Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
09 сакавіка 2023, 17:35
Іван Паўлаў

Любоў у гуле рэха вайны. Рэжысёр пра здымкі фільма "Падрыў"

Іван Паўлаў
Рэжысёр фільма "Падрыў"

Фільм "Падрыў" - гэта гісторыя пра маладых людзей, якія хочуць унесці ўласны ўклад у барацьбу з разбуральнай вайной і яе наступствамі. Таму яны ўступаюць у адзін з атрадаў дабравольцаў, які павінен займацца размініраваннем мясцін, дзе яшчэ нядаўна ішлі бязлітасныя баі. 22 лютага фільм атрымаў перамогу ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі 2022 года ў намінацыі "Лепшы фільм патрыятычнай тэматыкі ў ігравой форме". Карэспандэнт БЕЛТА сустрэлася з рэжысёрам фільма Іванам Паўлавым і даведалася, чаму ён вырашыў зняць такі фільм.

- Якія ўражанні ў вас ад перамогі ў конкурсе?

- Добра, што існуе такі праект, але хацелася б большай канкурэнцыі.

- Чаму выбралі менавіта гэту тэму для фільма?

- Тэма была выбрана нечакана, паколькі доўгі час пра размінёраў ніхто нічога не ведаў. Толькі ў 90-я хлопцаў і дзяўчат, якія цаной свайго жыцця ачышчалі зямлю ад снарадаў, прылічылі да ўдзельнікаў вайны. Мы знайшлі звесткі пра беларускіх размінёраў і выкарысталі іх у цітрах фільма. Пералічаны імёны больш як сотні чалавек. Гледачы прыходзілі ў ступар, калі разумелі, у якім юным узросце гінулі хлопцы і дзяўчаты.

Наогул, "Падрыў" - гэта гісторыя пра каханне на фоне вайны, а не проста пра вайну. Кінастужка ўзнікла з матэрыялаў серыяла "Полымя пад попелам", у якім пераплецены наш і ваенны час. У "Полымі пад попелам" падзеі 1945-га ўзноўлены на аснове ўспамінаў аднаго з герояў, дзеда, які дажыў да нашага часу. Пасля прагляду серыяла Міністэрства культуры прапанавала выпусціць сюжэтную лінію 1945-га асобным фільмам. Мы сабралі 130 мінут успамінаў і падумалі, што атрымліваецца лагічная гісторыя. Вядома, калі б фільм здымаўся асобна як поўны метр, то ў ім выкарыстоўвалася б іншая кінамова, іншыя мантажныя стыкі, звязкі.

Мяне папрасілі выразаць адну сцэну, якая была ў першапачатковай версіі фільма, каб панізіць рэйтынг карціны з "16+" да "12+". Вельмі страшная сцэна была важна для вобраза антыгероя, але для таго каб юныя гледачы змаглі паглядзець фільм, давялося яе выключыць, пакінуўшы толькі ў серыяле.

- Як выбіралі прыдатных акцёраў?

- Метадам проб і памылак. Кожны рэжысёр выбірае акцёраў і актрыс па розных крытэрыях. Па-першае, я гляджу, ці могуць яны выконваць задачы, пастаўленыя рэжысёрам. Некаторыя акцёры іграюць у вобразе, які ствараюць у сваёй галаве, і іх вельмі цяжка павесці ў іншым напрамку. Па-другое, гэта маё ўнутранае светаадчуванне. Уяўляеш акцёра ў вобразе героя, якога хочаш паказаць, закрываеш вочы і праганяеш сцэны, а пасля вырашаеш: так ці не. Я часта прайграю свае фільмы ў галаве, калі пішу сцэнарый, а яшчэ ў час проб і здымак. З Андрэем Сенькіным, які сыграў галоўнага антаганіста, я працаваў другі раз. Ён ужо выконваў невялікую ролю ў серыяле "Мамачкі", але на гэты раз Андрэй мяне моцна ўразіў. Мне было вельмі прыемна працаваць з ім, як і са многімі іншымі акцёрамі. Я лічу, што работа з акцёрам - гэта галоўная задача рэжысёра ігравога кіно.

- Ці кансультаваліся вы з рэальнымі размінёрамі наконт тэхнічных момантаў?

- Вядома. Мы кансультаваліся і з гісторыкамі Акадэміі навук, і са спецыялістамі з супрацьміннага цэнтра Узброеных Сіл, а яшчэ адпраўлялі нашых актрыс на міні-заняткі па размініраванні. У вучэбных класах супрацьміннага цэнтра ёсць муляжы, на якіх трэніруюцца спецыялісты з гэтага падраздзялення. Там трэніраваліся і нашы акцёры. Яны ездзілі ў цэнтр два ці тры разы. Я быў на кансультацыі з прачытаннем сцэнарыя прыкладна шэсць разоў, а да асабліва важных сцэн кансультанты самі прыязджалі на здымачную пляцоўку.

- Нядаўна "Падрыў" удзельнічаў у кінафестывалі краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Мумбаі. Якое ўражанне фільм зрабіў на замежную аўдыторыю?

- "Падрыў" удзельнічаў там па-за конкурсам, паколькі мы не адносімся да краін ШАС. І, вы ведаеце, гісторыя пра каханне зразумелая любому іншаземцу, асабліва індыйскім гледачам. На жаль, англійскія субцітры не перадаюць многіх тонкасцей фільма на 100 працэнтаў. І ўсё ж такі да мяне падыходзілі людзі і гаварылі вялікі дзякуй. На паказе прысутнічала жонка расійскага консула, якая прыслала нашаму беларускаму консулу паведамленне з тэкстам: "Выдатнае кіно. Трэба, каб усе людзі яго ўбачылі. Трэба яго паказваць, паказваць і паказваць".

- Можна сказаць, што галоўная мэта фільма - нагадаць людзям пра жахі вайны?

- Так. Не толькі пра самі жахі, але і пра рэха вайны. Пра гэта трэба гаварыць і крычаць. Кожны год спецыялісты супрацьміннага цэнтра дастаюць з зямлі і абясшкоджваюць мноства снарадаў у раёнах па ўсёй Беларусі.

- Многія беларусы не ведаюць пра тое, што ў нас здымаюць і паказваюць нацыянальнае кіно, таму што ў яго няма дастойнай рэкламнай кампаніі. Як праходзіла прома-кампанія "Падрыву"?

- Вядома, бюджэт рэкламнай кампаніі нашага фільма несупастаўны з бюджэтам, які мы патрацілі на яго здымкі. З майго рэжысёрскага боку я быў гатовы даваць інтэрв'ю і дзяліцца любой інфармацыяй. Таксама быў створаны рэкламны ролік, але, зразумела, гэта кіно маглі папулярызаваць мацней. Колькі цяпер робіцца відэакантэнту, колькі ёсць тэлеканалаў і фільмаў у кінатэатрах! У сучасным свеце для таго, каб глядач не пераключыў тэлевізар або выбраў менавіта твой фільм, трэба падаваць яму больш рэкламна-пазнавальнай інфармацыі, але гэтага не дазваляюць нашы бюджэты на рэкламу. І ў нас на студыі, і ў Міністэрстве культуры паабяцалі, што ў будучым работа над рэкламнымі кампаніямі фільмаў будзе развівацца.

- Вы сказалі, што "Падрыў" - гэта ў першую чаргу фільм пра любоў, а не пра вайну. Вы выбралі тэму кахання, таму што яна вечная?

- Каханне - гэта тое, дзеля чаго варта жыць. Аднойчы майстар курса Віктар Тураў, мой настаўнік, сказаў: "Рабяты, здымайце пра каханне". Мне нецікава здымаць блокбастар пра бойку або пра страляніну. Мне цікава, чаму чалавек ідзе на самаахвяраванне. Таму што кахае. Або чаму гэты чалавек не ідзе на самаахвяраванне. Таму што любіць, але, праўда, сябе. А ў час сцэны пацалунку я бачыў такую рэакцыю гледачоў у зале, якая стала для мяне галоўным сведчаннем, што я на правільным шляху.

Валерыя ГАЎРУКОВІЧ,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі