Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
11 лютага 2020, 12:04
Дзмітрый Крутой

Па якой "сусветнай цане" Беларусь будзе купляць у Расіі нафту - Крутой падрабязна растлумачыў

Дзмітрый Крутой

Адным з вынікаў сочынскіх беларуска-расійскіх перагавораў 7 лютага на вышэйшым узроўні сталі рашэнні адносна ўмоў пастаўкі ў Беларусь энергарэсурсаў, уключаючы нафту. Вырашана, што наконт гэтага будуць дамаўляцца паміж сабой кампаніі дзвюх краін, а ўрад Расіі акажа ў гэтым неабходнае садзейнічанне. Адказным, дарэчы, назначаны намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі Дзмітрый Козак, які да нядаўняга часу курыраваў адпаведную сферу на пасадзе віцэ-прэм'ера.

Гарачую нафтавую тэму 9 лютага пракаменціраваў журналістам першы віцэ-прэм'ер урада Беларусі Дзмітрый Крутой, які паведаміў, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасці з расійскімі кампаніямі па цэнах, якія ўстанаўліваюцца на сусветным рынку (і расійскі бок з гэтым згадзіўся). Гэта менавіта тое, на чым настойвала Беларусь, не патрабуючы ніякіх спецыяльных, эксклюзіўных умоў. Больш таго, Беларусь зверне больш пільную ўвагу на супрацоўніцтва з невялікімі здабыўнымі кампаніямі ў Расіі, якія, як было абяцана, атрымаюць доступ да транзітнай трубы - паставак праз "Транснафту". Гэта інфармацыя выклікала шматлікія дадатковыя пытанні як у экспертным асяроддзі, так і ў СМІ, а таму БЕЛТА звярнулася да Дзмітрыя Крутога за растлумачэннямі.

- Дзмітрый Мікалаевіч, пайшлі бурныя абмеркаванні, што ж усё ж такі гэта за "сусветная цана", па якой Беларусь будзе купляць нафту, і што ў яе ўваходзіць. Напрыклад, экспартная пошліна, прэміі кампаніям-пастаўшчыкам...

- Цяпер увесь сыр-бор ідзе ў рамках цэнаўтварэння паміж кампаніямі. Гэта значыць, паміж нашымі НПЗ і расійскімі пастаўшчыкамі. Тэма пошліны наогул ніяк не датычыцца кампаній і ніяк не ўплывае на перагаворы. Яны да гэтай пошліны не маюць ніякага дачынення. Пошліны - гэта пытанне дамоўленасці паміж мінфінамі, урадамі, міждзяржаўных адносін у Еўразійскім эканамічным саюзе. І тут тэма пошлін ніяк не ўдзельнічае і ніяк не ўплывае на гэтыя кампаніі, на іх, груба кажучы, даходнасць - расійскіх пастаўшчыкоў.

Яны, пастаўляючы ў нашу краіну, фармальна не плацяць у расійскі бюджэт гэту пошліну (Беларусь і Расія на падставе міжурадавага пагаднення маюць дамоўленасць аб бяспошлінных пастаўках, індыкатыўны нафтавы баланс на 2020 год падпісаны ў аб'ёме 24 млн т. - Заўвага БЕЛТА). А пастаўляючы куды-небудзь у Еўропу - плацяць. Яны самі гэта прызнаюць, кажуць, што пошліна на адносіны з Беларуссю не ўплывае ніяк.

Гэта значыць, увесь сыр-бор цяпер аб тым, якую ўзгадніць цану камерцыйнага кантракта.

Калі падпісвалі Дагавор аб ЕАЭС (29 мая 2014 года. - Заўвага БЕЛТА), адначасова быў падпісаны пратакол паміж урадамі Беларусі і Расіі, што ў наш бюджэт да 2024 года (да стварэння ў саюзе агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў. - Заўвага БЕЛТА) мы можам залічаць да $1,5 млрд экспартных мытных пошлін на нафтапрадукты. Гэта на той момант быў пэўны элемент кампрамісу паміж прэзідэнтамі, каб, уступаючы ў саюз са здабыўнымі краінамі, мы, не маючы прыроднай рэнты, атрымлівалі нейкую гарантыю, што наша эканоміка не пацерпіць у канкурэнтнай барацьбе ва ўмовах свабоднага рынку.

Вядома, гучаць меркаванні, што тут жа расіяне гэты падатковы манеўр (яго сутнасць заключаецца ў паступовым скарачэнні экспартнай пошліны і павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. - Заўвага БЕЛТА) аб'явілі. Яны, напэўна, доўга самі яго рыхтавалі, у іх былі іншыя матывы, але сітуацыя выглядае так, што з 1 студзеня 2015 года пачаўся першы этап гэтага манеўру. Мы, бачачы, што такая сітуацыя адбываецца, правялі перагаворы, і яны згадзіліся тады для кампенсацыі ў 2015 годзе залічаць у наш бюджэт столькі пошлін, колькі атрымаецца. Значыць, вось гэта абмежаванне - да $1,5 млрд на год - здымалася. На адзін толькі 2015 год.

З-за таго, што тады рэзка знізілася цана на нафту да $50 за бараль, мы атрымалі толькі $1,3 млрд. Значыць, зняцце гэтага ліміту не спрацавала і па базавым пагадненні мы за гэтыя $1,5 млрд не пераскочылі.

Далей пачаў працаваць ужо манеўр. Для нас цана нафты з-за гэтага пачала расці. І атрымліваецца, што мы з 2016 па 2018 год атрымалі сумарна толькі $2,3 млрд пошлін. Гэта значыць, калі ў першы год - 2015-ы - нават ва ўмовах зніжанай цаны на нафту мы атрымалі $1,3 млрд, то далей уплыў манеўру прывёў да таго, што мы атрымалі толькі $2,3 млрд за тры гады. Гэта ў сярэднім па $700-800 млн. І цяпер недзе прыкладна такая ж сума.

І далей з улікам таго, што манеўр павінен прадаўжацца, сума розніц гэтых мытных пошлін паміж нафтай і нафтапрадуктамі будзе "скурчвацца" для нашага бюджэту, і мы ўжо выйдзем у 2024 годзе цалкам на сусветную цану. Ужо нам будзе проста без розніцы, дзе купляць - у Расіі або не.

Цяпер цана для нас на 17 працэнтаў ніжэйшая за сусветную, гэта толькі на памер пошліны (раней у "Белнафтахіме" заяўлялі, што цана расійскай нафты для Беларусі цяпер складае 83 працэнты ад сусветнай. - Заўвага БЕЛТА). А калі мы пошліну выключым і возьмем чыстую цану паміж кампаніямі, то яна, па сутнасці, сусветная. А расійскія кампаніі гавораць: вы нам яшчэ прэміі заплаціце. Гэта значыць, яны хочуць яшчэ на нашым рынку зарабіць.

Мы ў мінулым годзе прадставілі ўсе гэтыя параўнальныя разлікі па формуле экспартнага нетбэка (чыстая цана рэалізацыі нафты - экспартная цана за вылікам экспартных пошлін на нафту і затрат на транспарт па накіраванні пастаўкі. - Заўвага БЕЛТА), які дзейнічае ва ўсіх краінах. Калі па сутнасці цэны ўсе прыводзяцца да аднаго рэгіёна - Заходняй Сібіры як асноўнага пункта ўліку паставак расійскай нафты.

На заходнім і нашым напрамках для расійскіх здабыўных кампаній мы хочам мець аднолькавае цэнаўтварэнне. Тое, што яны пастаўляюць праз парты па трубе на захад, і тое, што яны пастаўляюць у Беларусь, - адна нафта Urals той жа якасці. І цэнаўтварэнне павінна быць аднолькавае. Ва ўсіх гэтых разліках, калі мы з сусветнай каціроўкі аднімаем усю лагістыку, танкеры, кожны прамежкавы складнік мае інфармацыйнае міжнароднае афармленне. Мы можам спакойна гэты чысты экспартны нетбэк палічыць і паказаць, што пастаўляць да нас трубой лагістычна нармальна і выгадна.

- Дык а што за пытанне з прэміяй?

- Прэмія з 2012 па 2015 год існавала юрыдычна ў пагадненні паміж "Белнафтахімам", двума нашымі НПЗ і расійскімі кампаніямі з ліку "вялікай пяцёркі". Калі мы плацілі ўсяго толькі палавіну сусветнай цаны, яна (прэмія пастаўшчыкам нафты. - Заўвага БЕЛТА) мела нейкі эканамічны сэнс. Цяпер, калі для нас сусветная цана ўжо сціснулася, плаціць гэту прэмію - вар'яцтва.

- Калі абагульніць, што ўваходзіць у "сусветную цану"?

- Два складнікі: гэта цана паміж кампаніямі - чыстая, без прэміі, і тая пошліна, якая ёсць па ўмовах расійскага падатковага манеўру на сённяшні дзень. Сумарна - гэта мінус 17 працэнтаў да той каціроўкі, якую мы бачым на Brent (эталонная марка нафты, якая здабываецца ў Паўночным моры. - Заўвага БЕЛТА), і ўсё астатняе.

- Гэта значыць, мы будзем купляць па 83 працэнты ад сусветнай цаны?

- Так. Дабаўляючы прэмію, расіяне хочуць гэту цану павялічыць.

- А яны будуць дабаўляць?

- Цяпер вось Гуцарыеў (група кампаній "Сафмар" расійскага прадпрымальніка Міхаіла Гуцарыева, якая ажыццяўляе пастаўкі нафты ў Беларусь. - Заўвага БЕЛТА) не дабаўляе, пастаўляе без прэміі.

- Значыць, гэта па-ранейшаму пытанне перагавораў паміж кампаніямі?

- Так. Цяпер вельмі складана сказаць. Там шмат нюансаў. У іх там ва ўсіх розныя свідравіны, радовішчы - цяжкія, лёгкія, лагістыка розная, доступы розныя, парты перавалкі, фрахты...

Яны ж пастаўляюць на заходнія рынкі таксама па формуле гэтага чыстага нетбэка. Гэта міжнародная методыка. Мы гаворым: прымяніце гэту методыку да нас, вось як вы ажыццяўляеце цэнаўтварэнне пры пастаўках на Захад, давайце гэтак жа рабіць і для Беларусі. Яны "біліся" яшчэ за гэту прэмію. Цяпер не ведаю. Можа, пасля перагавораў, калі не будзе жорсткага націску...

І плюс сярэднія і невялікія кампаніі не мелі доступу да трубы, яны транзітную дэкларацыю ў прынцыпе не маглі атрымаць для паставак у Беларусь. Калі яны палічаць, што ім везці некуды незразумела што (у іх не тыя аб'ёмы) і ім прасцей у трубу зайсці і не звязвацца з танкерамі або нечым яшчэ, ім будзе выгадна (дамовіцца аб пастаўках у Беларусь. - Заўвага БЕЛТА).

- Атрымліваецца, мы будзем купляць нафту на аснове дамоўленасцей з расійскімі кампаніямі па сусветных каціроўках без уліку экспартнай пошліны. Гэта значыць, набываем па 83 працэнты ад сусветнай цаны. Пры гэтым наконт прэмій нам не гарантавалі, што гэтых прэмій не будзе, гэта пытанне перагавораў паміж нашымі НПЗ і расійскімі пастаўшчыкамі.

- Так, гэта цяпер пытанне перагавораў. І мы гаворым, што цэнаўтварэнне павінна быць аднолькавым у параўнанні з заходнімі краінамі.

- Як вы думаеце, ці пойдуць яны ўсё ж такі на тое, каб пастаўляць без прэміі?

- Гуцарыеў пастаўляе ж.

- Так, але гэта кропля ў моры ў параўнанні з тым, што нам неабходна.

- Дык калі гэтых "кропель" будзе шмат. Гэта і вялікім кампаніям можа быць выгадна. Зразумела, што, можа, не тыя аб'ёмы ўжо будуць, як раней, але гэта аб'ёмы, якія забяспечаць унутраны рынак, нейкія мінімальныя экспартныя кантракты.

- Гэта значыць, мы на расійскім рынку цяпер будзем працаваць з усімі і шукаць найбольш выгадныя для нас варыянты і прапановы?

- Так. І даказваць, што наш рынак нават ва ўмовах адсутнасці прэміі ўсё роўна з'яўляецца выгадным з пункту гледжання паставак для расійскіх кампаній.

- У 2020 годзе таксама застаецца лічба 83 працэнты ад сусветнай цаны?

- Там з-за бараля яна плавае, пошліна сама скача... Блізка - 83-85 працэнтаў.

- Адпаведна, калі падатковы манеўр ў Расіі завершыцца, гэта ўжо будзе 100 працэнтаў ад сусветнай цаны.

- Так, 100 працэнтаў.

- Пасля гэтых дамоўленасцей з Расіяй на бліжэйшую перспектыву, прынамсі, да канца падатковага манеўру, наколькі актуальнай застаецца тэма дыверсіфікацыі паставак нафты, яе закупкі ў іншых краінах? Ці будзе прадаўжацца гэта работа?

- Вядома, Прэзідэнт паставіў дакладную задачу, каб урад абсалютна ўсе напрамкі адпрацоўваў і не зніжаў градус гэтых кансультацый. Мы гэта ўсё прадаўжаем, у тым ліку і з Казахстанам. Па транспарце нібыта пытанне ўжо вырашана. У іх былі звярстаны ўсе экспартныя кантракты - у канцы снежня пачалася ўся гэта эпапея. Гэта значыць, каб цяпер нешта выдзяляць для нас, ім трэба пераглядаць экспартны партфель. Але яны гэтым займаюцца і абяцаюць, што нейкі аб'ём для Беларусі яны збяруць.

- Вы гаварылі наконт доступу да транзітнай трубы невялікіх і сярэдніх нафтавых кампаній у Расіі. Ці ёсць упэўненасць, што гэта сапраўды адбудзецца?

- Мы цяпер паглядзім. Першыя тыдзень-два пакажуць. Мы ім ужо накіравалі прапановы.

- А ці ёсць нейкае разуменне агульных лічбаў пастаўкі па лютым і далей? Можа, на сакавік? Быццам бы, 450 тыс. т "Сафмар" паставіць. Яшчэ 20 тыс. т нібыта хоча паставіць кампанія з Удмуртыі - "УДС Нафта"...

- Усё гэта ёсць. Гэта ўсё цяпер у перагаворах. Кансультацыі ў гэтыя дні пачнуцца. Падрабязнасцей пакуль няма. З 15 па 23 лютага "Транснафта" будзе прымаць заяўкі на сакавіцкі транзіт, і вось гэта па сутнасці акно, на гарызонце якога мы павінны дасягнуць дамоўленасці, каб яны (кампаніі-пастаўшчыкі) звярнуліся з адпаведнымі заяўкамі ў Міністэрства энергетыкі Расіі, а Мінэнерга ўжо дало "Транснафце" ўказанні "пусціць у трубу".

- З альтэрнатыўных паставак ці чакаем мы нечага яшчэ ў бліжэйшы час? Як, напрыклад, была нарвежская нафта.

- Пакуль падпісаных кантрактаў няма. Але гэта ўсё можа з'явіцца. Работа ідзе ў рэжыме анлайн. Нешта з'яўляецца, нешта адвальваецца. Такая цікавасць узнікла ва ўсіх да нашай краіны. Але гэта нядрэнна.

- Каціроўкі на сусветнай біржы, іх змяненні... Як гэта ўплывае на нашы закупкі?

- Тут для нас гісторыя з нулявой сумай, калі браць валютны баланс. Вядома, калі каціроўка ніжэйшая, у нас кошт пакупкі самой нафты лепшы. Але спадае рынак нафтапрадуктаў, хоць там і ёсць пэўны лаг да трох месяцаў. Хоць, як нашы макраэканамісты лічаць, калі глядзець праз увесь плацежны баланс, то нафта, дапусцім, па $70 за бараль для нас лепш, чым нафта па $40-50. Менавіта з-за карзіны нафтапрадуктаў, эфекту дабаўленай вартасці. Цяпер - прыкладна $55 - гэта наогул абсалютна нейтральны ўзровень.

Уладзімір МАЦВЕЕЎ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі