло да разумення праблемы ў поўным аб'ёме, - гэта стратэгічнае рашэнне дзяржавы. І закон аб процідзеянні дамашняму насіллю - якраз той выпадак.


Законы па прадухіленню дамашняга насілля маюць 124 дзяржавы - дзве трэці краін - членаў ААН. У многіх з іх, як і ў Беларусі, існавалі асобныя палажэнні ў розных нарматыўных актах, але гэтыя краіны прынялі рашэнне аб распрацоўцы аднаго комплекснага дакумента.


- Заканадаўства якой краіны вам здаецца найбольш эфектыўным?


- Я вылучыла б аўстрыйскае. Там ёсць дзейсная сістэма абаронных ордараў, прадуманы механізм каардынацыі дзеянняў усіх органаў і арганізацый аж да таго, хто забірае ключы ад кватэры ў агрэсара і дзе яны знаходзяцца на перыяд дзеяння абароннага ордара. Уявіце, як дасканала ўсё прадумана, каб улічыць нават такую, здавалася б, дробязь. Аўстрыйскім заканадаўствам, як я ўжо гаварыла, прадугледжаны карэкцыйныя праграмы для агрэсараў. Яны наведваюць спецыялістаў або на добраахвотных пачатках, або як альтэрнатыву пакарання (прасцей кажучы, ім прадастаўляецца выбар - або ў турму, або да псіхолага).


Вядома, закон не панацэя, важна і яго наяўнасць, і яго выкананне. Я ўпэўнена, што рана ці позна ў Беларусі будзе прыняты закон па барацьбе з дамашнім насіллем. І гэта павысіць міжнародны рэйтынг Беларусі, як гэта было з заканадаўствам па барацьбе з гандлем людзьмі.


Алена ПРУС

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі