Сітуацыя на спажывецкім рынку хвалюе ўсіх. У першую чаргу - цэны. Як не дапусціць неабгрунтаванага росту цэн і якая адказнасць прадугледжана для парушальнікаў, карэспандэнту БЕЛТА расказаў намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Андрэй Лабовіч.
- Камітэт дзяржаўнага кантролю ў пастаянным рэжыме маніторыць сітуацыю на спажывецкім рынку. Перш за ўсё вывучаецца выкананне заканадаўства аб цэнаўтварэнні. Таксама мы глядзім на наяўнасць неабходнага і дастатковага асартыменту тавараў, за выкананнем санітарных правіл у гандлі. З пачатку года камітэтам праверана 611 аб'ектаў. Парушэнні правіл гандлю ўстаноўлены ў кожным другім з іх. У 90 гандлёвых аб'ектах выяўлены факты невыканання парадку цэнаўтварэння. Па выніках кантролю суб'ектам выдадзена 238 рэкамендацый аб устараненні парушэнняў.
- Якія меры прымаюцца ў адносінах да парушальнікаў?
- Як правіла, парушэнні выяўляюцца ў ходзе маніторынгаў, таму суб'екты гандлю маюць магчымасць выправіць недахопы без прыцягнення да адказнасці. Большасць гандлёвых арганізацый так і робіць. Цэны аператыўна прыводзяцца ў адпаведнасць з заканадаўствам.
Аднак ёсць і тыя, хто робіць парушэнні паўторна. У гэтым выпадку патурання няма: Камітэт дзяржкантролю прыцягвае да адміністрацыйнай адказнасці такія суб'екты. Акрамя таго, штрафныя санкцыі прадугледжаны за невыкананне санітарна-гігіенічных норм, рэалізацыю прадукцыі без наяўнасці дакументаў, што пацвярджаюць яе набыццё, якасць і бяспеку.
З пачатку года да адказнасці прыцягнута 114 службовых асоб і 9 гандлёвых арганізацый. Па патрабаванні Камітэта дзяржкантролю прыпынялася работа 5 гандлёвых аб'ектаў. У іх былі выяўлены шматлікія факты завышэння цэн на сацыяльна значныя тавары, парушэнні санітарных норм і правіл. Некаторыя з гэтых магазінаў неаднаразова траплялі ў поле зроку кантралюючых органаў. Аднак належных вывадаў іх кіраўнікі не зрабілі.
- Што датычыцца лякарстваў, як тут ідуць справы?
- Маніторынгі Камітэта дзяржкантролю паказалі, што цэны на большасць імпартных лякарстваў павялічыліся ў сувязі з ростам курса замежных валют. Па новых пастаўках цэны ўзраслі ў сярэднім на 30 працэнтаў. Што датычыцца імпартных лякарстваў, пастаўленых з адтэрміноўкай плацяжу, па іх імпарцёрамі праведзена пераацэнка кошту з улікам курсавой розніцы, што прывяло да росту цэн.
Заканадаўствам прадастаўлена права суб'ектам праводзіць пераацэнку кошту тавараў. Аднак, як правіла, аптовыя пастаўшчыкі праводзяць яе толькі ў сувязі з павелічэннем кошту пастаўляемых тавараў. Пры зніжэнні курса валют пераацэнка тавараў імі не праводзіцца, што з'яўляецца несправядлівым у адносінах да пакупнікоў.
Камітэт дзяржкантролю лічыць, што заканадаўства павінна працаваць у інтарэсах і прадаўца, і пакупніка. Калі аптовымі арганізацыямі выкарыстоўвалася права пераацэнкі лякарстваў пры павышэнні курса валют, то яно павінна прымяняцца і пры зніжэнні курса. Апошнім часам беларускі рубель умацоўваецца да замежных валют. Таму мы настойліва рэкамендуем імпарцёрам лекавых сродкаў прыняць меры па пераацэнцы кошту ўсіх лякарстваў, якія раней былі пераацэнены (а таксама пастаўлены ў перыяд высокага курса), у бок зніжэння цаны.
У мэтах абароны правоў пакупнікоў мы правядзём маніторынгі ў арганізацыях (імпарцёрах) на прадмет выканання гэтых рэкамендацый.
- Паводле прагнозаў экспертаў, многія сусветныя дзяржавы будуць адчуваць няхватку прадуктаў харчавання ў бліжэйшы час. У сувязі з гэтым увага павінна быць удзелена ўласным запасам, у тым ліку стабілізацыйным фондам...
- Гэта адзін з элементаў харчовай бяспекі краіны. Камітэт дзяржкантролю пастаянна сочыць за станам стабфондаў, пытаннямі захоўвання прадукцыі. Яшчэ больш строгі кантроль будзе весціся ў гэтым годзе ў час іх закладкі. Намі прапанаваны шэраг заканадаўчых ініцыятыў. У прыватнасці, КДК лічыць, што на заканадаўчым узроўні трэба зацвердзіць методыку разліку аб'ёмаў закладкі плодаагародніннай прадукцыі ў стабфонды. Гэта дасць магчымасць забяспечыць насельніцтва гэтай прадукцыяй у міжсезонны перыяд, а таксама рэалізаваць яе па больш даступных цэнах.
Калі размова ідзе аб харчовай бяспецы, то павінна быць устаноўлена і адказнасць за парушэнне парадку фарміравання і выкарыстання прадукцыі стабфондаў. Усе гэтыя меры павысяць эфектыўнасць выкарыстання закладзенай у стабфонды прадукцыі, яе якасць і захаванасць.
- Куды грамадзянам звяртацца, калі яны заўважылі парушэнні ў гандлёвых аб'ектах?
- Мы стварылі некалькі каналаў зваротнай сувязі з грамадзянамі. Звярнуцца можна праз анлайн-панэль, размешчаную на сайце КДК, адправіць паведамленне можна і ў чат-бот нашага Telegram-канала. Мы рэагуем на кожны зварот.
Часта факты пацвярджаюцца. Напрыклад, на мінулым тыдні работнікі камітэта вывучылі сітуацыю ў гандлёвым аб'екце Магілёва. Інфармацыя, якую нам паведамілі мясцовыя жыхары на анлайн-панэлі, пацвердзілася. Былі ўстаноўлены шматлікія факты завышэння цэн на сацыяльна значныя тавары.
- Як далей будзе будавацца работа КДК па кантролі ў гандлёвай сетцы?
- Маніторынгі будуць праводзіцца практычна штодзённа. Да гэтай работы падключаны і грамадскія інспектары Камітэта дзяржкантролю, якія па нашым заданні вывучаюць сітуацыю ў гандлёвых аб'ектах.
Наша задача - абараніць інтарэсы пакупнікоў. Што датычыцца суб'ектаў гандлю, заклікаю іх працаваць у рамках заканадаўства. Факты парушэнняў, у тым ліку дысцыпліны цэн, Камітэтам дзяржкантролю будуць строга спыняцца.