Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
02 верасня 2011, 15:16

МАТРЫЦА САЦАБАРОНЫ

Беларусь захоўвае сацыяльна арыентаваную палітыку, нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы. На нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць прыняцця шэрагу мер па сацыяльнай абароне малазабяспечаных слаёў насельніцтва і работнікаў бюджэтнай сферы. Аб тым, якія захады будуць зроблены ў гэтым напрамку, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік.

- Анатоль Апанасавіч, 30 жніўня на нарадзе ў Прэзідэнта было даручана аказаць бюджэтнікам і пенсіянерам разавую дапамогу ў памеры Br500 тыс. Гэта сума будзе выплачвацца ўсім або ў залежнасці ад узроўню даходу кожнага канкрэтнага чалавека?

- Справа ў тым, што ўзровень даходу вызначыць даволі складана, таму было прынята рашэнне аказаць падтрымку ўсім бюджэтнікам і пенсіянерам. Спачатку будзе выплата ў памеры Br500 тыс. У далейшым узмацненне сацпадтрымкі пенсіянераў будзе ажыццяўляцца праз павелічэнне памераў пенсій (дата вызначана ўказам - з 1 лістапада бягучага года). Што датычыцца бюджэтнікаў, то іх даходы крыху ўзрастуць пасля павышэння тарыфнай стаўкі першага разраду (магчыма, таксама з 1 лістапада 2011 года). Да гэтага часу будзе праводзіцца індэксацыя ў адпаведнасці з інфляцыяй.

- А ў чым сутнасць матрыцы сацабароны, аб выпрацоўцы якой гаварыў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч?

- Сутнасць яе ў тым, каб у пытаннях сацыяльнай абароны насельніцтва прымяняць сістэмны мэтавы падыход. У матрыцу ўваходзіць аказанне дапамогі пенсіянерам, студэнтам, інвалідам (у краіне налічваецца 2,5 млн. пенсіянераў, каля 450 тыс. студэнтаў і 504 тыс. інвалідаў). Таксама трэба аказаць падтрымку сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, маці, якія знаходзяцца ў водпуску па догляду дзіцяці, і тым людзям, якія даглядаюць інвалідаў першай групы. Не выпусціць з-пад увагі ніводнай катэгорыі насельніцтва, якая мае патрэбу ў падтрымцы, - вось галоўная задача матрыцы.

Але пры гэтым заўважу, што важна не перабраць. Хачу звярнуць увагу на тое, што людзі павінны не толькі спадзявацца на дапамогу дзяржавы, але і рабіць самастойныя захады для паляпшэння свайго матэрыяльнага становішча. Паколькі ёсць такія, хто, напрыклад, не дапамагае сваім хворым бацькам. Цяпер мы пераважна ўздзейнічаем на іх словамі, заклікаем да сумлення. А потым, магчыма, будзем звяртацца і да адміністрацыйных мер.

Зразумела, у краіне дзейнічаюць агульныя прынцыпы. Аднак за імі трэба бачыць канкрэтнага чалавека. Сельсаветы, раённыя выканаўчыя камітэты, органы па працы, занятасці і сацабароне павінны ведаць кожнага, каму неабходна дапамога.

- Анатоль Апанасавіч, якія меры плануецца прыняць для падтрымкі студэнтаў?

- Будзе праводзіцца індэксацыя стыпендый, як і індэксацыя даходаў бюджэтнікаў. Мяркую, што ў бліжэйшы час будзе падпісаны ўказ, які будзе рэгуляваць памер стыпендый. У бліжэйшыя дні ўрад па даручэнню кіраўніка дзяржавы падрыхтуе праект гэтага дакумента.

- Ці разглядаецца пытанне аб павышэнні памеру матэрыяльнай дапамогі іншагароднім студэнтам, якія здымаюць жыллё? І колькі ў гэтым навучальным годзе будзе каштаваць пражыванне ў студэнцкіх інтэрнатах?

- Прынята рашэнне зрабіць плату за пражыванне ў студэнцкім інтэрнаце дыферэнцаванай. Згадзіцеся, што плата Br15,7 тыс. за пражыванне ў камфартабельным пяцімесным блоку з двух пакояў з кухняй і санвузлом проста нелагічная. Цяпер такія віп-умовы будуць каштаваць тры базавыя велічыні - Br105 тыс.

Справядліва аплачваць пражыванне ў інтэрнаце ў адпаведнасці з узроўнем яго камфартабельнасці. Так, пражыванне ў інтэрнатах з нізкім узроўнем камфартабельнасці будзе каштаваць студэнту адну базавую велічыню (Br35 тыс.), у інтэрнатах другога ўзроўню - дзве базавыя велічыні, трэцяга - тры базавыя. Атрыманыя сродкі будуць паступаць у распараджэнне вышэйшай навучальнай установы, і за іх кошт плануецца аказваць дапамогу тым студэнтам, якія вымушаны здымаць жыллё з-за няхваткі месц у інтэрнатах.

Аднак студэнты павінны разлічваць не толькі на дапамогу ВНУ або дзяржавы, але і імкнуцца зарабляць самім. У еўрапейскіх універсітэтах студэнты працуюць дворнікамі, прыбіральшчыкамі, пасудамыйкамі, афіцыянтамі. У нас таксама ёсць магчымасць прадастаўляць студэнтам рабочыя месцы, якія не патрабуюць спецыяльнай кваліфікацыі. Я прасіў рэктараў, каб у фае кожнай ВНУ былі вывешаны спісы вакансій для студэнтаў.

Дзяржава, вядома ж, прадоўжыць аказваць падтрымку малазабяспечаным студэнтам, але нельга разлічваць толькі на гэту дапамогу.

- Гэта, безумоўна, важна, што студэнты змогуць падзарабіць на рабочых месцах, якія не патрабуюць высокай кваліфікацыі. Разам з тым многія маладыя людзі хацелі б працаваць па профілю сваёй будучай спецыяльнасці. Аднак зусім не ўсе наймальнікі гатовы прымаць іх на работу...

- Цяпер у Беларусі праводзіцца сур'ёзная карэкцыя зместу навучальнага працэсу, аб гэтым неаднаразова гаварыў Прэзідэнт. І хутка студэнт 3-4 курса будзе накіроўвацца на стажыроўку па спецыяльнасці. Мяркуем, што ён такім чынам будзе не толькі набываць вопыт работы, прымяняючы на практыцы атрыманыя ў ВНУ тэарэтычныя веды, але і атрымліваць заработную плату.

- На нарадзе ў Прэзідэнта гаварылася аб спецыяльным фондзе, у якім будуць акумулявацца звышдаходы ад росту цэн. З якіх крыніц гэты фонд будзе фарміравацца, і якія механізмы будуць выкарыстоўвацца для пераразмеркавання сабраных сродкаў на сацпадтрымку?

- Мы аб гэтым яшчэ думаем. Сродкі ў фонд будуць акумулявацца за кошт падаткаў ад атрыманага прыбытку. Калі хтосьці думае аб нейкіх адміністрацыйных выключэннях, то гэта не так. Усё будзе ў адпаведнасці з Падатковым кодэксам і нацыянальным заканадаўствам.

Калі цэны будуць павышацца, то павялічацца і сумы падаткаў, якія паступаюць у бюджэт. Нам неабходна прадумаць, праз якія механізмы гэтыя ўзросшыя паступленні пераразмеркаваць у інтарэсах людзей. Можа, праз заработную плату ў бюджэтнай сферы, праз фінансаванне адукацыі і медыцыны, праз пенсіі і стыпендыі. Усё гэта неабходна для таго, каб забяспечыць нармальны жыццёвы ўзровень насельніцтва.

Дзяржава гэтыя грашовыя сродкі ў які-небудзь мяшок складваць не збіраецца і не мае намеру траціць на ўласныя патрэбы. Праз бюджэт і адпаведныя фонды грошы будуць пераразмяркоўвацца ў інтарэсах грамадзян.

Кацярына МАРКОВІЧ,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі