Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
11 студзеня 2013, 15:12

Мінскія паліклінікі і бальніцы ўкараняюць новыя формы работы з пацыентамі

Пабудова эфектыўнай сістэмы аховы здароўя немагчыма без шырокага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, сучаснага абсталявання. Электронныя гісторыі хваробы, відэакансультацыі, анлайн-прыёмы і запіс на прыём да ўрача праз Інтэрнэт ужо сталі рэальнасцю для многіх медыцынскіх устаноў Мінска. Штогод значныя сродкі ўкладаюцца ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы паліклінік і бальніц. Усё гэта накіравана на павышэнне якасці і паляпшэнне даступнасці медыцынскай дапамогі для мінчан. Аб тым, як развіваецца сталічная сфера аховы здароўя, карэспандэнт БЕЛТА размаўляе са старшынёй камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Віктарам Сірэнкам.

- Віктар Іванавіч, у пачатку новага года прынята падводзіць вынікі года мінулага. Якім ён быў для сістэмы аховы здароўя Мінска? Якія значныя праекты ўдалося рэалізаваць?

- Работа сістэмы аховы здароўя сталіцы ў 2012 годзе была накіравана на павышэнне якасці аказваемых насельніцтву паслуг, забеспячэнне адзіных сацыяльных стандартаў у сферы медыцыны кожнаму чалавеку незалежна ад месца жыхарства. Нам удалося захаваць узровень і аб'ёмы аказання медыцынскай дапамогі, лячэнне ў 27 гарадскіх стацыянарах атрымалі больш за 400 тыс. пацыентаў, прычым 9 працэнтаў з іх - жыхары рэгіёнаў рэспублікі. У параўнанні з іншымі абласцямі ў Мінску адзначаецца самы нізкі ўзровень смяротнасці, і такая сітуацыя назіраецца на працягу апошніх трох гадоў. Напрыклад, у 2009 годзе гэты паказчык склаў 9,7 праміле (у рэспубліцы - 14,2 праміле), у 2010 і ў 2011 гадах - 9,8 праміле (па рэспубліцы - 14,4 і 14,3), у бягучым годзе - 9,3 праміле (па рэспубліцы - 13,3). Ніжэйшы за сярэднерэспубліканскі склаўся ўзровень дзіцячай смяротнасці, больш выгадна вылучаецца сталіца і па чаканай працягласці жыцця. Радуе, што станоўчыя тэндэнцыі захоўваюцца.

Штогод павялічваецца колькасць складаных і высокатэхналагічных умяшанняў, узрастае фінансаванне расходаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара, прычым гарвыканкам дадаткова адшуквае магчымасці для аплаты закупак медыцынскага абсталявання. У 2011 годзе на тэхнічнае аснашчэнне выдзелена Br55,5 млрд., у 2012 годзе - Br140 млрд. Прыярытэт аддаваўся перааснашчэнню паліклінік, набываліся апараты УГД, холцераўскае манітарыраванне ЭКГ і АЦ, эндаскапічнае абсталяванне.

Калі гаварыць пра найбольш значныя праекты, то хацеў бы адзначыць паляпшэнне аказання дапамогі хворым з інфарктам міякарда, нестабільнай стэнакардыяй, парушэннямі сардэчнага рытму, прыменены новыя падыходы да лячэння вострага каранарнага сіндрому. На базе Мінскага кансультацыйна-дыягнастычнага цэнтра сталі магчымыя інтэрнэт-відэакансультацыі праз Skype па пытаннях прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння. З'явілася новая платная паслуга - "Асабісты ўрач - участковы тэрапеўт", яна стала даступна ў 34 амбулаторна-паліклінічных установах.

 - Якія першачарговыя задачы трэба будзе вырашыць у сферы аховы здароўя Мінска ў 2013 годзе?


- Мы прадоўжым развіваць першасную медыцынскую дапамогу як найбольш запатрабаваны від дапамогі з акцэнтам на якасць правядзення прафілактычных і дыспансэрных аглядаў. Яшчэ адзін важны напрамак - укараненне стацыянарзамяшчальных тэхналогій, у тым ліку ў хірургіі. За кошт пазабюджэтнай дзейнасці, аказання платных медыцынскіх паслуг, дзяржаўна-прыватнага партнёрства разлічваем павялічыць аб'ём інвестыцый у сферу. Немалаважна ў Год беражлівасці і рацыянальнае выкарыстанне кадравых, фінансавых, матэрыяльных рэсурсаў. На базе 2-й гарадской клінічнай бальніцы і 11-й гарадской паліклінікі плануем рэалізаваць пілотны праект па ўдасканаленню фінансавання і аплаты працы. Разлічваем завяршыць будаўніцтва двух інтэрнатаў для медыкаў у Мядзвежыне і Каменнай Горцы.

- Што робіцца ў горадзе для змяншэння чэргаў у паліклініках?

- Распрацаваны комплекс мер па паляпшэнню даступнасці медыцынскай дапамогі. Удасканалена сістэма папярэдняга запісу па тэлефоне і самазапісу (квота такіх талонаў даведзена да 35 працэнтаў). Папярэдні запіс ажыццяўляецца без абмежавання па тэрміну, рэгістратуры аснашчаны шматканальнай тэлефоннай сувяззю, тут укаранёны прынцып "аднаго акна".

Ва ўсіх амбулаторна-паліклінічных установах аховы здароўя (дарослыя, дзіцячыя і стаматалагічныя паліклінікі) мінчанам прадастаўлена магчымасць запісу на прыём да ўрачоў праз Інтэрнэт. Кожная з паліклінік штодзень выдзяляе талоны на папярэдні анлайн-запіс, іх колькасць залежыць ад укамплектаванасці ўрачамі, колькасці насельніцтва, якое абслугоўваецца, і штодзень карэкціруецца зыходзячы з запатрабаванасці таго ці іншага профільнага спецыяліста. Сістэма анлайн-запісу мае свае перавагі як для ўстановы аховы здароўя, так і для пацыентаў. Такая форма абслугоўвання вызваляе медрэгістратараў, паколькі сістэма працуе цалкам у аўтаматычным рэжыме і абмен інфармацыяй ажыццяўляецца непасрэдна з электроннай базай даных паліклінікі, практычна выключаецца фіктыўны або памылковы заказ талона. Зручнасць для пацыента ў тым, што можна азнаёміцца з графікам работы ўрачоў, выбраць любы зручны дзень і час з даступных для папярэдняга запісу, адмяніць заказ. Пры выкарыстанні квоты на інтэрнэт-заказ адлюстроўваюцца таксама і талоны, якія ёсць у наяўнасці ў рэгістратуры пры непасрэдным звароце ва ўстанову аховы здароўя.

Усе арганізацыі аховы здароўя Мінска маюць свае сайты з раздзеламі "Пытанні - Адказы", дзе пацыенты могуць атрымаць адказы на свае пытанні, у некаторых з іх (6-я і 34-я цэнтральныя раённыя паліклінікі, бальніца хуткай медыцынскай дапамогі, 6-я гарадская клінічная бальніца і іншыя) - у рэжыме оnline.

У кастрычніку-лістападзе 2011 года рэспубліканскі цэнтр медыцынскіх тэхналогій сумесна з 19-й цэнтральнай раённай паліклінікай распрацавалі і ўкаранілі альтэрнатыўную сістэму заказу талонаў на прыём да ўрача праз мабільную версію сайта паліклінікі. Папулярнасць гэтага сэрвісу расце.

Удасканалена работа па выпісцы рэцэптаў хранічна хворым, у сямі ўстановах рэцэпты выпісваюцца з выкарыстаннем электроннай тэхнікі. Першыя крокі робяцца па арганізацыі інтэрнэт-відэакансультацый на базе тэрапеўтычных аддзяленняў паліклінік, фарміруецца электронная база пацыентаў, якія наведваюць "школы здароўя" і якія маюць фактары рызыкі сацыяльна значных захворванняў (для іх робіцца штотыднёвая рассылка праз Інтэрнэт тэматычнай інфармацыі). Створаны мультыдысцыплінарныя брыгады з прыцягненнем выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, штатных і пазаштатных спецыялістаў камітэта па ахове здароўя для арганізацыі кансультатыўных прыёмаў хворых ва ўстановах аховы здароўя. З кастрычніка 2011 года ў кожным адміністрацыйным раёне наладжана работа раённых анкалагічных кабінетаў, што дало магчымасць наблізіць аказанне дапамогі тэрытарыяльна, а таксама скараціць тэрміны запісу на прыём да ўрачоў-анколагаў у анкадыспансэры. У мінулым годзе для павышэння даступнасці і якасці аказання дапамогі хворым неўралагічнага і эндакрыналагічнага профіляў у парадку эксперыменту ўкаранёна брыгадная форма арганізацыі і аплаты працы ў Цэнтральным і Першамайскім раёнах. У Заводскім і Партызанскім раёнах пачалі працаваць спецыялізаваныя службы для правядзення кансультацый і дыспансэрнага агляду пацыентаў тэрытарыяльных паліклінік спецыялістамі клінічных бальніц. Перабудавана работа клініка-дыягнастычных лабараторый, кабінетаў функцыянальнай дыягностыкі, працэдурных кабінетаў. У дарослых паліклініках першы аўторак месяца з 17.00 да 19.00 пачалі праводзіць "гадзіны інфармавання". Пытанне паляпшэння даступнасці медыцынскай дапамогі знаходзіцца на пастаянным кантролі.

- Не так даўно ў мінскіх паліклініках пачалі ўстанаўліваць інфакіёскі для заказу талонаў да ўрача. Як яны сябе зарэкамендавалі і ці плануецца набываць іх у далейшым?

- З-за таго, што не ўсе жыхары сталіцы маюць магчымасць скарыстацца сістэмай заказу талонаў праз Інтэрнэт, са жніўня 2011 года ў 34-й паліклініцы Савецкага раёна пачаў функцыянаваць тэрмінал для заказу талонаў (інфакіёск). Аналіз эфектыўнасці яго работы па выніках года даў магчымасць распаўсюдзіць практыку на іншыя амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі. На сённяшні дзень інфакіёскі (іх дзевяць) устаноўлены ў 2-й, 6-й, 14-й і 21-й цэнтральных раённых паліклініках, 26-й, 28-й, 33-й, 35-й гарадскіх паліклініках. Тэрмінал дае магчымасць значна палепшыць якасць абслугоўвання, мінімізаваць чэргі ў рэгістратуру. Пацыент можа адразу ж раздрукаваць талон на прыём да ўрача, у якім пазначаны: дата і час прыёму, прозвішча ўрача і нумар кабінета. У выпадку страты талона пацыенту прадастаўлена магчымасць, абыходзячы рэгістратуру, праз тэрмінал паўторна раздрукаваць талон. Практыка ўстаноўкі інфакіёскаў паэтапна будзе распаўсюджана на ўсе мінскія паліклінікі.

- Якія перспектывы праекта па ўкараненню электронных медыцынскіх картак? Калі ў мінчан адпадзе неабходнасць перад наведваннем урача звяртацца ў рэгістратуру для атрымання дакументаў?

- Медыцынскую картку амбулаторнага хворага ў электронным варыянце ў мінскіх паліклініках плануецца ўкараніць пасля аўтаматызацыі ўсіх рабочых месц урачоў, без гэтага функцыянаванне сістэмы ў поўным аб'ёме немагчыма. І такая работа праводзіцца. Рэалізацыя першага этапу праграмы інфарматызацыі сістэмы аховы здароўя Мінска ў 2005-2012 гадах ужо дала магчымасць змяніць тэхналогію работы медыцынскіх устаноў, узняць яе на якасна новы ўзровень. Так, аўтаматызаваны працэсы вядзення пашпартна-дэмаграфічных, анамнестычных звестак аб пацыентах, атрымання і апрацоўкі статыстычных даных. Удасканалена тэлекамунікацыйная і камп'ютарная інфраструктура, створаны паказальныя комплексныя аўтаматызаваныя інфармацыйныя сістэмы ў базавых установах, якія ахопліваюць усе аспекты лячэбна-дыягнастычнага працэсу. Гэта значыць закладзена база для фарміравання электроннай гісторыі хваробы ў стацыянарах і электроннай медкарткі ў паліклініках, электронныя варыянты ўжо запоўнены інфармацыяй не менш чым на 80 працэнтаў.

У якасці паказальных устаноў аховы здароўя можна прывесці 2-ю дзіцячую гарадскую, 6-ю і 10-ю гарадскія клінічныя бальніцы, гарадскую гінекалагічную бальніцу, 2-ю, 21-ю, 25-ю, 34-ю цэнтральныя раённыя, 10-ю, 35-ю гарадскія паліклінікі, шэраг стаматалагічных паліклінік і інш. Яны ўжо забяспечылі ўвядзенне электронных картак пацыентаў. У цэлым жа завяршыць пераход на новую форму вядзення медыцынскіх дакументаў у сталіцы плануецца ў 2015 годзе з давядзеннем узроўню інфарматызацыі да 85-90 працэнтаў, што адпавядае прынятым у перадавых краінах Заходняй Еўропы стандартам аўтаматызацыі медыцынскіх устаноў. Пры шырокім укараненні электронных медкартак пацыент зможа атрымаць кансультацыю ў любой медыцынскай установе. На прыёме ўрачу дастаткова будзе набраць прозвішча, ініцыялы і іншыя звесткі аб пацыенце і атрымаць усю інфармацыю аб яго захворваннях, дыягнастычных абследаваннях. Яшчэ адзін плюс - скарачэнне дакументаабароту.

- Як вырашаецца праблема медыцынскага абслугоўвання ў мікрараёнах-новабудоўлях? Ці будуць адкрывацца міні-філіялы паліклінік у жылых дамах?

- Пакуль тэмпы будаўніцтва новых устаноў аховы здароўя адстаюць ад тэмпаў будаўніцтва жылых мікрараёнаў, але ў бліжэйшыя гады плануецца гэту праблему вырашыць. Згодна з генпланам развіцця горада вызначана 18 пляцовак для размяшчэння сямі дарослых, пяці дзіцячых, адной шматпрофільнай паліклінік, чатырох падстанцый хуткай медыцынскай дапамогі. На трох аб'ектах ужо вядуцца будаўнічыя работы: узводзяцца дарослая паліклініка ў мікрараёне Дружба-1, дзіцячая - у мікрараёне Каменная Горка-2, падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогі па вуліцы Калеснікава (мікрараён Каменная Горка). У 2013 годзе будуць будавацца дзіцячая паліклініка ў Дружбе-1, дарослая - у Каменнай Горцы-3, падстанцыя хуткай меддапамогі па вуліцы Сыракомлі ў Лошыцы, прадугледжана праектаванне дарослых паліклінік у пасёлку Усходні і мікрараёне Масюкоўшчына-5. На гэтыя мэты запланавана накіраваць каля Br180 млрд.

Для часовага вырашэння праблемы медыцынскага абслугоўвання ў мікрараёнах-новабудоўлях вядзецца падрыхтоўка ўбудаваных у жылыя дамы памяшканняў, дзе адкрыюцца міні-філіялы паліклінік. У I паўгоддзі яны павінны з'явіцца ў Каменнай Горцы-1 (тут на плошчы каля 300 кв.м размесціцца артапедычнае аддзяленне стаматалагічнай паліклінікі з рэнтгенкабінетам і кабінетам стаматолага), Масюкоўшчына-3 (150 кв.м зоймуць аддзяленне дзённага знаходжання, два тэрапеўтычныя кабінеты, гінекалагічны і працэдурны кабінеты), Дружба (300 кв.м адведзена для кабінетаў гінеколага, псіхолага, інструктара-валеолага і іншых спецыялістаў, працэдурнага кабінета). Акрамя таго, у студэнцкай вёсцы будуць адкрывацца філіялы 33-й студэнцкай паліклінікі.

- Якія планы па рэканструкцыі, капітальнаму рамонту і тэхнічнаму перааснашчэнню ўстаноў аховы здароўя?

- Маштабныя работы па рэканструкцыі, будаўніцтву, рамонту ўстаноў аховы здароўя дзякуючы фінансавай падтрымцы Мінгарвыканкама пачаліся ў 2005 годзе. За апошнія гады іх аб'ёмы значна ўзраслі. На працягу апошніх пяці гадоў у Мінску ўведзена ў эксплуатацыю больш за 60 буйных аб'ектаў аховы здароўя, у тым ліку тры новыя паліклінікі ў мікрараёнах Сухарава, Лошыца, Малінаўка. Да канца 2015 года плануецца завяршыць рэканструкцыю комплексу дзіцячай інфекцыйнай бальніцы з будаўніцтвам новага корпуса, 4-га і 7-га блокаў галоўнага корпуса 9-й бальніцы, аперацыйна-рэанімацыйнага аддзялення бальніцы нумар 10, анкалагічнага дыспансэра, узвядзенне тэрапеўтычнага корпуса гарадской клінічнай бальніцы нумар 4, радзільнага дома клінічнай бальніцы нумар 5. Будзе мадэрнізаваны і шэраг паліклінік. Гэта значыць, за бяшучую пяцігодку разлічваем завяршыць асноўныя работы па пераабсталяванню гарадскіх устаноў аховы здароўя, ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы будзе ўкладзена больш за Br4 трлн. бюджэтных сродкаў. Рэканструкцыя і капітальны рамонт дзеючых устаноў аховы здароўя ажыццяўляюцца пры частковым адсяленні, што дае магчымасць максімальна захаваць ложкавы фонд, магутнасці, хоць і павялічвае тэрміны рэалізацыі праектаў. У 2012 годзе пасля рэканструкцыі і капрамонту ўведзена 12 аб'ектаў аховы здароўя, у 2013 годзе чакаецца ўвод яшчэ каля 20. Так, у Кастрычніцкім раёне мадэрнізаваны 35-я і 29-я гарадскія паліклінікі, у гэты час дадатковую нагрузку несла 3-я паліклініка. Са стацыянараў на капітальным рамонце знаходзяцца 10-я, 1-я гарадскія клінічныя бальніцы, на рэканструкцыі - Мінскі гарадскі клінічны анкалагічны дыспансэр, 4-я бальніца.

- Якія меры прымаюцца ў горадзе для ліквідацыі дэфіцыту кадраў ва ўстановах аховы здароўя?


- Прадугледжаны штомесячныя даплаты ўрачам і іншым спецыялістам, павялічаны выплаты па кантракту, прадугледжаны прэміі за інавацыйную дзейнасць. Так, у 2012 годзе на даплаты медыкам з бюджэту выдзелена Br46 млрд., на павышэнне тарыфных акладаў для працуючых па кантракту - Br61,3 млрд. За інавацыйную дзейнасць спецыялісты атрымалі каля Br588 млн. З 1 ліпеня 2012 года ўстаноўлены даплаты па кантракту ў памеры 50 працэнтаў усім работнікам гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Адной з дзейсных мер замацавання медыцынскіх работнікаў з'яўляецца забеспячэнне жыллём. Работнікам аховы здароўя выдзяляюцца кватэры, месцы ў інтэрнатах. У гэтым годзе мы павінны ўвесці два маласямейныя інтэрнаты на 153 кватэры кожны. Кадравы дэфіцыт пакуль адчуваецца, але ёсць станоўчая дынаміка. За апошнія пяць гадоў колькасць урачоў у арганізацыях аховы здароўя, падпарадкаваных камітэту па ахове здароўя, павялічылася на 900 чалавек, спецыялістаў з сярэдняй адукацыяй - на 550 чалавек.

Надзея РАДЗІВОН
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі