Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
06 снежня 2018, 14:17
Святлана Гурына

Падатковы манеўр: наступствы для беларускіх НПЗ і аўтамабілістаў

Святлана Гурына
Намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім"

Да чарговага этапу падатковага манеўру, які будзе праводзіцца ў Расійскай Федэрацыі, застаецца менш як месяц. З 1 студзеня 2019 года ў Расіі штогод будуць змяншацца вывазныя мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, а падатак на здабычу нафты (ПЗКВ - падатак на здабычу карысных выкапняў) - павышацца адпаведна змяншэнню пошліны на нафту. У выніку да 2024 года ПЗКВ поўнасцю замесціць пошліну, і цана на расійскую нафту для Беларусі стане сусветнай. Аб магчымых наступствах падатковага манеўру для беларускай нафтаперапрацоўкі ў інтэрв'ю БЕЛТА расказала намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Святлана Гурына.

- Падатковы манеўр у Расійскай Федэрацыі не можа не паўплываць на стан паліўнага рынку Беларусі. Наколькі моцным ён можа аказацца?

- Паводле нашых разлікаў, у 2019 годзе нафта і для расійскіх, і для беларускіх НПЗ ва ўмовах падатковага манеўру пры сярэдняй каціроўцы $70 за 1 бараль падаражэе на $21,3 за 1 тону. Цана нафты будзе штогод павялічвацца на абазначаную велічыню. З 2024 года НПЗ будуць купляць нафту па сусветнай цане.

Усе НПЗ, якія набываюць нафту па сусветнай цане, нафтапрадукты рэалізуюць па рыначных цэнах. У Расійскай Федэрацыі гэта разумеюць, таму ў падатковым заканадаўстве прадугледзелі сістэму адраснай падтрымкі перапрацоўшчыкам нафты. Яе мэта - не дапусціць значнага росту цэн на АЗС і пры гэтым не страціць нафтаперапрацоўчую галіну. Расійскія кампаніі, якія ўкладаюць інвестыцыі ў мадэрнізацыю, атрымаюць пакрыццё ўзрастаючых затрат на нафту з бюджэту ў выглядзе адмоўнага акцызу на нафтавую сыравіну.

Для стрымлівання цэн на бензіны і дызельнае паліва на ўнутраным рынку НПЗ Расіі атрымаюць так званы дэмпфіруючы акцыз, які дасць магчымасць зблізіць даходнасць паставак маторнага паліва на ўнутраны рынак і на экспарт.

У нашай краіне, якая здабывае значна менш нафты, чым патрэбна існуючым магутнасцям па яе перапрацоўцы, бюджэтных крыніц для такой падтрымкі няма. Таму беларускі бок вядзе з расійскім бокам перагаворы аб магчымых кампенсацыях для Беларусі для стварэння роўных умоў работы НПЗ дзвюх краін.

- Як НПЗ рыхтуюцца да новых умоў работы?

- Праводзіцца мадэрнізацыя НПЗ, накіраваная на павелічэнне ў перспектыве выхаду светлых, больш дарагіх нафтапрадуктаў. Прадаўжаецца работа па зніжэнні імі аперацыйных затрат, у 2018 годзе гэта дасць магчымасць сэканоміць каля $48 млн.

Але толькі за кошт унутраных рэзерваў заводаў наступствы падатковага манеўру не кампенсаваць, бо кошт нафты ў структуры затрат НПЗ займае больш як 80 працэнтаў. А для вытворчасці нафтапрадуктаў патрэбны і іншыя рэсурсы, на кошт якіх вытворца не можа аказаць уплыву, - гэта электра- і цеплаэнергія, каталізатары, рэагенты, якія займаюць сумарна яшчэ каля 10 працэнтаў.

Таму вельмі важна стварыць умовы для нармальнай работы НПЗ, пры якіх яны будуць мець мінімальна неабходны ўзровень рэнтабельнасці, што дае магчымасць плаціць і пастаўшчыкам, і крэдыторам.

- Цяперашняя кампанія па павелічэнні цэн на аўтамабільнае паліва на капейку дапаможа вырашэнню гэтай задачы?

- Павелічэнне цаны на адну капейку штотыднёва - гэта магчымасць менш адчувальна для спажыўца наблізіць рознічную цану паліва да эканамічна неабходнага ўзроўню.

Цяпер у нас паліва застаецца ў разы таннейшым, чым у большасці краін-суседзяў. Перавышэнне ёсць толькі над расійскай розніцай, і яно застаецца нязначным - да 7 працэнтаў.

Але пры адсутнасці кампенсацый беларускім перапрацоўшчыкам давядзецца павялічвацца розніцу па цане з расійскім рынкам, дзе кошт паліва будзе захоўвацца нізкім за кошт бюджэтных датацый.

Змяненне цаны паліва на беларускім рынку будзе адбывацца ў залежнасці ад цаны закупляемай нафты, курса беларускага рубля, падатковага складніка, які займае сёння каля трэці ў цане паліва.

- Ці разглядаецца варыянт зніжэння акцызаў на нафтапрадукты на ўнутраным рынку?

- На 2019 год праектам бюджэту Беларусі прадугледжана зніжэнне акцызаў на 25 працэнтаў. Паводле разлікаў, у залежнасці ад сітуацыі на нафтавым рынку можа спатрэбіцца карэкціроўка акцызаў у большым памеры.

Акцызы з 2019 года ў Расійскай Федэрацыі будуць выконваць рэгулюючую функцыю, што дае магчымасць змякчыць рост цэн на аўтамабільнае паліва. Такі падыход мэтазгодны і для беларускага рынку паліва.

- Ці ёсць пазітыўныя для Беларусі сцэнарыі развіцця падзей, звязаных з падатковым манеўрам?

- Пазітыўным для беларускіх НПЗ і аўтамабілістаў з'яўляецца зніжэнне цаны нафты, якое мы назіраем апошнія тыдні. Бо гэта стварае ўмовы для хутчэйшага пераходу да формульнага цэнаўтварэння на нафтапрадукты. І, безумоўна, мы спадзяёмся, што будуць дасягнуты дамоўленасці аб захаванні ўмоў пастаўкі расійскай нафты.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі