Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
21 студзеня 2022, 20:02
Нэлі Мацаберыдзэ

Музыка нас звязала. Кітайскія выпускнікі БДАМ становяцца вядомымі дзеячамі культуры ў КНР

Нэлі Мацаберыдзэ
Прарэктар па навуковай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт

Кітайскія выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі дабіваюцца вялікіх поспехаў на радзіме, становяцца вядомымі дзеячамі культуры КНР. Важнасць гэтага адзначыла ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА прарэктар па навуковай рабоце ВНУ кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Нэлі Мацаберыдзэ. Яна расказала пра амаль 20-гадовую насычаную гісторыю супрацоўніцтва акадэміі з кітайскімі ВНУ, пра навучанне маладых талентаў з Кітая і іх далейшую кар'еру на радзіме.

- Нэлі Вячаславаўна, якія вытокі супрацоўніцтва акадэміі музыкі з кітайскімі ВНУ? Якія ў вас сфарміраваліся адукацыйна-творчыя традыцыі ў навучанні замежных студэнтаў?

- У 2022 годзе споўнілася 30 гадоў з дня ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Кітайскай Народнай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь. Развіццё гэтых адносін - адзін са стратэгічных напрамкаў знешняй палітыкі Беларусі, у адпаведнасці з гэтым выбудоўваюцца асноўныя вектары дзейнасці дзяржустаноў. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі не застаецца ўбаку.

Наша ВНУ не мае патрэбы ў асаблівым прадстаўленні. Заснаваная ў 1932 годзе акадэмія за сваю гісторыю стала адным з аўтарытэтных у Еўропе цэнтраў прафесійнай музычнай адукацыі, выканальніцкага майстэртва, кампазітарскай творчасці і музычнай навукі. Выпускнікі акадэміі вядуць актыўную выканальніцкую і педагагічную дзейнасць як у Беларусі, так і ў краінах далёкага і блізкага замежжа.

Высокую якасць адукацыі ў акадэміі забяспечвае ўнікальны калектыў педагогаў - выдатных выканаўцаў, кампазітараў, вучоных, творчых дзеячаў, сярод якіх заслужаныя і народныя артысты Беларусі, Расіі, лаўрэаты дзяржаўных прэмій, уладальнікі іншых узнагарод. Словам, гэта знакамітыя дзеячы беларускага музычнага мастацтва. Пры гэтым каля 60 працэнтаў супрацоўнікаў акадэміі маюць вучоныя ступені і званні.

Першыя 36 замежных студэнтаў пачалі навучацца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў другой палавіне 1990-х гадоў. Сярод іх былі і студэнты з Кітайскай Народнай Рэспублікі. "Першыя ластаўкі" з Кітая актыўна спасцігалі прамудрасці еўрапейскай сістэмы музычнай адукацыі, дасягалі сур'ёзных вынікаў у прафесійным навучанні і вярталіся на радзіму прымяняць атрыманыя веды, прапагандаваць і ўкараняць тую школу прафесійнага майстэрства, да якой яны далучыліся ў Беларусі.

У выніку музычныя ВНУ Кітайскай Народнай Рэспублікі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі зрабілі крокі насустрач. Дарэчы, у 2023 годзе мы будзем святкаваць юбілей - 20 гадоў усталявання партнёрскіх адносін паміж акадэміяй музыкі і ВНУ Кітайскай Народнай Рэспублікі. Менавіта ў 2003 годзе быў падпісаны першы бестэрміновы дагавор з Хэнаньскім універсітэтам. З таго часу мы адлічваем гады нашага цеснага супрацоўніцтва з ВНУ КНР.

Мы працуем на аснове пагадненняў аб двухбаковым супрацоўніцтве з 11 ВНУ Кітая. У іх ліку Шанхайская кансерваторыя музыкі, Усходне-кітайскі педагагічны ўніверсітэт, Чжэнчжоўскі ўніверсітэт, Шэньянская кансерваторыя, Педагагічны ўніверсітэт Цэнтральнага Кітая, Чжэцзянская кансерваторыя музыкі, Юньнаньскі ўніверсітэт мастацтваў, Аньянскі педагагічны ўніверсітэт.

Галоўны напрамак супрацоўніцтва - экспарт адукацыйных паслуг. Гэта адзін з прыярытэтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў міжнародным супрацоўніцтве. Мы планава праводзім маркетынгавыя даследаванні, укараняем сумесныя адукацыйныя праграмы з ВНУ-партнёрамі і развіваем узаемадзеянне з музычнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі КНР.

З 2010 года супрацоўнічаем з Пекінскай кампаніяй па кансалтынгу і сэрвісе ў галіне міжнароднай адукацыі "Цзінь Цзіле" (JJL International Education Exchange Promotion LTD). З 2003 па 2021 год кампанія арганізавала і правяла 15 міжнародных адукацыйных выстаў у мастацтве, у час якіх праходзілі творчыя паказы і праслухоўванні абітурыентаў з Кітая, прэзентацыі адукацыйных паслуг замежных ВНУ-партнёраў.

У 2021 годзе акадэмія падпісала дагавор з яшчэ адной кампаніяй па міжнароднай адукацыі і тэхніцы "Кар'ера ў Расіі" (г.Пекін).

Дарэчы, дзякуючы ўдзелу акадэміі ў выставах на навучанне было залічана каля 200 абітурыентаў з Кітая. Дынаміка паступаючых да нас кітайскіх студэнтаў такая: у Акадэміі музыкі ў 1997 годзе навучаліся 36 чалавек, у 2000-м - 71, у 2014-м - 175, у 2017-м - 211, у 2020-м - 240, у 2021- - 252.

Навучанне замежных студэнтаў пачынаецца на падрыхтоўчым аддзяленні, дзе яны штудзіруюць складанасці рускай (або англійскай) мовы, на якой ім трэба будзе вучыцца, і адточваюць навыкі ігры на музычных інструментах. Потым паступаюць і становяцца паўнапраўнымі студэнтамі Акадэміі музыкі. Важна адзначыць, што кітайскіх навучэнцаў цікавяць усе ўзроўні музычнай адукацыі ў нашай краіне: як першая, так і другая ступені вышэйшай адукацыі (бакалаўрыят і магістратура), адукацыя пасля ВНУ (аспірантура), якая стала асабліва запатрабаванай у апошняе дзесяцігоддзе.

- Ці можаце вы назваць выдатных кітайскіх выпускнікоў Акадэміі музыкі, якія сталі вядомымі дзеячамі культуры ў сябе ў краіне?

- Варта асабліва адзначыць поспехі аспірантаў, якія здолелі абараніць кандыдацкія дысертацыі і атрымаць вучоныя ступені кандыдатаў мастацтвазнаўства. Сёння яны займаюць высокія пасады, сапраўды з'яўляюцца вядомымі дзеячамі музычнай культуры Кітая.

Напрыклад, гэта прафесар Ляанінскага педагагічнага ўніверсітэта Не На, рэктар акадэміі музыкі Чжэнчжоўскага ўніверсітэта дацэнт Сунь Вэйбо, віцэ-прэзідэнт інстытута музыкі і танцаў пры Гуанчжоўскім універсітэце дацэнт гэтага ўніверсітэта Ван Хантаа, міжнародны навуковы кіраўнік Тайландскага ўніверсітэта Krirk university дацэнт Гуанчжоўскага ўніверсітэта Гун Лі, прарэктар па міжнародных сувязях і арганізацыі канцэртна-выставачнай дзейнасці акадэміі мастацтваў Цзянсінскага ўніверсітэта фінансаў і эканомікі прафесар Лі Эрун, дацэнт Акадэміі музыкі Чжэнчжоўскага ўніверсітэта Фэн Лэй і іншыя.

Са многімі выпускнікамі акадэміі з ліку замежных грамадзян падтрымліваюцца цесныя дзелавыя і творчыя сувязі. Так, выпускнік аспірантуры акадэміі, рэктар Акадэміі музыкі Чжэнчжоўскага ўніверсітэта кандыдат мастацтвазнаўства Сунь Вэйбо штогод арганізуе прыём прафесараў Беларускай акадэміі музыкі для праслухоўвання кітайскіх грамадзян і адбору іх для навучання ў Мінску.

- Ці рэалізуюцца сумесныя адукацыйныя праграмы з ВНУ-партнёрамі?

- Доўгія гады паспяхова рэалізуецца праграма адукацыйнага супрацоўніцтва паміж Чжэнчжоўскім універсітэтам і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі "3+2". Акадэмія музыкі актыўна ўдзельнічае ў адукацыйнай праграме Шанхайскай кансерваторыі музыкі "Летняя школа - праграма кітайскай традыцыйнай музыкі", якая рэалізуецца па ініцыятыве "Адзін пояс, адзін шлях".

Для павышэння прывабнасці навучання ў Белдзяржакадэміі музыкі для замежных грамадзян мы абнаўляем і актуалізуем праграму дадатковай адукацыі дарослых - падрыхтоўкі да паступлення ва ўстановы адукацыі Беларусі, а таксама адукацыйных праграм першай і другой ступені вышэйшай адукацыі.

- Нэлі Вячаславаўна, а як праяўляецца творчы патэнцыял кітайскіх студэнтаў у працэсе навучання?

- Творчае жыццё Акадэміі музыкі багатае і разнастайнае: майстар-класы, творчыя сустрэчы, лекцыі выдатных беларускіх і замежных музыкантаў-выканаўцаў і прафесараў. Пры падтрымцы дыпламатычных прадстаўніцтваў акадэмія праводзіць міжнародныя фестывалі і канферэнцыі, адукацыйныя і творчыя праекты. Педагогі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўдзельнічаюць у канферэнцыях, сімпозіумах, кангрэсах, семінарах за мяжой і ў міжнародных праектах у нашай рэспубліцы, працуюць у журы міжнародных конкурсаў, старшынямі ДЭК у замежных ВНУ.

Асобнай увагі заслугоўваюць шматлікія канцэрты студэнтаў і творчых калектываў у канцэртных залах акадэміі. У гэтых мерапрыемствах удзельнічаюць кітайскія студэнты. Сталі традыцыйнымі справаздачныя канцэрты падрыхтоўчага аддзялення, канцэрты класаў вядучых прафесараў акадэміі, пастаноўкі опернай студыі.

Падкрэслю яшчэ раз: многія мерапрыемствы праводзяцца на аснове міжнародных пагадненняў аб двухбаковым супрацоўніцтве з ВНУ-партнёрамі. Такія праекты станоўча ўплываюць на адукацыйны працэс, наладжваюць творчыя масты паміж Акадэміяй музыкі і ўстановамі адукацыі практычна па ўсім свеце, узбагачаюць ведамі аб музычнай культуры іншых народаў. Прыемна, што многія з гэтых мерапрыемстваў наведваюць супрацоўнікі пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі.

Вядома ж, выклікаюць гонар і радасць поспехі кітайскіх студэнтаў на міжнародных і рэспубліканскіх выканальніцкіх конкурсах. За час іх навучання збіраецца сур'ёзны спіс перамог, якіх яны дасягнулі сумесна з педагогамі сваім талентам, працавітасцю і мэтанакіраванасцю.

- Якіх ключавых кітайскіх партнёраў вы маглі б вылучыць?

- Для Акадэміі музыкі важныя і значныя ўсе ВНУ, з якімі заключаны дакументы аб супрацоўніцтве. З кожнай з іх знаходзяцца агульныя інтарэсы. Аднак найбольш адметным партнёрам з прафесійнага пункту гледжання з'яўляецца для нас Шанхайская кансерваторыя музыкі. З 2015 года пачалося цеснае партнёрства з гэтай ВНУ - магутнай адукацыйнай установай Кітая з цікавай і багатай гісторыяй. Пачатак гэтаму паклаў афіцыйны візіт дэлегацыі Шанхайскай кансерваторыі музыкі ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі ў красавіку 2015 года. Ён завяршыўся падпісаннем дагавора аб двухбаковым супрацоўніцтве і канцэртам беларускіх і кітайскіх выканаўцаў, дзе прагучалі творы кітайскіх, еўрапейскіх і рускіх кампазітараў.

На працягу 2015-2019 гадоў былі праведзены майстар-класы і лекцыі выкладчыкаў Шанхайскай кансерваторыі музыкі, адбыліся канцэрты студэнцкага хору Акадэміі музыкі ў Шанхайскай кансерваторыі музыкі, а таксама канцэрт хору Шанхайскай кансерваторыі музыкі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Студэнты Акадэміі музыкі неаднаразова ўдзельнічалі ў Шанхайскай летняй школе, Міжнародным вясеннім музычным фестывалі ў Шанхайскай кансерваторыі музыкі. Студэнцкі хор прадстаўляў музычную культуру Беларусі на Днях Мінска ў Шанхаі ў 2019 годзе.

Акрамя таго, адбыліся афіцыйныя візіты прадстаўнікоў дзвюх ВНУ як частка творчых і навуковых праектаў, якія знаёмяць з нацыянальнымі асаблівасцямі музычных культур.

У час пандэміі супрацоўніцтва прадаўжаецца анлайн.

- Нэлі Вячаславаўна, як вы лічыце, якія магчымасці ў Акадэміі музыкі для супрацоўніцтва з Кітаем па ініцыятыве "Адзін пояс, адзін шлях"?

- Хачу заўважыць, што і кітайскі, і беларускі бакі на самым высокім узроўні выказваюць зацікаўленасць у развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва. У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі інвестыцыйных і іншых праектаў па гэтай ініцыятыве. Лічу, што музычная адукацыйная сфера - таксама важны напрамак узаемадзеяння.

Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі пастаянна ўдзельнічае ў форумах для ўстаноў культуры, што арганізуюцца ў краінах, якія аб'ядноўвае Новы шаўковы шлях. У прыватнасці, гэта Форум рэктараў музычных устаноў адукацыі краін - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, канферэнцыя Саюза краін Шаўковага шляху ў рамках "Аднаго пояса, аднаго шляху", круглы стол рэктараў ВНУ ў сферы культуры краін ШАС.

Удзел студэнцкага хору акадэміі ў адкрыцці Міжнароднай выставы краін - удзельніц "Аднаго пояса, аднаго шляху" (China International Import Expo 2018) паказаў яркія традыцыі беларускага музычнага выканальніцкага мастацтва і заслужыў высокую міжнародную ацэнку.

На мой погляд, такія падзеі даюць магчымасць выпрацаваць адзіны погляд і агульныя падыходы да развіцця сістэмы мастацкай адукацыі ў краінах Новага шаўковага шляху, падзяліцца найлепшымі традыцыямі і яркімі навацыямі. Яны дапамагаюць і ўмацаваць кантакты, завязаць новыя сувязі, якія паслужаць плённаму развіццю акадэмічнага мастацтва нашых краін, падтрымцы таленавітай моладзі на шырокай культурнай і адукацыйнай прасторы.

- Цікава, як кітайскія студэнты, якія навучаюцца ў акадэміі, адчуваюць сябе ў Беларусі? Ці ёсць у вас для іх пажаданні ў дасягненні поспеху?

- Знаходжанне кітайскіх навучэнцаў у Акадэміі музыкі мы імкнёмся зрабіць максімальна камфортным. Для інфармавання замежных абітурыентаў аб умовах прыёму і навучанні на сайце нашай ВНУ ёсць рубрыка "Замежным студэнтам". Працуе міжнародны аддзел па рабоце з замежнымі студэнтамі, аддзел па выхаваўчай рабоце з моладдзю. Патрэбныя парады кітайскія студэнты атрымліваюць у студэнцкага савета замежных навучэнцаў.

Для ўсіх нашых студэнтаў мы стараемся стварыць максімальна добрыя ўмовы для развіцця творчых здольнасцей і прафесійнага росту. Замежным студэнтам трэба выкарыстоўваць час навучання ў акадэміі з максімальнай карысцю, каб затым плённа працаваць у такой няпростай і дзіўнай прафесіі, ісці па шляху прафесійнага росту і заўсёды імкнуцца да новых адкрыццяў у бязмежна цудоўным свеце музыкі.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ,

БЕЛТА

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі