Спалучэнне таленту і прыгажосці, пяшчоты і сілы волі адначасова - з'ява даволі рэдкая. Але, здаецца, што ў прыме-балерыне Вялікага тэатра оперы і балета, заслужанай артыстцы Беларусі Кацярыне Алейнік гарманічна злучаны ўсе гэтыя якасці. Будучы студэнткай харэаграфічнага вучылішча, яна пастаянна перамагала ў міжнародных конкурсах артыстаў балета ў Варне і Маскве. У 2008 годзе ў Венгрыі ўдастоена спецыяльнага прыза імя Маі Плісецкай "За інтэрпрэтацыю Адыліі". Нядзіўна, што пасля заканчэння вучобы Кацярыну Алейнік залічылі ў трупу Вялікага тэатра адразу ў якасці салісткі, што было выключэннем з правілаў. У рэпертуары балерыны - толькі самыя яркія партыі. І хоць створаны ёю вобраз Кітры з балета "Дон Кіхот" гледачы і крытыкі прызналі адным з самых выдатных, сама артыстка лічыць, што па драматызме і глыбіні ёй значна бліжэйшая Жызэль. Пра дарогу ў свет вялікага балета, насычанае творчае жыццё і натхненне Кацярына Алейнік расказала карэспандэнту БЕЛТА.
- Як пачыналася ваша дарога ў свет балета?
- Вельмі вялікую ролю адыграла мая маці Тамара Уладзіміраўна Алейнік. У дзяцінстве яна мроіла стаць балерынай, але гэта так і засталося марай. Думаю, менавіта таму ўсе надзеі яна звязвала са мной і малодшай сястрой. Маці больш за ўсё хацела, каб у нас была прыгожая фігура, добрая пастава, а пра тое, што захапленне стане прафесіяй, нават не задумвалася. У дзяцінстве я была вельмі цікаўным і з рознабаковымі інтарэсамі дзіцем: займалася гімнастыкай, вучылася ў школе з харэаграфічным ухілам, наведвала мастацкую і цыркавую студыі. Бацькі прыкладалі ўсе намаганні, каб я развівалася, шукала занятак, якому можна было б прысвяціць усё сваё жыццё. Таму паступленне ў харэаграфічнае вучылішча я разглядала як яшчэ адзін этап самапазнання. Першы год вучобы быў даволі сумным, таму што ўсе тыя рухі, якія паказваў выкладчык, былі мне добра знаёмы. Я проста стаяла каля станка і чакала, калі ж змагу ўбачыць нешта новае, а ў канцы года, на вялікае здзіўленне, атрымала даволі нізкія балы. Больш таго, мне далі зразумець, што калі не будзе прагрэсу, то мяне проста выключаць з вучылішча. Гэта стала пэўным стымулам, бо да гэтага ў харэаграфічнай школе я была выдатніцай. Як так? Адразу з'явілася матывацыя, якая ў далейшым перарасла ў любоў да аднаго з самых цудоўных відаў мастацтва - балета.
- Вы хацелі б, каб вашы дзеці звязалі жыццё з балетам?
- Складанае пытанне. Шмат у чым гэта будзе залежаць ад таго, ці будуць у іх добрыя даныя. Прафесія артыста балета нестабільная, на яе ўплывае мноства фактараў, сярод якіх здароўе займае першараднае значэнне. Цела - інструмент, які пры вялікіх нагрузках хутка зношваецца. Думаю, лепш, калі работа будзе звязана з разумовай дзейнасцю, а балет застанецца як хобі.
- За час вучобы ў харэаграфічным вучылішчы вы заваявалі нямала ўзнагарод на самых аўтарытэтных міжнародных конкурсах. Якім стаў для вас гэты вопыт?
- Удзел у конкурсах быў пераважна маёй ініцыятывай. Кіраўніцтва вучылішча неахвотна падтрымлівала гэтыя пачынанні. Можна сказаць, што ў той перыяд я плыла супраць плыні. Мне вельмі дапамагла мой педагог Вольга Аляксандраўна Лапо. Яна стала на мой бок і займалася непасрэдна падрыхтоўкай да конкурсаў. Безумоўна, калі ў 15 гадоў навучаешся пераадольваць перашкоды, гэта моцна загартоўвае характар у прафесіі і жыцці.
- У 2008 годзе на конкурсе ў Венгрыі вы былі ўдастоены спецыяльнага прыза Маі Плісецкай "За інтэрпрэтацыю Адыліі". Якім вам запомнілася знаёмства з вялікай балерынай?
- Гэта адбылося на рэпетыцыі перад адным з тураў. Мая Міхайлаўна падышла да мяне, каб даць параду, якім павінен быць вобраз Чорнага лебедзя. На яе думку, памылкай многіх балерын было тое, што яны пачыналі заігрываць з публікай, у той час як усю ўвагу неабходна было накіроўваць на партнёра. Мая Плісецкая запомнілася мне трапнасцю слоў, думак, дакладнасцю жэстаў і, вядома ж, сваёй элегантнасцю. Конкурс стаў адным з самых складаных у маёй кар'еры, таму што выступаць давялося з траўмай нагі. Ужо на першым туры пасля скачку стала зразумела, што я не магу хадзіць, а наперадзе былі яшчэ два выступленні. На шчасце, усё скончылася добрым рэзультатам, але стала для мяне сапраўдным выпрабаваннем.
- Трапіць у трупу Вялікага тэатра адразу пасля заканчэння харэаграфічнага вучылішча, прычым адразу салісткай, - вялікая рэдкасць, але вам гэта ўдалося. Як гэта здарылася?
- У 2006 годзе на міжнародным балетным конкурсе ў Варне мяне заўважыў Валянцін Мікалаевіч Елізар'еў. Гэта і паўплывала на яго рашэнне запрасіць мяне на работу ў Вялікі тэатр оперы і балета ў якасці салісткі. Да апошняга моманту маё назначэнне трымалі ў тайне. Наколькі мне вядома, такая прапанова была на год раней толькі ў Івана Васільева. Варта заўважыць, што выйсці на сцэну Вялікага тэатра мне пашанцавала яшчэ на апошнім курсе вучылішча. Тады я танцавала па-дэ-дэ "Дыяна і Актэон", па-дэ-труа ў "Лебядзіным возеры" і "Эсмеральдзе". Вядома, гэта было для мяне вялікае хваляванне, бо я адчувала пільныя і ацэньваючыя погляды старэйшых калег.
- Хто стаў вашым галоўным настаўнікам у Вялікім тэатры?
- У тэатры я пачала працаваць з Таццянай Міхайлаўнай Яршовай. З ёю быў падрыхтаваны практычна ўвесь мой рэпертуар. Мне было цікава меркаванне і іншых педагогаў, таму я часта звярталася да іх за парадай. Гэта дазваляла ўзбагаціць вобраз гучаннем новых нюансаў у пластыцы і стварэнні характару. Убачыць усе недахопы ў рабоце над роляй дапамагае камера, таму я ўвесь час раблю відэа для сябе. Мне здаецца, што самы галоўны крытык у рабоце, - я сама.
- Як у далейшым складвалася ваша кар'ера?
- У 26 гадоў мне паступіла даволі цікавая прапанова працаваць у Вашынгтоне. Справа ў тым, што да таго моманту я станцавала практычна ўвесь класічны рэпертуар і хацела рухацца далей. У Амерыцы я пазнаёмілася з папулярным сучасным стылем. Прапрацаваўшы сезон, зразумела, што сумую па родным тэатры, да таго ж, узніклі праблемы з ахілам. Мне давялося вярнуцца ў Мінск, праўда, зусім ненадоўга. У хуткім часе я ўжо танцавала класіку ў новай рэдакцыі на сцэне Нацыянальнай оперы ў Эстоніі. Асаблівым, хоць і нядоўгім, перыядам у кар'еры стала супрацоўніцтва з найстарэйшым тэатрам Сан-Карла ў Неапалі. Там я змагла дакрануцца да творчасці сусветна вядомага балетмайстра Шарля Жуда. Танцаваць "Шчаўкунка" ў яго харэаграфіі было неверагодна цікава і лёгка. З чэрвеня мінулага года пачалося маё сяброўства з Оперным тэатрам Ніцы, дзе ёсць магчымасць танцаваць партыі класічнага і сучаснага рэпертуару.
- Вам ніколі не прыходзіла думка застацца жыць за мяжой?
- Такія думкі былі, але толькі па той прычыне, што для мяне вельмі важны клімат. Без сонечнага святла і мора я не магу працаваць на поўную сілу. Думаю, што ў мяне напэўна ёсць паўднёвыя карані, таму ўсё гэта - недзе на глыбокім генетычным узроўні. У астатнім мне вельмі камфортна жыць у нашай краіне і працаваць у такім выдатным тэатры.
- У 2018 годзе вы былі ўдастоены ганаровага звання заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, аднак уручэнне ўзнагароды адбылося толькі ў 2020 годзе. Чаму?
- Гэта было звязана якраз з маёй частай адсутнасцю ў Мінску: спярша перашкодзілі гастролі ў Германіі, потым у Ніцы. Але дзякуючы такому збегу акалічнасцей перажыць гэты прыемны момант мне ўдалося двойчы: калі даведалася аб прысуджэнні звання і яшчэ раз непасрэдна ў час цырымоніі ўзнагароджвання. Вядома, гэта падзея стала вялікім гонарам для мяне. Душу перапаўняла радасць і адчуванне таго, наколькі вялікая каштоўнасць мастацтва для дзяржавы і кожнага з нас.
- У сувязі з пандэміяй каранавіруса гэты год выдаўся даволі няпростым. Як вы перажылі гэты перыяд?
- Справа ў тым, што ў сярэдзіне сакавіка пасля ўдзелу ў балеце "Дон Кіхот" у Мінску я планавала паляцець у Францыю, паколькі з чэрвеня мінулага года супрацоўнічаю з Оперным тэатрам Ніцы. Аднак з-за пандэміі мой рэйс быў адменены. Таму ўвесь перыяд каранціну я правяла ў Мінску, дзе магла атрымліваць асалоду ад свабоды дзейнасці і ўрокаў у тэатры. У чэрвені пасля змякчэння абмежаванняў я змагла вярнуцца ў Ніцу. Паколькі працоўны працэс там усё яшчэ не быў належным чынам наладжаны з-за наступстваў пандэміі, то паездка стала для мяне хутчэй адпачынкам, чым працоўнымі буднямі. За ўсе тры тыдні знаходжання ў Францыі я вельмі шмат падарожнічала па рэгіёне: наведала месцы здымкаў фільма "І Бог стварыў жанчыну" ў Сен-Трапэ, пабывала ва ўтульным мястэчку Сен-Поль-дэ-Ванс, дзе пахаваны сусветна вядомы беларускі мастак Марк Шагал.
- Калі вас можна будзе ўбачыць на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета?
- Спадзяюся, што гэта адбудзецца ў верасні. Я засумавала па роднай беларускай сцэне, родным доме і, вядома ж, па любімых гледачах.
Вольга ДЗЕМЯНЧУК,
БЕЛТА.