Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
19 жніўня 2015, 15:55

Мар'яна Шчоткіна: Кар'ерны рост - з'ява, якая праходзіць, а дзеці - гэта назаўсёды

Беларусь уваходзіць у лік 16 краін свету, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын роўны або перасягае аналагічны паказчык сярод мужчын. Добрая статыстыка, вядома, грэе жаночую душу, аднак статыстыка, як вядома, - рэч адносная. Абсалютны ж баланс правоў і магчымасцей жанчын і мужчын не дасягнуты пакуль ні ў адной краіне свету. У чым падабенства і адрозненне беларусак ад прадстаўніц іншых краін, ці можна дабіцца гендарнай раўнавагі ў аплаце працы, ці стане карацейшым водпуск па доглядзе дзіцяці і ці ўвядуць абавязковы "татаў водпуск", ці рэальная перспектыва збліжэння пенсійнага ўзросту для мужчын і жанчын - аб гэтым у гутарцы карэспандэнта БЕЛТА з міністрам працы і сацыяльнай абароны, новым старшынёй Беларускага саюза жанчын (БСЖ) Мар'янай Шчоткінай.


- Мар'яна Акіндзінаўна, у чым падабенства і адрозненне беларусак ад прадстаўніц іншых еўрапейскіх краін?


- Тэндэнцыі практычна аднолькавыя: жанчыны ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, жывуць даўжэй за мужчын, сталі пазней заключаць шлюб і нараджаць дзяцей, яны больш адукаваныя, узровень іх занятасці і ўдзелу ў эканоміцы пастаянна ўзрастае. Падобныя і праблемы: існуе разрыў у заработнай плаце мужчын і жанчын, у сямейным жыцці жанчыны больш загружаныя, чым мужчыны. Ёсць і кардынальныя адрозненні. Напрыклад, пенсійны ўзроставы парог для беларусак амаль на дзесяць гадоў ніжэйшы, чым у большасці краін Еўропы і свету. Так, сярэдні пенсійны ўзрост у Еўропе - 65 гадоў (у Германіі - 67, Даніі - 69, Італіі - 68, Балгарыі - 63 гады).


- Ці мэтазгодна збліжэнне пенсійнага ўзросту для мужчын і жанчын у Беларусі?


- Адназначна адказаць складана. У сусветнай практыцы збліжэнне пенсійнага ўзросту мужчын і жанчын - адна з умоў дасягнення гендарнай роўнасці. Пагадзіцеся, 55 гадоў - актыўны і прадукцыйны ўзрост, які ў сучасных умовах складана суаднесці з непрацаздольнасцю.


 У Беларусі чаканая працягласць жыцця для жанчын, якія дасягнулі 55 гадоў, складае 26 гадоў, у той час як для мужчын, якія дасягнулі ўзросту 60 гадоў, - 15,5 года. Сярэдні ўзрост працуючых жанчын - 41 год, мужчын - 41,6 года, і гэта пры пяцігадовай розніцы ва ўзросце выхаду на пенсію. Большасць жанчын пасля дасягнення пенсійнага ўзросту могуць і хочуць працаваць, ім мала быць запатрабаванымі толькі дома. Паводле статыстыкі, у эканоміцы рэспублікі працуюць 15 працэнтаў жанчын ва ўзросце за 55 (а гэта, між іншым, кожная сёмая працуючая жанчына). Разам з тым трэба ўлічваць існуючыя ў краіне сацыяльныя і эканамічныя ўмовы, нацыянальныя традыцыі і менталітэт. Гэта своеасаблівы бонус жанчыне за неаплатную дамашнюю працу, клопат аб членах сям'і і выхаванне дзяцей. Таму рашэнне па гэтым пытанні павінна быць узважаным.


- Паводле ацэнкі экспертаў Міжнароднай арганізацыі працы, для забеспячэння гендарнай роўнасці ў аплаце працы спатрэбіцца яшчэ не менш як 70 гадоў. А колькі гадоў трэба ў Беларусі, каб дабіцца гендарнага балансу?


- Ацэнкі экспертаў якраз і пацвярджаюць, што гэта пытанне актуальнае для многіх краін. Заработная плата ў Беларусі не дыферэнцыруецца ў залежнасці ад полу, яна залежыць ад галіны, у якой чалавек працуе, узроўню яго кваліфікацыі, пасады. У Беларусі ў жанчын ёсць магчымасці для рэалізацыі ў прафесіі.


Згодна са статыстыкай, сярод дзяржаўных служачых жанчыны складаюць 68,5 працэнта, у вышэйшых органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады - 55,4 працэнта. Беларусь - адна з нямногіх краін, дзе ўзровень удзелу жанчын у мясцовых выканаўчых і распарадчых органах (62,7 працэнта) перасягае ўзровень удзелу мужчын. І гэта не ўлічваючы сельскіх выканкамаў, дзе ў большасці працуюць жанчыны.


Сярод занятых у эканоміцы рэспублікі жанчын - 54,7 працэнта, з іх 9,2 працэнта працуюць на пасадах кіраўнікоў. Сярод мужчын паказчык не намнога вышэйшы - 11,9 працэнта.


- У Беларусі сапраўды высокае прадстаўніцтва жанчын і ў эканоміцы, і ў органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады. Аднак пры гэтым яны пераважна іграюць другую скрыпку, гэта вечнае сярэдняе звяно - на кіруючых пасадах жанчын усё ж няшмат. Чаму пры высокім адукацыйным узроўні жанчын яны не на першых ролях? І ці не пара ўводзіць гендарнае кватаванне?


- Гендарныя квоты - фармальнае захаванне "крытычнай масы" жанчын у палітычнай партыі або ў савеце дырэктараў кампаніі. Сёння гэта даволі распаўсюджаная мера ў скандынаўскіх краінах, а таксама ў Ірландыі, Іспаніі, Партугаліі, Францыі, Германіі, асабліва адносна прадстаўніцтва жанчын у палітычных партыях.


Здаецца, усё проста: варта толькі заканадаўча ўстанавіць лічбавую мяжу - і гендарны баланс забяспечаны. Але, каб гэты механізм паўнацэнна функцыянаваў, павінен быць забяспечаны шэраг умоў. І першая з іх - гэта дастатковая колькасць адукаваных, кваліфікаваных жанчын, здольных прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Калі ў еўрапейскіх краінах уводзілі квоты, то кампаніі сутыкнуліся з адсутнасцю жаночага рэзерву. Гэта быў зорны час для агенцтваў, якія ўзяліся за падрыхтоўку жанчын для кіруючых пасад.


Напрыклад, у Германіі з 1 студзеня 2016 года ўступае ў сілу квота для прыватных кампаній з колькасцю супрацоўнікаў больш як 2 тыс. чалавек - жанчыны павінны займаць у савеце дырэктараў не менш як 30 працэнтаў ад агульнай колькасці кіраўнікоў. Пры гэтым, паводле даных Мінюста ФРГ, у 200 буйнейшых нямецкіх фірмах у сярэднім доля жанчын у вышэйшым органе кіравання на канец 2014 года была ўсяго толькі 18,4 працэнта, а ў складзе праўленняў - 5,4 працэнта.


Акрамя таго, нельга скідаць з рахункаў, што не заўсёды жанчыны, якія прыйшлі да ўлады, выступаюць праваднікамі гендарна важных ідэй і прынцыпаў. Напрыклад, Маргарэт Тэтчэр за 11-гадовы перыяд свайго прэм'ерства не ўвяла ў кабінет міністраў Вялікабрытаніі ніводнай жанчыны.


Пераканана, што кар'ерны рост жанчын, як і мужчын, павінен ажыццяўляцца ў адпаведнасці з прафесійнымі і асобаснымі якасцямі.


- І адсюль выснова, што ў Беларусі на цяперашнім этапе ўвядзенне гендарнага кватавання нерэальна?


- Нягледзячы на адсутнасць кватавання, у нашай краіне практычна дасягнута дэкларуемае міжнароднымі дакументамі 30-працэнтнае прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў: у Нацыянальным сходзе іх 29,7 працэнта. Для параўнання: у свеце прадстаўніцтва жанчын у двухпалатных парламентах складае ў сярэднім 22,2 працэнта, у Еўрапейскім рэгіёне ў дзяржавах - удзельніцах АБСЕ (уключаючы скандынаўскія краіны) - 25,4 працэнта.


- Але пры гэтым ёсць крыўдная розніца ў аплаце працы жанчын і мужчын. Чым яна тлумачыцца?


- Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, суадносіны намінальнай налічанай сярэдняй заработнай платы жанчын і мужчын у снежні 2009 года складала 74,6 працэнта, 2013-га - 74,5 працэнта, 2014-га - 76,6 працэнта.


Чым абумоўлены гендарны разрыў у аплаце працы жанчын і мужчын? Перш за ўсё, гэта тлумачыцца высокай удзельнай вагой працуючых мужчын у прамысловасці, будаўніцтве, цяжкім машынабудаванні, дзе шкодныя і небяспечныя ўмовы, высокая напружанасць працы і таму больш высокая зарплата. Калі розніца ў аплаце працы ў хімічнай вытворчасці складае 40,1 працэнта, то ў сферы абслугоўвання і гандлі заработная плата жанчын вышэйшая, чым мужчын на 12,8 працэнта.


Уступныя кампаніі наглядна дэманструюць гендарныя густы маладых людзей у выбары прафесій. Напрыклад, у 2012/2013 навучальным годзе па спецыяльнасці "архітэктура і будаўніцтва" навучалася 7 тыс. дзяўчат і 18,9 тыс. юнакоў, "тэхніка і тэхналогіі" - 22,6 тыс. дзяўчат і 61,8 тыс. юнакоў.


- У Беларусі, як і ў іншых краінах, ёсць пералік прафесій і спецыяльнасцей, як кажуць, толькі для мужчын. Наколькі гэта апраўдана ў наш час?


- У арганізацыях рэспублікі налічваецца больш за 702 тыс. шкодных і небяспечных рабочых месц. Безумоўна, іх становіцца з кожным годам менш за кошт мадэрнізацыі вытворчасці, укаранення новых тэхналогій. Але ў некаторых галінах (нафтахімічная, горнаперапрацоўчая і іншыя) шкодныя і небяспечныя ўмовы працы застануцца і ў будучым - такая спецыфіка гэтых вытворчасцей.


У Беларусі зацверджаны Спіс цяжкіх работ і работ са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы, а таксама работ, прафесій і пасад, на якіх забараняецца прымяненне працы жанчын. У мінулым годзе ў гэты дакумент былі ўнесены значныя змяненні пастановай нумар 35 Мінпрацы і сацабароны. Цяпер умовы працы работніка вызначаюцца не назвай яго прафесіі або пасады, а залежаць ад тэхналагічнага працэсу, абсталявання і арганізацыі працы на канкрэтным рабочым месцы. Забаронная норма дзейнічае толькі ў выпадку аднясення работ да шкодных або небяспечных.


Рэалізацыя гэтых навацый будзе садзейнічаць не толькі пашырэнню магчымасцей працаўладкавання жанчын, але і павышэнню зарплаты. У той жа горназдабываючай прамысловасці ўзровень аплаты працы на 30 працэнтаў вышэйшы за сярэдні паказчык па краіне.


Хацела б дадаць, што пры змяненні заканадаўства, у тым ліку па "забаронных" прафесіях, мы вывучаем і ўлічваем меркаванне людзей. Калі я наведвала першае рудаўпраўленне ААТ "Беларуськалій", да мяне звярнуліся работніцы з прапановай аб зняцці абмежаванняў на прымяненне працы жанчын на работах, звязаных з навучаннем і стажыроўкай пад зямлёй, з атрыманнем, захоўваннем і выдачай гаруча-змазачных матэрыялаў, абслугоўваннем стацыянарных механізмаў з аўтаматычным кіраваннем і г.д. пытанне было вырашана станоўча: наймальнікі атрымалі права прыцягваць жанчын да выканання работ, прадугледжаных Спісам, калі ў выніку ўдасканалення тэхналагічных працэсаў, укаранення сучаснай тэхнікі, прымянення новых форм арганізацыі працы ўмовы работы прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі санітарных норм.


- Жанчыны працуюць у асноўным у сферы паслуг і ў бюджэтнай сферы, дзе заработак ніжэйшы, чым у сярэднім па рэспубліцы. Зразумела, што калі павысіцца ўзровень аплаты працы бюджэтнікаў, то зменшыцца гендарны разрыў у цэлым, гэта так?


- У Беларусі пастаўлена задача максімальна наблізіць зарплату работнікаў бюджэтнай сферы да сярэдняй заработнай платы па краіне. Гэтыя суадносіны ў чэрвені бягучага года склалі 80,8 працэнта.


Пагадзіцеся, жыццё кожнага чалавека звязана з вынікамі працы настаўнікаў і ўрачоў, работнікаў культуры, фізкультуры і спорту і інш. Павышэнне ўзроўню аплаты працы для работнікаў бюджэтнай сферы будзе садзейнічаць росту прывабнасці такіх патрэбных грамадству прафесій, павышэнню іх аўтарытэту. Але трэба разумець, што павышэнне аплаты працы бюджэтнікаў залежыць непасрэдна ад фінансавых магчымасцей дзяржавы, інакш кажучы, ад работы эканомікі.


- У развітых краінах свету рабочае месца ацэньваецца не толькі зыходзячы са стартавай зарплаты, але і з перспектыў развіцця.


- У гэтым плане Беларусь не выключэнне, такія сучасныя падыходы ўласцівыя ў нас у першую чаргу маладым людзям - яны выбіраюць рабочае месца, якое прадастаўляе больш магчымасцей для прафесійнага росту. І гатовы да хуткай змены работы, калі рух наперад застопарыўся, паколькі разумеюць, што застыць на адным узроўні - значыць, упусціць перспектывы. Зрэшты, гэта адносіцца не толькі да моладзі.


- А да вас асабіста?


- Я таксама пастаянна вучуся. Спыненне ў развіцці небяспечна для любога работніка, незалежна ад займаемай пасады. Але чым вышэйшая пасада, тым больш неабходна працаваць над сабой. Ад таго, наколькі кіраўнік аператыўна і кампетэнтна прымае рашэнні, залежыць не толькі поспех справы, але іншым часам і лёсы людзей.


- Атрымліваецца, лянівы мозг - гэта фактар зніжэння зарплаты для канкрэтнага работніка ў сучасных умовах.


- Сёння мала заняць рабочае месца - трэба на ім утрымацца ва ўмовах узрастаючай канкурэнцыі, рыначных адносін. Наймальнік выбірае лепшага работніка. Любая спецыяльнасць, ці то слесар або інжынер, архітэктар або будаўнік, патрабуе ад чалавека ўмення думаць, хутка перабудоўвацца ва ўмовах імклівага развіцця сучасных тэхналогій.


- Як вядома, у Беларусі роўнасць працоўных правоў мужчын і жанчын замацавана Працоўным кодэксам, дыскрымінацыя забаронена. Але тым не менш работадаўцы ўсё ж аддаюць перавагу - пры іншых роўных пазіцыях - мужчынам. Ці гэта не так? Дарэчы, сярод вашых намеснікаў толькі мужчыны...


- Пачну з адказу на вашу рэмарку. Цяпер усе чатыры намеснікі міністра працы і сацабароны - мужчыны, але так было не заўсёды. На гэтай пасадзе ў розны час працавалі жанчыны, і я ў свой час была сярод іх. Кандыдатуры жанчын разглядаліся ў якасці прэтэндэнтаў на гэту пасаду. Ратацыя кадраў адбываецца пастаянна і не выключана, што ў будучым на гэтыя пасады будуць назначаны жанчыны.


Што датычыцца густаў наймальнікаў, то, будзем шчырыя, бываюць такія выпадкі, асабліва гэта датычыцца маладых работнікаў. Наймальнік, робячы выбар паміж прэтэндэнтамі, трымае ў памяці, што жанчына - патэнцыяльная маці яна рана ці позна пойдзе ў водпуск па доглядзе дзіцяці на тры гады, непазбежны бальнічныя, раннія адыходы з работы, паколькі дзіця трэба забраць з сада, са школы і г.д.


Дарэчы, ужо не рэдкасць, калі жанчына ў рэзюмэ адзначае, што часткова на бальнічны будзе хадзіць муж, а бацькі акажуць дапамогу ў доглядзе дзіцяці. Такая салідарнасць сям'і і разуменне з боку наймальніка прагрэсіўныя, яны на карысць і справе, і сям'і.


Вельмі важна, каб групы падоўжанага дня (аб'яднаныя для школьнікаў з розных класаў) працавалі даўжэй - па аналогіі з дзяжурнымі групамі ў дзіцячых садах (гэтыя пытанні знаходзяцца на пастаянным кантролі ў Міністэрстве адукацыі). Неабходна ствараць умовы, дружалюбныя сям'і, і ў гэты працэс актыўна ўключаць саміх наймальнікаў.


- А можа, варта адысці ад 3-гадовага водпуску па доглядзе дзіцяці?


- Я супраць змяншэння працягласці водпуску па доглядзе дзіцяці. Жанчына і члены яе сям'і разам вырашаюць, хто і колькі часу будзе знаходзіцца ў такім водпуску, тым больш што тры гады - не абавязак, а права. Галоўнае, што дзяржавай прадастаўлена магчымасць працяглага догляду малыша.


Дарэчы, такі працяглы водпуск па доглядзе дзіцяці (да 3 гадоў) устаноўлены ў Расіі, Украіне, Казахстане. Але не ўсюды аплачваецца ўвесь перыяд. Так, у Расіі дапамога назначаецца да спаўнення дзіцяці 1,5 года, у Казахстане - да 1 года. У большасці краін свету водпуск па доглядзе дзіцяці значна меншы: у ЗША, Ізраілі - 12 тыдняў, у Еўропе - ад 6 месяцаў да 2 гадоў (у Даніі - 32 тыдні, у Італіі - 6 месяцаў да спаўнення дзіцяці 3 гадоў і яшчэ 5 месяцаў да яго васьмігоддзя, у Германіі - 22 месяцы да спаўнення дзіцяці 3 гадоў).


- На маю думку, у Беларусі пара ўжо ўводзіць абавязковы водпуск для бацькаў. На ваш погляд, гэта дзейсная мера для фарміравання адказнага бацькоўства, для ўключэння бацькаў у сямейнае жыццё і наладжвання кантакту з дзіцем?


- Сапраўды, у краінах Паўночнай Еўропы (Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя, Данія) заканадаўча ўстаноўлены абавязковы водпуск для бацькаў, так званая квота для бацькаў, і больш за 80 працэнтаў бацькаў выкарыстоўваюць яго. Водпуск для бацькаў - вельмі добрая мера, але грамадства павінна прыйсці да гэтых мер, прыняць як жыццёвую норму ў інтарэсах гарманічнага развіцця дзяцей. У пытаннях аднолькавага ўдзелу ў іх выхаванні важны сустрэчны рух - грамадскіх настрояў і заканадаўчага рэгулявання.


Апошнія гады стаўленне да інстытута сям'і ў беларускім грамадстве - у пазітыўнай дынаміцы. Гэтыя настроі трэба развіваць і падтрымліваць.


- Мацярынства часта дорага абыходзіцца працуючым жанчынам: яны пазбаўляюцца многіх кар'ерных пераваг, якія ёсць у тых, каму не даводзілася выходзіць у дэкрэтны водпуск. У той жа час працуючая маці дваіх-траіх дзяцей проста фізічна не можа ўдзяляць ім шмат часу. На што жанчыне трэба рабіць галоўную стаўку: на прафесійны рост або на мацярынства? І ў якім выбары ў большай ступені зацікаўлена дзяржава?


- Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб кожны чалавек рэалізаваў тыя мэты, якія ён ставіць перад сабой.


Дазвольце з вамі не пагадзіцца наконт першага тэзіса. Па маім глыбокім перакананні, менавіта асобасны выбар вызначае магчымасці і шляхі самарэалізацыі чалавека. Я ведаю нямала жанчын, у якіх трое-чацвёра-пяцёра дзяцей, і пры гэтым яны вельмі паспяховыя ва ўсім, у тым ліку ў прафесіі, у бізнесе, на дзяржслужбе. Яны не адчуваюць унутранага канфлікту, абумоўленага неабходнасцю штодзённага выбару паміж сям'ёй і кар'ерай, у іх атрымліваецца гэта гарманічна спалучаць. Усё залежыць ад чалавека, кожны па-свойму разумее і выбудоўвае "план-графік" асобаснага росту.


Маё меркаванне: кар'ерны рост - з'ява, якая праходзіць, а дзеці - назаўсёды. Не веру, калі жанчына гаворыць, што не хоча мець дзяцей. Можа, яна і не хоча іх у 30 гадоў, у 35 або 40, але будзе шкадаваць аб гэтым у 50 і 60... З узростам усведамленне такіх каштоўнасцей, як сям'я, дзеці ўзрастае.


- Што асабіста вам дапамагло на шляху станаўлення кіраўніка?


- Перш за ўсё гэта падтрымка маёй сям'і, блізкіх, якія з разуменнем адносіліся да маёй работы. Акрамя таго, мне вельмі пашанцавала: мяне заўсёды акружаюць добрыя людзі, моцныя прафесіяналы, яркія кіраўнікі.


Пераход з сістэмы адукацыі ў новую сферу дзейнасці ў многім змяніў і пашырыў мае погляды на жыццё. Тут часта даводзіцца сутыкацца з людскім горам, і гэта вучыць цаніць тое, што маеш, - жыццё, здароўе, сяброў, сям'ю, прыгажосць чалавечых адносін.


Ва ўмовах высокага тэмпу жыцця людзі сталі больш жорсткімі, з вострымі вугламі, якія лёгка раняць тых, хто вакол. Дзверы кватэр зачыніліся - людзі цяпер сябруюць па тэлефоне, інтэрнэце. Такая добраахвотная ізаляцыя - не лепшы выбар. Ці нам, работнікам сацыяльнай сферы, гэтага не ведаць, штодзень займаючыся праблемамі адзінокіх людзей?


Як гэта ні складана, трэба цярпліва выбудоўваць цёплыя, даверлівыя адносіны з блізкімі, трэба паважаць інтарэсы і асабістую прастору адзін аднаго і, вядома, вучыцца дараваць.


- Мар'яна Акіндзінаўна, вы - новы лідар найбольш масавай жаночай грамадскай арганізацыі "Беларускі саюз жанчын". Якой вы бачыце ролю жаночага руху ў нашай краіне?


- "Беларускі саюз жанчын" - надзейны партнёр дзяржавы ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі. Асноўныя задачы, якія вырашае БСЖ, - накіраванне жанчын на ўзровень прыняцця рашэнняў, на ўкараненне і рэалізацыю прынцыпаў гендарнай роўнасці ў жыцці, павышэнне статусу сельскіх жанчын і іх сем'яў, падтрымку жаночага лідарства і прадпрымальніцтва і інш.


Асаблівае месца ў дзейнасці БСЖ займаюць пытанні мацярынства і дзяцінства, падтрымкі сем'яў з дзецьмі, захаванне ў грамадстве традыцыйных сямейных каштоўнасцей, пашырэнне адказнага бацькоўства, павагі да старэйшага пакалення і развіцця культурнай спадчыны.


Нам важны ўклад кожнай жанчыны Беларусі ў развіццё жаночага руху, таму што беларускія жанчыны самабытныя, шматгранныя, таленавітыя, прыгожыя, ім ёсць што сказаць і ёсць што прыўнесці ў гэты свет, каб ён стаў лепшым.


Алена ПРУС

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі