Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
09 верасня 2014, 11:37

Мікалай Чаргінец: Правядзенне Дня пісьменства ў двухдзённым фармаце дало магчымасць больш шырока прадставіць тэму пісьменніцтва

Упершыню ў бягучым годзе Дзень пісьменства праводзіўся на працягу двух дзён. Як паўплываў новы фармат на літаратурнае свята і з якім настроем пакідалі Беларусь замежныя госці, расказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.


- Упершыню было прынята рашэнне праводзіць Дзень пісьменства на працягу двух дзён. Як гэта паўплывала на свята?


- Дзень пісьменства набыў характар не кароткай працэдуры, а мерапрыемства, якое больш шырока раскрыла тэму пісьменніцтва. Увага была ўдзелена і літаратарам, і іх творам. Гэта вельмі важна. Акрамя таго, змяніла характар і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу на лепшы твор года. Раней уладальнікаў узнагарод ушаноўвалі на розных пляцоўках. У гэтым годзе цырымонія аб'яднала іх на адной сцэне.


- Па традыцыі на ўрачыстасці прыязджаюць пісьменнікі з розных краін. Прадстаўнікі якіх дзяржаў наведалі Заслаўе?


- Да нас прыехалі госці з Расіі, Казахстана, Літвы, Таджыкістана, Малдовы, Арменіі, Азербайджана - усяго 14 чалавек.


Уражанні засталіся самыя цудоўныя. Паводле слоў некаторых гасцей, Беларусь - адзіная дзяржава, якая ўдзяляе літаратуры такую вялікую ўвагу і надае такое вялікае значэнне. У адрас Прэзідэнта гучалі добрыя словы за тое, што ён як кіраўнік дзяржавы падтрымлівае пісьменніцкі цэх маральна і па магчымасці матэрыяльна. Матэрыяльна, у першую чаргу, шляхам выдання кніг, правядзення такіх мерапрыемстваў, арганізацыі паездак пісьменнікаў па рэгіёнах краіны. Вядома, не ўсё ў нас атрымліваецца гладка. У размове з замежнымі гасцямі мы не ўтойвалі нашы недахопы, памылкі, а таксама расказвалі, якія праблемы ўдалося вырашыць пры падтрымцы дзяржавы.


- Якія кнігі беларускіх пісьменнікаў выклікалі найбольшую цікавасць у гасцей свята?


- Найбольшы рэзананс выклікалі Аляксандр Быкаў з кнігай "За межы круга", Алесь Савіцкі (раман "Обаль"), Таццяна Сівец (кніга "​​Куды прапала малпа Маня?"), Алена Міхаленка (кнігі "Таямніцы бабулінага клубка", "Падарунак для Хрыста", "Ластаўка"). Апошнія гады мы ўдзяляем увагу якаснай літаратурнай крытыцы, якая дапамагала б пісьменніку зразумець свае памылкі і паляпшаць работу над творамі. У сувязі з гэтым хочацца назваць імя Яўгена Гарадніцкага і серыю яго літаратуразнаўчых артыкулаў.


- На вашу думку, якія з апошніх кніжных навінак варта пачытаць?


- Я параіў бы моладзі пачытаць кнігу беларускага пісьменніка Вячаслава Бандарэнкі "Героі Першай сусветнай". У творы размова ідзе пра тую абстаноўку, якая склалася ў Беларусі ў ваенныя гады, акцэнт зроблены на праўду і на паказ таго, што ўдалося перажыць нашым салдатам, афіцэрам. У нашай літаратуры гэта тэма вельмі слаба развіваецца. А ад праўды ж не трэба адыходзіць.


Святлана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі