Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы - адзін з вядучых тэатральных калектываў Беларусі. 2020-ы для яго праходзіць пад знакам стагадовага юбілею. Развіваючыся і ўдасканальваючыся, актыўна выкарыстоўваючы ў сваёй дзейнасці сучасныя тэхналогіі, Купалаўскі не страціў галоўнага - сувязі з традыцыямі, духоўнасцю і жадання данесці да кожнага беларуса сваю любоў да роднай зямлі і краіны. Пра юбілейны сезон, новыя праекты, прэм'еры і мары карэспандэнту БЕЛТА расказаў генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка.
- Купалаўскі тэатр - гэта брэнд, вядомы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Ці складана трымаць такую высокую планку?
- Місія і стратэгія тэатра былі вызначаны папярэднімі пакаленнямі купалаўцаў - тымі, хто прымаў рашэнне стварыць нацыянальны публічны тэатр і зрабіў першыя крокі па развіцці прафесійнага тэатральнага руху ў Беларусі. І тут ключавымі паняццямі былі нацыянальная самаідэнтыфікацыя, падтрымка беларускай культуры і мовы. Стварэнне ў 1920 годзе першага прафесійнага драматычнага тэатра ў Беларусі - БДТ 1 - фактычна стала момантам гістарычнай праўды.
Купалаўскі тэатр - гэта залаты фонд беларускага народа, зорка на небе, якая ніколі не згасне. Змяняюцца эпохі і людзі, але дух Купалаўскага заўсёды культывуе годнасць і хараство.
Галоўнай візітнай карткай тэатра з'яўляецца бессмяротная "Паўлінка" - п'еса, якую ў якасці падарунка прывезлі купалаўцы пасля вайны з Томска, дзе трупа знаходзілася ў эвакуацыі. Гэты спектакль для мяне мае колер беларускага арнамента на белым фоне, як кніга, якую напісалі нашы продкі, перачыталі і данеслі з глыбінь нам, сваім пераемнікам. І мы цяпер чытаем гэту кнігу, дапісваем нашы старонкі і перадаём нашчадкам. І нам вельмі важна зрабіць гэта сумленна і з гонарам, талакой, разам з купалаўцамі.
- У чым сакрэт поспеху Купалаўскага?
- Наш поспех у багатай спадчыне. Мы цэнім сваё, старанна распрацоўваем напрамкі развіцця, адчуваючы, як пільна сочаць за намі заснавальнікі тэатра, і з гэтай падтрымкай мы рухаемся наперад. Праз тэатральнае мастацтва мы дакранаемся да самага глыбіннага стрыжня асобы - душы чалавека.
У кожным нашым спектаклі, у кожным праекце - памяць пакаленняў і жаданне падзяліцца ёю. А таксама смелы погляд у будучыню, дзе беларускі тэатр прадоўжыць займаць вядучае месца ў краіне і ганаровае месца ў палітры сусветнай духоўнай прасторы. Дзякуючы Купалаўскаму тэатру мы як нацыя ўносім наш яркі і ўнікальны колер у палітру сусвету, таму што мы цікавыя тым, што нас вызначае, і тым, чым мы дапаўняем сусветную культуру.
- Соты сезон Купалаўскага: чым запомніцца гледачам і вам?
- 14 верасня 2020 года - гістарычная дата нараджэння найстарэйшай драматычнай сцэны Беларусі. Гэта вельмі знакавая падзея для нас і культуры Беларусі ў цэлым. Мы далі старт некалькім новым праектам - "Тэатральны пікнік", "Музычныя вечары ў Купалаўскім", "Сустрэчы з купалаўскімі легендамі", "Экскурсіі па закуліссі", дабрачынны праект "Купалаўскі адкрывае сэрцы", падтрымка тэлепраграмы "100 дзён з Купалаўскім". Пачалі выдаваць часопіс, рыхтуем дзве юбілейныя кнігі і дакументальны фільм, правялі вялікі гастрольны тур па Беларусі і за мяжой.
Зразумела, абставіны ўнеслі свае карэктывы. Гэтай вясной мы ўсе ў пэўнай ступені сталі заложнікамі эпідэміялагічнай сітуацыі. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы пастараўся аператыўна адрэагаваць на гэты выклік. За кошт пазабюджэтных сродкаў і пры спонсарскай падтрымцы тэатр запусціў вытворчасць ахоўных масак для патрэб медыцынскіх устаноў Мінска. Мы правялі адразу некалькі маштабных інтэрнэт-кампаній ("Купалаўскі анлайн", "Купалаўскі дома", "Чытаць я хацеў!"), з дапамогай найноўшых тэхналогій рэгулярна праводзілі паказы для аматараў тэатра з усяго свету (чаго толькі каштуе прыклад анлайн-паказу на ўвесь свет "Паўлінкі", які мы рэалізавалі разам з партнёрамі і які паглядзелі больш за 20 тыс. чалавек амаль на ўсіх кантынентах) і нават прынялі ўдзел у некалькіх міжнародных праектах у Польшчы і Чэхіі.
Стартавала інтэрнэт-платформа тэатра для прагляду спектакляў, актываваны YouTube-канал, запушчана электронная версія часопіса "Купалаўскі", зняты 11 відэаролікаў аб тэатры як нацыянальнай каштоўнасці, якія паказалі ўсе тэлеканалы краіны, паўсюль у Мінску можна ўбачыць плакаты да нашага юбілею. Дарэчы, 9 спектакляў убачылі гледачы "Беларусь 3" і VOKA.TV.
У чэрвені Купалаўскі адным з першых пачаў крок за крокам аднаўляць спектаклі. Мы вельмі ўважліва ставімся да проціэпідэміялагічных мер і пытанняў бяспекі артыстаў і гледачоў. І вельмі спадзяёмся, што хутка ўбачым, як гэта было ў студзені, лютым, сакавіку, аншлагі ў нашых залах.
- Якія прэм'еры чакаюць гледачоў у бліжэйшы час?
- Стварэнне спектакляў па-ранейшаму застаецца безумоўнай і галоўнай задачай тэатра. Рэпертуарная палітыка фарміруецца не за адзін дзень, таму мы ўдзяляем увагу як прэм'ерам, так і пастаноўкам, якiя не пакiдаюць сцэну гадамі і нават дзесяцігоддзямі. У юбілейны год з асаблівай радасцю тэатр вяртаецца ў залаты фонд спектакляў, якія запомніліся не толькі пакаленням артыстаў, але і гледачоў. Аматараў тэатра чакаюць легендарныя "Тутэйшыя" Янкі Купалы ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра, заслужанага артыста Беларусі Мікалая Пінігіна, знакамітая "Ідылія" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Пластычны спектакль "En souvenir de Шагал" у пастаноўцы Сяргея Зямлянскага таксама абавязкова з'явіцца ў нашым рэпертуары. Святочны вечар "100 год тэатру імя Янкі Купалы" мы плануем паказаць 14, 15 і 16 верасня. У гэтыя дні мы аднаўляем у рэпертуары спектакль "Не мой" паводле Алеся Адамовіча ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева.
- Вашы анлайн-трансляцыі глядзелі ў многіх краінах свету. Ці будзеце вы прадаўжаць гэту практыку?
- У Міжнародны дзень тэатра 27 сакавіка Купалаўскі пачаў свой выхад у анлайн-прастору, каб застацца разам з гледачамі нават ва ўмовах адсутнасці магчымасці наведаць тэатр. Анлайн-паказы шэрага спектакляў з архіва і бягучага рэпертуару, жывыя трансляцыі ("Купалаўскі online" і "Купалаўскі дома"), літаратурныя праекты ("Чытаць я хацеў!") - унікальныя праекты Купалаўскага глядзяць не толькі беларускія гледачы, але і аматары тэатра па ўсім свеце. За красавік-май каля 100 тыс. гледачоў паглядзелі нашы інтэрнэт- і відэапраекты, а гэта гадавая аўдыторыя тэатра.
Арганізаваны анлайн-прагляды спектакляў бягучага рэпертуару на платформе "24afisha.by". Для прагляду даступна 12 спектакляў: ад бессмяротнай класікі ("Паўлінка" Янкі Купалы) да апошняй прэм'еры ("Кароль Лір" Уільяма Шэкспіра).
У далейшым мы плануем развіваць анлайн-праекты паралельна з нашай "жывой" дзейнасцю.
- Ці можна ўжо гаварыць аб дамоўленасцях на гастролі?
- На працягу года мы наведалі з гастролямі Беласток, Бранск, Вільнюс, Гданьск, Маскву, Парыж. Эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце моцна паўплывала на каляндар тураў. Дамоўленасці з Тэатрам імя Юліюша Астэрвы ў Любліне, Варшаўскім нацыянальным тэатрам, Даўгаўпілскім тэатрам і Славенскім нацыянальным тэатрам у Любляне, Нацыянальным тэатрам імя Івана Франко ў Кіеве пераносяцца на больш познія тэрміны, але мы спадзяёмся, што гэтыя праекты абавязкова адбудуцца, паколькі ў гэтым зацікаўлены ўсе бакі. Беластоцкі фестываль "Напрамак - Усход" пройдзе ў гэтым годзе ў анлайн-фармаце, і мы плануем прыняць у ім удзел, а таксама прынялі ўжо ўдзел у анлайн-фестывалі ў Празе.
- Вы пачалі актыўна прадстаўляць сваю творчасць на іншых платформах. Якую ацэнку атрымалі ад гледачоў?
- У юбілейным сезоне тэатр мэтанакіравана пашырыў гастрольную карту. Пасля 10-гадовага перапынку мы ўзнавілі гастролі па Беларусі і пабывалі ўжо ў 10 гарадах: Гродне, Гомелі, Слоніме, Бабруйску, Лідзе, Наваполацку, Салігорску, Маладзечне і іншых. Паказвалі нашы класічныя пастаноўкі і апошнія прэм'еры, успаміналі знакамітых купалаўцаў на іх малой радзіме. Важна было адчуць, што за межамі Мінска Купалаўскі - гэта таксама брэнд, які асацыюецца з падтрымкай нацыянальнай ідэі, духоўнасцю, пошукамі і наватарствам. Нас сустракаюць па-беларуску гасцінна, а водзывы прыходзяць па электроннай і звычайнай пошце, і яны не застаюцца незаўважанымі калектывам: для пісем ёсць месца на нашай дошцы аб'яў у службовым фае.
- Часопіс "Купалаўскі" знайшоў свайго чытача?
- Ужо выйшлі два нумары часопіса, а цяпер рыхтуецца святочны юбілейны нумар. Другі выпуск выйшаў у друкаванай і электроннай версіях, што зрабіла выданне даступным для куплі анлайн. Такім чынам, адзіны часопіс сярод драматычных тэатраў Беларусі стаў яшчэ і першым бескантактавым. Часопіс набываюць чытачы з усяго свету. Часта беларусы за мяжой купляюць электронную версію для сябе, а сваякам і сябрам на радзіме аплачваюць перасылку папяровай версіі. Мы бачым, як Купалаўскі тэатр аб'ядноўвае пакаленні і пераадольвае межы.
- Чым для вас з'яўляецца тэатр і што змянілася пасля вашага прыходу да кіравання?
- Наведваць тэатр і з павагай ставіцца да яго мяне прывучылі школа і бацькі, за што я ім вельмі ўдзячны. Быць дырэктарам тэатра, які ты любіш з дзяцінства, кіраўніком вядучай нацыянальнай установы культуры краіны - гэта выклік для самога сябе. Тэатр для мяне - гэта выключная з'ява, у якой спалучаюцца розныя сферы мастацтва: проза і паэзія, музыка, манументальнае і выяўленчае мастацтва, харэаграфія, кіно і гэтак далей. Праз усе нашы спектаклі, праекты з павагай да свайго стагадовага мінулага мы будуем мост у будучыню - для нашага тэатра і развіцця беларускага мастацтва ў цэлым.
Мы нацыя з багатай культурнай спадчынай. І для нас важна ведаць і цаніць выключныя і сістэмаўтваральныя для гісторыі і культуры падзеі і асобы. Сённяшнія купалаўцы працуюць на развіццё сучаснага тэатра праз ашчадлівае стаўленне да ўжо закладзеных традыцый. Але зразумела, што для нас вельмі важнай з'яўляецца дынаміка рэалізацыі гэтай стратэгіі ў адпаведнасці з выклікамі сучаснасці. Менавіта адпаведнасць гэтай высокай планцы садзейнічае папулярызацыі нашай культуры ў краіне і за мяжой. Гэта складана, адказна, але і неверагодна натхняе.
- Якая мара ў вас ёсць адносна тэатра? Што хочацца ўвасобіць на сцэне?
- Чалавек жыве, калі марыць. Мары павінны стаць мэтамі, якіх трэба дасягнуць. Мы працуем ужо над рэканструкцыяй і рэстаўрацыяй пасля 10-гадовага перапынку ў рабоце Малой сцэны Купалаўскага па вуліцы Энгельса, стварэннем у фае каля галоўнага ўвахода ў тэатр музейнага пакоя да 100-годдзя, выданнем кнігі, прысвечанай знакамітаму купалаўцу Генадзю Аўсяннікаву, мару пра дзіцячую тэатральную студыю "купалаўца" як рэалізацыю ідэі "адукацыя праз культуру".
Мару, каб усё больш беларусаў з гонарам гаварылі: "Ніколі і нідзе не адракуся, што беларусам жыў і буду жыць", не адракаліся ад сваіх "крыніц", з якіх чэрпалі натхненне нашы продкі. Давайце перачытаем нашу гісторыю еўрапейскага народа, успомнім пра культурны пласт, створаны для ўсяго свету. Важна, каб мы з павагай ставіліся да іншых культур, але любілі сваю родную. Нам важна агульнае разуменне таго, што нацыянальная культура з'яўляецца фундаментам дзяржаўнасці, а гэты фундамент пабудаваны на створаных, выбудаваных пакаленнямі беларусаў асновах. Давайце пашыраць межы і павялічваць тым самым нашы магчымасці.
Святлана СУХАРКО,
БЕЛТА.