Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
28 сакавіка 2014, 08:17

Лідзія Ярмошына: Высокай яўкай на мясцовых выбарах выбаршчыкі прадэманстравалі жаданне ўмацаваць дзяржаву

Беларусь падводзіць вынікі выбараў у мясцовыя Саветы і выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе нумар 36. Выбрана 18 тыс. 809 дэпутатаў. Яўка выбаршчыкаў дасягнула 77,3 працэнта. Для старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай гэта стала нечаканасцю, прызналася яна ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА. Кіраўнік Цэнтрвыбаркама растлумачыла, што, на яе думку, пабудзіла выбаршчыкаў так актыўна галасаваць на выбарах, а таксама расказала, калі выбраныя дэпутаты пачнуць работу і што будзе з сямю акругамі, якія па розных прычынах засталіся без свайго прадстаўніка ў мясцовых Саветах.

- Лідзія Міхайлаўна, прызнайцеся, здзівілі вас беларусы сваёй актыўнасцю на мясцовых выбарах?


- Так, для мяне такая яўка стала нечаканасцю. У многім мой асцярожны прагноз, паколькі я сама замацавана за сталічным участкам, складаўся з пазіцый Мінска, дзе яўка выбаршчыкаў традыцыйна ніжэйшая ў параўнанні з рэгіёнамі. У сталіцы, дарэчы, яна і на гэты раз адышла не так ужо далёка ад 50 працэнтаў.

Разам з сакратаром ЦВК Мікалаем Лазавіком мы падвялі ўжо асабістыя вынікі па гэтай выбарчай кампаніі. Для нас абодвух яна стала самай лёгкай і спакойнай за ўвесь час работы ў Цэнтрвыбаркаме.

Скаргі ў дзень выбараў паступалі - 27 пісьмовых і 44 вусныя. У большасці выпадкаў у зваротах грамадзяне выкладалі свой погляд на тое, як трэба арганізаваць выбарчы працэс. Частка скаргаў наогул не звязана з выбарамі. Выбаршчыкі разлічвалі з дапамогай ЦВК звярнуць увагу мясцовых улад на нявырашаныя праблемы, звязаныя з работай ЖКГ, транспарту.

- За тыдзень да мясцовых выбараў у Беларусі адбыўся рэферэндум у Крыме аб статусе паўвострава. СМІ актыўна асвятлялі гэтыя падзеі. Як вы лічыце, ці не стала гэта адной з прычын высокай яўкі на мясцовых выбарах у Беларусі?

- Думаю, тут іншае. Беларускія выбаршчыкі прадэманстравалі жаданне дапамагчы ўладзе, аб'яднацца, умацаваць дзяржаву. Значна большы ўплыў, на мой погляд, аказалі падзеі на кіеўскім Еўрамайдане. Беларускі народ быў напалоханы менавіта вулічнымі беспарадкамі, што праходзілі па ўсёй Украіне. Таму ўзнікла гэта жаданне - дапамагчы ўладзе, падставіць плячо, не дапусціць, каб у нас адбыліся такія падзеі.

- А запрашэнне назіраць за датэрміновымі прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне беларускі ЦВК так і не атрымаў?

- Думаю, і не атрымае. Украіна выказала жаданне спыніць сваё членства ў СНД. Таму там на прэзідэнцкіх выбарах, хутчэй за ўсё, будзе падладжванне да заходніх наглядальнікаў і запрашаць будуць іх. Не зайздрошчу сваім калегам з украінскага Цэнтрвыбаркама ў гэтай сітуацыі. І ў сувязі з гэтым не магу прад'яўляць да іх якіх-небудзь прэтэнзій. Я жадаю ім наогул уцалець у гэтай кампаніі, захаваць сябе і сваё здароўе.

- Лідзія Міхайлаўна, вяртаючыся да мясцовых выбараў у Беларусі, раскажыце, калі кандыдаты, якія перамаглі на выбарах, змогуць лічыць сябе дэпутатамі і пачнуць выконваць свае абавязкі?

- Вынікі будуць падведзены на працягу трох дзён, дэпутатам уручаць пасведчанні аб выбранні. Пачаць выконваць свае абавязкі яны змогуць пасля таго, як пройдуць першыя ўстановачныя сесіі. Да іх ранейшыя Саветы захоўваюць свае паўнамоцтвы. Установачныя сесіі пройдуць на працягу месяца ў кожным Савеце ў свае тэрміны. У вёсцы яны пройдуць хутка, магчыма, ужо на бягучым тыдні. Абласныя Саветы сабраць больш складана. Але ўсё роўна на працягу першай палавіны красавіка ўсе неабходныя працэдуры будуць праведзены.

- А што будзе з сямю акругамі, дзе трэба будзе правесці паўторныя выбары?

- У чатырох акругах галасаванне наогул не праводзілася. Два кандыдаты ў дэпутаты памерлі. Адзін з іх, у Віцебскай вобласці, ішоў і ў раённы, і ў сельскі Савет, таму вакантнымі засталіся адразу дзве акругі. Адзін кандыдат знаходзіцца пад следствам.

Паўторныя выбары там будуць праводзіцца не пазней за тры месяцы пасля іх назначэння. Гэтым зоймуцца пастаянна дзеючыя тэрытарыяльныя камісіі. Магчыма, што дзе-небудзь паўторныя выбары праводзіцца і не будуць, гэта таксама не выключана. Урэшце, у вёсцы яны, хутчэй за ўсё, пройдуць.

Ёсць яшчэ тры акругі, дзе дэпутаты не выбраны. Гэтыя акругі былі безальтэрнатыўнымі, і кандыдаты набралі менш як палавіну галасоў выбаршчыкаў. Там, хутчэй за ўсё, будуць назначаны і пройдуць паўторныя выбары. Але ЦВК ужо не будзе мець да іх ніякага дачынення.

- Паўторныя парламенцкія выбары па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе нумар 36 упершыню прайшлі ў адпаведнасці з абноўленым выбарчым заканадаўствам. Як паказалі сябе навацыі?

- У акрузе са значнай перавагай перамагла Алена Астапюк, якая набрала 76,02 працэнта галасоў выбаршчыкаў. На другім месцы знаходзіцца Мікалай Шкірэеў - 7,85 працэнта, а на трэцім - Віктар Хоміч - 7,35 працэнта.

Адразу магу сказаць, што Алена Астапюк адна з нямногіх у Гомелі, хто даваў заяўкі і праводзіў сустрэчы ў выглядзе грамадска-масавых мерапрыемстваў на вуліцы. У цэлым лічу, кандыдаты ў дэпутаты па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе нумар 36 у недастатковай ступені выкарысталі ўсе прадастаўленыя ім магчымасці. Выбарчая кампанія магла б быць больш актыўнай. Магчыма, сваю ролю адыграла тое, што гэта асобна ўзятая акруга і размешчана яна далёка ад Мінска.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі