Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
11 лютага 2022, 17:21
Аляксандр Панамароў

Мінск - Будапешт: прагматызм у адносінах і непрыманне санкцыйных мер у палітыцы

Аляксандр Панамароў

Узаемадзеянне Беларусі з Венгрыяй характарызуецца адкрытасцю, будуецца ў атмасферы даверу і ўзаемаразумення. Важнасць гэтага адзначыў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА ў сувязі з 30-годдзем усталявання беларуска-венгерскіх дыпламатычных адносін Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Венгрыі Аляксандр Панамароў, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў гэтай краіне.

12 лютага 1992 года ў Будапешце міністры замежных спраў Беларусі і Венгрыі падпісалі Пратакол аб усталяванні дыпламатычных адносін. Дыпламат расказаў аб тым, што Мінск і Будапешт выступаюць за роўнасць у міжнародных адносінах, не прымаюць дыктату, паслядоўна адстойваюць прынцыпы неўмяшання ва ўнутраныя справы.

- Аляксандр Леанідавіч, як вы ацэньваеце ключавыя дасягненні ў беларуска-венгерскіх адносінах за мінулыя 30 гадоў і іх цяперашні стан?

- Адметнай рысай беларуска-венгерскіх адносін з'яўляецца шчырае імкненне да раўнапраўнага і прагматычнага дыялогу. За апошнія 30 гадоў усталявана і падтрымліваецца рэгулярнае ўзаемадзеянне па лініі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх дзяржаў і іншых профільных міністэрстваў, у тым ліку на ўзроўні кіраўніцтва.

У знак дружалюбнага характару адносін паміж нашымі краінамі арганізаваны абмен віншавальнымі пасланнямі паміж міністрамі замежных спраў з нагоды 30-годдзя беларуска-венгерскіх дыпламатычных адносін.

Хачу звярнуць увагу, што двухбаковае супрацоўніцтва ажыццяўляецца комплексна і па розных напрамках: створаны парламенцкія групы дружбы, міжурадавая камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, галіновыя рабочыя групы. Усё гэта складае аснову штодзённай работы па наладжванні мастоў узаемадзеяння.

Бадай што, галоўным вынікам шматгадовай стараннай і карпатлівай работы нашых урадаў і пасольстваў стала арганізацыя першага афіцыйнага візіту прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана ў Рэспубліку Беларусь у чэрвені 2020 года. Гэта важная вяха двухбаковых адносін, якая вывела палітычны дыялог на самы высокі ўзровень, заклала істотны патэнцыял развіцця супрацоўніцтва ў самых розных галінах.

- На вашу думку, які ўплыў аказала на развіццё двухбаковага дыялогу ахаладжэнне адносін Беларусі з Еўрапейскім саюзам?

- Хачу адзначыць, што нават пры агульным неспрыяльным кантэксце беларуска-еўрапейскіх адносін наша ўзаемадзеянне з Венгрыяй характарызуецца адкрытасцю, будуецца ў атмасферы даверу і ўзаемаразумення.

З венгерскімі калегамі мы імкнёмся не толькі слухаць, але і чуць адзін аднаго. Цікава, што пазіцыі дзвюх краін па асноўных пытаннях сусветнага парадку дня часта супадаюць. Мінск і Будапешт выступаюць за роўнасць у міжнародных адносінах, не прымаюць дыктату, паслядоўна адстойваюць прынцыпы неўмяшання ва ўнутраныя справы.

Так, Венгрыя з'яўляецца дзяржавай - членам Еўрапейскага саюза і павінна дзейнічаць у рэчышчы ўзятых на сябе абавязацельстваў гэтай арганізацыі, у тым ліку навязаных ключавымі актарамі ў ЕС санкцыяных рашэнняў адносна Беларусі.

Але ў адрозненне ад шэрага іншых краін Будапешт прытрымліваецца прагматычнага курсу выбудоўвання сваёй знешняй палітыкі, паказваючы сваім прыкладам, як захоўваць баланс інтарэсаў паміж Усходам і Захадам у міжнародных адносінах.

Прэм'ер-міністр Венгрыі неаднаразова афіцыйна заяўляў, што Будапешт не прымае санкцыйны падыход у палітыцы. Ужо больш за дзесяць гадоў краіна паспяхова прытрымліваецца курсу "Адкрыццё на Усход", развіваючы выгадныя партнёрскія адносіны з краінамі на ўсход ад Будапешта. І Беларусь займае ў гэтым напрамку сваё месца. Толькі за 2021 год нашы міністры замежных спраў двойчы сустракаліся на міжнародных пляцоўках, звяралі гадзіннікі па актуальных пытаннях міжнароднага і еўрапейскага парадку дня, праводзілі рэвізію пытанняў беларуска-венгерскага супрацоўніцтва.

У аснове двухбаковага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі грунтоўная дагаворна-прававая база, якая дазваляе рэгуляваць самыя разнастайныя галіны ўзаемадзеяння. І разам з тым мы прадаўжаем працаваць над новымі праектамі двухбаковых пагадненняў, удасканальваючы дагаворна-прававую базу, адаптуючы яе да сучасных тэндэнцый і запатрабаванняў нашых грамадзян і суб'ектаў гаспадарання.

- А як ідуць справы ў сферы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Венгрыяй?

- Аб'ём двухбаковага тавараабароту за 2021 год перасягнуў $232 млн, з якіх экспарт склаў амаль $90 млн.

Спад нашага экспарту абумоўлены тым, што ў гандлёвай статыстыцы з Венгрыяй з 2021 года адлюстроўваецца буйнейшая пазіцыя - саставы высакаскорасных двухпавярховых паяздоў КISS, што збіраюцца на заводзе "Штадлер Мінск". Гэта звязана з тым, што швейцарскі ўласнік вырашыў змяніць схему паставак паяздоў на венгерскі рынак. Такім чынам, "за дужкамі" беларускага экспарту ў Венгрыю засталося каля $60 млн.

Тым не менш праект вытворчай кааперацыі, пачаты ў 2019 годзе, прадаўжаецца. Большая частка з 40 збіраемых па кантракце ў Беларусі чыгуначных саставаў пастаўлена ўжо ў Венгрыю і курсіруе на прыгарадных лініях венгерскай сталіцы. Работы па вытворчасці сатаваў у Беларусі, іх наладцы і тэсціроўцы ў Венгрыі з прыцягненнем беларускіх спецыялістаў прадоўжацца аж да 2023 года.

Хачу звярнуць увагу, што ў мінулым годзе Мінскі трактарны завод праз сваю тавараправодную сетку істотна нарасціў пастаўкі трактароў у Венгрыю, у тым ліку новыя мадэлі з рухавікамі, адпаведнымі экалагічнаму класу Stage V. Экспарт трактароў у гэту краіну перасягнуў $7 млн, запасных частак да іх - $4 млн. З новай мадэллю камбайна, сертыфікаванага па еўрапейскіх стандартах, выйшаў на венгерскі рынак яшчэ адзін наш прамысловы холдынг ААТ "Гомсельмаш". Істотна, больш як на 40 працэнтаў, прыбавіла група тавараў дрэваапрацоўкі, дасягнуўшы $16 млн.

Нягледзячы на пандэмію, рост больш як 43 працэнты паказаў беларускі экспарт паслуг у Венгрыю, перасягнуўшы паказчык $20 млн.

Акрамя пошуку новых ніш для экспарту беларускай прадукцыі ў Венгрыю, у нашы задачы ўваходзіць ініцыяванне дзелавой актыўнасці венгерскіх кампаній у Беларусі, садзейнічанне пошуку партнёраў у нашай краіне. Для гэтых мэт мы перыядычна арганізуем дзелавыя форумы і круглыя сталы як на ўзроўні краін, так і на рэгіянальным узроўні. Так, прадстаўнічы беларуска-венгерскі гандлёва-эканамічны форум у анлайн-фармаце пад эгідай гандлёвых палат дзвюх краін быў праведзены ў красавіку 2021 года.

Прыемна, што венгерскія пастаўшчыкі тавараў і паслуг выказваюць зацікаўленасць у стварэнні вытворчасцей у нашай краіне: у 2021 годзе прыток венгерскіх інвестыцый у эканоміку Беларусі склаў$4,5 млн.

Да таго ж сёння мы знаходзімся ў актыўнай фазе перагавораў з патэнцыяльнымі венгерскімі інвестарамі ў сферы лічбавых адукацыйных тэхналогій, дыягнастычнага абсталявання для лабараторый.

- Аляксандр Леанідавіч, не так даўно вы ездзілі ў горад Пакш і знаёміліся з развіццём у краіне атамнай энергетыкі…

- Важным напрамкам супрацоўніцтва застаецца ўзаемадзеянне ў сферы атамнай энергетыкі. Венгрыя прыняла рашэнне аб пашырэнні магутнасцей сваёй АЭС у горадзе Пакш па праекце, рэалізаваным у Беларусі.

Гэта адкрывае цэлы спектр напрамкаў узаемадзеяння: ад экспарту будаўнічых паслуг да абмену вопытам і практыкай кіравання такім складаным стратэгічным аб'екткам, утылізацыі радыеактыўных адходаў. З Янашам Шулі, міністрам, адказным за будаўніцтва двух новых блокаў на АЭС "Пакш", мы якраз узгаднілі папярэдні графік візітаў венгерскіх дэлегацый у Беларусь, а таксама дамовіліся аб неабходнасці распрацаваць дадатковую дагаворна-прававую базу гэтага супрацоўніцтва.

- Ці развіваюцца міжрэгіянальныя сувязі раміж Беларуссю і Венгрыяй?

- Павінен адзначыць, што апошнім часам актывізаваліся патэнцыяльныя напрамкі міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, у тым ліку па лініі гандлёва-прамысловых палат, муніцыпальнага кіраўніцтва.

Так, у 2021 годзе было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Гомельскай вобласцю і вобласцю Дзьёр-Мошан-Шопран у Венгрыі, якое аформіла ў прававыя рамкі ўжо ўсталяваныя плённыя кантакты.

Дарэчы, у беларускага горада Астравец з'явіўся горад-пабрацім у Венгрыі - Гер'ен, які таксама размешчаны паблізу атамнай электрастанцыі.

Самае важнае ў развіцці двухбаковых адносін паміж краінамі - гэта, вядома ж, чалавечыя кантакты. На жаль, з-за пандэміі і закрыцця прамых авіязносін актыўнасць узаемных візітаў і паездак знізілася. Аднак з'яўляюцца новыя магчымасці, якія актыўна выкарыстоўваюць абодва бакі. Калі ў маі 2020 года мы правялі пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі ў анлайн-фармаце, то тады гэта было ў навінку для ўсіх, а сёння ўжо стала звычайнай практыкай.

Мы таксама прадаўжаем развіваць узаемадзеянне ў сферы адукацыі, чаму садзейнічае заключаная паміж урадамі Беларусі і Венгрыі праграма супрацоўніцтва. Яна адкрывае магчымасці для атрымання 10 стыпендый на навучанне ў Беларусі для венграў і 50 стыпендый на навучанне ў Венгрыі для беларусаў.

Акрамя таго, у якасці факультатыва прадаўжаецца вывучэнне беларускай мовы на базе філалагічнага факультэта Універсітэта Этвёша Лорана і венгерскай мовы на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

- Аляксандр Леанідавіч, вы ўжо завяршаеце сваю дыпламатычную місію па прадстаўленні інтарэсаў Беларусі ў Венгрыі. Падзяліцеся, калі ласка, уражаннямі ад знаходжання на венгерскай зямлі.

- Так, сапраўды, мая кадэнцыя ў Венгрыі завяршаецца ў сакавіку. Для мяне было вялікім гонарам прадстаўляць Рэспубліку Беларусь у дружалюбнай нам дзяржаве, атрымаць новыя веды па гісторыі гэтай унікальнай еўрапейскай нацыі, пазнаць і зразумець няпросты венгерскі менталітэт, атрымаць асалоду ад шэдэўраў венгерскай культуры, пакаштаваць далікатэсы венгерскай кухні.

Венгерскія гарады, асабліва Будапешт, багаты на архітэктурныя шэдэўры, а венгерская прырода надзвычай прыгожая. Венгрыя аказалася камфортнай для маёй сям'і. Нават венгерская мова, што лічыцца адной з самых складаных, у канцы знаходжання ўжо не здаецца такой цяжкай. Хоць асвоіць яе ў дастатковай меры за тры гады, на жаль, не атрымалася, у адрозненне ад майго малодшага сына, які размаўляе на ёй, не задумваючыся.

Час праляцеў непрыкметна ў многім дзякуючы таму, што ў Будапешце ўдавалася адчуваць сябе як дома, будучы ўпэўненым у шчырасці і добразычлівасці партнёраў, з якімі нас звязвала дыпламатычная работа.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі