Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
19 кастрычніка 2015, 15:56
Васіль Жарко

Першая міністэрская канферэнцыя СААЗ у Мінску: чаканні і перспектывы

Васіль Жарко

Еўрапейская міністэрская канферэнцыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пройдзе ў Мінску 21-22 кастрычніка ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Форум такога высокага ўзроўню ў сферы аховы здароўя будзе праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Аб падрыхтоўцы да гэтага маштабнага мерапрыемства і яго значнасці ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў міністр аховы здароўя Васіль Жарко.

- Васіль Іванавіч, чаму Беларусь выбрана ў якасці пляцоўкі для правядзення такога значнага мерапрыемства? Якімі дасягненнямі ў цэлым ганарыцца беларуская ахова здароўя? Як ацэньваюць вынікі ў гэтай галіне міжнародныя эксперты?

- Практычна па ўсіх паказчыках, якія характарызуюць здароўе насельніцтва, мы лідзіруем сярод краін СНД, а па шэрагу паказчыкаў адпавядаем узроўню высокаразвітых еўрапейскіх краін.

Так, у нас самы нізкі ў СНД колькасны паказчык дзіцячай смяротнасці. Па тэмпе яго зніжэння Беларусь апярэджвае такія краіны, як Бельгія, Германія, Нідэрланды, Францыя, Швейцарыя. Па інтэгральным паказчыку дзіцячай і мацярынскай смяротнасці мы займаем 4-е месца ў свеце ў станоўчым сэнсе. Наша краіна лідзіруе сярод дзяржаў СНД па тэмпах зніжэння распаўсюджанасці ВІЧ/СНІД і ахопу антырэтравіруснай тэрапіяй. Па тэмпе зніжэння захваральнасці на туберкулёз Беларусь апярэджвае Фінляндыю, Швейцарыю, Аўстрыю, Нарвегію.

Больш таго, Беларусь займае вядучае месца ў свеце па доступе насельніцтва да медыцынскіх паслуг. Мы падзяляем першае месца з Брунеем і Канадай. Па ўзроўні доступу да паслуг па ахове рэпрадуктыўнага здароўя Беларусь адпавядае ўзроўню Францыі, Фінляндыі, Люксембурга і ўваходзіць у 50 лепшых краін свету па вядзенні цяжарнасці, арганізацыі родаў кваліфікаваным медыцынскім персаналам.

У 2013 годзе СААЗ канстатавала дасягненне нашай краінай Мэт развіцця тысячагоддзя, у прыватнасці, скарачэнне дзіцячай смяротнасці, паляпшэнне аховы мацярынства, барацьба з ВІЧ/СНІДам, малярыяй, туберкулёзам.

Акрамя таго, Сусветная арганізацыя аховы здароўя адзначыла, што ў нас наладжана канструктыўнае міжведамаснае ўзаемадзеянне. Міністэрства аховы здароўя, Мінпрацы і сацабароны, Мінспорту і турызму, Мінэканомікі, Міністэрства фінансаў задзейнічаны ў вырашэнні адной галоўнай задачы - забеспячэнні здароўя грамадзян. Толькі пры такім сумесным падыходзе можна вырашыць многія пытанні.

Прымаючы пад увагу поспехі, дасягнутыя намі ў сферы аховы здароўя, СААЗ і прапанавала правесці ў Мінску Еўрапейскую міністэрскую канферэнцыю па пытаннях умацавання здароўя на ўсіх этапах жыцця ў кантэксце палітыкі "Здароўе - 2020". Ініцыятыва арганізацыі і правядзення канферэнцыі была адобрана Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, створаны арганізацыйны камітэт на чале з намеснікам прэм'ер-міністра Наталляй Качанавай.

- Якія пытанні будуць узняты ў час міністэрскай канферэнцыі? Якія задачы пастаўлены?

- Цэнтральнае месца на канферэнцыі зоймуць тры ключавыя тэмы: неабходнасць дзейнічаць раней, дзейнічаць своечасова і дзейнічаць сумесна. Разам яны фарміруюць падыход з улікам усіх этапаў жыцця. Калі такі падыход будзе прымяняцца адносна аховы грамадскага здароўя ў Еўропе, то з'явіцца магчымасць для ажыццяўлення значных станоўчых змяненняў.

Прывяду прыклад таго, як "дзейнічаць раней". Не сакрэт, што першыя гады жыцця пасля нараджэння закладаюць фундамент для ўсяго далейшага жыцця чалавека. Таму клопат, увага, падтрымка для развіцця, правільнае харчаванне і абарона павінны быць забяспечаны з першых дзён жыцця дзіцяці. Самымі рацыянальнымі з пункту гледжання затрат і вынікаў варыянтамі палітыкі, якія ёсць у распараджэнні ўрадаў, з'яўляюцца інвестыцыі ў развіццё ў раннім дзіцячым узросце і абарона ад шкоднага стрэсу і ўздзеяння набяспечных фактараў навакольнага асяроддзя на крытычных этапах развіцця. Гэта будзе садзейнічаць кагнітыўнаму і фізічнаму развіццю, поспехам у вучобе, рабоце і ў цэлым адкрые перад чалавекам больш магчымасцей для самарэалізацыі.

Акрамя таго, удзельнікі абмяркуюць неабходнасць калектыўных рашэнняў, якія павінны ахопліваць усё грамадства (сферы дзяржаўнага кіравання, навуковыя колы, грамадзянскую супольнасць, прыватны сектар, сродкі масавай інфармацыі), для ўмацавання здароўя кожнага пакалення людзей. Па кожным з вышэй пералічаных кампанентаў будуць выпрацаваны канкрэтныя дзеянні і прыярытэтныя меры.

Галоўнай мэтай канферэнцыі стане выпрацоўка адзіных падыходаў ва ўмацаванні здароўя насельніцтва, зніжэнні смяротнасці, якую можна прадухіліць, на ўсіх этапах жыцця, а таксама змяншэнне цяжару нагрузкі на сістэму аховы здароўя праз узмацненне міжведамаснага ўзаемадзеяння па ахове здароўя грамадзян.

- З якімі ініцыятывамі выступіць Беларусь на правах прымаючага боку?

- Аснова пабудовы сістэмы айчыннай аховы здароўя - прыхільнасць да палітыкі СААЗ "Здароўе-2020", прынцыпы якой адлюстраваны ў нацыянальных дакументах. У прыватнасці, цяпер распрацоўваецца дзяржаўная праграма "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Беларусі 2016-2020". У ёй ужо будзе і міжведамасны характар, і падыход з улікам усіх этапаў жыцця.

На міністэрскай канферэнцыі Беларусь прадставіць існуючы прагрэс па рэалізацыі падыходаў палітыкі "Здароўе-2020". Наш вопыт неаднаразова быў прэзентаваны на многіх канферэнцыях у сферы аховы здароўя як еўрапейскага, так і сусветнага ўзроўню. Нашы дасягненні прызнаны, нам ёсць чым падзяліцца. Іншыя краіны могуць пераняць гэты вопыт і ўкараніць яго ў сябе. У цэлым такія форумы з'яўляюцца добрай пляцоўкай для канструктыўнага дыялогу і абмену вопытам.

- Гэта міністэрская канферэнцыя - адна з шэрага многіх або, на ваш погляд, у чымсьці асаблівая?

- Канферэнцыя такога высокага ўзроўню ў сферы аховы здароўя будзе праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Унікальная яна яшчэ і тым, што тут упершыню будзе ўзнята тэма ахопу ўсіх этапаў жыцця чалавека для рэалізацыі асноў еўрапейскай палітыкі ў падтрымку здароўя і дабрабыту - "Здароўе-2020".

Акрамя таго, канферэнцыя стане першай нарадай міністраў аховы здароўя пасля саміту ААН па ўстойлівым развіцці, які адбыўся ў верасні бягучага года з удзелам лідараў дзяржаў, у час якога былі прыняты мэты ААН у галіне ўстойлівага развіцця на перыяд пасля 2015 года. Гэта будзе адлюстравана ў падагульняючай дэкларацыі канферэнцыі.

Дарэчы, папярэдняя такая канферэнцыя была праведзена ў 2013 годзе ў Ашхабадзе (Туркменістан), якую прысвяцілі прафілактыцы і барацьбе з неінфекцыйнымі захворваннямі. Па яе выніках была прынята Ашхабадская дэкларацыя, дзе прапісаны асноўныя моманты, якія неабходна прыняць краінам па вырашэнні адпаведных праблем. Гэты дакумент быў даведзены да ўсіх краін Еўрапейскага рэгіёна СААЗ. Беларусь таксама далучылася да Ашхабадскай дэкларацыі і цяпер выконвае яе асноўныя прынцыпы. У прыватнасці, усе нацыянальныя мерапрыемствы, што праводзяцца ў краіне па прафілактыцы тытунёвай залежнасці, рэалізуюцца ў адпаведнасці з гэтым дакументам.

- Па выніку канферэнцыі плануецца прыняцце Мінскай дэкларацыі. Якія абавязацельствы возьмуць на сябе кіраўнікі ведамстваў?

- Пры дапамозе гэтага дакумента дзяржавы прызнаюць прынцып ахопу ўсіх этапаў жыцця асноўным крокам у рэалізацыі палітыкі "Здароўе-2020". Паўтаруся: тут будуць закладзены наступныя асноўныя пасылы - дзейнічаць як мага раней, дзейнічаць належным чынам, дзейнічаць своечасова і дзейнічаць сумесна. На аснове гэтых пасылаў кожная краіна з улікам свайго нацыянальнага заканадаўства распрацуе планы па рэалізацыі названай палітыкі.

У прыватнасці, краіны абавязуюцца шукаць магчымасці для далейшага вывучэння і пастаяннага ўдасканалення механізмаў маніторынгу і ацэнкі, якія далі б магчымасць дэталёва аналізаваць і якасць жыцця насельніцтва на працягу ўсяго жыццёвага шляху. Важнай акалічнасцю стане і намер уключыць у дыялог усіх зацікаўленых для рэалізацыі намаганняў па ўмацаванні здароўя, дабрабыту і сацыяльнай справядлівасці.

У першы дзень канферэнцыі праект дэкларацыі будзе прадстаўлены на разгляд краін. А канчаткова, як плануецца, дакумент будзе прыняты ў другі дзень - 22 кастрычніка.

- Колькі краін пацвердзілі ўжо сваю прысутнасць? Хто з кіраўніцтва СААЗ наведае Беларусь?

- Для ўдзелу ў канферэнцыі мы запрасілі міністраў аховы здароўя ўсіх дзяржаў - членаў Еўрапейскага рэгіёна СААЗ, а таксама службовых асоб вышэйшага звяна, ключавых партнёраў, экспертаў і прадстаўнікоў міжнародных (СААЗ, ПРААН, ЮНІСЕФ, ЮНФПА і інш.), міжурадавых і няўрадавых арганізацый, наглядальнікаў, нацыянальныя і міжнародныя СМІ. Вялікім гонарам для нас стане прыезд дырэктара Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Жужанны Якаб.

У цэлым свой асабісты ўдзел пацвердзілі 13 міністраў, 9 намеснікаў міністраў, 47 кіраўнікоў арганізацый аховы здароўя, 42 супрацоўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 9 прадстаўнікоў агенцтваў ААН. Усяго зарэгістравана 196 удзельнікаў.

Для іх будзе арганізавана шырокая культурная праграма. Запланаваны прыём ад імя ўрада ў Палацы Рэспублікі. Для ўсіх, хто выкажа пажаданне наведаць пэўныя ўстановы аховы здароўя, прадаставім такую магчымасць. Мы пастараемся максімальна выкарыстаць гэтыя дні.

- На заканчэнне не магу не запытацца, якія вашы асабістыя чаканні ад маючай адбыцца міністэрскай канферэнцыі?

- Правядзенне канферэнцыі дасць магчымасць прадэманстраваць міжнароднай супольнасці поспехі Беларусі ў галіне аховы здароўя насельніцтва, вывучыць лепшыя практыкі краін Еўрапейскага рэгіёна і падвесці вынікі дасягнення Мэт развіцця тысячагоддзя. Акрамя таго, будзе вызначана палітыка важнасці міжсектаральнага падыходу, роля іншых міністэрстваў ва ўмацаванні здароўя на ўсіх этапах жыцця. Лічу, што правядзенне канферэнцыі на высокім арганізацыйным узроўні паслужыць і ўмацаванню аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне.

Святлана ВАСІЛЕЎСКАЯ,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі