Першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Індыі Пранаба Мукерджы ў Беларусь, які адбудзецца ў пачатку чэрвеня, фактычна дае старт новаму этапу ў адносінах паміж дзвюма краінамі. У гэтыя дні Дэлі і Мінск завяршаюць работу над праектам сумеснай дарожнай карты, якая ў выпадку яе адабрэння кіраўнікамі дзвюх дзяржаў дасць магчымасць значна пашырыць супрацоўніцтва практычна ва ўсіх сферах: ад прамысловасці і IT-сектара да адукацыі і культуры. Аб тым, якія тэмы будуць знаходзіцца ў фокусе перагавораў на вышэйшым узроўні ў Мінску і чаму Беларусь і Індыя з'яўляюцца партнёрамі на міжнароднай пляцоўцы, а не канкурэнтамі, нягледзячы на развіццё падобных напрамкаў у эканоміцы і прамысловасці, Пранаб Мукерджы расказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА напярэдадні свайго прыезду ў Беларусь.
- Паважаны Прэзідэнт, Індыя сёння з'яўляецца адной з самых буйных эканомік у свеце, гэта краіна з вялікімі рэсурсамі і патэнцыялам. У Індыі, як і ў любой магутнай дзяржавы, ёсць свае амбіцыйныя планы на нацыянальным узроўні і міжнароднай арэне. Маглі б вы назваць асноўныя з іх?
- Індыя сёння лічыцца самай хуткарастучай буйной эканомікай у свеце. Наша асноўная мэта - дасягнуць высокіх тэмпаў росту і ліквідаваць беднасць. Мы лічым, што Індыя можа дэманстраваць рост каля 8,5 працэнта да 9 працэнтаў у бліжэйшыя 10-15 гадоў. А рост 8 працэнтаў дапаможа Індыі падвоіць ВУП за 9 гадоў.
У Індыі ёсць вялікі сярэдні клас - амаль 300 млн чалавек. Гэта велізарны спажывецкі рынак, які ні адзін глабальны бізнес не можа дазволіць сабе ігнараваць. Індыя сёння з'яўляецца адным з напрамкаў у свеце для размяшчэння ПЗІ з улікам нашага патэнцыялу росту, хуткарастучага спажывецкага рынку і кваліфікаванай рабочай сілы.
Наш сельскагаспадарчы сектар таксама добра развіты. Мы займаем другое месца ў свеце па вырошчванні пшаніцы і рысу. З краіны, якая залежыць ад імпарту прадуктаў харчавання (а такое было ў самым пачатку нашай незалежнасці), мы ператварыліся ў экспарцёра вышэйназваных прадуктаў харчавання.
Індыя - краіна з самай вялікай колькасцю моладзі ў свеце, з агульнай колькасці насельніцтва (а гэта 1,25 млрд чалавек) больш як 50 працэнтаў - гэта жыхары ва ўзросце да 25 гадоў. На працягу дзесяцігоддзя ў нас будзе найбольшая колькасць людзей у працаздольным узросце ад 15 да 59 гадоў, што складзе прыкладна дзве трэці нашага насельніцтва. Усё гэта будзе адбывацца якраз тады, калі краіны з развітой эканомікай па ўсім свеце, хутчэй за ўсё, сутыкнуцца з праблемай няхваткі чалавечых рэсурсаў з-за старэння насельніцтва. Мы спадзяёмся атрымаць з гэтай дэмаграфічнай сітуацыі значную выгаду, рыхтуючы большую колькасць кампетэнтных і кваліфікаваных спецыялістаў.
- Супрацоўніцтва з Беларуссю, на ваш погляд, будзе садзейнічаць дасягненню пастаўленых Індыяй мэт?
- Перш за ўсё я хачу пацвердзіць, што Беларусь з'яўляецца нашым важным міжнародным партнёрам. Індыя была адной з першых краін, якія ўстанавілі дыпламатычныя адносіны з Беларуссю пасля атрымання ёю незалежнасці ў 1991 годзе. Як вы помніце, былы прэм'ер-міністр Індыі Раджыў Гандзі наведаў Мінск у 1985 годзе - гэта было ў ходзе яго візіту ў Савецкі Саюз. Для мяне вялікі гонар быць першым Прэзідэнтам Індыі, які наведвае Беларусь.
Індыя - вялікі рынак і эканамічны гігант - хацела б бачыць хуткае і значнае ўмацаванне сувязей з Беларуссю. Беларусь з'яўляецца цэнтрам Еўразіі, гэта мост паміж Еўропай і Азіяй. І развіццё ўзаемнага супрацоўніцтва, безумоўна, пойдзе на карысць нашым народам. Я спадзяюся, што першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Індыі ў Беларусь актывізуе нашы двухбаковыя адносіны і мы пашырым узаемадзеянне ў многіх сферах.
З'яўляючыся яшчэ міністрам замежных спраў, я сустракаўся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у 2007 годзе ў час яго візіту ў Індыю, тады мы абмеркавалі меры па развіцці сувязей паміж нашымі краінамі. Таму я спадзяюся на прадаўжэнне нашага дыялогу ў Мінску. Нягледзячы на тое, што ў нас ёсць шырокае кола пытанняў для абмеркавання, асаблівы акцэнт будзе зроблены на ўмацаванне эканамічных і гандлёвых кантактаў, узаемадзеяння ў сферы навукі і тэхналогій, адукацыі. Мы прымем дарожную карту па развіцці нашых адносін, якая абазначыць асноўныя напрамкі і далейшыя крокі да дасягнення жаданых вынікаў.
Мой візіт прызначаны вывесці нашы адносіны з Беларуссю на больш высокі ўзровень.
- Паважаны Прэзідэнт, узаемны тавараабарот Беларусі і Індыі складае каля $400 млн. Афіцыйны Мінск не раз гаварыў аб тым, што лічыць гэту лічбу недастатковай...
- Згаджуся, што цяперашні ўзровень узаемнага гандлю, які складае каля $400 млн, значна ніжэйшы за існуючы патэнцыял. Мы павінны ўшчыльную заняцца гэтым пытаннем і дабіцца больш высокіх паказчыкаў у гандлі і інвестыцыях. Умацаванне нашых гандлёвых і інвестыцыйных сувязей будзе адным з галоўных пытанняў парадку дня маючых адбыцца перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі.
Я ўжо згадваў, што Індыя і Беларусь завяршаюць работу над дарожнай картай двухбаковага ўзаемадзеяння з асаблівым акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Яна, як чакаецца, будзе адобрана ў ходзе майго візіту. У нас ёсць вялікі патэнцыял у такіх сектарах, як традыцыйная і малая энергетыка, новыя і аднаўляльныя крыніцы энергіі, металургія і горназдабыўная прамысловасць, аўтамабільная і сельскагаспадарчая тэхніка, фармацэўтыка, нафта і газ, сельская гаспадарка і харчовая прамысловасць. Мы таксама можам пашырыць наша ўзаемадзеянне ў сферы паслуг: IT, ахова здароўя, фінансы, транспарт і лагістыка.
- Дарэчы, аб энергетыцы. Індыя прымала ўдзел у рэканструкцыі энергааб'екта ў Беларусі.
- Так, у нас ёсць прыклад паспяховага супрацоўніцтва ў энергетычным сектары. Вытворчасць і перадача электраэнергіі - гэта тая галіна, у якой Індыя мае прызнаны вялікі вопыт і перавагі па цэнавай канкурэнтаздольнасці. Яны былі наглядна прадэманстраваны ў час мадэрнізацыі Гродзенскай ЦЭЦ-2 з удзелам кампаніі BHEL. Індыйскі бок гатовы прыняць удзел і ў іншых такіх праектах.
- У Індыі і Беларусі цяпер узводзяцца атамныя энергаблокі згодна з расійскім праектам. Ці можа мірны атам адкрыць новыя магчымасці для супрацоўніцтва Беларусі і Індыі?
- Мы былі б рады абмеркаваць з Беларуссю напрамкі, якія ўяўляюць узаемны інтарэс і адносяцца да грамадзянскіх ядзерных пытанняў. Як вы, магчыма, ведаеце, цяпер абмяркоўваецца членства Індыі ў Групе ядзерных пастаўшчыкоў. Беларусь заняла пазіцыю ў падтрымку Індыі ў рамках ГЯП, што мы вельмі цэнім.
- Калійныя ўгнаенні, IT-тэхналогіі і цяжкае машынабудаванне з'яўляюцца, як гавораць эксперты, стаўпамі нашага двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Якім вам бачыцца далейшае развіццё супрацоўніцтва ў гэтых сферах? Мы цяпер канкурэнты ў IT?
- Сапраўды, мы імпартуем значную колькасць калійных угнаенняў з Беларусі, што неабходна для нашай праграмы харчовай бяспекі. Індыйскія кампаніі зацікаўлены ў доўгатэрміновых дамоўленасцях па пастаўках калійных угнаенняў з Беларусі. Такім чынам, Беларусь атрымае гарантаваны рынак, а Індыя - надзейнага пастаўшчыка. Нашы кампаніі таксама адкрыты для інвестыцый у беларускія калійныя руднікі, калі прапанаваныя ўмовы будуць камерцыйна выгаднымі.
Трэба адзначыць, што метады вядзення сельскай гаспадаркі ў Індыі змяняюцца. І нам спатрэбіцца тэхніка, якая вырабляецца беларускімі кампаніямі, такімі як "Гомсельмаш". Было б добра, калі б беларускія кампаніі стваралі даччыныя або сумесныя прадпрыемствы ў Індыі для задавальнення патрэбнасцей вялікага індыйскага рынку.
Індыйская горназдабыўная прамысловасць цяпер рыхтуецца да новай фазы росту. Упэўнены, што гэта адкрые новыя магчымасці для беларускіх прадпрыемстваў, асабліва калі яны будуць працаваць па прынцыпе "рабі ў Індыі". Гэта будзе выгадна абодвум бакам. Варта было б падумаць над вытворчасцю самазвалаў у Індыі.
Асабіста я не бачу ніякай канкурэнцыі паміж Індыяй і Беларуссю ў галіне IT. Індыя стварыла навучальны IT-цэнтр у Мінску, які забяспечыў высокі ўзровень падрыхтоўкі многіх беларускіх IT-спецыялістаў. Мы лічым, што перавагі дзвюх краін у гэтай галіне павінны стымуляваць пашырэнне супрацоўніцтва. Нашы кампаніі могуць супрацоўнічаць і сумесна прадастаўляць паслугі на міжнародным і рэгіянальных рынках.
Ёсць новыя ідэі наконт супрацоўніцтва ў галіне тэхналогій, адукацыі. Нашы эканамічныя адносіны вельмі разнастайныя, і мы працуем разам у многіх галінах. Індыйскі бізнес замацоўваецца на беларускім рынку: дзве кампаніі адкрылі свае офісы ў Беларусі. Як мяне інфармавалі, чатыры кампаніі абмяркоўваюць з беларускімі партнёрамі магчымасці стварэння сумесных прадпрыемстваў. Урад Беларусі аказвае неабходную падтрымку. Спадзяюся, што перагаворы будуць паспяховымі і кампаніі змогуць выпрацаваць камерцыйна жыццяздольныя мадэлі для работы. Гэта будзе стымуляваць іншых прадстаўнікоў індыйскай дзелавой супольнасці разгледзець пытанне аб выхадзе на беларускі рынак.
- Ці ёсць у Індыі сур'ёзны інтарэс да доўгатэрміновага супрацоўніцтва з новым буйным інтэграцыйным праектам - Еўразійскім эканамічным саюзам?
- Індыя прызнае каштоўнасць рэгіянальнай кааперацыі ў справе садзейнічання эканамічнаму росту і развіццю. Таму мы з'яўляемся актыўнымі партнёрамі ў рэалізацыі шэрага ініцыятыў у сферы рэгіянальнага супрацоўніцтва.
Мы зацікаўлены ва ўзаемадзеянні з Еўразійскім эканамічным саюзам. Нашы перагаворы наконт усёабдымнага эканамічнага партнёрства з ЕАЭС ідуць добра. Мы агаварылі сферу кампетэнцыі сумеснай групы, якая падрыхтуе папярэдняе абгрунтаванне мэтазгоднасці ўдзелу ў праекце. Дарэчы, мы паставілі перад сабой амбіцыйныя тэрміны, каб завяршыць увесь працэс.
- Прэзідэнт Беларусі неаднаразова падкрэсліваў, што Беларусь і Індыя з'яўляюцца саюзнікамі на міжнароднай арэне, мы падтрымліваем адзін аднаго ў ключавых міжнародных арганізацыях. Якой вы бачыце ролю Беларусі ў рэгіёне і ў свеце? Якім глабальным выклікам сучаснасці мы маглі б процістаяць разам?
- Беларусь адыграла асаблівую ролю ў садзейнічанні ўрэгуляванню шляхам перагавораў падзей ва Украіне. Мінскія дамоўленасці і меры, прынятыя ў лютым 2015 года, прапануюць шлях па мірным вырашэнні канфлікту. Індыя высока цэніць і вітае адпаведныя намаганні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Індыя і Беларусь паспяхова супрацоўнічаюць у рамках шматбаковых форумаў, уключаючы Арганізацыю Аб'яднаных Нацый. Нашы краіны маюць падобныя падыходы па шэрагу міжнародных пытанняў. Індыя мае намер прадоўжыць супрацоўніцтва з Беларуссю як у розных шматбаковых арганізацыях, так і на ўзроўні двухбаковага палітычнага дыялогу шляхам рэгулярных абменаў візітамі на высокім узроўні і ўзаемадзеяння на ўзроўні міністраў.
Асноўная мэта дыпламатыі Індыі - стварэнне неабходных умоў для нацыянальнага развіцця, вырашэнне праблемы беднасці і недастатковага развіцця. Пры гэтым мы імкнёмся фарміраваць сетку супрацоўніцтва з усімі краінамі на аснове ўзаемных інтарэсаў і выгады.
Мы лічым сябе наследнікамі Гаўтамы Буды і Махатмы Гандзі. Таму наша прыхільнасць да дэмакратыі, міру, вяршэнства закону, рэлігійнай цярпімасці і ненасілля з'яўляецца непарушнай.
Мы з'яўляемся самай буйной дэмакратыяй у свеце і членам - заснавальнікам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, а таксама Брэтан-Вудскіх устаноў. Лічым, што ўсе ўнутраныя канфлікты, а таксама рознагалоссі ў знешняй палітыцы павінны вырашацца мірным шляхам і без прымянення сілы.
Індыя актыўна задзейнічана ва ўсіх міжнародных пытаннях, якія датычацца бяспекі, гандлю, эканамічнага развіцця, змянення клімату і г.д. Дазвольце адзначыць, што найбольшую пагрозу свету сёння нясе тэрарызм. Індыя выступае супраць тэрарызму ва ўсіх яго формах і праявах. Мы лічым, што падыход да вырашэння праблемы тэрарызму павінен быць комплексным. Сегментныя і частковыя падыходы ў барацьбе з тэрарызмам, якія прымяняюцца некаторымі краінамі, як паказвае гісторыя, церпяць няўдачу. Тэрарызм не прызнае межаў. Таму процідзеянне тэрарызму патрабуе ўсёабдымнага і скаардынаванага міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама ўмацавання міжнароднага права.
Шчыра кажучы, Індыя лічыць, што міжнародныя арганізацыі, створаныя пасля Другой сусветнай вайны, ужо ўстарэлі і павінны быць рэфармаваны для таго, каб адпавядаць рэаліям ХХI стагоддзя. Мы лічым, у нас ёсць законнае права на пашырэнне голасу і павышэнне інстытуцыйнай ролі ў міжнародных працэсах прыняцця рашэнняў і структурах, асабліва ў Савеце Бяспекі ААН і міжнародных фінансавых інстытутах. Беларусь ва ўсім гэтым з'яўляецца нашым важным партнёрам.
Марта АСТРЭЙКА