Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
01 снежня 2020, 15:35
Ніна Іванова

Народная дыпламатыя адкрывае шлях да новых фарматаў узаемадзеяння Беларусі і Кітая

Ніна Іванова
Старшыня прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі пачало рэалізацыю мемарандума аб узаемадзеянні з Кітайскім камітэтам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва па добрасуседстве і дружбе. Аб важнасці гэтага супрацоўніцтва і ў цэлым аб беларуска-кітайскіх сувязях па лініі народнай дыпламатыі карэспандэнту БЕЛТА расказала старшыня прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Ніна Іванова.

- Ніна Сямёнаўна, КНР - стратэгічны партнёр Беларусі. Ці дапамагае гэта ў развіцці народнай дыпламатыі паміж дзвюма краінамі?

- Адназначна - так. Няспынная камунікацыя нашых краін у рамках рэалізацыі кітайскай ініцыятывы "Пояс і шлях", стварэнне і развіццё Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", міждзяржаўныя дакументы ў сферы адукацыі, культуры - пералік можна прадоўжыць - гэта перш за ўсё шырокае кола людзей, якія ўдзельнічаюць у двухбаковым дыялогу, зацікаўленых ва ўмацаванні дружбы і ўзаемаразумення.

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі мае шматгадовы вопыт і традыцыі супрацоўніцтва з кітайскімі грамадскімі арганізацыямі. З 1958 года ў нашым складзе працуе таварыства дружбы "Беларусь-Кітай", і мы стабільна супрацоўнічаем з партнёрскімі арганізацыямі ў КНР. Перш за ўсё з Кітайскім народным таварыствам дружбы, з адпаведнымі структурамі ў правінцыях і творчымі аб'яднаннямі.

- У жніўні 2020 года ў вас з'явіўся яшчэ адзін партнёр у КНР - Кітайскі камітэт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва па добрасуседстве і дружбе, з якім вы падпісалі мемарандум аб узаемадзеянні...

- Умацаванне ўзаемнага даверу, усталяванне ўзаемадзеяння паміж інстытутамі грамадзянскай супольнасці, садзейнічанне прадаўжэнню праектаў у галіне культуры, спорту і турызму, узаемныя кансультацыі па вышэйназваных пытаннях - такі асноўны змест мемарандума. Мы маем намер каардынаваць дзеянні пры арганізацыі розных грамадскіх мерапрыемстваў, распаўсюджванні міжнароднага і нацыянальнага вопыту ў развіцці народнай дыпламатыі, а таксама папулярызаваць і заахвочваць распаўсюджванне культурнай спадчыны сярод краін ШАС. І ў першую чаргу - у Беларусі і Кітаі.

Трэба сказаць, што за адносна кароткі перыяд кітайскія партнёры пацвердзілі сур'ёзнасць сваіх намераў. Так, мы правялі сумесную анлайн-канферэнцыю па тэме "Развіццё народнай дыпламатыі ШАС на фоне эпідэміі каранавіруснай інфекцыі", шматразова абмяняліся інфармацыяй па бягучай сітуацыі. Акрамя таго, нашы новыя партнёры прадэманстравалі гатоўнасць падтрымаць нас ва ўмовах пандэміі. Старшыня Кітайскага камітэта Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва па добрасуседстве і дружбе, намеснік старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Шэнь Юэюэ, якая восенню 2019 года наведала Беларусь і Дом дружбы, перадала ў ліпені 2020 года нашай арганізацыі ахоўныя сродкі ад пандэміі і словы падтрымкі для беларусаў.

- Цяпер сусвет перажывае глыбокія змяненні - турбулентнасць у глабальнай палітыцы і эканоміцы, пандэмія COVID-19, ускладненне адносін паміж сусветнымі дзяржавамі і г.д. Усё гэта павялічвае нестабільнасць і няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Як, на ваш погляд, гэтыя фактары паўплывалі на развіццё народнай дыпламатыі па лініі Беларусь - Кітай?

- Сапраўды, фактараў нестабільнасці як унутры дзяржаў, так і ў адносінах паміж імі становіцца ўсё больш. Але ў мяне ствараецца ўражанне, што чым вышэйшыя пагрозы і выклікі, тым вышэйшы ўзровень мабілізацыі Кітая і яго кіраўніцтва. Гэта пацвярджае барацьба з каранавірусам, у час якой Кітай выкарыстаў не толькі сучасныя тэхналогіі, але і захаваў стабільнасць, з'яднаў усіх перад тварам небяспекі.

Яшчэ адным сведчаннем такой сабранасці і канцэнтрацыі з'яўляецца тое, што на фоне даволі трывожнай сітуацыі ў свеце Кампартыя Кітая правяла 5-ы пленум ЦК 19-га склікання і абмеркавала на ім маштабныя і амбіцыйныя задачы. Гэта пабудова мадэрнізаванага сацыялістычнага Кітая з высокай якасцю ўнутранага развіцця, сучаснай эканамічнай сістэмы і ўдасканаленай сістэмы дзяржаўнага кіравання. Пленум вызначыў шляхі дасягнення мэты, у тым ліку і праз праграму эканамічнага і сацыяльнага развіцця на 14-ю пяцігодку. Кітай мае намер падтрымліваць цэнтральную ролю інавацый, рэальны сектар эканомікі, няўхільна будаваць дзяржаву вытворчасці, якасці прадукцыі, сеткавых тэхналогій і лічбавай эканомікі.

Як чакаецца, да двух значных юбілеяў - 100-годдзя КПК, а затым і да 100-годдзя КНР - істотна павысіцца дабрабыт насельніцтва, што вызначаны як "усебаковая пабудова сярэднезаможнага грамадства". Сам факт правядзення пленума ў такіх складаных умовах - гэта пазітыўны сігнал не толькі свайму народу, але і ўсяму свету: Кітай не мае намеру спыняцца на шляху вялікага адраджэння сваёй нацыі і будаўніцтва "супольнасці адзінага лёсу чалавецтва".

Мы ведаем, што Кітай аператыўны і настойлівы не толькі ў прыняцці рашэнняў, але і ў іх рэалізацыі. Цвёрдая палітычная воля кіраўніцтва краіны, яго здольнасць аб'яднаць для ажыццяўлення мэты ўвесь патэнцыял - як дзяржаўны, так і чалавечы - з'яўляюцца залогам поспеху.

Таму ў мяне ёсць цвёрдая ўпэўненасць у тым, што і ў беларуска-кітайскіх адносінах, у тым ліку ў сферы народнай дыпламатыі, з'явяцца новыя аспекты, новыя акцэнты, новыя фарматы. Можна меркаваць, што нас чакаюць змяненні ва ўмовах рэалізацыі праграм, ды і ў саміх праграмах. Новая парадыгма развіцця запатрабуе і новых сцэнарыяў для грамадскіх арганізацый. Прынцыповай асаблівасцю, на наш погляд, павінна стаць аб'яднанне намаганняў усіх партнёраў і арыентаванасць на пазітыўныя вынікі.

Думаю, што ў гэтых умовах можна разглядаць сістэму работы па прынцыпе: глабальная праграма - лакальнае выкананне. Гэта не толькі сэканоміць сілы і час партнёраў на падрыхтоўку такіх праграм, але і стане дадатковым аб'яднальным фактарам для іх.

Не менш важным бачыцца нам узмацненне ролі народнай дыпламатыі ў праграмах, якія маюць агульны інтарэс. Далучэнне да іх выканання іншых грамадскіх арганізацый, мясцовых улад, бясспрэчна, прынясе свае станоўчыя дывідэнды.

Гэтыя пытанні мы абмяркоўваем сёння з нашымі кітайскімі партнёрамі. І няхай не на ўсё мы маем выразныя адказы, зразумела адно: народная дыпламатыя, як Беларусі, так і Кітая, будзе шукаць і знаходзіць адэкватныя часу і выклікам формы і інтэгрыруючыя праграмы, захоўваючы пры гэтым логіку партнёрства.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі