Згодна з Дакладам аб чалавечым развіцці 2014 года, Беларусь уваходзіць у 16 краін свету, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын роўны або перавышае аналагічны паказчык сярод мужчын. Па індэксе гендарнай няроўнасці наша рэспубліка займае 28-е месца сярод 187 краін свету. Трэба адзначыць, што меры па забеспячэнні аднолькавых магчымасцей мужчын і жанчын з'яўляюцца неад'емнай часткай сацыяльнай палітыкі беларускай дзяржавы. У краіне рэалізуецца ўжо чацвёрты Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2011-2015 гады. Прыярытэтная ўвага ў гэтым дакуменце ўдзяляецца становішчу жанчын у сацыяльна-эканамічнай сферы, пытанням рэпрадуктыўнага здароўя, развіццю гендарнай адукацыі, прафілактыцы насілля ў сям'і і інш. Каардынуючым органам з'яўляецца Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў, які ўзначальвае міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна. У інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА яна расказала аб тым, якія дасягненні вывелі краіну на высокія гендарныя пазіцыі і якія захоўваюцца перашкоды для пашырэння гендарнай палітыкі.
- Высокія пазіцыі нашай краіны па гендарнай роўнасці на міжнароднай арэне маюць важнае значэнне для ацэнкі вынікаў гендарнай палітыкі. Мар'яна Акіндзінаўна, што дазволіла Беларусі ўвайсці ў топ-16 краін па індэксе развіцця жанчын?
- Істотны ўклад у індэкс чалавечага развіцця жанчын уносіць іх высокі адукацыйны ўзровень, які захоўваецца ўжо доўгі час. Так, колькасць дзяўчат, якія навучаюцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі ў 2014/2015 навучальным годзе, складае 56,9 працэнта. Сярод занятых у эканоміцы доля працуючых жанчын з вышэйшай адукацыяй складае 33,9 працэнта, у той час як аналагічны паказчык сярод мужчын - 24,4 працэнта. Сярод прафесарска-выкладчыцкага складу ВНУ - 55,7 працэнта жанчын.
Згодна з краінавым аналізам Рамачнай праграмы ААН у Беларусі, у рэспубліцы дасягнуты высокі паказчык сярэдняй працягласці навучання - 11,5 года і адзін з самых высокіх паказчыкаў чаканай працягласці навучання (15,7 года) сярод 28 краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і постсавецкіх краін.
Другі фактар - больш высокая чаканая працягласць жыцця жанчын, чым мужчын. За апошнія 10 гадоў працягласць жыцця ў цэлым павялічылася на 4,1 года. Але выклікае трывогу вялікі гендарны разрыў гэтага паказчыка. На жаль, клопат аб сваім здароўі яшчэ не стаў нормай у моцнай палавіны нашага грамадства, а гэта адна з прычын заўчаснай смяротнасці. Статыстыка паказвае, што ўзровень смяротнасці мужчын у працаздольным узросце больш як у 4 разы перавышае ўзровень смяротнасці жанчын, у тым ліку за кошт знешніх прычын. Гэта адзін з рэзерваў для выраўноўвання індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу мужчын і жанчын.
- У Беларусі дзейнічае разгалінаваная сістэма мер падтрымкі сям'і з дзецьмі. Паводле ацэнкі экспертаў, яна найбольш комплексная і эфектыўная на ўсёй постсавецкай прасторы. Дэмаграфічны водгук мер дзяржпадтрымкі - гэта ў першую чаргу рост нараджальнасці.
- У рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей, Беларусь у 2013 годзе займала 26-ю пазіцыю сярод 176 дзяржаў свету. Наша рэспубліка лідзіруе сярод краін СНД (Расія - 62 пазіцыя, Казахстан - 63, Украіна - 72). Вельмі важна, што створаны аднолькавыя ўмовы для ўсіх катэгорый сем'яў і іх падтрымка ўзмацняецца з нараджэннем кожнага наступнага дзіцяці. Сістэма падтрымкі пастаянна развіваецца. Дапамогамі ахоплена больш за 370 тыс. дзяцей, або 21 працэнт ад іх агульнай колькасці. Значныя і аб'ёмы сродкаў, што накіроўваюцца на фінансаванне сістэмы дапамог, - звыш Br10,8 трлн у 2014 годзе. Запатрабавана сістэма сацыяльнага абслугоўвання сем'яў з дзецьмі: ужо сталі нормай паслугі па кароткачасовым доглядзе дзяцей, паслугі сацыяльнай перадышкі. Штогод жанчыны, якія дастойна выхавалі пяцярых і больш дзяцей, узнагароджваюцца ордэнам Маці - з 1996 года гэтай узнагароды ўдастоены 7 тыс. 755 жанчын.
Усё гэта садзейнічае аздараўленню дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, умацаванню сям'і. У мінулым годзе нарадзілася 118,7 тыс. дзяцей - гэта самы высокі паказчык за апошнія два дзесяцігоддзі. Пры гэтым каля 53 працэнтаў нованароджаных - другія і наступныя дзеці ў сем'ях. Зніжаецца доля дзяцей, народжаных па-за шлюбам (з 23,9 працэнта ў 2004 годзе да 16,1 працэнта ў 2013-м). Гэта таксама сведчыць аб тым, што беларускія сем'і сталі больш моцныя і стабільныя.
У фокусе ўвагі знаходзяцца пытанні забеспячэння занятасці жанчын, аказання ім сацыяльнай падтрымкі на перыяд пошуку работы, прафнавучання і развіцця прадпрымальніцтва. На працягу многіх гадоў жаночае беспрацоўе ў Беларусі пераважала, як і ў большасці краін свету. Дзякуючы рэалізацыі мэтанакіраваных мер на дзяржаўным і рэгіянальным узроўні гендарны фактар беспрацоўя мінімізаваны: удзельная вага жанчын сярод беспрацоўных пастаянна зніжаецца. Паводле статыстыкі, на канец 2014 года на ўліку ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных знаходзіліся 24,2 тыс. чалавек, з іх 9,1 тыс. жанчын, або 37,6 працэнта (для параўнання: на канец 2011 года жанчын сярод беспрацоўных было 54,1 працэнта).
- На ваш погляд, наколькі сур'ёзную ролю ў пашырэнні гендарнай палітыкі адыгрывае Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці?
- Сам статус плана - нацыянальны - мае важнае міжнароднае значэнне. Ён пацвярджае комплекснасць і пераемнасць дзяржаўнай палітыкі па забеспячэнні роўных правоў і магчымасцей у жанчын і мужчын, якая рэалізуецца ў рамках цэласнага нацыянальнага механізма. Такія нацыянальныя планы прымаюцца больш як у 100 краінах свету.
Важна, што фарміраванне нацплана адбываецца на аснове рэкамендацый Камітэта ААН па ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Краіна будзе прадстаўляць чарговы даклад аб выкананні палажэнняў Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў студзені 2016 года. Яго разгляд Камітэтам ААН стане чарговым этапам для вызначэння прыярытэтаў наступнага нацыянальнага плана.
Ролю каардынатара па рэалізацыі гэтага дакумента ажыццяўляе пастаянна дзеючы Нацыянальны савет па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў. Фармат яго пасяджэнняў дае магчымасць забяспечыць плюралізм меркаванняў і выпрацаваць рашэнні па многіх пытаннях. Важна, што ўзмоцнены рэгіянальны кампанент рэалізацыі гендарнай палітыкі - у абласцях краіны створаны і працуюць экспертныя рабочыя групы. Актыўна запрашаюцца грамадскія аб'яднанні, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у рэалізацыі нацыянальнага плана. Іх прадстаўнікі таксама ўваходзяць у склад Нацыянальнага савета.
Мы падрыхтавалі ўжо і накіравалі ва ўрад справаздачу аб выкананні ў 2014 годзе Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці.
- Якія дасягненні 2014 года найбольш значныя, на вашу думку?
- У мяне з'явілася магчымасць выступіць на першай Агляднай канферэнцыі высокага ўзроўню па пытаннях гендарнай роўнасці, прымеркаванай да 10-й гадавіны прыняцця Плана дзеянняў АБСЕ 2004 года па пашырэнні гендарнай роўнасці.
Вопыт нашай краіны па рэалізацыі гендарнай палітыкі выклікаў значную цікавасць, і ў кастрычніку мінулага года адбыўся візіт у Беларусь спецыяльнага прадстаўніка дзеючага старшыні АБСЕ па гендарных пытаннях Джун Цайтлін. У яе была магчымасць асабіста пераканацца ў тым, што агучаныя на канферэнцыі дасягненні рэалізаваны на справе. Гэта сур'ёзны крок на шляху развіцця міжнароднага супрацоўніцтва. Цяпер абмяркоўваецца магчымасць сумесных з АБСЕ праектаў па пашырэнні гендарнай роўнасці.
З'яўляючыся паўнапраўным удзельнікам міжнароднага працэсу па дасягненні гендарнай роўнасці, Беларусь таксама прыняла на сябе абавязацельствы па выкараненні насілля ў адносінах да жанчын. Гэта праблема актуальная для ўсіх краін.
Лічу, што 2014 год стаў прарыўным у вырашэнні пытанняў процідзеяння насіллю ў сям'і. І тут, вядома, важную ролю адыграла зладжаная і эфектыўная работа з Міністэрствам унутраных спраў, у тым ліку ў рамках рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі сумесна з Фондам ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі. Прыняты кардынальна новыя нормы ў рамках закона "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў", рэдакцыя якога ўступіла ў сілу ў красавіку мінулага года. За год органамі ўнутраных спраў было вынесена каля 400 абаронных прадпісанняў. Распрацавана нацыянальная мадэль комплекснай работы з мужчынамі-агрэсарамі, якая ўключае ў сябе алгарытм дзеянняў па індывідуальнай і групавой рабоце з сямейнымі агрэсарамі. Інструментарый ёсць, цяпер трэба будзе правільна прымяняць яго на практыцы.
Развіваецца сістэма аказання паслуг часовага прытулку для пацярпелых ад насілля. Так, за апошнія два гады больш як у два разы павялічылася колькасць крызісных пакояў (з 50 да 105). У мінулым годзе паслугамі часовага прытулку скарысталіся 175 чалавек. Інфармацыю аб тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пры якіх працуюць крызісныя пакоі, можна атрымаць на сайтах Мінпрацы і сацабароны і МУС.
У сферы вырашэння дэмаграфічных задач мы цесна ўзаемадзейнічаем з Расійскай Федэрацыяй. З мінулага года працуем над сумесным праектам міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Падтрымка рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь" пры ўдзеле ЮНФПА. Цяпер поўным ходам ідзе распрацоўка новай нацпраграмы на 2016-2020 гады. Праект дасць магчымасць атрымаць не толькі фінансавую, але і экспертную падтрымку вядучых навуковых устаноў Расіі, у тым ліку і па гендарных пытаннях. Са свайго боку яны вывучаюць вопыт нашай краіны па рэалізацыі сямейнай і гендарнай палітыкі. Мы жывём у рамках Саюзнай дзяржавы, нашы граніцы празрыстыя, таму падыходы да вырашэння сацыяльных задач павінны быць максімальна скарэліраваны.
Яскравай падзеяй мінулага года стала таксама правядзенне другога рэспубліканскага конкурсу "Сям'я года". Ён яшчэ раз прадэманстраваў, што толькі пры збалансаваным размеркаванні ўнутрысямейных роляў дасягаецца дабрабыт сям'і, якасны вынік у выхаванні дзяцей.
- У Беларусі ўсё больш жанчын займаюць высокія дзяржаўныя пасады. Гэта ў тым ліку і вынік рэалізацыі Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці?
- Гэта заканамерны працэс трансфармацыі грамадскай свядомасці, у які Нацыянальны план уносіць важны ўклад. Адным з яго раздзелаў прадугледжаны мерапрыемствы па развіцці сістэмы гендарнай адукацыі і асветы ў краіне. Укараненне асноў гендарных ведаў ва ўстановах адукацыі, на курсах павышэння кваліфікацыі, развіццё школ жаночага лідарства вельмі важнае, паколькі садзейнічае разбурэнню гендарных стэрэатыпаў. Устойлівы выраз "шкляная столь" як мага лепш дэманструе межы стэрэатыпнага мыслення аб месцы і ролі жанчыны ў грамадстве.
У разуменні і ўспрыманні сацыяльных роляў мужчын і жанчын важную ролю адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі. Вялікую падтрымку аказвае жаночы рух. Беларускім саюзам жанчын штогод праводзіцца рэспубліканскі конкурс "Жанчына года", у тым ліку ў намінацыях "За лідарства і паспяховае кіраўніцтва", "За духоўнае адраджэнне" і інш. У цэлым жанчыны складаюць больш за палавіну агульнай колькасці членаў грамадскіх аб'яднанняў, дзейнічае 30 жаночых грамадскіх аб'яднанняў.
За апошнія пяць гадоў узрасла роля жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў. Жанчыны - дзяржаўныя служачыя ўсіх узроўняў кіравання складаюць 68,5 працэнта, у тым ліку на пасадах кіраўніка арганізацыі або яго намеснікаў - 52,9 працэнта. Жанчыны займаюць пасаду намесніка прэм'ер-міністра, першых асоб і іх намеснікаў у міністэрствах, Нацыянальным статыстычным камітэце.
Як вядома, у Беларусі няма заканадаўча ўстаноўленых выбарчых квот для жанчын. Пры гэтым наша краіна ўваходзіць у лік 27 краін свету, якія дасягнулі мэтавага паказчыка па ўдзеле жанчын у працэсе прыняцця рашэнняў. У Нацыянальным сходзе жанчыны складаюць 29,7 працэнта.
Глыбока пераканана, што самае галоўнае - прадастаўленне аднолькавых магчымасцей, а кожны чалавек, мужчына ён або жанчына, сам выбудоўвае свой лёс. Непасрэдна ад кожнага з нас залежыць, якія ў грамадстве фарміруюцца каштоўнасныя арыенціры, паколькі менавіта яны забяспечваюць свабоду выбару жыццёвага шляху і разбіваюць "шкляную столь".
Алена ПРУС