Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
29 сакавіка 2021, 15:18
Наталля Качанава

Пра жыццёвыя каштоўнасці, мацярынскія ўрокі і прыярытэты

Наталля Качанава

Што такое жаночы поспех і якая яго цана? Можа, гэта кар'ерны рост, фінансавы дабрабыт, моцная сям'я і добрыя здаровыя дзеці? У кожнага яны свае - і поспех, і шчасце. Для некага гэта ўсёпаглынальная творчасць ці проста ахвярнасць. Для іншага - уменне ў складаны момант жыцця зрабіць выбар і ісці не зварочваючы па няпростым выбраным шляху незалежна ад пасады і звання.

Паспяховай можа быць не толькі жанчына-чыноўнік высокага рангу ці знакамітая спартсменка, якая заваявала сусветныя п'едэсталы, але і проста жанчына, якая прысвяціла сябе рабоце, творчасці, выхаванню дзяцей. Ва ўсіх уласная жыццёвая дарога.

У Год народнага адзінства ў цыкле аўтарскіх матэрыялаў члена праўлення Беларускага саюза жанчын, журналіста БЕЛТА Аліны Грышкевіч ва ўзаемадзеянні з БСЖ будуць прадстаўлены лёсы розных жанчын, у якіх свае гісторыі жыцця. Але ўсе гэтыя лёсы як звёны адзінай гісторыі краіны, адзінага лёсу Беларусі, што сціпла, упэўнена і няспынна ствараюць нашы суайчынніцы.

Аўтарскі цыкл адкрывае інтэрв'ю з жанчынай з Полацка, імклівы ўзлёт у кар'еры якой ужо ў сталым узросце здзівіў не толькі беларусаў. Пра яе шмат пішуць. Але цалкам відавочна: усяго ў жыцці старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава дасягнула сама. У інтэрв'ю яна расказала пра простыя чалавечыя каштоўнасці, маміны запаведзі і настаўнікаў у сваім жыцці.

- Наталля Іванаўна, за даволі кароткі перыяд часу вам удалося стаць адным з найбольш уплывовых чыноўнікаў у краіне: спачатку віцэ-прэм'ер, потым кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, цяпер старшыня Савета Рэспублікі. Упершыню ў гісторыі Беларусі такія высокія пасады даверылі жанчыне. Згадзіцеся, не ў кожнага мужчыны нават пры вялікім жаданні атрымліваецца заняць такую высокую пасаду, увайсці ў першую дзясятку вышэйшых службовых асоб, з якімі працуе непасрэдна Прэзідэнт і да меркавання якіх прыслухоўваецца. Наколькі складана жанчыне з глыбінкі, якая не мае знакамітых сваякоў, зрабіць такую паспяховую кар'еру? Ці лічыце вы, што ваш прыклад як прыклад чыноўніка высокага рангу, жонкі, маці паказальны ці ўсё ж гэта выключэнне з правіл, калі жанчына з простай сям'і займае высокія дзяржаўныя пасады?

- Лічу, што на маім прыкладзе можна пераканацца (і я заўсёды адкрыта пра гэта кажу): любая жанчына можа дасягнуць самых неверагодных вышынь і ў прафесіі, і ў жыцці.

Чаму я кажу пра сваю краіну з такой любоўю і хваляваннем? Таму што на жыццёвым прыкладзе ўбачыла: калі ты працуеш сумленна, адказна, па-добраму ставішся да людзей, то не можаш застацца незаўважаным. Бо тваё стаўленне да працы і людзей заўсёды ўбачаць. Я прайшла працоўны шлях, пачаўшы яго ў "Полацкводаканале", і ведаю: толькі праца і добрасумленнае стаўленне да сваёй справы могуць быць залогам поспеху.

З кіраўніком дзяржавы цесна ўзаемадзейнічаць я стала толькі тады, калі прыехала ў Мінск, а дакладней, калі прыйшла ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Да гэтага, яшчэ працуючы ў рэгіёне, з ім асабіста сустракалася толькі раз, калі мяне ўзгаднялі на пасаду старшыні Наваполацкага гарвыканкама. І ўсё. Астатняе - гэта або ўдзел у рэспубліканскіх мерапрыемствах, дзе прысутнічаў Прэзідэнт, уся вертыкаль улады, або Усебеларускі народны сход.

І раптам табе прапануюць такую пасаду - віцэ-прэм'ер. Вядома ж, гэта было абсалютна нечакана. Зразумела, што ацэньвалі ўсю тую работу, якая праводзілася ў рэгіёне, горадзе, якое было стаўленне да праблем і клопатаў людзей. Вось такая мая гісторыя. Сустрэч з людзьмі стала значна больш - і па рабоце, і ў жыцці.

Не прымаю, калі каго-небудзь ацэньваюць па займаемай пасадзе і начальнік пачынае ставіць сябе вышэй за ўсіх. Бо людзі ацэньваюць уладу па тым, як кіраўнікі да іх ставяцца. Людзі часта думаюць, што гэта ўлада дзейнічае менавіта так ці інакш, а не канкрэтны чалавек.

- Наталля Іванаўна, вы робіце ўражанне моцнай і валявой жанчыны. А жанчынам часта хочацца быць слабымі, бездапаможнымі, усё перакладаць на мужчынскія плечы. Як гэта - быць моцнай нараўне з не менш моцнымі мужчынамі і якая цана гэтай сілы?

- Вы ведаеце, ніколі не лічыла сябе такой ужо моцнай жанчынай. На самай справе, неяк нават не задумвалася пра гэта - моцная або слабая жанчына. Проста ведаю, што ў мяне ёсць пэўныя жыццёвыя прынцыпы, праз якія не магу пераступіць ні пры якіх абставінах, - сумленнасць і справядлівасць.

Апошнім часам з розных сайтаў, Telegram-каналаў ільецца абсалютна адкрытая мана супраць краіны, супраць людзей. Гэтага не прымаю. Пра сябе скажу: я ніколі не здраджу. Відаць, гэта і дае мне такую ўпэўненасць у жыцці, ва ўласных рашэннях і словах.

Хоць калі на рабоце мы абмяркоўваем якія-небудзь пытанні, то я заўсёды згаджуся з альтэрнатыўным меркаваннем. Але яно павінна быць аргументавана.

Таму наконт таго, слабая я жанчына або моцная, на мой погляд, важна мець жыццёвыя прынцыпы, выпрацаваныя гадамі. Калі ты ад іх не адыходзіш, тады проста ўсё вырашаецца і не трэба думаць, куды кінуцца - у той ці іншы бок. Інакш кажучы, у мяне ёсць прынцыпы, ад якіх я не адыду, вось і ўсё.

- Наталля Іванаўна, як фарміраваліся вашы жыццёвыя погляды?

- Думаю, што пачынаючы з дзяцінства, юнацтва ды і на працягу ўсяго жыцця…

Часта разважаю, як фарміруецца светапогляд чалавека. І асабліва ў святле падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне, а таксама пасля частых і доўгіх сустрэч з моладдзю, працоўнымі калектывамі. Ведаеце, усё ж такі грамадзянская пазіцыя, стаўленне да жыцця не залежаць ад узросту. Жыццёвыя погляды чалавека - не залежаць ад узросту.

Хоць, вядома ж, старэйшае пакаленне расло, выхоўвалася на цяжкасцях, пераадольвала многія праблемы, ствараючы сённяшнюю Беларусь - мірную, прыгожую, чыстую. Нам прывівалі любоў да краіны, сям'і, старэйшых і проста да ўсіх людзей.

Шмат, вядома ж, мне дала сям'я, цяпер я гэта добра разумею. Хоць, здавалася б, як нас тады выхоўвалі? Мама і тата пастаянна і шмат працавалі, каб мы, трое дзяцей, былі апранутыя, абутыя, накормленыя.

Бабуль і дзядуль я амаль не застала. Калі нарадзілася, у мяне быў толькі дзядуля ў старых гадах, і яго практычна не памятаю. Бабулі, на жаль, памерлі рана. Мама вырасла практычна сіратой.

З дзяцінства добра памятаю расказы мамы і таты, захоўваю іх успаміны, у тым ліку аб лёсах бабуль і дзядуль, ваенным ліхалецці. Бацькі часта гаварылі аб сваім дзяцінстве, маладосці, і, напэўна, праз усведамленне цяжкасцей старэйшага пакалення, таго, што ім давялося перажыць, мы і фарміраваліся як асобы.

Мы разумелі, хто такія старэйшыя, якое павінна быць да іх паважлівае стаўленне, што значаць тыя перажытыя імі і ўсім народам ваенныя падзеі, гэта як кроватачывая рана, якая ніколі не зажывае. Таму маё пакаленне з гэтым успрыманнем болю ваенных і пасляваенных часоў вырасла. І няўжо ты мог сфарміравацца інакш?

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацькі былі маленькімі. Тата са шматдзетнай сям'і, у якой было 12 дзяцей, тады жыў у Падмаскоўі, і хоць лінія фронту там не праходзіла, гэты час - цяжкія ўспаміны, страшны голад, старэйшыя браты, якія пайшлі на фронт. Мой тата рос з гэтым, пра ваеннае ліхалецце ён ведае не па чутках, шмат перажыў разам са сваёй сям'ёй.

Дзяцінства мамы - гэта страх і голад, жах нямецкай акупацыі пад Мінскам. Пачатак вайны супаў з нараджэннем яе пятай сястры. Уявіце: пяць дзяўчынак у сям'і, бамбёжкі, есці няма чаго, пухлі з голаду. Неяк бабуля паехала атаварваць хлебныя карткі і ў поездзе іх укралі, гэта быў жах ад разумення, што дзецям не будзе чаго есці. Напэўна, ад усіх гэтых пакут бабулю, тады яшчэ зусім маладую жанчыну, паралізавала, яна пяць гадоў была прыкавана да ложка. І ўявіце сабе, маленькая дачка прасіла есці, а дзяўчынцы гаварылі: "Калі ты будзеш прасіць есці, ты памрэш. Не прасі ў мамы..." Страшная рэальнасць ваеннага ліхалецця.

З гэтымі расказамі, успамінамі, гэтай рэальнасцю я і вырасла. І гэта пранізвае ўсё маё жыццё: мы павінны берагчы памяць аб тым часе, людскіх пакутах, загінулых і параненых, нашых продках. Мы не маем права ім здраджваць. Тое, што перажылі нашы дзяды і бацькі, не павінна паўтарыцца. Вось праўда жыцця і той прыярытэтны пасыл, які я прапаведую ў жыцці і рабоце.

Трэба заўсёды глядзець на асноўныя жыццёвыя каштоўнасці. Таму для мяне гэтыя звычайныя жыццёвыя асновы першарадныя.

Упэўнена, трэба больш расказваць маладым людзям, што не заўсёды ў Беларусі было так мірна і спакойна. Гэта не дар з неба. З часу заканчэння вайны прайшло больш за 75 гадоў. Разруха, бацькі і маці, браты і сёстры, дзеці, якія не вярнуліся з вайны, скалечаныя людзі і лёсы - цяжкі перыяд быў.

...Так, на нейкім жыццёвым этапе для нас галоўным было, каб усе былі накормлены, адзеты, абуты, каб усё было чыста, утульна, акуратна. І нават імкнуліся засцерагчы дзяцей і моладзь і не паказваць, як нялёгка гэта даецца. Толькі вучыцеся, рухайцеся далей па жыцці, няхай вам будзе лягчэй. Але, як паказаў час, трэба было больш гаварыць і паказваць, як нялёгка гэта давалася. Гэта вельмі важна - мець жыццёвыя асновы, разумець цану міру і спакою, ведаць, што можаш жыць і рэалізоўваць тое, да чаго імкнешся. А што сёння чалавеку перашкаджае дасягнуць у жыцці пастаўленай мэты? Нічога. Толькі вучыся, працуй, стварай.

На мой погляд, у нас у грамадстве цяпер як у добрай сям'і: многае зрабілі для больш-менш бесклапотнага жыцця падрастаючага пакалення. І некаторыя, мабыць, выраслі і не ўсведамляюць цану свайго шчаслівага жыцця.

Некаторыя мне гавораць, маўляў, не трэба гэта цяпер моладзі раіць, яна не любіць гэтыя расказы аб пройдзеных цяжкасцях. Скажыце, а як інакш? Гэта ж не данасць, якая ёсць сёння, будзе заўтра і паслязаўтра. Гэта тое, што трэба падтрымліваць і развіваць.

Малады чалавек гаворыць мне неяк на сустрэчы: "А чаму вы ганарыцеся тым, што сёння мы не галодныя, няўжо гэта дасягненне?" І я разумею, што шмат недапрацавана, гэтым пакаленням трэба было тлумачыць дакладна і зразумела, што гэта было зусім не проста і гэта сапраўды дасягненне цэлых пакаленняў.

Заўсёды, чаго б мне ні каштавала, я буду аб гэтым гаварыць. Гэта праўда жыцця, якую трэба ведаць і памятаць. У адваротным выпадку можам апынуцца ў вельмі сур'ёзнай сітуацыі, калі тое, ад чаго адышлі, узнікне зноў.

- Наталля Іванаўна, якія самыя яркія ўспаміны дзяцінства?

- Я вырасла ў самай звычайнай сям'і. Нас трое дзяцей у сям'і. Мы жылі заўсёды вельмі сціпла і проста, бацькі і сёння жывуць гэтак жа. Маё дзяцінства - гэта добрае і цёплае стаўленне мамы і таты да нас, дзяцей. Яны ніколі не крыўдзілі, не каралі, мы заўсёды адчувалі іх вялікую любоў. Аднак разам з гэтай любоўю мы дакладна разумелі: у нас ёсць абавязкі, адказнасць перад імі, і ў першую чаргу - імкненне не падвесці іх, апраўдаць давер.

У дзяцінстве нас не абмяжоўвалі ні ў чым, але я рабіла заўсёды так, каб мае дзеянні не засмучалі бацькоў. Паколькі бачыла, як няпроста ім усё давалася ў жыцці і прычыняць ім нейкія засмучэнні было не ў маіх правілах. Таму старалася, каб мама не хвалявалася, імкнулася дапамагаць бацькам. Перш за ўсё думала аб тым, што скажуць тата з мамай, і заўсёды свае дзеянні звярала з іх пазіцыяй.

Мой брат жыве ў Расіі, а раней служыў у розных гарадах. Але як бы далёка ні знаходзілася месца яго службы, разам з сям'ёй кожны год прыязджаў да бацькоў. Ён браў водпуск і заўсёды прыязджаў, таму што так нас выхавалі. Прыязджае і цяпер, знаходзячыся на пенсіі.

Мама гаворыць, што, чым старэйшай становіцца, тым часцей у яе вайна стаіць перад вачыма. Таму калі пачалі адбывацца вось гэтыя падзеі ў нашай краіне (маёй маме 89 гадоў), яна моцна перажывала. Яна вельмі паглыблена ў тое, што цяпер адбываецца. Калі праходзіў VI Усебеларускі народны сход (а яна ў гэты час ляжала ў бальніцы), то практычна ўвесь сход прастаяла каля тэлевізара, каб усё пачуць і не прапусціць ніводнага слова. Яна гаворыць: "Ну чаго ж людзі хочуць? Мір жа ёсць, спакой ёсць".

- Якой вы былі ў юнацтве, да чаго імкнуліся і кім хацелі стаць? Што з тых юнацкіх імкненняў удалося ажыццявіць, а ад чаго давялося адмовіцца?

- У мяне была мара - стаць выхавальнікам у дзіцячым садзе, паколькі вельмі люблю дзяцей. Але жыццё склалася інакш.

Напэўна, зноў жа гэта імкненне прыслухоўвацца да меркавання дарослых: што рэкамендуюць і раяць, то я і ўлічвала. Лічу, што мне вельмі пашанцавала: на жыццёвым шляху сустракаліся вельмі добрыя і прыстойныя людзі, ці гэта школьныя настаўнікі і выкладчыкі ў інстытуце, ці гэта кіраўнік прадпрыемства, на якім працавала. У мяне складваліся добрыя адносіны з усімі, і я прыслухоўвалася да іх меркавання.

Помню, як аднойчы настаўніца мне сказала: "Навошта ехаць кудысьці вучыцца, у нас жа такі добры політэхнічны інстытут (цяпер Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт). Мая сяброўка якраз думала туды паступаць, і мы разам пайшлі ў гэту ВНУ. Я ні разу потым не пашкадавала, што скончыла яго і атрымала спецыяльнасць інжынера-будаўніка.

Хоць у горадзе ж у нас быў выдатны педагагічны каледж, аднак пра яго я ведала мала. Калі б звярнулі маю ўвагу на яго, напэўна, я адбылася б як педагог. Таму цяпер з улікам уласнага вопыту так шмат увагі ўдзяляю прафесійнай арыентацыі школьнікаў, каб яны маглі яшчэ ў час школьнай вучобы па меры магчымасці азнаёміцца, вывучыць будучыя спецыяльнасці.

- Хто ваш ідэал, калі ён ёсць?

- Не магу сказаць, што на той час брала прыклад з кагосьці з пісьменнікаў, акцёраў. Але прыкладам для мяне, як я гаварыла, былі настаўнікі, выкладчыкі, затым людзі, з якімі працавала. Былі тыя, з каго я магла браць прыклад і ў якіх вучылася адносінам да работы. Напэўна, мне пашанцавала, што на маім жыццёвым шляху сустракаліся такія кіраўнікі, ад кожнага для сябе нешта пераняла. І ўсюды, дзе працавала, мне было вельмі камфортна.

Скажу шчыра: калі б мне не прапаноўвалі перайсці на іншую работу, я, бадай што, і сёння працавала б там, дзе пачынала працоўную дзейнасць, - на "Полацкводаканале". У гэтым няма ніякага сумнення.

Адзінае, я заўсёды перажывала, каб нікога не падвесці.

Сказаць, што быў нейкі ідэал, да якога я імкнулася б і якому хацела б адпавядаць, такога не было. У большай ступені мяне сфарміравалі бацькі.

- Што сказала ваша мама, калі даведалася пра новую пасаду дачкі і неабходнасць паехаць з роднага горада? Як часта з ёю бачыцеся, што абмяркоўваеце і як яна ацэньвае тое, што вы робіце? Яна строгі суддзя або добры анёл?

- Мая мама - мой добры анёл. Яна мяне строга не судзіць ніколі, у нас з ёю вельмі цесная сувязь, сапраўды блізкія духоўныя адносіны, мы вельмі адчуваем адна адну. Абмяркоўваем многае, у яе вельмі мудры і добры погляд на жыццё, людзей. Больш таго, скажу, што і я да яе прыслухоўваюся, і яна да мяне.

Мама ўсё жыццё прапрацавала на швейнай фабрыцы і разумее, што адна справа, калі ты прыйшоў, зрабіў сваю справу - і дадому. І зусім іншая, калі твая работа не толькі ў межах кабінета і рабочага дня.

Шчыра кажучы, мама вельмі хвалююча ўспрымала мае пераходы па рабоце. А калі мне давялося паехаць у Мінск, для яе гэта было наогул цяжка, бо мы ўсё жыццё жылі побач, разам. Але яна чалавек разумны, разумее: ёсць работа, абавязак, адказнасць.

Яна заўсёды мяне падтрымлівае, і асабліва калі пачаліся ўсялякія выказванні ў мой адрас. Яна ж лепш за іншых ведае, што ёсць праўда і што мана.

Сустракаемся мы цяпер, на жаль, зусім не часта. Вось нядаўна ў мяне быў водпуск і мы з мужам забіралі бацькоў да сябе. Гэта вельмі цёпла, па-дамашняму - размовы дапазна, агульныя ўспаміны, бацькоўскія ацэнкі ўсяго ў жыцці. Я вельмі хацела, каб мама і тата засталіся, жылі ў нас, але яны катэгарычна вырашылі толькі дадому, у родны дом, у родныя сцены.

- Наколькі цесныя кантакты падтрымліваеце са сваёй малой радзімай? Што хацелі б ажыццявіць у Год народнага адзінства?

- Полацк - гэта горад, у якім нарадзілася, вырасла. Добра ведаю і Наваполацк, і тыя пытанні, якія там трэба вырашаць. З маім пераходам у Мінск яны ж не адышлі ўбок, таму знаходжуся на пастаяннай сувязі з кіраўніцтвам абодвух гарадоў. Больш таго, мне практычна кожны дзень тэлефануюць адтуль. Цяпер гэтыя два населеныя пункты трапілі ў лік гарадоў паскоранага развіцця.

У Год народнага адзінства планую яшчэ больш сустрэч, стасункаў з землякамі на сваёй малой радзіме. Вельмі хачу данесці да людзей у тым ліку і тое, што абсалютна ўсё трэба ацэньваць, нельга прымаць за праўду ўсё, што пішуць у інтэрнэце, дзе шмат адкрытай разбуральнай маны.

Калі я прыязджаю на сустрэчы ў калектывы, то заўсёды прыводжу шмат прыкладаў з уласнага жыцця. Так, адразу пасля выбарчай кампаніі, калі пачалі пісаць, што "Нафтан" бастуе, у мяне была сустрэча з інжынерна-тэхнічнымі работнікамі. Я запрасіла ўсіх кіраўнікоў цэхаў, вытворчасцей, падраздзяленняў, і мы шчыра размаўлялі больш за дзве гадзіны. Прывяла ім звычайныя прыклады, расказала пра сябе і сказала, што нельга верыць адкрытай мане. Таму я заўсёды гавару людзям: вы павінны ўсё аналізаваць, усё пераправяраць, таму што хлусня запаланіла многія Telegram-каналы. Хлусня распаўсюджваецца для таго, каб расхістаць краіну, расхістаць людзей.

Таму важная задача - сустракацца з людзьмі, абмяркоўваць з імі ўсё.

Нам трэба рабіць усё для яднання. Гэта няправільна, калі людзі, з якімі ты шмат гадоў узаемадзейнічаў, раптам сёння па-іншаму ўсё ўспрымаюць. Так не бывае. Давайце пагаворым, навошта вы гэта робіце? Каб паддацца на хітрыкі тых, хто імкнецца ўнесці дэструктыў і раскол у наша грамадства? Мы не павінны гэтага дапускаць. І таму кожны павінен рабіць усё магчымае, каб з'яднацца.

Усё, што здарылася апошнім часам, паказала, хто сапраўдны патрыёт краіны. І патрыёты сапраўды сталі маналітам.

Хачу паўтарыць, што пры любых абставінах я не звярнула б з дарогі. Мае ўнутраныя перакананні супадаюць з тым, чым я займаюся.

- Як вы думаеце, у асноўным вас любяць ці наадварот, і як вы гэта ўспрымаеце?

- Шчыра кажу, што раней цяжка ўспрымала несправядлівасць у адносінах да сябе. Гэта для мяне было жудасна, калі людзі гаварылі пра некага дрэнна, а на самай справе было не так, і я не разумела, як чалавек можа такое перанесці. А калі стала працаваць на публічных пасадах - намеснікам старшыні выканкама, старшынёй выканкама, - то зразумела, што ўсім людзям не растлумачыш, які ты ёсць на самай справе, чым прадыктаваны твае рашэнні, і з кожным не сустрэнешся, каб пагаварыць.

Увогуле, я зразумела, што гэта жыццё і да многага трэба ставіцца па-філасофску. Кожнаму не адкрыешся. Нехта ўмее парадавацца, калі ў іншых усё добра. Некаторых жа, на жаль, чужыя дасягненні не радуюць.

Таму цяпер стаўлюся вельмі спакойна да таго, хто і як рэагуе на мае рашэнні, выступленні. Тыя, хто добра ведае мяне асабіста, ставяцца па-добраму, ведаю, што ёсць людзі, якія мяне паважаюць. І гэта не толькі мае родныя, ёсць і іншыя, проста знаёмыя або незнаёмыя, якія мне пішуць пісьмы, тэлефануюць, падтрымліваюць. Асабліва гэта праявілася пасля жнівеньскіх падзей. Ёсць і тыя, хто ставіцца па-іншаму. Важна ў такой сітуацыі, каб ты не ўзлаваўся, не ачарсцвеў, а таксама па-добраму ставіўся да людзей. Мая мама заўсёды гаварыла: "Не рабі зла людзям, нават калі яны робяць зло, адказвай дабром". Гэтаму маю маму вучыла бабуля. І яна гэта прапаведуе ўсё жыццё: ніколі не бяры чужога, ніколі не рабі людзям зла.

Вось чаму заўсёды смела іду да ўсіх людзей размаўляць: я да іх стаўлюся па-добраму.

- Многія жанчыны гавораць, што не паспяваюць сумяшчаць кар'еру і сямейныя справы, ці атрымліваецца гэта ў вас?

- Мне проста: у мяне дзеці дарослыя, мы з мужам удваіх. У маёй сям'і ніколі не было праблемы падзелу працы. Гэта ў нас павялося ад бацькоў: не было такога, што маці прыбірае, гатуе, мые, падносіць. Я бачыла, што бацькі заўсёды ўсё рабілі разам. Тата мог смачна прыгатаваць, ён і сёння гатуе. Таму мне ў сям'і нескладана. Вельмі цаню, што муж мяне заўсёды падтрымліваў. І падтрымлівае цяпер.

І, вядома ж, кіруючая работа - гэта спосаб жыцця. Нават у тыя дні, калі ў мяне водпуск, жыву работай, атрымліваю дакументы, прапрацоўваю іх - па-іншаму немагчыма.

Працуючы ў рэгіёне, а затым ва ўрадзе, Адміністрацыі Прэзідэнта, ніколі не лічылася з часам і ніколі не глядзела на гадзіннік - ці скончыўся рабочы дзень?

- Які ваш самы любімы занятак у свабодны час, ці любіце чытаць? Вядома, што раней вы актыўна займаліся валейболам, а ці даўно трымалі ў руках валейбольны мяч?

- Валейбол некалі быў маім вялікім захапленнем у школе, у студэнцтве. Гуляла нават, калі была старшынёй Наваполацкага выканкама. А цяпер не, вядома, валейболам не займалася даўно.

Чытаць я любіла заўсёды і з задавальненнем чытаю цяпер, калі выпадае вольны час. Кніг у нас дома вельмі шмат, паколькі ўсе ў сям'і любяць гэты занятак.

- Назавіце, калі ласка, тры самыя важныя, з вашага пункту гледжання, паняцці ў жыцці?

- Мір, спакой і любоў.

Чым старэйшай станаўлюся, тым больш разумею: галоўнае, каб на зямлі, дзе ты жывеш, былі мір і спакой. І вядома ж, важна любоў: трэба любіць дзяцей, родных, блізкіх. Любіць справу, якой займаешся, людзей, з якімі сустракаешся... Але без міру нічога гэтага не будзе.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі