Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
14 студзеня 2013, 17:05

Мінская вобласць мае эканамічны, сацыяльна-культурны і кадравы патэнцыял для вырашэння складаных задач

Мінскай вобласці 15 студзеня бягучага года спаўняецца 75 гадоў. Гэта значная вяха ў гісторыі і рэгіёну, і ўсёй краіны. Асаблівасць Міншчыны не толькі ў тым, што тут няма абласнога цэнтра і граніц з іншымі дзяржавамі, самае галоўнае - гэта маштабнасць пастаўленых перад сталічным рэгіёнам задач і рашучасць іх выканаць. Уклад Мінскай вобласці ў агульнарэспубліканскія паказчыкі значны: валавы ўнутраны прадукт - 14,6 працэнта (2-е месца), прадукцыя сельскай гаспадаркі - 24,4 працэнта (1-е месца), інвестыцыі ў асноўны капітал - 19,4 працэнта (2-е месца), экспарт тавараў - 16 працэнтаў (2-е месца), рознічны тавараабарот - 13,8 працэнта (2-е месца), прадукцыя прамысловасці - 14,3 працэнта (4-е месца). Пры гэтым патэнцыял рэгіёну да канца не выкарыстаны: ёсць рэзервы для таго, каб выйсці ў безумоўныя лідары па многіх пазіцыях. Аб гэтым - у размове карэспандэнта БЕЛТА са старшынёй Мінаблвыканкама Барысам Батурам.


- Індыкатарам дынамікі эканамічнага развіцця, як вядома, з'яўляецца тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП). Барыс Васільевіч, ці атрымалася Мінскай вобласці ў 2012 годзе дасягнуць прагнознага паказчыка па ВРП, і на якой вышыні ўстаноўлена планка на 2013-ы? Якія важнейшыя складальнікі рэгіянальнага росту ў бліжэйшай перспектыве?


- Мінская вобласць, і гэта я канстатую з задавальненнем, выканала прагнозны паказчык па ВРП у 2012 годзе (105,5 працэнта). Але мы не спыняемся на дасягнутым: на 2013 год тэмп росту ВРП павінен скласці 108 працэнтаў. Гэта складаная задача. Але, я ўпэўнены, выканальная.


Адзін з важных напрамкаў работы ў бягучым годзе - удасканаленне арганізацыі вытворчасці, павышэнне прадукцыйнасці працы за кошт аптымізацыі расходаў, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў. Прыярытэтнымі задачамі застаюцца нарошчванне экспарту, аптымізацыя імпарту, павелічэнне дадатнага сальда гандлёвага балансу. А значыць, будзе прадоўжана работа па асваенню новых рынкаў збыту, павелічэнню долі экспарту вырабленай з мясцовых відаў сыравіны прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю.


Дарэчы, нашу прадукцыю ведаюць у 161 краіне свету.


Перспектыўным праектам не толькі для Мінскай вобласці, але і для рэспублікі з'яўляецца будаўніцтва ЗТАА "Славкалій" горна-абагачальнага комплексу магутнасцю 1,1-2 млн.т хларыду калію ў год на Старобінскім радовішчы калійных солей. "Беларуськалій" плануе завяршыць буйныя інвестпраекты па ўводу ў эксплуатацыю двух прадпрыемстваў - хімічнага камбіната па перапрацоўцы хлоразмяшчальнай мінеральнай сыравіны і завода па вытворчасці NPK-угнаенняў. БелАЗ пачынае вытворчасць кар'ернай і дарожна-будаўнічай тэхнікі новага пакалення, а таксама стварэнне магутнасцей і павелічэнне вытворчасці кар'ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90-450 т.


У фокусе ўвагі не толькі флагманы прамысловасці. У 2013 годзе ва ўсіх раёнах вобласці плануецца стварыць 110 вытворчасцей з колькасцю больш за 50 чалавек у кожнай. Ужо вызначаны прамысловыя пляцоўкі, абсталяваныя інжынернай інфраструктурай. У цэлым чакаецца шырокамаштабная мадэрнізацыя вытворчасці рэгіёну.


Дарэчы, за апошняе дзесяцігоддзе вытворчасць прамысловай прадукцыі ў Мінскай вобласці павялічылася ў 2,6 раза. У структуры прамысловай вытворчасці рэспублікі на долю Міншчыны прыпадае 100 працэнтаў калійных угнаенняў, 77,1 працэнта макаронных вырабаў, 54,1 працэнта цукру-пяску, 47,4 працэнта безалкагольных напіткаў, 45,6 працэнта трыкатажных вырабаў.


Немалаважная роля ў Мінскай вобласці адводзіцца малому і сярэдняму прадпрымальніцтву. Прыватны бізнес дае істотную долю валавога рэгіянальнага прадукту, забяспечвае фарміраванне канкурэнтнага асяроддзя, садзейнічае скарачэнню беспрацоўя. Колькасць суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з 2010 года вырасла на 14 працэнтаў (цяпер іх больш за 50 тыс.).


Інвестыцыі на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы вобласці за апошнія сем гадоў выраслі ў тры разы і за студзень-лістапад 2012 года дасягнулі Br25,3 трлн. Асноўныя аб'ёмы інвестыцый накіроўваліся ў прамысловасць, сельскую гаспадарку, транспарт, сувязь і будаўніцтва жылля.


- Мінская вобласць, безумоўна, прывабная для інвестараў: гэта і выгаднае геаграфічнае становішча ў цэнтры рэспублікі, на скрыжаванні транс'еўрапейскіх калідораў, і доступ да рынкаў Еўрасаюза, Расіі і Казахстана ў рамках адзінай мытнай прасторы, і развітая інфраструктура, і высокі кадравы патэнцыял.


- Так, гэта так. У Мінскай вобласці інвестарам, якія плануюць рэалізоўваць капіталаёмкія інавацыйныя праекты, якія даюць магчымасць ствараць высокапрадукцыйныя рабочыя месцы, гарантуецца падтрымка на ўсіх узроўнях кіравання.


На 1 студзеня 2013 года заключана і зарэгістравана ў Міністэрстве эканомікі 559 інвестыцыйных дагавораў на агульную суму больш за Br18,8 трлн.


Сярод найбольш значных для Мінскай вобласці інвестыцыйных праектаў - ужо згаданы інвестпраект ЗТАА "Славкалий". І, безумоўна, будаўніцтва Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне. Для нашай краіны праект выгадны не толькі з пункту гледжання павелічэння экспарту высокатэхналагічнай прадукцыі: у тэхнапарку будуць створаны сотні сучасных рабочых месц.


У бягучым годзе ў Фаніпалі прадоўжыцца будаўніцтва завода па вытворчасці чыгуначнага пасажырскага гарадскога і прыгараднага электратранспарту (у гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс). У Барысаве наладжана вытворчасць па зборцы легкавых аўтамабіляў сумесна з кітайскай кампаніяй. У 2012 годзе ў Валожынскім раёне пачата рэалізацыя інвестпраекта па стварэнню аграпрадпрыемства па вытворчасці беконнай свініны. За кошт прамых замежных інвестыцый кампаніі з Нідэрландаў плануецца рэалізацыя праекта па вытворчасці лекавых прэпаратаў шляхам перапрацоўкі плазмы крыві.


Прывабнай для замежных інвестараў павінна стаць Нарачанская курортная зона.


- Аграпрамысловы комплекс Мінскай вобласці, займаючы ў структуры сельскагаспадарчых зямель рэспублікі крыху больш за 21 працэнт, вырабляе чвэрць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў агульнарэспубліканскім аб'ёме. На што робіцца стаўка ў АПК?


- Шлях да высокіх дасягненняў у АПК няпросты: ёсць праблемы, што назбіраліся гадамі, вырашаць якія даводзіцца адначасова з новымі задачамі, якія дыктуе час.


У мінулым годзе сельскагаспадарчыя арганізацыі вобласці вырабілі 2 млн. 300 тыс.т збожжа. Упершыню ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур дасягнула 38 ц/га (прыплюсавалі да 2011 года амаль 5 ц/га). А ў Нясвіжскім раёне ўраджайнасць дасягнула 64,5 ц/га, у Клецкім - 51 ц/га, Мінскім - 50 ц/га. У гэтым годзе плануем атрымаць ужо 2,5 млн.т збожжа.


У жывёлагадоўлі пераважна за кошт росту прадукцыйнасці за 2012 год на 9,3 працэнта павялічана гадоўля жывёлы і птушкі ў жывой вазе, сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы на гадоўлі і адкорме дасягнулі 598 г, свіней - 510 г. У мінулым годзе прадукцыйнасць дойнага статка склала 5047 кг. Пастаўлена больш за 1,5 млн.т малака.


За ўсімі гэтымі лічбамі - штодзённая праца многіх людзей, радавых работнікаў, спецыялістаў, кіраўнікоў. Менавіта яны забяспечваюць харчовую бяспеку краіны.


У 2012 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 24 сучасныя малочнатаварныя фермы, рэканструяваны і мадэрнізаваны 323. Лічу, што будучыня жывёлагадоўлі - за рабатызаванымі МТФ, у бліжэйшай перспектыве яны з'явяцца ў кожным раёне Мінскай вобласці. Будзе прадоўжана будаўніцтва пачатых у 2012 годзе сямі свінагадоўчых комплексаў з замкнёным цыклам агульнай магутнасцю 300 тыс. галоў.


У параўнанні з 2005 годам у Мінскай вобласці вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася ў 1,6 раза. На першы план выходзіць задача забеспячэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі, павышэння эканамічнай эфектыўнасці яе вытворчасці і рэалізацыі. Гэта значыць прыбытак і самафінансаванне павінны стаць галоўнымі крытэрыямі перспектыўнага развіцця галіны.


АПК вобласці ідзе па шляху стварэння буйных інтэграцыйных структур - аграпрамысловых холдынгаў, у якіх перапрацоўчыя прадпрыемствы і сельгасарганізацыі будуць працаваць у цеснай кааперацыі. На Міншчыне ўжо ёсць структуры, дзе ўкаранёны поўны цыкл вытворчасці, перапрацоўкі і рэалізацыі, - агракамбінаты "Сноў" і "Дзяржынскі". У бліжэйшай перспектыве холдынгавыя групы будуць створаны ў кожным раёне вобласці.


Перспектыва развіцця АПК - у далейшай інтэграцыі вытворчасці, перапрацоўкі і лагістыкі. Гэта дасць магчымасць у 2013 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях давесці выручку ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго працуючага ў сярэднім па вобласці да Br237 млн.


Адным з важнейшых напрамкаў работы ў 2013 годзе застанецца арганізацыя прэстыжных рабочых месц у сельскай мясцовасці. У выніку людзі атрымаюць стабільны, дастойны заработак, а вёскі - трывалую эканамічную і фінансавую базу для ўстойлівага развіцця.


- Вы неаднаразова падкрэслівалі, што галоўнай мэтай з'яўляецца павышэнне дабрабыту людзей, сацыяльная стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.


- Гэта маё глыбокае перакананне. На фоне дасягненняў у эканамічнай сферы дзейнасці важнейшым вынікам з'яўляецца павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.


За мінулую пяцігодку рэальная заработная плата ў Мінскай вобласці вырасла ў 1,6 раза, а за два гады бягучай пяцігодкі - у 1,2 раза. У снежні 2012 года намінальная заработная плата склала Br4 млн. 350 тыс., што ў эквіваленце больш за $500.


- Жыллёвая праблема, як вядома, была і застаецца адной з самых актуальных. Як яна вырашаецца ў Мінскай вобласці?


- З 2006 года ў рэгіёне ўведзена больш за 7 млн.кв.м жылля. Узровень жыллёвага будаўніцтва ў Мінскай вобласці застаецца адным з самых высокіх у рэспубліцы. Кожны пяты квадратны метр уведзенага жылля ў агульнарэспубліканскім аб'ёме - на рахунку Міншчыны.


За тры апошнія гады ў рэгіёне пабудавана больш за 3 млн.кв.м жылля. Гэта дае магчымасць штогод вырашаць жыллёвую праблему больш як 10 тыс. сем'яў, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Мінскай вобласці. У 2012 годзе, паводле папярэдніх даных, чакаецца ўвод агульнай плошчы жылых дамоў больш як 857 тыс.кв.м. А ў 2013 годзе трэба будзе пабудаваць 1 млн. 400 тыс.кв.м, у тым ліку 500 тыс.кв.м для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, што перавышае план 2012 года амаль у 2 разы.


На 1 студзеня 2013 года ў незавершаным будаўніцтве знаходзіцца 92 жылыя дамы ЖБК агульнай плошчай 538,2 тыс.кв.м, якія будуюцца з падтрымкай дзяржавы. Акрамя таго, у бягучым годзе плануецца пачаць будаўніцтва 82 жылых дамоў ЖБВК, якія сфарміраваны ў папярэднія гады. У 2013 годзе прадугледжана будаўніцтва 450 жылых дамоў у сельгасарганізацыях. Плануецца забяспечыць 382 сям'і жылымі памяшканнямі сацыяльнага карыстання, пабудаваць 1058 кватэр для шматдзетных сем'яў, 122 кватэры для адсялення пражываючых у старых і аварыйных жылых дамах. Гэта значна перавышае планавыя паказчыкі 2012 года.


Жыллё для людзей было і застаецца галоўным клопатам улады на месцах. Аднак у ліку прыярытэтаў і ўзвядзенне сацыяльна значных аб'ектаў.


За кошт сродкаў кансалідаванага бюджэту ў мінулым годзе ўведзены ў строй 2 агульнаадукацыйныя школы, плавальны басейн, 3 дзіцячыя сады, 4 фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, спартыўна-забаўляльны цэнтр у Маладзечне, 4 аб'екты культуры, 5 жылых дамоў для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, аўтавакзал у курортным пасёлку Нарач, завершана рэканструкцыя 3 аб'ектаў аховы здароўя, кінатэатра ў Маладзечне, гасцініцы ў Вілейцы.


- Цяпер шмат гавораць аб неабходнасці прыходу новай фармацыі кіраўнікоў, у тым ліку аб амаладжэнні кадравага складу. Якое ваша меркаванне, і па якому прынцыпу вы падбіраеце сваю каманду?


- Спачатку трэба вызначыцца з тым, што маецца на ўвазе пад азначэннем "маладыя кадры": невялікі прафесійны і жыццёвы вопыт або паспяховасць і дзелавітасць, сучасныя веды і ініцыятыўнасць. Маё глыбокае перакананне, што, падабраўшы прафесіянала на тую ці іншую пасаду, ім не трэба кіраваць, яму трэба толькі дапамагаць. Таму стаўку мы робім не на ўзрост кандыдата, а на яго кампетэнтнасць, адказнасць, здольнасць прымаць рашэнні і адказваць за іх, наяўнасць лідарскіх якасцей. Дарэчы, сам я стаў у 40 гадоў намеснікам міністра ЖКГ.


Што датычыцца маладых спецыялістаў, то ў апошнія гады ў Мінскай вобласці робіцца нямала для таго, каб дапамагчы ім у прафесійным станаўленні, вырашэнні жыллёва-бытавых праблем, уключэнні ў актыўнае грамадскае жыццё. Вядома, праблем нявырашаных тут яшчэ нямала. Возьмем хаця б такі факт: замацаванасць маладых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у сярэднім па вобласці ў 2010-2012 гадах склала 80,6 працэнта (у іншых рэгіёнах рэспублікі гэта лічба яшчэ ніжэйшая). Такі стан спраў не можа задавольваць, бо без творчых, дзелавых, дасведчаных маладых спецыялістаў немагчыма развіццё сельгасгаліны, мадэрнізацыя арганізацый, укараненне новых тэхналогій.


Алена ПРУС

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі