Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
30 красавіка 2020, 10:00
Валянцін Занковіч

Мяне натхняе подзвіг нашага народа

Валянцін Занковіч
Архітэктар, скульптар, член Беларускага саюза архітэктараў і Беларускага саюза мастакоў

Лаўрэат Ленінскай прэміі, адзін з аўтараў сусветна вядомых мемарыялаў «Хатынь» і «Брэсцкая крэпасць-герой», абеліска «Мінск – горад-герой», архітэктар і скульптар Валянцін Паўлавіч Занковіч – чалавек, якому адразу верыш. Яго выказванні і асабістыя ацэнкі тых ці іншых падзей часам здаюцца залішне катэгарычнымі і нават прадузятымі. Але ён усё адно прыцягвае да сябе і сваім абаяннем прымушае слухаць – пра вернасць прызванню, пра працу над знакамітымі мемарыяламі, пра перажытую вайну і пра змаганне за праўду.

– Валянцін Паўлавіч, тэма Вялі­кай Айчыннай вайны, тэма ге­раізму і подзвігу народа – галоўная ў Вашай творчасці. Чаму так адбылося? Магчыма, з-за перажытага ў дзяцінстве ваеннага ліхалецця?..

– Да вайны мы жылі ў вёсцы Прылукі пад Мінскам. Мае бацькі настаўнічалі ў мясцовай школе, выкладалі ў пачатковых класах. Яны былі глыбока ідэйнымі людзьмі, шчыра верылі савецкай ула­дзе і самааддана служылі ёй. У свае маладыя гады тата і мама актыўнічалі ў радах заходнебеларускіх патрыётаў-камсамольцаў на Вілейшчыне, а ў пачатку 1930-х гадоў, ратуючыся ад пераследу паліцыі, перайшлі польска-савецкую мяжу і апынуліся ў БССР. Пазней гэты факт трагічна адбіўся на іх лёсе: у сакавіку 1938 года бацьку арыштавалі, беспадстаўна абвінавацілі ў шпіянажы на карысць польскай разведкі і расстралялі; маме ж давялося адной, бо ўсе сваякі жылі ў Заходняй Беларусі, ставіць на ногі траіх дзяцей.

У пачатку чэрвеня 1941-га мне споў­нілася чатыры гады. Тады ўжо афіцыйна не існавала мяжы, што да 17 верасня 1939 года падзяляла Беларусь, але на «заходні бок» па-ранейшаму вольнага праходу-праезду не было – на гэта выдаваліся спецыяльныя пропускі. Маме неяк удалося дастаць такі дакумент, і яна адвезла мяне са старэйшым братам Аляксандрам да сваіх бацькоў у Вілейку. Там нас і застала вайна.

На ўсё жыццё ў маёй дзіцячай памяці аселі нязвыклы гул самалётаў і выбухі бомбаў на недалёкай ад дзедавай хаты чыгуначнай станцыі, а таксама неверагодная паніка – бабуля збірала ў старую коўдру вопратку і хатнія рэчы. Узгадваюцца і калона нямецкіх грузавікоў з прычэпленымі да іх гарматамі і з запоўненымі салдатамі кузавамі, і матацыклісты, што імчалі праз горад на ўсход, а яшчэ – пастаянныя бамбёжкі, кананада далёкіх баёў, партызанскі налёт на станцыю... Калі ў верасні 1943 года ў Мінску падпольшчыкі ліквідавалі гаўляйтара Кубэ, немцы пачалі арыштоўваць жанчын, хапалі ўсіх без разбору як у акупаванай сталіцы, так і ў іншых гарадах і пасёлках. Зняволілі тады ў вілейскую турму і маму, якая ў першыя дні вайны пераехала з маёй сястрой Наталляй да нас. На шчасце, яе пратрымалі там тыдні са два і адпусцілі... Памятаюцца і пачатак ліпеня 1944-га: Чырвоная армія набліжалася да Вілейкі, і ўмудроны жыццёвым вопытам дзед, прадчуваючы вялікую бітву за горад, усіх нас адвёз да сваіх сваякоў у вёску...

Пазней, калі я пачаў працаваць над манументальным увасабленнем памяці аб героях і ахвярах Вялікай Айчыннай вайны, перада мной адкрыліся значна больш жорсткія, чым давялося перажыць нашай сям'і, старонкі таго ліхалецця.

– А якія Вашы першыя творчыя работы прызналі высокія мастацкія саветы?

– У першай палове 1960-х гадоў Цэнтральны камітэт камсамола Беларусі выступіў з ініцыятывай увекавечання памяці герояў і найбольш памятных мясцін Вялікай Айчыннай вайны. Леанід Левін, які тады ўзначальваў камсамольскую ячэйку інстытута «Мінскпраект», дзе пасля заканчэння архітэктурна-будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута я пачынаў сваю працоўную дзейнасць, прапанаваў паўдзельнічаць разам з ім у гэтым праекце. Ідэя, скажу шчыра, спакусіла сваёй неардынарнасцю і магчымасцю рэалізаваць творчыя амбіцыі. Таму ахвотна пагадзіўся, тым больш што далучыцца да справы выказалі жаданне і поўныя стваральнага запалу скульптары.

Першапачаткова для нас было вызначана дзесяць адрасоў па ўсёй Беларусі, і мы старанна ўзяліся апраўдваць аказаны давер: пабывалі на месцах, сустрэліся са сведкамі подзвігаў герояў і г. д. У выніку з'явіліся, не пабаюся падкрэсліць гэта, адметныя помнікі і мемарыялы – легендарнаму партызанскаму камандзіру Канстанціну Заслонаву каля вёскі Высокае Аршанскага раёна, падпольшчыкам рабочага пасёлка Асінторф Дубровенскага раёна, арганізатару камсамольска-маладзёжнага падполля Фядоры Конанавай у горадзе Любані, Герою Савецкага Саюза Пятру Купрыянаву на праспекце Леніна ў Жодзіне і інш. Некаторыя з тых помнікаў нават ужо і не існуюць. Напрыклад, замест створанага ў 1964 годзе намі манумента ў гонар Героя Савецкага Саюза лётчыка Мікалая Гастэлы пазней, у 1976 годзе, з'явіўся абноўлены, пры­свечаны подзвігу яго экіпажа. У агульнай колькасці мной у сааўтарстве было выканана і ўстаноўлена ў розных рэгіёнах нашай краіны каля 20 помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны. У 1967 годзе за гэты праект мы былі ўдастоены прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

– Трэба адзначыць, што 1967 год атрымаўся даволі паспяховым: Вы сталі лаўрэатам прэстыжнай па тым часе прэміі і тады ж разам з калегамі Ю. Градавым і Л. Левіным перамаглі ў конкурсе па стварэнні мемарыяльнага архітэктурна-скульптурнага комплексу «Хатынь»...

– Так, маладосць і амбіцыйнасць, у добрым сэнсе гэтага слова, зрабілі сваю справу. Пра тое, як стваралася «Хатынь», можна гаварыць многа і доўга. Не хачу перацягваць коўдру на сябе, але мушу зазначыць, што ідэя пазначэння абрысаў спаленых вясковых хат абгарэлымі зрубамі з'явілася акурат падчас нашага папярэдняга праекта. У адным з раёнаў Віцебшчыны нас папрасілі ўвекавечыць памяць пра знішчаную фашыстамі і так і не адроджаную пасля вайны вёску. Мы прыехалі на месца, каб агледзецца, і ўбачылі даволі маркотную карціну: на месцы былых пабудоў парослыя кустоўем галавешкі ды некалькі напаўразваленых пячных комінаў. Гэты журботны від сам напрошваўся ўвасобіцца ў мануменце, там нічога не патрэбна было дадумваць. Аднак кіраўніцтва раёна не знайшло на яго сродкаў, наша прапанова не была прынята. Здаецца, на месцы той спаленай вёскі пазней паставілі сціплы мемарыяльны знак.

Прапанаваная намі канцэпцыя спадабалася і журы конкурсу, і асабіста першаму сакратару ЦК Кампартыі Беларусі Пятру Машэраву, які вельмі сур'ёзна апекаваўся стварэннем хатынскага мемарыяла. Першапачаткова меркавалася, што на месцы трагедыі паўстане толькі помнік у памяць спаленай Хатыні. Аднак затым праект быў перагле­джаны, і мы пачалі працаваць над мемарыялам усім спаленым у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскам Беларусі. Так, на тэрыторыі хатынскага комплексу з'явіліся дапаўненні. Гэта – адзіныя ў свеце «Могілкі вёсак», 185 сімвалічных магіл, кожная з якіх нагадвае пра адну са спаленых разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але так і не адроджаных беларускіх вёсак. 186-я – гэта сама Хатынь. Кожная магіла ўяўляе сабой папялішча. У цэнтры яго размешчаны п'едэстал у выглядзе языка полымя – сімвал таго, што паселішча было спалена. Тут жа ў жалобнай урне захоўваецца зямля, прывезеная з месца, дзе размяшчалася знішчаная карнікамі вёска. Яшчэ адзін мемарыяльны элемент хатынскага комплексу – «Дрэва жыцця», на галінах якога ў алфавітным парадку пералічаны назвы беларускіх вёсак, знішчаных акупантамі разам з жыхарамі, але адноўленых пасля вайны. А на мемарыяльнай «Сцяне памяці» ўстаноўлены пліты з назвамі 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння лю­дзей фашыстамі на тэрыторыі Беларусі.

Калі значная частка архітэктурных прац была выканана, паўстала неабходнасць у пэўных скульптурных дапаўненнях. Мы настойліва шукалі такі элемент, які спалучаўся б з агульнай канцэпцыяй праекта і адначасова мог стаць візітоўкай мемарыяла. Падчас правя­дзення работ даволі часта нас наведваў Іосіф Іосіфавіч Камінскі – адзіны дарослы сведка хатынскай трагедыі. Ён многа разоў пераказваў жудасныя абставіны таго дня, калі сярод трупаў аднавяскоўцаў знайшоў свайго сына Адама – хлопец быў паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі і памёр на руках у бацькі. Яго аповед заўсёды да болю шчыміў сэрца і выклікаў слёзы на вачах. І, калі мы ўшчыльную заняліся пошукамі ідэі адметнасці мемарыяла, да мяне нечакана прыйшла думка: дык вось ён, неабходны нам вобраз – моцна прыгнечаны горам, але няскораны чалавек. Так Іосіф Камінскі з целам памерлага сына на руках стаў прататыпам для знакамітай скульптуры «Няскораны чалавек», устаноўленай на галоўнай алеі Хатынскага мемарыяльнага комплексу.

– Для ўвасаблення гэтага вобраза ў вашу творчую каманду быў запрошаны скульптар Сяргей Селіханаў, на той час ужо мэтр беларускага і савецкага манументальнага мастацтва, народны мастак БССР. Як вам, маладым, працавалася поруч з ім?

– Па вялікім рахунку, цесна су­пра­цоўнічаў з Сяргеем Іванавічам толькі я, паколькі ідэя стварэння «Няскоранага чалавека» была маёй. Ажыццявіць яе асабіста для мяне не было вялікай праб­лемай. Але існавала адна закавыка: я не меў адпаведнай адукацыі. У маім дыпломе значылася спецыяльнасць «архітэктар», а каб выканаць работу такога высокага ўзроўню, згодна з негалосным патрабаваннем, неабходны быў прафесійны скульптар. Для мяне на той час было дастаткова таго, што мая прапанова была прынята, і я сам назваў С. Селіханава пры вызначэнні на нара­дзе ў Мінскім абкаме партыі кандыдатам на стварэнне «Няскоранага чалавека», бо ведаў яго не толькі як таленавітага скульптара, але і як памяркоўнага творцу, які ўмее прыслухоўвацца да думкі іншых і сваім аўтарытэтам не навязвае адваротнае. Зрэшты, так мы і працавалі: С. Селіханаў прымаў мае прапановы. Дарэчы, пазней, у 1970-я гады, я скончыў аддзяленне скульптуры Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

Сяргею Селіханаву мая задума і далейшая прапанова аб супольнай працы над праектам спадабаліся. Аднак часу на ажыццяўленне было не так і многа, нас прыспешваў вытворчы працэс, прынамсі, тэрміны здачы манумента ў адліўку. Працаваць даводзілася шмат, тое-сёе перараблялі. Вылепілі, напрыклад, фігуру, а яна відавочна не пасуе, не ўражвае. Тады я паспрабаваў «апусціць» цела памерлага хлопчыка ніжэй, каб больш адкрыць постаць яго прыгнечанага горам бацькі, і гэта спрацавала. Былі пэўныя шурпатасці і вакол вобраза твару «Няскоранага чалавека». Сяргей Іванавіч прапаноўваў класічны варыянт, мне ж гэта бачылася інакш. У выніку перамог мой погляд, чым і ганаруся.

Кур'ёзны выпадак адбыўся падчас устаноўкі манумента. Адлівалі яго ў Ленінградзе на эксперыментальным заводзе мастацкага ліцця, спецыялісты гэтага прадпрыемства займаліся і мантажом скульптуры на месцы. Я тады працаваў над праектам мемарыяла ў Брэсцкай крэпасці і не прысутнічаў пры ўстаноўцы «Няскоранага чалавека». А калі ж наведаўся ў Хатынь, то жахнуўся – скульптуру размясцілі на галоўнай алеі комплексу бокам да галоўнага ўвахода. Давялося пераконваць усіх, ад каго залежала рашэнне аб «перанакіраванні» манумента. Зрабіць гэта было няпроста, але ўдалося. Між іншым, на ўстаноўку ленінградцы затрацілі каля двух тыдняў, а на пераўстаноўку яшчэ больш. Але патрачаныя нервы каштавалі таго.

– Летась споўнілася 50 гадоў з часу адкрыцця мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Як Вы, адзін з яго аўтараў, ацэньваеце гэты помнік з пазіцый сённяшняга дня?

– Абсалютна гэтак жа, як і раней. Хатынь цяпер ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Трагедыя гэтай беларускай вёскі атаясамліваецца з лёсам тысяч паселішчаў, знішчаных фашыстамі ў гады Другой сусветнай вайны. Хатынь сярод іх стала міжнародным сімвалам жалобы і смутку па бязвiнна загiнулых у полымi ваенных пажараў.

Я цяпер не так часта бываю на мемарыяле, але пры нагодзе абавязкова наведваюся туды. Мне заўсёды прыемныя сустрэчы і стасункі з яго супрацоўнікамі. Асабліва ўдзячны ім за арганізацыю летась выставы маіх творчых праектаў «Ідучы за марай...», якая з поспехам прайшла ў сценах адміністрацыйнага будынка комплексу. Знаходзячыся ў «Хатыні», я не прамінаю пагутарыць з наведвальнікамі. І менавіта падчас такіх сустрэч многія з іх, даведаўшыся, што я – адзін з аўтараў мемарыяла, выказвалі меркаванне наконт надання яму больш сучаснага зместу. Аднак заўсёды на гэта кажу: мемарыяльны комплекс «Хатынь» – не тое месца, дзе трэба наладжваць модныя цяпер у некаторых музеях квесты. Штосьці перарабляць у лагічна выбудаванай экспазіцыйнай панараме комплексу таксама наўрад ці трэба. А вось дапоўніць, увесці новыя элементы – можна паспрабаваць.

Пасля доўгіх разважанняў, узва­жван­няў «за» і «супраць» у мяне нарадзілася ідэя стварэння «Музея зверстваў фашызму». Менавіта ў сценах асобнага будынка з дапамогай сучасных інтэрактыўных тэхналогій, экспазіцыйных навінак і розных інста­ляцый можна давесці моладзі не толькі пра сутнасць і праявы фашызму, але і тое, чым абарочваюцца ваенныя канфлікты і чаму ўвогуле трэба даражыць мірам. Як мне бачыцца, наведвальнікі спачатку аглядаюць мемарыял, чытаюць спісы спаленых вёсак, існаваўшых на тэрыторыі Беларусі канцэнтрацыйных лагераў, а затым іх уражанні і эмоцыі павінна дапоўніць музейная экспазіцыя. Я стварыў макет такога музея з улікам архітэктуры мемарыяльнага комплексу. З ім знаёміліся многія, у тым ліку і кіраўнікі зацікаўленых ведамстваў. Практычна ўсе выказваліся станоўча, падтрымлівалі маю прапанову. На жаль, канчатковага рашэння па ёй так і не было прынята – тармозіць працэс, як мне кажуць, фінансавы бок справы. Аднак я не трачу надзеі, што грошы калі-небудзь усё ж знойдуцца і «Хатынь» атрымае важны з пункту гледжання патрыятычнага выхавання музейны аб'ект.

– Валянцін Паўлавіч, ёсць у Вашай творчай біяграфіі і перыяд, звязаны з яшчэ адным знакавым мемарыялам – Брэсцкай крэпасцю. Якімі былі асноўныя вехі стварэння гэтага комплексу і чым асабліва ён Вам дарагі?

– Як вядома, значным штуршком у справе стварэння на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці мемарыяльнага комплексу паслужыў Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССРад 8 мая 1965 года аб прысваенні цытадэлі ганаровага звання «Крэпасць-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». У хуткім часе пасля гэтага Савет Міністраў БССРпрыняў пастанову «Аб праектаванні помніка гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Гэты дакумент падвёў рысу пад правядзеннем некалькіх творчых конкурсаў па стварэнні будучага мемарыяла. У ім, у прыватнасці, адзначалася: «У сувязі з тым, што рашэннем журы заказнога конкурсу на праект помніка гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг. ніводзін з прадстаўленых праектаў не быў прызнаны прыдатным да ажыццяўлення ў натуры, даручыць канчатковую распрацоўку праекта помніка творчай групе...», кіраўніком якой быў прызначаны А. Кібальнікаў. І далей: «Дзяржбуду БССРпраектнае заданне на ўзвядзенне помніка прадставіць Савету Міністраў БССРда 1 верасня 1966 года».

Як і любы творчы праект, мема­рыя­лізацыя Брэсцкай крэпасці праходзіла напружана, у творчых спрэчках. Нягле­дзячы на тое, што стварэннем мемарыяла апекаваліся рэспубліканскія ўлады і яго на асабістым кантролі трымаў першы сакратар ЦК КПБ П. Машэраў, многія з рашэнняў абмяркоўваліся і зацвярджаліся на саюзным узроўні ў Маскве. І тут, лічу, быў зроблены правільны ход, калі ў творчую групу ўключылі А. Кібальнікава. Аляксандр Паўлавіч быў знакамітым у Савецкім Саюзе скульптарам, двойчы лаўрэатам Сталінскай прэміі. Многія яго работы мелі шырокую вядомасць, у тым ліку і помнік У. Маякоўскаму на аднайменнай плошчы ў Маскве, за які яму ў 1959 годзе была прысуджана Ленінская прэмія. Дзякуючы яго аўтарытэту ўда­валася здымаць многія вострыя пытанні. Дый працаваць з ім было адно задавальненне. Дарэчы, мы з маім сябрам скульп­тарам Алегам Стаховічам, аўтарам Кургана Славы, стваралі пад кіраўніцтвам Аляксандра Паўлавіча праект манумента «Мужнасць» у Маскве...

Сёння можна прачытаць асобныя ўспаміны пра разлад у творчым калектыве, пра дзве групоўкі, якія адстойвалі свае інтарэсы, і г. д. Але давайце не бу­дзем засяроджваць на гэтым увагу: метадам кампрамісаў усё ж былі прыняты, як я лічу, правільныя рашэнні, і ў верасні 1971 года першая чарга мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» уведзена ў строй.

– Вы сказалі «першая чарга», гэта – не агаворка?

– Не, я не памыліўся. Праект мемарыяла ўключаў шмат тэматычных аб'ектаў, і мы іх творча напрацоўвалі. Аднак П. Машэраў хацеў прымеркаваць адкрыццё комплексу да 30-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і ўсё рабілася, каб урачыстасць адбылася ў вызначаны тэрмін. У сувязі з гэтым праект і быў па­дзелены на дзве чаргі. Пётр Міронавіч нас абнадзейваў, маўляў, здадзім першую, а тады ўсе сілы і сродкі перакінем на другую. Праўда, пасля дату адкрыцця перайгралі – замест 22 чэрвеня мемарыял урачыста «здалі ў эксплуатацыю» 21 верасня 1971 года. Між іншым, па волі лёсу, пачынаючы з 2002 года менавіта на гэту дату выпаў выбар Генасамблеі ААН у вызначэнні Міжнароднага дня міру.

А вось другая чарга мемарыяла на практыцы так і не была ўвасоблена. Яе праектаваў той жа самы наш творчы калектыў. Прынамсі, па лініі Мастацкага фонду БССРмы распрацавалі шэсць мемарыяльных экспазіцый, прысвечаных подзвігу герояў – абаронцаў Брэсцкай цытадэлі Івану Зубачову, Андрэю Кіжаватаву, Яфіму Фаміну, Фёдару Бойку, Аляксею Наганаву і Пятру Васільеву. Яны былі ўхвалены Рэспубліканскім манументальна-мастацкім саветам і тэхсаветам Дзяржбуда БССРяк элементы, якія «вырашаюць задачу ідэйна-мастацкага завяршэння ансамбля», заказаны музеем абароны Брэсцкай крэпасці, але так і не рэалізаваліся.

У 1987 годзе пасля настойлівых зваротаў членаў творчай групы да гэтага пытання вярнуліся зноў. ЦК КПБ нават прыняў спецыяльную пастанову аб будаўніцтве другой чаргі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», якое планавалася завяршыць у 1994 го­дзе да 50-й гадавіны вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Былі дадзены даручэнні Міністэрству культуры, Дзяржбуду БССР, Брэсцкаму аблвыканкаму і праўленню Саюза мастакоў падрыхтаваць праектную прапанову, а Саўміну і Дзяржплану – прадугледзець фінансаванне аб'екта ў дзяржаўным плане сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларускай ССР. Аднак і згаданае рашэнне не было ажыццёўлена.

Шчыра кажучы, меў надзею, што да гэтага пытання вернуцца пры правядзенні распачатых не так даўно работ у рамках праекта Саюзнай дзяржавы «Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», разлічанага на 2018–2020 гады. Але ініцыятарамі праекта быў зроблены ўхіл на пашырэнне музейнай інфраструктуры і пры гэтым начыста былі праігнараваны ранейшыя напрацоўкі па візуальным аздабленні цытадэлі. Аб чым даводзіцца толькі шкадаваць.

Праўда, дзеля справядлівасці, варта зазначыць, што адзін са згаданых праектаў усё ж удалося мне ажыццявіць. У 2011 го­дзе, дзякуючы Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці каля Цярэспальскіх варот, дзе насмерць змагаліся з наступаючым ворагам пагранічнікі пад камандаваннем начальніка 9-й пагранзаставы лейтэнанта Андрэя Кіжаватава, была ўстаноўлена і мая скульптурная кампазіцыя «Героям граніцы, мужным жанчынам і дзецям, якія ў бессмяротнасць зрабілі крок».

– Валянцін Паўлавіч, калі задацца мэтай, то можна налічыць не адзін дзясятак Вашых работ, прысвечаных тэме Вялікай Айчыннай вайны. А якія з іх Вам найбольш блізкія і дарагія?

– Ведаеце, мне вельмі цяжка вылучыць штосьці. Бо ўсе мае работы – гэта часцінка мяне. І тут няма месца высакамоўнаму стылю. Нават даўнія з іх, скажам, той жа помнік «Кацюшы» ў Оршы ці манумент падпольшчыцам Чыжэўскім і Надзеі Майсеевай у мінскім мікрараёне Лошыца выклікаюць успаміны. Што ўжо казаць пра пазнейшыя: створаны ў сааўтарстве абеліск «Мінск – горад-герой», а таксама помнік партызанам Палесся ў Пінску і нават манумент «Беларусь партызанская», які ў свой час нарабіў шуму і які мне даводзілася крыху карэкціраваць. Усе яны мне дарагія і блізкія, таму што адлюстроўваюць гераізм і подзвіг нашага народа, якія, скажу шчыра, мяне заўсёды натхнялі і будуць натхняць на новыя творчыя здзяйсненні.

А яшчэ мяне радуе, што ў нас у Беларусі працягваюць з'яўляцца новыя помнікі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Вось на Гомельшчыне, у Светлагорскім раёне, узводзіцца мемарыял на месцы спаленай фашыстамі вёскі Ала і яе 1758 жыхароў, сярод якіх было 950 дзяцей. Гэты прыклад гаворыць сам за сябе – пакуль мы захоўваем памяць пра сваё мінулае, у нас ёсць і будзе будучыня.

– Дзякуй, Валянцін Паўлавіч, за цікавую размову.

Сяргей ГАЛОЎКА

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі