Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
19 студзеня 2015, 17:13

Лідзія Ярмошына: Мы праводзім выбары для сваёй краіны

У 2015 годзе ў Беларусі адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары. Хоць яны яшчэ не стартавалі, шэраг палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў ужо абазначылі сваю актыўнасць. Ідзе абмеркаванне і вылучэнне кандыдатур, заключаюцца альянсы, робяцца прагнозы, часам даволі недарэчныя. Расказаць аб тым, якой будзе выбарчая кампанія ў гэтым годзе, аглядальнік "Беларускай думкі" папрасіў старшыню Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзію Ярмошыну.


- Лідзія Міхайлаўна, галоўнай інтрыгай прэзідэнцкіх выбараў гэтага года з'яўляюцца іх тэрміны. Якіх толькі прагнозаў наконт гэтага не робяць! Дык, калі?


- На гэты момант самая верагодная дата - 15 лістапада 2015 года. Гэта апошняя магчымая нядзеля для правядзення выбараў, паколькі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь яны павінны адбыцца не пазней за два месяцы да заканчэння паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы (тэрмін заканчваецца 21 студзеня 2016 года).


Гэта дата даведзена Цэнтральнай выбарчай камісіяй да ведама кіраўніка дзяржавы і папярэдне адобрана ім як самая верагодная. Нам няма сэнсу ствараць тут інтрыгу. Таму і палітычным партыям, і беспартыйным саіскальнікам пасады прэзідэнта трэба арыентавацца на гэты тэрмін. Так прасцей ім і нам.


- У Беларусі былі прыклады ўдачных прэзідэнцкіх кампаній у летні час, напрыклад, у 1994 і 2001 гадах. Можа, не варта чакаць восені?


- Калі паглядзець каляндар выбараў у іншых дзяржавах, то, як правіла, часцей за ўсё сустракаюцца два месяцы - сакавік і лістапад. Сусветная практыка вызначыла: менавіта яны з'яўляюцца найбольш спрыяльнымі для правядзення выбарчых кампаній. Чаму? Па-першае, гэтыя месяцы не звязаны з асноўнымі святамі як рэлігійнымі, так і свецкімі, якія адзначаюць народы. Па-другое, яны не супадаюць з сезонам адпачынкаў, канікул і гэтак далей. У гэты перыяд знаходзяцца ў рабочым стане ўстановы адукацыі, дзе па агульнапрынятай практыцы размяшчаюцца ўчасткі для галасавання. Ідзе навучальны год, там завершаны рамонты, такім чынам, ёсць дзе размясціць участкі і каго прыцягнуць для работы ў выбарчых камісіях, паколькі настаўнікі традыцыйна складаюць іх асноўны касцяк. Ва ўсім свеце пры назначэнні выбараў кіруюцца перш за ўсё прагматычнымі меркаваннямі. Напрыклад, у Індыі іх даты вызначаюць сезоны дажджоў, у неспрыяльны пагодны перыяд там участкі не адкрываюць.


Што да таго, што ў нас двойчы паспяхова прайшлі прэзідэнцкія выбары ў летні перыяд у 1994 і 2001 гадах (у апошнім галасавалі ў верасні, але выбарчая кампанія выпала на летнія месяцы), то магу сказаць: тады іншага выйсця не было. 1994 год - гэта першыя выбары прэзідэнта. У той час народ чакаў яго як месію, менавіта з ім звязваў надзеі на станаўленне дзяржавы і паляпшэнне жыцця. Таму стаўленне да выбараў было як да нечага лёсавызначальнага. Цяпер мы глядзім на гэта спакайней. І калі перад выбаршчыкам паўстане пытанне: пайсці галасаваць або адправіцца, скажам, ягады збіраць, то частка людзей выбера ягады. Да таго ж у 1994 годзе насельніцтва жыло бедна, ні аб якіх адпачынках за межамі краіны размовы не ішло. Далей суседняй вёскі не ездзілі: грошай не было. Сёння, калі мы гаворым аб летнім перыядзе, то вымушаны ўлічваць - у гэты час істотная частка насельніцтва проста адсутнічае ў краіне, паколькі адпачывае за мяжой і не можа ўдзельнічаць у выбарах. Жыццё змянілася радыкальна, таму параўнанне з 1994 годам некарэктнае.


У 2001 годзе ў пэўным сэнсе таксама была асаблівая сітуацыя. У выніку рэспубліканскага рэферэндуму ў 1996 годзе тэрмін паўнамоцтваў як кіраўніка дзяржавы, так і парламента быў "абнулены" і пачаў ісці нанава. У Прэзідэнта ён завяршаўся 21 лістапада 2001 года, таму перанесці выбары на больш позні час было нельга. На той момант я ўзначальвала Цэнтральную выбарчую камісію і магу сказаць: праводзіць летам выбары вельмі нязручна і цяжка. Адпускны перыяд, спёка, рамонт школ, праблемы з фарміраваннем участковых выбарчых камісій - настаўнікі ў адпачынках... У 2001 годзе выбары прайшлі нармальна, але гэта каштавала такіх намаганняў, што паўтараць не хочацца. Ды і не трэба.


- Прэзідэнцкія выбары 2015 года пройдуць у адпаведнасці з абноўленым выбарчым заканадаўствам. Што з прававога пункту гледжання рэальна зменіцца, і як паўплывалі папраўкі ў Выбарчы кодэкс на праведзеныя ўжо кампаніі па выбарах дэпутатаў?


- Сапраўды, у параўнанні з 2010 годам закон змяніўся. У поўнай меры гэта выявілася ў 2013 годзе, хоць некаторыя навелы ў Выбарчым кодэксе былі ўнесены і раней. У 2010 годзе прымянялася ўжо такая норма, як прыватныя фінансавыя фонды кандыдатаў у прэзідэнты, але цяпер мы пайшлі далей. Па-першае, фонд, які можа стварацца кандыдатам, павялічыўся да 9000 базавых велічынь, гэта значыць у тры разы ў параўнанні з 2010 годам. Па-другое, і гэта прапанова, на якой я настойвала і рада, што яна прайшла, - права на стварэнне фонду з'явілася не толькі ў кандыдата ў прэзідэнты, але і ў саіскальніка гэтага статусу - тых, хто толькі рэгіструе сваю ініцыятыўную групу і мае намер збіраць подпісы па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты. Гэта з'яўляецца самым прынцыповым змяненнем заканадаўства адносна прэзідэнцкіх выбараў. Чаму яно з'явілася? Усім зразумела, што для таго, каб абзавесціся 100 тысячамі подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты, патрабуецца затраціць не толькі фізічныя намаганні, але і матэрыяльныя сродкі. Подпісы трэба збіраць на тэрыторыі ўсёй краіны, што прадугледжвае раз'езды, аплату транспартных расходаў, таго ж бензіну, напрыклад, і гэтак далей. І ў ранейшыя кампаніі грошы на гэта выкарыстоўвалі, але яны заставаліся ў цені. Ніхто не ведаў, колькі сродкаў затраціў той ці іншы кандыдат. Па ўмаўчанні лічылася, што прыватныя грошы на выбарах не выкарыстоўваюцца. Ёсць такі стары, яшчэ дарэвалюцыйны пастулат: празмерная строгасць закону кампенсуецца неабавязковасцю яго выканання. Атрымлівалася, што прыватныя сродкі ў выбарчую кампанію не ўкладваюць, хоць усе разумелі, што гэта не так. У адваротным выпадку подпісы сабраць немагчыма. Усе гэта бачылі, але далікатна маўчалі. Цяпер асоба, якая зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу, але яшчэ не стала кандыдатам у прэзідэнты, можа ўжо на наступны дзень пасля рэгістрацыі ствараць свой фонд. Напрыклад, за кошт асабістых сродкаў, калі не хоча прасіць грошы ў іншых. Чаму б і не, калі багаты чалавек? З гэтых сродкаў саіскальнік можа аплачваць расходы па сваім вылучэнні.


Яшчэ мы адышлі ад дзяржаўнага фінансавання расходаў на перадвыбарныя матэрыялы. Раней кожнаму кандыдату ў прэзідэнты або дэпутаты выдзялялася пэўная сума, выкарыстоўваючы якую, ён мог заказаць лістоўкі і плакаты. Цяпер, калі мы дазваляем прыватнае фінансаванне, дзяржава не будзе за гэта плаціць. Усе расходы - за кошт асабістага фонду кандыдата. Як яго папоўніць - яго праблема. Для гэтага дазваляецца прыцягваць сродкі палітычных партый, грамадзян і гэтак далей. Адзінае, што дзяржава прадаставіць бясплатна, - гэта эфірны час на тэлебачанні і радыё, які можна выкарыстоўваць як для перадвыбарных выступленняў, так і для тэледэбатаў. Плюс - магчымасць апублікаваць сваю перадвыбарную праграму ў друкаваных СМІ, створаных з удзелам дзяржаўных крыніц. Такое выданне абавязана прыняць у кандыдатаў іх перадвыбарныя праграмы і надрукаваць іх бясплатна на роўных умовах. Астатнія СМІ могуць рабіць гэта за кошт кандыдата, але зноў-такі на роўных умовах. Гэта значыць цана рэкламнай плошчы для іх матэрыялаў або, скажам, інтэрв'ю павінна быць аднолькавай.


На тэрыторыі кожнага населенага пункта будуць бясплатна выдзелены памяшканні для сустрэч кандыдатаў у прэзідэнты і іх давераных асоб з выбаршчыкамі. Але калі кандыдат захоча іншае памяшканне, то гэта зноў-такі за грошы. Легалізацыя прыватнага фінансавання пры правядзенні выбараў прэзідэнта і з'яўляецца самым галоўным адрозненнем маючых адбыцца выбараў ад тых, што праходзілі раней.


На жаль, кандыдаты ў нас часта аддаюць перавагу выкарыстанню грошай ценявым спосабам, і гэта паказалі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Толькі 4 працэнты прэтэндэнтаў на дэпутацкія месцы паспрабавалі стварыць свае фонды. Калі згадаць прэзідэнцкія выбары 2010 года, то там толькі 3 кандыдаты з 10 стварылі фонды, блізкія да максімальна дапушчальных памераў. Яшчэ двое-трое, па сутнасці, усяго толькі адкрылі рахункі. Грошы туды або не паступалі, або прыходзілі ў нязначных сумах. Астатнія кандыдаты карысталіся нелегальнымі сродкамі. Хачу адразу папярэдзіць: мы спрашчаем парадак фінансавання выбарчай кампаніі, але адначасова будзем больш строга правяраць, як яно выконваецца.


- Лідзія Міхайлаўна, вы часта сустракаецеся з замежнымі калегамі. Што карыснага, на ваш погляд, мы можам пераняць з іх вопыту? Або, магчыма, яны нешта пераймаюць у нас?


- Мы настолькі цесна супрацоўнічаем, настолькі выкарыстоўваем пры неабходнасці вопыт адзін аднаго, што адразу не адкажаш. Тут трэба разумець, што нішто не пераймаецца цалкам, усё прыстасоўваецца пад рэаліі канкрэтнай дзяржавы. Магу сказаць, што адносна выбараў дэпутатаў нам сёння браць у суседзяў няма чаго. У бліжэйшых краінах перайшлі на прапарцыянальную выбарчую сістэму, калі галасаванне ідзе па партыйных спісах. У нас яна мажарытарная, што істотна адрозніваецца ад напрацовак замежных калег. І вось тут якраз пераймаюць наш вопыт. Напрыклад, у Расіі і ва Украіне вярнуліся да змешанай выбарчай сістэмы, калі адна частка дэпутатаў выбіраецца па партыйных спісах, другая - па мажарытарных акругах. У Расіі, напрыклад, цяпер ідзе барацьба за вяртанне ў выбарчыя бюлетэні графы "галасую супраць усіх", якая ёсць у нас і ад якой мы ніколі не адмаўляліся. Арганізатары выбараў адзначаюць гэту акалічнасць як пазітыўную. А вось палітыкам гэта графа не выгадна - яны не хочуць негатыўнага галасавання. Ім патрэбны любы вынік, каб прайсці ў парламент. Затое выбаршчыкі ў магчымасці прагаласаваць супраць усіх зацікаўлены. Думаю, нашы напрацоўкі ў плане развіцця мажарытарнай выбарчай сістэмы будуць выкарыстаны калегамі.


Перш чым уводзіць тыя ці іншыя навелы ў наша заканадаўства, мы вывучаем, як вырашаюцца гэтыя пытанні на тэрыторыі іншых дзяржаў. Перш за ўсё, бяром вопыт Расійскай Федэрацыі як найбольш блізкі нам. У Расіі, напрыклад, забаронена, каб адна і тая ж асоба магла быць як кандыдатам на выбарную пасаду, так і даверанай асобай іншага кандыдата. У нас жа абмежаванняў не было. Да чаго гэта прыводзіла? Кандыдаты злоўжывалі гэтым правам. Адна і тая ж асоба, з'яўляючыся кандыдатам у дэпутаты і зарэгістраваўшыся даверанай асобай яшчэ некалькіх кандыдатаў, мела магчымасць па некалькі разоў выступіць у тэледэбатах або атрымаць іншыя прэферэнцыі. Такім чынам, парушалася права іншых на роўныя ўмовы пры выступленнях у СМІ. Цяпер гэтага няма. Далучыўшыся да Канвенцыі СНД аб стандартах дэмакратычных выбараў, мы ўвялі ў наша заканадаўства забарону на агітацыю, накіраваную на іх байкот. Да 2013 года такое права існавала ў нашым заканадаўстве і актыўна выкарыстоўвалася. Самым подлым было тое, што за дзяржаўныя сродкі, на дзяржаўным тэлебачанні кандыдат заклікаў выбаршчыкаў на выбары не прыходзіць. Гэта было такім здзекам над дзяржаўнымі інстытутамі, што, як гаворыцца, далей няма куды.


- Якія новаўвядзенні ў параўнанні з 2010 годам чакаюцца ў парадку арганізацыі выбараў? Ці зменяцца колькасць выбарчых участкаў, парадак фарміравання выбарчых камісій, назіранне за выбарамі? Магчыма, будуць новыя патрабаванні да матэрыялу урнаў для галасавання?


- Змяненне колькасці выбарчых участкаў залежыць ад дэмаграфічных працэсаў і міграцыі насельніцтва. Калі ў сельскай мясцовасці стала больш вёсак, дзе пражывае мала людзей, то ўчасткі там ліквідуюць, хоць гэта, вядома, дрэнна. Участкі ўзбуйняць, будзе ажыццяўляцца падвоз выбаршчыкаў або члены выбарчых камісій прыедуць да іх з вынасной скрыняй для галасавання. Што ж да буйных гарадоў, то там павелічэнне колькасці выбарчых участкаў адбываецца пастаянна. З'яўляюцца новыя раёны, адкрываюцца школы, а ў іх - участкі. Але ў цэлым, калі звярнуцца да статыстыкі, колькасць выбарчых участкаў у нашай краіне змяншаецца ад выбараў да выбараў. Некалі было каля 6,7 тыс., і на такую колькасць мы планавалі сродкі, а цяпер набіраецца крыху больш як 6 тыс. На жаль, колькасць выбаршчыкаў у краіне скарачаецца. Насельніцтва Беларусі расце не вельмі вялікімі тэмпамі, ды і то толькі апошнія гады. У 1990-я гады мы мелі "дэмаграфічную яму", вось гэта і адгукаецца.


Парадак фарміравання выбарчых камісій у нас змяніўся да выбараў 2010 года. Узрасла галоснасць пры іх фарміраванні. На пасяджэннях мясцовых выканаўчых камітэтаў цяпер могуць прысутнічаць прадстаўнікі тых арганізацый, якія дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў у камісіі. З'явілася права на судовае абскарджанне рашэнняў выканаўчых камітэтаў аб неўключэнні ў склад камісій прадстаўнікоў тых ці іншых палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў і выбаршчыкаў. Гэты парадак працуе. Дзякуючы інтэрнэту галоснасць, што называецца, прагрэсіруе. Што датычыцца назірання за выбарамі, то змяніўся парадак прысутнасці на ўчастках нацыянальных наглядальнікаў. З'явілася іх акрэдытацыя, якой раней не было. Гэта вельмі простае дзеянне: наглядальніка ўпісваюць у журнал выбарчай камісіі на падставе дакументаў, якія ён прадставіў. Навошта гэта зроблена? Быў негатыўны вопыт. У ходзе папярэдніх выбарчых кампаній асобныя наглядальнікі паводзілі сябе неналежным чынам. Іх адхілялі, але яны вярталіся і зноў перашкаджалі працаваць. Такое магло адбывацца неаднаразова, паколькі законных падстаў не пусціць скандаліста на ўчастак не было. Цяпер, калі наглядальнік будзе сябе так паводзіць, яго пазбавяць акрэдытацыі да канца выбараў. А вось паўнамоцтвы яго не змяняюцца. Наглядальнік мае права ажыццяўляць усе функцыі, якія замацаваны за ім законам.


У мяне часта пытаюцца: калі з'явяцца скрыні для галасавання з празрыстага пластыка? Адказваю: дзяржава не выдзяляе на гэта сродкі. Абсталяванне - клопат арганізацый, якія адказваюць за ўчасткі для галасавання. Закон не вызначае памер выбарчых урнаў і матэрыял, з якога яны выраблены, ён можа быць любым. Калі ў арганізацыі ёсць грошы, яна мае права заказаць хоць бронзу. Калі ж грошай мала, арганізацыя выкарыстоўвае тыя скрыні, якія ёсць: непразрыстыя, збітыя з дрэва або склееныя з кардону. Мне зразумела цікавасць да гэтай тэмы. Мы глядзім рэпартажы з выбараў у тых ці іншых дзяржавах. Там, дзе хочуць падкрэсліць дэмакратычнасць выбарчага працэсу (мабыць, таму, што гэта выклікае сумненне), ставяць празрыстыя урны. А вось у дзяржавах старой дэмакратыі бюлетэні апускаюць у кардонныя скрыні, і нікога гэта не хвалюе. Нашы выбары праходзяць у школах, лішніх грошай у іх няма. Там на складах нярэдка захоўваюцца скрыні, вырабленыя яшчэ пры савецкай уладзе: абабітыя чырвоным кумачом або пафарбаваныя ў чырвоны колер. Некаторыя арганізацыі, напрыклад ВНУ, як найбольш прагрэсіўныя, абзавяліся празрыстымі выбарчымі урнамі. Я, дарэчы, пастаянна прашу: калі ёсць магчымасць, выкарыстоўвайце такія. Хоць пытанне абсалютна непрынцыповае, на волевыяўленне выбаршчыкаў матэрыял скрынь для галасавання не ўплывае. Гэта проста модна.


Дзяржава выдзяляе на выбары невялікія сродкі. У нас і без таго грамадзяне бурчаць, што трацім шмат. На самай справе менш, чым у любой з дзяржаў, сумежных з Беларуссю, у пераліку на аднаго выбаршчыка. На чым мы эканомім? У нас дзяржаўныя тэлебачанне, радыё, газеты, таму не трацімся на рэкламу. У краін-суседзяў СМІ прыватныя, таму трэба плаціць. Зрэшты, не ўсе дзяржавы адмовіліся ад дзяржаўных СМІ. Напрыклад, у Фінляндыі ёсць дзяржаўнае тэлебачанне, і там таксама эфірны час кандыдатам прадастаўляюць бясплатна.


- За вашымі плячамі не адна паспяхова праведзеная выбарчая кампанія. Набыты бясцэнны вопыт. Што б вы маглі параіць або пажадаць будучым кандыдатам у прэзідэнты?


- Не думаю, што яны стануць слухаць мае парады. Чалавек, які вырашыў балаціравацца ў прэзідэнты, часта ўяўляе сабой смелую і самадастатковую асобу. Гэта нармальна, паколькі менавіта з такіх і атрымліваюцца сапраўдныя лідары. Другая катэгорыя кандыдатаў - прадукт, створаны камандай тэхнолагаў. Калі ўспомніць выбары 2010 года, то два альтэрнатыўныя кандыдаты, якіх называлі самымі моцнымі ў процістаянні дзеючаму кіраўніку дзяржавы, былі прадуктамі паліттэхналогій. Каманда аднаго эксплуатавала якасці кандыдата як дыпламата, міжнароднага кіраўніка, які, маўляў, паспяхова наладзіць сувязі з усім светам. Другі выкарыстоўваў праект пад назвай "беларускасць", назавём яго так, робячы ўпор на духоўнасць, пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, развіццё нацыянальнага мастацтва і гэтак далей. У астатніх змяшалася ўсяго патрошку: крыху тэхналогіі, крыху асабістых якасцей - і гэты кактэйль стаў найменш паспяховым у выбаршчыка.


Кандыдат, які з'яўляецца лідарам па прызванні, не мае патрэбы ў парадах. Ён інтуітыўна адчувае, што трэба казаць, як сябе паводзіць. Калі размова аб камандзе тэхнолагаў, то парады тым больш дарэмныя. Яны прафесіяналы і самі навучаць каго хочаце. Гэта міжнародныя каманды, якія пераязджаюць з дзяржавы ў дзяржаву напярэдадні выбараў. Зарабляюць ва Украіне, у Расіі, у нас - усюды, дзе гавораць па-руску.


- Негатыўнай прыметай выбарчых кампаній у Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца неправамернае ўвядзенне заходнімі краінамі санкцый у адносінах да членаў выбарчых камісій. Наколькі гэта ўплывае на выбарчы працэс? Як вы ацэньваеце эфект санкцый?


- Члены нашых выбарчых камісій, асноўны іх касцяк - людзі, настолькі цесна звязаныя з дзяржаўнай сістэмай у добрым сэнсе гэтага слова, што менавіта гэта вызначае іх паводзіны і алгарытм дзеянняў. Добра, Айчына для іх бoльшая каштоўнасць, чым магчымасць паехаць у Парыж. Таму на выбарчыя працэсы ўвядзенне заходнімі краінамі санкцый ніяк не ўплывае. Вядома, гэта непрыемна. Санкцыі распаўсюджваюцца ў асноўным на членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі і кіраўнікоў абласных. І дзякуй богу, што ў адносінах да былых членаў камісій, у тым ліку цэнтральнай, частка іх адменена. Захаванне санкцый выглядала б абсурдна. Дарэчы, я не раз чула ад калег, што яны былі б зняважаны, калі б у адносінах да іх санкцый не было. Як, маўляў, так: старшыня Цэнтрвыбаркама падпала, а яны не? Значыць, дрэнна працавалі. Для маіх калег санкцыі - гэта такая дробязь! Напэўна, для людзей прагматычных, тых, у каго ўсё вызначаецца грашыма і льготамі, пазбаўленне магчымасці наведаць краіны ЕС выглядае страшна негатыўна. Але на нашых выбарах працуюць тыя, хто вышэйшы за такія ўяўленні. І галоўныя жыццёвыя каштоўнасці ў нас іншыя.


Эфекту ад такіх санкцый няма і быць не можа. Аб гэтым я не аднойчы гаварыла прадстаўнікам замежных арганізацый. Іх ацэнкі, якія паўтараюцца з разу ў раз, проста перастаюць быць цікавымі.


- У розны час пры Цэнтрвыбаркаме працаваў Наглядальны савет па кантролі за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі. Як вы ацэньваеце эфект гэтай работы? Ці з'явіцца аналагічны орган у перыяд прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2015 года?


- Наглядальны савет - гэта часовы грамадскі орган, ён дзейнічае толькі на перыяд канкрэтнай выбарчай кампаніі. Адносна яго Цэнтральная выбарчая камісія мае права прыняць любое рашэнне: ліквідаваць, ствараць або не ствараць, узяць яго функцыі на сябе і гэтак далей. Існаванне такога савета не прадугледжана непасрэдна законам. Ёсць расплыўчатая фармулёўка: у перыяд выбарчых кампаній ЦВК можа ствараць тыя ці іншыя органы, якія дапамагаюць ёй працаваць. Як толькі выбары завершаны, дзеянне савета спыняецца.


Што ж датычыцца эфектыўнасці, я вельмі пазітыўна ацаніла б яго работу. Наглядальны савет па кантролі за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарнай агітацыі ў СМІ ў многім здымае градус маральнай напружанасці, калі ва ўсіх бедах кандыдаты і палітычныя партыі вінавацяць Цэнтральную выбарчую камісію. Наглядальны савет, у склад якога ўваходзяць вядомыя прадстаўнікі СМІ, займае нішу кансультатыўнага органа, з прафесійнага пункту гледжання ацэньваючага асобныя перадвыбарныя выступленні і праграмы кандыдатаў, прычым, галоўным чынам, з маральнай, чалавечай пазіцыі. Напрыклад, тады, калі нашым заканадаўствам не было ўрэгулявана пытанне аб тым, ці адносяцца заклікі, накіраваныя на зрыў выбараў, да злоўжывання правам на вядзенне перадвыбарнай агітацыі, менавіта Наглядальны савет змог даць прафесійны адказ.


Аб ролі гэтага грамадскага органа сведчыць і такі факт. У перыяд адной з выбарчых кампаній да нас звярнулася дзеючая ў Беларусі місія АБСЕ з просьбай разгледзець пытанне аб уключэнні ў склад Наглядальнага савета двух прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Былі названы кандыдатуры. Рэпутацыя гэтых асоб была такая, што стала зразумела: мы атрымаем крыніцу канфліктаў, незагойную язву на ўвесь перыяд выбарчай кампаніі. Цэнтральная камісія магла разабрацца з гэтым сама, але мы вырашылі даведацца меркаванне членаў Наглядальнага савета. Спыталіся, ці будуць яны працаваць з гэтымі людзьмі ў адной камандзе. Усе аднадушна адказалі: калі гэтыя двое прыйдуць, то пойдуць яны. На пасяджэнне запрасілі прадстаўнікоў АБСЕ, яны маглі бачыць: рашэнне прынята дэмакратычным шляхам. У іх не было пытанняў. Хоць у сваёй справаздачы місія АБСЕ гэты факт адзначыла. Аднак ні юрыдычных, ні маральных прэтэнзій наконт гэтага прад'явіць не атрымалася.


Нельга, спекулюючы паліткарэктнасцю, прымушаць да нечага людзей. Таму я галасую за Наглядальны савет і думаю, што ён заўсёды будзе працаваць у перыяд выбараў. Гэта перанос рэгулюючых функцый дзяржавы на плечы прадстаўнікоў грамадскасці, дэмакратыя ў дзеянні.


На жаль, заходняя псіхалогія іншая. Там зыходзяць з палітычнай мэтазгоднасці: калі што-небудзь патрэбна, усе павінны цярпець. У нас да гэтага іншае стаўленне. Мы праводзім выбары не для таго, каб заслужыць чыё-небудзь адабрэнне. Мы праводзім выбары для сваёй краіны.


Анатоль ДРАЗДОЎ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі