У снежні 2018 года Нацыянальным банкам Беларусі прынята пастанова нумар 612, якая істотна мяняе правілы правядзення валютных аперацый у краіне. Дакумент уступае ў сілу з 1 сакавіка бягучага года. Пастанова прадугледжвае шэраг мер, накіраваных, з аднаго боку, на лібералізацыю валютных адносін, з іншага - на далейшае пашырэнне выкарыстання нацыянальнай валюты пры правядзенні разлікаў унутры краіны. Аб змяненнях, якія чакаюць фізічных і юрыдычных асоб з уступленнем у сілу дакумента, карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Нацыянальнага банка Дзяніс Шкурынскі.
- Якія меры прыняты пастановай для лібералізацыі правядзення валютных аперацый грамадзянамі і прадпрыемствамі?
- Калі гаварыць аб лібералізацыі валютных адносін, то з 1 сакавіка юрыдычныя асобы - рэзідэнты і індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць без дазволу Нацыянальнага банка праводзіць валютныя аперацыі, звязаныя з перамяшчэннем капіталу. Размова ідзе аб такіх аперацыях, як купля ў замежных кампаній выпушчаных імі каштоўных папер, размяшчэнне грашовых сродкаў у замежных банках, купля нерухомай маёмасці за межамі Рэспублікі Беларусь і інш. Пры гэтым юрыдычным асобам - рэзідэнтам і індывідуальным прадпрымальнікам неабходна ажыццявіць рэгістрацыю такіх аперацый у абслуговым банку да правядзення плацяжу.
Што датычыцца фізічных асоб-рэзідэнтаў, то ім прадастаўляецца права без дазволу Нацыянальнага банка адкрываць бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі ў замежных банках і пералічваць на іх грашовыя сродкі.
- Пастановай прадугледжаны таксама шэраг мер, накіраваных на пашырэнне выкарыстання нацыянальнай валюты пры ажыццяўленні разлікаў унутры краіны. Відавочна, што такія крокі не могуць не суправаджацца адначасовым скарачэннем разлікаў у замежнай валюце...
- Абсалютна правільна. У пастанове нумар 612 змешчаны нормы, накіраваныя на скарачэнне дазволеных выпадкаў выкарыстання замежнай валюты ў разліках паміж рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, гэта закране аперацыі з валютнымі аблігацыямі кампаній-рэзідэнтаў і банкаў, правядзенне валютных аперацый паміж банкамі (за выключэннем банкаўскіх аперацый), спагнанне банкамі ўзнагароджання за ажыццяўленне банкаўскіх аперацый (за выключэннем працэнтаў за карыстанне валютным крэдытам, працэнтаў па валютных укладах і некаторых іншых банкаўскіх аперацыях), асобных відаў дагавораў страхавання і сустрахавання.
Таксама будзе скарочаны пералік дазволеных выпадкаў разлікаў у наяўнай замежнай валюце паміж беларускімі суб'ектамі гаспадарання і замежнымі юрыдычнымі асобамі - па дагаворах, якія прадугледжваюць экспарт, пры вяртанні нерэзідэнтам пазыкі, пры ўнясенні ўкладу ў статутны фонд і інш., а таксама паміж кампаніямі-рэзідэнтамі пры аплаце страхавых паслуг і пры аплаце абавязацельстваў экспедытара перад міжнародным перавозчыкам.
Акрамя таго, пастановай выключаецца магчымасць выдачы Нацыянальным банкам дазволаў на правядзенне разлікаў у замежнай валюце на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым раней выдадзеныя дазволы спыняюць дзеянне з моманту ўступлення дакумента ў сілу, г. зн. з 1 сакавіка бягучага года.
- Вы ўжо адзначылі, што з 1 сакавіка беларускім грамадзянам дадзена права без дазволу рэгулятара адкрываць бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі ў замежных банках. Якія аперацыі можна будзе праводзіць па такіх рахунках, а па якіх аперацыях трэба браць дазвол?
- Без дазволу Нацыянальнага банка можна будзе адкрываць бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі ў замежных банках і пералічваць на іх грашовыя сродкі для аплаты вучобы, лячэння, атрымання ўзнагароджанняў, бонусаў і да т. п.
Па-ранейшаму будзе патрабавацца дазвол Нацыянальнага банка на адкрыццё дэпазіту ў замежным банку і на правядзенне валютных аперацый, звязаных з перамяшчэннем капіталу, пералічаных у артыкуле 10 закона "Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі". Гэта датычыцца набыцця акцый (пры іх размеркаванні сярод заснавальнікаў), набыцця ў замежнага рэзідэнта каштоўных папер, выпушчаных нерэзідэнтамі, куплі нерухомай маёмасці і інш.
- Што зменіцца ў сферы накапляльнага страхавання, калі дагаворы заключаліся ў замежнай валюце?
- Мы прапрацавалі гэта пытанне з Міністэрствам фінансаў і прынялі такое рашэнне. Па заключаных дагаворах страхавання жыцця і дадатковай пенсіі, якія дзейнічалі па стане на 22 снежня 2018 года, гэта значыць на дату афіцыйнага апублікавання пастановы праўлення Нацбанка, магчымасць выкарыстання замежнай валюты ў разліках з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі будзе захавана. Але на тых умовах, якія вызначаны ў гэтых дагаворах.
- Апошнім часам сярод насельніцтва набылі папулярнасць валютныя аблігацыі - як карпаратыўныя, так і дзяржаўныя. Ці будуць эмітавацца такія аблігацыі пасля 1 сакавіка і ў якой валюце будуць праводзіцца выплаты і пагашэнне па ўжо выпушчаных каштоўных паперах?
- Забарона на выпуск як карпаратыўных, так і дзяржаўных каштоўных папер, намініраваных у замежнай валюце, не ўстанаўліваецца. Гэта значыць выпускаць каштоўныя паперы ў валюце эмітэнты змогуць і пасля 1 сакавіка. Пры гэтым магчымасць разлікаў у замежнай валюце пры размяшчэнні і пагашэнні каштоўных папер (гэта значыць, на першасным рынку) захоўваецца адносна дзяржаўных аблігацый і аблігацый Нацыянальнага банка.
Па карпаратыўных аблігацыях, намініраваных у замежнай валюце, разлікі паміж рэзідэнтамі павінны ажыццяўляцца ў беларускіх рублях. Пры гэтым, калі выпуск рэзідэнтам карпаратыўных валютных аблігацый зарэгістраваны да 22 снежня мінулага года, выкарыстанне замежнай валюты дапускаецца да поўнага выканання абавязацельстваў эмітэнтам. Гэта значыць, што прыналежныя фізічным асобам аблігацыі банкаў, намініраваныя ў замежнай валюце і зарэгістраваныя да 22 снежня 2018 года, могуць быць пагашаны банкамі ў валюце наміналу.
- Ці вядзецца работа ў іншых сферах, дзе выкарыстанне нацыянальнай валюты можа быць істотна пашырана?
- Хачу адзначыць, што цяпер захоўваецца даволі высокі ўзровень выкарыстання замежнай валюты ў паліўна-энергетычным комплексе і транспартнай сферы. Сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі прапрацоўваюцца пытанні па пашырэнні выкарыстання нацыянальнай валюты ў разліках па гэтых напрамках. Вядзецца работа і па адмаўленні ад выкарыстання замежнай валюты ў якасці прывязкі пры ажыццяўленні здзелак унутры краіны - пры вызначэнні памеру арэнднай платы, кошту аўтамабіляў, нерухомай маёмасці і г. д.
Важным крокам у гэтым напрамку з'яўляецца ўнясенне змяненняў у Грамадзянскі кодэкс, у адпаведнасці з якім выражэнне грашовага абавязацельства ў замежнай валюце будзе дапускацца толькі ў тых выпадках, калі валютным заканадаўствам прадугледжаны разлікі ў замежнай валюце. Пры гэтым прадугледжваецца магчымасць індэксацыі - без прывязкі да курса замежнай валюты, але, напрыклад, зыходзячы са змяненняў памеру базавай велічыні, мінімальнай заработнай платы, індэкса спажывецкіх цэн і іншых паказчыкаў.
Акрамя таго, падрыхтаваны праект новай рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь "Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі", які прадугледжвае далейшае пашырэнне сферы прымянення беларускага рубля і, адпаведна, скарачэнне выпадкаў выкарыстання ў краіне замежнай валюты.
Алена САЛАНЕНКА