Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
28 студзеня 2013, 17:54

 Мінск гатовы да прыёму чэмпіянату свету па велатрэку

Беларусь з 20 па 24 лютага ўпершыню прыме чэмпіянат свету па велагонках на трэку. Для веладрома "Мінск-Арэны", які ў 2009 годзе паспяхова справіўся з правядзеннем еўрапейскага форуму, гэта будзе новы, больш сур'ёзны выклік, паколькі патрабаванні да першынства планеты значна вышэйшыя. Аб ходзе падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, аб магчымай колькасці ўдзельнікаў і гасцей, аб тэлетрансляцыях і цэнах на білеты, аб квоце для беларускай каманды і яе кадравых праблемах расказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту (БФВС) Аляксей Іваноў, які запэўніў, што "Мінск-Арэна" практычна ўжо гатова да прыёму прэстыжнага турніру.


- Ці вядома ўжо, колькі спартсменаў прымуць удзел у мінскім чэмпіянаце свету па велатрэку, і прадстаўнікі якой колькасці краін прыбудуць у сталіцу Беларусі?


- Першапачаткова мы меркавалі, што колькасць удзельнікаў чэмпіянату свету складзе амаль 500 гоншчыкаў з 50 краін. Гэтымі днямі Міжнародны саюз веласіпеднага спорту разаслаў рэйтынгі і квоты, выдзеленыя для кожнай з краін. На гэты момант права прыняць удзел у сусветным форуме маюць больш як 400 спартсменаў з 49 краін. Але да пачатку лютага ў іх яшчэ ёсць час вызначыцца, колькі гоншчыкаў яны пашлюць, у якіх дысцыплінах. Мы плануем, што ў асноўным усе краіны пацвердзяць удзел і накіруюць сваіх атлетаў у Мінск. Усяго ж на першынстве планеты будзе разыграна 19 камплектаў медалёў у розных дысцыплінах.


- Якая чакаецца агульная колькасць дэлегацый - разам з трэнерамі, адміністратарамі, суддзямі, афіцыйнымі асобамі, абслуговым персаналам?


- Плануемая колькасць гасцей (спартсменаў, трэнераў, персаналу, прадстаўнікоў СМІ і балельшчыкаў), якія наведаюць Мінск у дні спаборніцтваў, - да 2 тыс. чалавек. Для размяшчэння гасцей будзе задзейнічана дзевяць атэляў - "Краўн плаза", "Еўропа", "Прэзідэнт-атэль", "Планета", "Юбілейная", "Каля фантана", "Робінсан-клаб", "Вікторыя" і "Мінск".


- Ці паступалі заяўкі  ад замежных балельшчыкаў? Колькі чакаецца турыстаў, якія прыедуць на спаборніцтвы, і ці не спужаюць іх магчымыя праблемы з атрыманнем віз?


- Мы чакаем да 1000 чалавек замежных балельшчыкаў. З атрыманнем віз складанасцей узнікнуць не павінна. Мы працуем у цесным узаемадзеянні з усімі дзяржаўнымі структурамі, якія адказваюць за візавую падтрымку, за стварэнне максімальна спрыяльных умоў у пунктах перасячэння граніцы. Гэта ж датычыцца і перавозкі веласіпедаў, экіпіроўкі, іншай тэхнікі. Мы разумеем, што значная частка абсталявання будзе прыбываць як разам са спартсменамі праз аэрапорт, так і аўтаномна, без атлетаў - наземным шляхам.


- Які кошт білетаў і дзе іх можна набыць?


- Усяго больш як 200 пунктаў продажу білетаў па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Білеты прадаюцца ў касах "Мінск-Арэны", афіцыйнага білетнага аператара чэмпіянату свету кампаніі "Тыкет-про", а таксама іх можна свабодна набыць праз Інтэрнэт. Кошт абанементаў, якія дзейнічаюць ва ўсе дні чэмпіянату свету, складае ад 40 да 50 еўра, цана білетаў на адзін спаборніцкі дзень - ад 10 да 12 еўра.


- Колькі чакаеце замежных журналістаў?


- Ужо акрэдытаваліся 35 замежных прадстаўнікоў СМІ. Акрэдытацыя прадаўжаецца да 10 лютага. Беларускіх журналістаў чакаецца амаль 120 чалавек. Для работы прэсы будуць створаны ўсе ўмовы, прадугледжаныя рэгламентам. Мы працуем у адпаведнасці з дагаворам, падпісаным Беларускай федэрацыяй веласпорту і Міжнародным саюзам веласпорту. У ім дакладна прапісаны ў тым ліку і патрабаванні, звязаныя з работай акрэдытацыйнага цэнтра, з тэхнічнымі ўмовамі, якія неабходна прадаставіць для работнікаў СМІ. Мы ўсё гэта выконваем.


- Беларускія тэлегледачы змогуць убачыць трансляцыі мінскага чэмпіянату свету?


- У нас асноўным тэлевізійным вяшчальнікам выступае Белтэлерадыёкампанія. Яна фарміруе графік трансляцый. Лічу, самыя цікавыя гонкі будуць паказаны на яе каналах. Але ў свеце аўдыторыя трансляцый велагонак на трэку складае амаль 250 млн. чалавек. Чэмпіянат свету ў прамым эфіры будзе трансліравацца прыкладна на 50 краін, у запісе - на 75 краін. У значнай частцы тэлегледачоў у Мінску і іншых рэгіёнах Беларусі ёсць каналы "Еўраспорт" або "Расія 2". Там наш сусветны форум будзе ісці ў поўным аб'ёме, таму спаборніцтвы змогуць убачыць тэлегледачы не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце.


- З якімі складанасцямі або сюрпрызамі вы сутыкнуліся пры падрыхтоўцы да правядзення чэмпіянату свету? Ці шмат давялося дарабляць або перарабляць на веладроме "Мінск-Арэны"?


- У цэлым вялікіх праблем не было, таму што "Мінск-Арэна" - адзін з самых сучасных спартыўных аб'ектаў у Еўропе. У нас новы веладром, які адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням. Наша збудаванне з самага пачатку было практычна гатова да правядзення прэстыжных міжнародных стартаў. І калі амаль год таму кіраўнікі "Мінск-Арэны" на прэзентацыі ў час папярэдняга чэмпіянату свету ў Астраліі гаварылі аб тым, што мы гатовы правесці сусветны форум "хоць сёння", у дастатковай ступені гэта адпавядала рэчаіснаці. Вялікую падтрымку ў падрыхтоўцы нам аказвае Міністэрства спорту і турызму, Мінгарвыканкам. Арэна гатова да чэмпіянату мінімум на 90 працэнтаў. А пытанні, якія ўзнікаюць, звязаны з рабочымі момантамі. Напрыклад, трэба яшчэ нанесці рэкламу на палатно трэка і іншыя паверхні, трэба прыгожа ўсё расставіць, устанавіць пункты грамадскага харчавання, абсталяваць месцы для прадстаўнікоў прэсы, зрабіць для журналісцкіх месц подыум, каб было лепш відаць фінішную зону. Увогуле, засталіся ў асноўным тэхнічныя дэталі.


- На "Мінск-Арэне" хопіць месца для размяшчэння спартсменаў, веласіпедаў і іншага абсталявання?


- Паколькі на турнір прыедуць спартсмены прыкладна з 45 краін, зразумела, што існуючай стацыянарнай колькасці боксаў для захоўвання інвентару і экіпіроўкі на гэты момант не хапае. Але ў бліжэйшыя дні на тэрыторыі "Мінск-Арэны" мы інсталіруем амаль 30 дадатковых часовых боксаў для прыёму каманд.


- Акрамя саміх спаборніцтваў, ці прадугледжана забаўляльная праграма для гледачоў, і ці дазволена яна рэгламентам? Ці будзе ў зале нейкі каментарый для недасведчаных гледачоў, якія апынуцца на трыбунах упершыню і не вельмі разбіраюцца ў правілах спаборніцтваў? Якой будзе цырымонія адкрыцця?


- У нас ёсць добрыя ідэі па сцэнарыю адкрыцця. Але тут мы абмежаваны па часу гэтай часткі праграмы. Цырымонія пачнецца 20 лютага ў 18.30, па рэгламенту яна павінна заняць усяго 30 мінут, і мы павінны дакладна выконваць гэты рэжым. Акрамя выступленняў афіцыйных асоб, будзе і забаўляльная праграма. Хоць часу на яе выдзелена няшмат, яна, упэўнены, будзе дастойнай. Ёсць у нас задумы, пакуль не буду ўсё раскрываць, але гледачам будзе цікава. Прыходзьце, усё ўбачыце! Што датычыцца забаўляльных мерапрыемстваў для гледачоў у перапынках, то ў кожны з дзён антракт будзе ўсяго адзін - паміж ранішняй і вячэрняй спаборніцкімі сесіямі. А ў прамежках паміж заездамі часу не будзе - паўзы мінімальныя, усё адбываецца вельмі дынамічна. Што датычыцца саміх спаборніцтваў, то гонкі чэмпіянату для гледачоў на арэне традыцыйна каменціруюць два чалавекі. Адзін будзе працаваць на англійскай і французскай мовах, другі - на рускай. Гэта і традыцыя, і патрабаванне рэгламенту. Таму інфармацыі для гледачоў будзе дастаткова. Плюс да ўсяго выпусцім буклет, дзе ў даступным стылі будзе выкладзена, што ўяўляюць сабой тыя ці іншыя веласіпедныя дысцыпліны на трэку. Плануем выпусціць гэты буклет 15 лютага, за 5 дзён да чэмпіянату. Ён паступіць у продаж, гасцям жа чэмпіянату раздадзім яго ў якасці падарунка.


- Колькі валанцёраў будзе працаваць на чэмпіянаце?


- Нам неабходна да 100 чалавек. Цяпер мы ўжо зафрахтавалі 54 валанцёры, для якіх дакладна вызначаны зоны адказнасці. За час, які застаўся да турніру, прыцягнем адсутную колькасць.


- Ці будуць працаваць на веладроме пункты грамадскага харчавання для гледачоў, арганізаваны продаж атрыбутыкі з сімволікай чэмпіянату свету?


- Частку атрыбутыкі мы выраблялі за мяжой, частку - у Беларусі. На чэмпіянаце яе будзе дастаткова. Гэта і кашулі-пола, бейсболкі, ручкі, гальштукі, бірулькі, брэндзіраваная веласіпедная форма з лагатыпам чэмпіянату. Вызначаны і пункты грамадскага харчавання, усе адпаведныя дакументы падпісаны. Плануем, што будзе мінімум 10 пунктаў грамадскага харчавання. З улікам таго, што на веладроме адначасова будуць знаходзіцца да 2,5 тыс. чалавек (разам з удзельнікамі спаборніцтваў і гледачамі), то гэтага, на наш погляд, дастаткова.


- Пасля няўдачнага выступлення на лонданскай Алімпіядзе чакаліся сур'ёзныя перастаноўкі ў трэнерскіх карпусах мужчынскай і жаночай зборных Беларусі. Але, напрыклад, Станіслаў Салаўёў, адстаўка якога анансавалася, па-ранейшаму рыхтуе беларускіх гоншчыц...


- Салаўёў цяпер працуе ўжо ў якасці не галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай, а старшага. Цяпер ён поўнасцю сканцэнтраваўся на трэкавых дысцыплінах.


- Гэта магло неяк паўплываць на якасць падрыхтоўкі да чэмпіянату свету?


- На мой погляд, гэта не павінна было перашкодзіць. Мне здаецца, цяпер у Салаўёва з'явілася больш часу для работы з прадстаўнікамі трэкавых дысцыплін, ён атрымаў магчымасць засяродзіцца на падрыхтоўцы да чэмпіянату свету.


- Колькі гоншчыкаў мае права заявіць Беларусь на дамашні чэмпіянат свету, і колькі з іх выступяць на першынстве планеты ў Мінску?


- Наша квота - 14 чалавек: у чатырох мужчынскіх дысцыплінах і ў сямі жаночых відах праграмы. Яшчэ ў трох дысцыплінах (адной мужчынскай і дзвюх жаночых) беларусы пастаўлены ў ліст чакання і могуць выступіць у выпадку адмовы спартсменаў з іншых краін. Мы плануем гэту квоту вычарпаць поўнасцю. Адзінае, цяпер ідзе расследаванне наконт станоўчай допінг-пробы Таццяны Шараковай, якая ў час асенняга чэмпіянату Еўропы ў літоўскім Паневяжысе выкарыстоўвала спрэй мясцовага дзеяння ад насмарку, які мае забароненыя рэчывы. Мы чакаем рашэння Міжнароднага саюза веласіпедыстаў (УСІ). На гэтым тыдні дэлегацыя нашай нацыянальнай федэрацыі адправіцца ў Жэневу ў штаб-кватэру УСІ для абмеркавання гэтага пытання. Пакараннем можа быць як вымова, так і дыскваліфікацыя на два гады. Паспрабуем аказаць садзейнічанне Тані, каб яна магла прыняць удзел у дамашнім чэмпіянаце свету. Але гэта залежыць не толькі ад нас. А пакуль Таццяна рыхтуецца, трэніруецца. Зразумела, што эмацыянальны фон не вельмі добры, але мы ёй сказалі, што будзем за яе змагацца, і спадзяёмся, што яна дастойна выступіць у Мінску.


- Як праходзіць заключная частка падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў да чэмпіянату свету?


- Былі трэніровачныя зборы ў Турцыі, Сочы, Мінску. А блізкі да канчатковага склад зборнай Беларусі для ўдзелу ў чэмпіянаце свету вызначыцца 7-8 лютага, калі мы правядзём вялікую прэс-канферэнцыю, дзе раскажам аб ходзе падрыхтоўкі да планетарнага форуму і прадставім нашу каманду. Акрамя таго, правядзём прэзентацыю паштовай маркі, прысвечанай маючаму адбыцца чэмпіянату свету. Яе мы падрыхтавалі сумесна з "Белпоштай". Ну а канчатковы склад нашай дружыны вызначыцца за лічаныя дні да старту чэмпіянату свету.


- Помніцца, раней ішла размова аб талісмане чэмпіянату свету...


- На чэмпіянатах свету па велагонках на трэку талісманаў, як правіла, не бывае. У нас была задума, але падыход пры гэтым быў такі: калі атрымаецца стварыць удачны варыянт, то мы яго запусцім. Тут паказальны прыклад са слоганам чэмпіянату - "Ты пераможаш у Мінску!". Мы яго прыдумалі, ён усім спадабаўся, і мы яго ўзялі на ўзбраенне. Калі ёсць добрыя, прыгожыя рашэнні, мы іх запускаем. Прапановы па талісману былі, але нам здалося, што яны былі не таго ўзроўню, якія дастойны чэмпіянату свету. Таму талісмана ў нас, на жаль, няма.


- Чэмпіён свету-2008 па велатрэку Васіль Кірыенка адмовіўся выступаць на чэмпіянаце свету ў Мінску, паколькі сканцэнтраваўся на шашэйных велагонках. Не спрабавалі пераканаць яго ўсё ж такі выступіць дома?


- Я асабіста і з ім размаўляў, і з Канстанцінам Сіўцовым. Паколькі з імі мы маглі б прэтэндаваць на высокае месца ў мужчынскай каманднай гонцы. Але скажу так: у нас размежаваны паўнамоцтвы трэнерскага і адміністрацыйнага складаў нацыянальнай федэрацыі. І калі трэнерскі склад не палічыў патрэбным, каб мы прадставілі гэтых гоншчыкаў на дамашнім чэмпіянаце свету, то ў трэнераў трэба і спытаць, чаму яны так вырашылі. Асабіста ж я з Васілём размаўляў. А наогул у хлопцаў кантракты з прафесійнай брытанскай шашэйнай велакамандай "Скай", якая з'яўляецца адной з лепшых у свеце. Там у іх вялікая адказнасць, вялікая нагрузка, на беларусаў ускладаюць надзеі, ставяць сур'ёзныя задачы... Мне вельмі шкада, што іх не будзе на чэмпіянаце свету ў Мінску. Але спробы прыцягнуць іх былі.


- Які ўзровень гатоўнасці чэмпіёна свету-2008 Аляксандра Лісоўскага, які калісьці падаваў вялікія надзеі?


- Аляксандр заўсёды быў вялікай загадкай, вы ж помніце яго вельмі яркае выступленне на чэмпіянаце свету-2008 у Манчэстэры. Потым у яго былі траўмы, іншыя праблемы. Ад яго можна чакаць сюрпрызаў як у станоўчым напрамку, так і ў адмоўным. Цяпер жа не бяруся сказаць аб узроўні гатоўнасці Лісоўскага, напэўна, трэнеры на гэта пытанне лепш адкажуць.


- Ці ставіцца перад беларускімі гоншчыкамі нейкі медальны план на дамашнім чэмпіянаце свету?


- У нас ёсць чэмпіёнка свету Вольга Панарына. Безумоўна, чакаем, што яна пацвердзіць свой клас, будзе імкнуцца ўзняцца на п'едэстал у некалькіх дысцыплінах. Больш складана будзе ў жаночым камандным праследаванні, дзе дзяўчыны апошнія гады ўдачна выступалі. Усё ж такі на чэмпіянаце свету заваяваць медаль значна складаней, чым на чэмпіянаце Еўропы. Але яны будуць змагацца, я нават не сумняваюся. А што датычыцца Таццяны Шараковай, то пры добрым вырашэнні пытання з яе допускам на турнір у яе таксама будуць вялікія шанцы. Яна паказвае вельмі высокія вынікі ў многіх відах. Спадзяёмся, што выступленне будзе дастойным. Канкрэтны ж медальны план пакуль не агучваўся. Не выключаю, што ён будзе аб'яўлены на прэс-канферэнцыі 7-8 лютага, калі настане яснасць са складам нашай каманды. А за некалькі дзён да гэтага мы плануем правесці сход кіраўнікоў Беларускай федэрацыі веласпорту, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, куды будзе запрошана і каманда - трэнеры, спартсмены. Пойдзе размова аб стане зборнай напярэдадні старту, аб ходзе заключнай стадыі падрыхтоўкі, аб праблемах, планах, нашых магчымасцях.


Сяргей ВІШНЕЎСКІ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі