Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
26 студзеня 2021, 16:32
Ніна Іванова

Купала, Танк, Брыль - вялікія імёны ў 95-гадовай гісторыі народнай дыпламатыі

Ніна Іванова
Старшыня прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў бягучым годзе адзначае 95-годдзе - яно было створана 7 красавіка 1926 года. У дзейнасць таварыства ўнеслі вялікі ўклад Янка Купала, Максім Танк, Янка Брыль, Іван Шамякін, Ларыса Александроўская, Зінаіда Браварская, Рыгор Шырма, Міхаіл Дрынеўскі і многія іншыя яркія беларускія паэты, пісьменнікі, вучоныя, музычныя дзеячы. Гісторыя грамадскай арганізацыі цесна звязана з гісторыяй і развіццём Беларусі. Аб некаторых гістарычных момантах, у тым ліку аб будаўніцтве ў хрушчоўскія часы будынка Дома дружбы, які стаў помнікам архітэктуры, аб сённяшніх рэаліях, дружбе з рознымі дзяржавамі свету расказвае ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА старшыня Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Ніна Іванова - захавальніца традыцый народнай дыпламатыі на працягу 20 гадоў.

- Ніна Сямёнаўна, раскажыце, калі ласка, хто стаяў ля вытокаў стварэння таварыства?

- Ля вытокаў стаялі вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі - у першую чаргу гэта Янка Купала, Цішка Гартны, Міхась Чарот. Матывацыя іх была зразумелай: самы надзейны шлях да ўзаемаразумення і дружбы з прадстаўнікамі іншых народаў ляжаў, як і сёння, праз культуру і яе дасягненні.

Ідэю стварэння Беларускага таварыства культурных сувязей з замежжам (БелТКс), а менавіта так першапачаткова гучала назва арганізацыі, падтрымала і дзяржава, зацікаўленая ў развіцці грамадзянскай супольнасці. Разлік быў і на тое, што грамадская арганізацыя рэалізуе свой патэнцыял у сферы павышэння эфектыўнасці знешняй палітыкі, ва ўмацаванні пазітыўнага міжнароднага іміджу маладой тады БССР.

Ужо ў першыя гады існавання БелТКс апраўдала гэтыя надзеі. У арганізацыі з'явіліся партнёры за мяжой - Венская нацыянальная і Нью-Ёркская публічная бібліятэкі, Парыжскі інстытут славяназнаўства, Рымскі інстытут вывучэння Усходняй Еўропы. Вядомыя дзеячы культуры розных краін наведвалі Беларусь па запрашэнні таварыства.

Немалаважнай была роля Беларускага таварыства культурных сувязей з замежжам і ў справе кансалідацыі ў асяроддзі нацыянальнай інтэлігенцыі. Вядомыя дзеячы культуры Ларыса Александроўская, Рыгор Шырма, Генадзь Цітовіч, Уладзімір Алоўнікаў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Янка Брыль, Андрэй Макаёнак, Васіль Быкаў, Іван Мележ, Георгій Паплаўскі, Яўген Канапля, Міхаіл Высоцкі - імёнаў можна назваць вялікую колькасць - складалі ядро арганізацыі, працуючы ў яе выбарных органах, узначальваючы таварыствы дружбы з асобнымі краінамі.

У пасляваенныя гады стала асабліва відавочна, што развіццё міжнародных адносін ужо не можа ажыццяўляцца толькі дзяржаўнымі структурамі. Важнейшым інструментам фарміравання грамадскай думкі, наладжвання канструктыўнага дыялогу з грамадскасцю замежжа заслужана была прызнана народная дыпламатыя.

У 1953 годзе Савет Міністраў БССР прыняў вельмі важнае рашэнне - пабудаваць у Мінску на вуліцы Захарава будынак для Беларускага таварыства культурных сувязей з замежжам, каб стварыць неабходныя ўмовы для дзейнасці арганізацыі. Гэты будынак, Дом дружбы, і цяпер - цэнтр народнай дыпламатыі.

- Хто стаў аўтарам праекта будынка?

- Аўтар праекта - заслужаны архітэктар Беларусі Яўген Заслаўскі. У сваіх успамінах ён піша: "Будаўніцтва вялося ў складаных умовах у перыяд пачатай па ініцыятыве Хрушчова барацьбы з так званымі архітэктурнымі празмернасцямі, калі з гэтымі "празмернасцямі" існавала і само мастацтва архітэктуры". Тым не менш аўтару ўдалося ў асноўным адстаяць свой праект, а аўтарскі нагляд за будаўніцтвам дазволіў забяспечыць надзейнасць і высокую якасць выкананых работ.

Хачу звярнуць увагу, што на паўднёвай сцяне галоўнай залы беларускім народным мастаком Іванам Ахрэмчыкам у суаўтарстве з мастаком Ісаакам Давідовічам выканана маштабнае і велічнае пано "Беларускія народныя майстры", якім мы і сёння ганарымся.

Упэўнена, што будынак, які вядомы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой як Дом дружбы, з'яўляецца адным з прыкладаў выкарыстання лепшых архітэктурных традыцый, злучаных з сучасным мадэляваннем.

На мінскім гарадскім конкурсе на лепшае архітэктурнае збудаванне 1957 года кіраўніку праекта была прысуджана першая прэмія. Дом дружбы мае статус помніка архітэктуры савецкага перыяду.

- Калі таварыства атрымала сваю цяперашнюю назву?

- У 1958 годзе.

- Ніна Сямёнаўна, наколькі вялікая роля таварыства ў папулярызацыі нацыянальнай духоўнай спадчыны?

- Грамадская арганізацыя адыграла вялікую ролю ў папулярызацыі беларускай духоўнай спадчыны ў савецкі перыяд, калі былі, па сутнасці, усяго два шляхі наладжвання міжкультурнага дыялогу: дзяржаўная праграма і грамадская - праз БелТКс. Важна, што дзякуючы намаганням арганізацыі з беларускай народнай творчасцю азнаёміліся ў краінах Лацінскай Амерыкі, Нарвегіі, Ізраілі, Кітаі, Ісландыі, Мексіцы, Японіі, Ірландыі, Індыі, Польшчы і Францыі.

Беларускае мастацтва прадстаўлялі лепшыя калектывы краіны - ансамблі "Крыжачок", "Харошкі", "Купалінка", Дзяржаўны ансамбль танца. Вялікую цікавасць у замежнай грамадскасці выклікала і творчасць самадзейных калектываў з Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Брэсцкай абласцей, якія не раз выязджалі з дэлегацыямі Беларускага таварыства дружбы (а гэта былі знакамітыя пісьменнікі і паэты, грамадскія дзеячы) у розныя краіны блізкага і далёкага замежжа.

- Ці змянілася сітуацыя цяпер?

- Бясспрэчна. Сёння ўсімі ўстановамі культуры і адукацыі больш увагі ўдзяляецца фарміраванню і замацаванню сістэмы традыцыйных нацыянальных каштоўнасцей, фундаментам якіх з'яўляецца мова, самабытная духоўная культура, веданне айчыннай гісторыі. Выхаванне носьбіта нацыянальнай самасвядомасці стала і для арганізацыі адной з прыярытэтных задач. Таму мы праводзім у Доме дружбы нямала мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай вельмі важнай тэме.

Яшчэ адзін акцэнт у нашай рабоце звязаны з глабальнымі турбуленцыямі і міжнароднымі канфліктамі. Мы стараемся, каб у нашых тэмах прысутнічалі міратворчасць, талерантнасць, стымуляванне цікавасці да духоўнага жыцця іншых народаў.

Цяпер у развіцці міжкультурнага дыялогу, у працэсах народнай дыпламатыі маюць магчымасць удзельнічаць не толькі дзяржаўныя структуры, грамадскія арганізацыі, якіх стала ў разы больш, але і дзелавыя колы, прадстаўнікі бізнесу. Мы сталі практыкаваць аб'яднанне намаганняў з рознымі партнёрамі ўнутры краіны і па магчымасці за яе межамі.

- Дом дружбы шмат працуе з моладдзю. Як падтрымліваеце цікавасць маладых да народнай дыпламатыі?

- Перш за ўсё ўлічваем усё большую цікавасць да замежных моў, таму большасць мерапрыемстваў для моладзі праходзіць на мовах краін-партнёраў. Мы імкнёмся пашыраць кола непасрэдных удзельнікаў у нашых вечарах, прыцягваючы моладзь да распрацоўкі іх фармату і напаўнення. З мікрафонам выступае таксама моладзь - студэнты ВНУ, якія вывучаюць замежныя мовы, старшакласнікі з паглыбленым іх вывучэннем.

У апошнія гады мы стварылі некалькі клубаў, у якіх моладзь мае магчымасць сустракацца непасрэдна з пасламі розных краін. Гэта клубы "Юны дыпламат", "Дыялог з паслом", "Аматары замежнай літаратуры". Клубы працуюць на мове той краіны, пасол якой з'яўляецца госцем клуба. На адной з такіх сустрэч з замежнымі пасламі прысутнічалі школьнікі з Нарацкай СШ нумар 1 і іншых школ Мядзельскага раёна, якія паказалі добрае веданне англійскай мовы.

Па-ранейшаму мы практыкуем правядзенне круглых сталоў, канферэнцый, іншых форумаў па актуальных тэмах. У іх абавязкова прымаюць удзел замежныя дыпламаты.

Прадстаўнікі студэнцтва, рабочай моладзі ўдзельнічаюць у рабоце нашых краінавых таварыстваў, з'яўляючыся іх членамі. Нямала моладзі ўваходзіць у кіруючыя органы Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Мы выкарыстоўваем магчымасці моладзі і як праваднікоў беларускай культуры. Адпраўляючы на аздараўленчы адпачынак школьнікаў з чарнобыльскіх раёнаў, мы пры падтрымцы мясцовых улад рыхтуем нацыянальныя мастацкія праграмы, з якімі яны выступаюць потым у тых краінах, дзе праходзяць аздараўленне.

Практыка паказвае, што многія матываваныя маладыя людзі ўспрымаюць нашу работу як магчымасць атрымаць першы вопыт у развіцці міжнародных кантактаў. Таму да нас ахвотна ідуць на практыку студэнты БДУ, БДЭУ, БДУКМ, МІУ, МДЛУ.

Сёння наш актыў сканцэнтраваў намаганні на чатырох асноўных праграмах: папулярызацыя беларускай культуры ў свеце і знаёмства беларусаў з духоўнай спадчынай іншых народаў; далучэнне моладзі да культурных і духоўных традыцый, удзел у праграмах міжнароднага супрацоўніцтва; садзейнічанне міжнароднаму рэгіянальнаму супрацоўніцтву гарадоў і рэгіёнаў Беларусі з замежнымі; рэалізацыя гуманітарных праграм дапамогі медыцынскім установам краіны абсталяваннем, а таксама арганізацыя дзіцячага адпачынку праз магчымасці замежных партнёрскіх арганізацый.

- Як і кім рэалізуюцца гэтыя праграмы?

- Праграмы ажыццяўляюць 40 таварыстваў дружбы з асобнымі краінамі, якія аб'ядноўваюць амаль 1 тыс. нашых актывістаў. Гэта таварыствы "Беларусь-Арменія", "Беларусь-Аўстрыя", "Беларусь-Балгарыя", "Беларусь-Бельгія", а таксама таварыствы дружбы з Венесуэлай, Вялікабрытаніяй, В'етнамам, Германіяй, ЗША, Ізраілем, Індыяй, Іранам, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Казахстанам, Канадай, Рэспублікай Карэя, Кітаем, Кіпрам, Кыргызстанам, Кубай, Латвіяй, Літвой, Малдовай, Нарвегіяй, Непалам, Палесцінай, Польшчай, Расіяй, Славакіяй, Сербіяй, Таджыкістанам, Турцыяй, Украінай, Фінляндыяй, Францыяй, Чэхіяй, Швейцарыяй, Японіяй.

Іх узначальваюць вядомыя і прызнаныя ў беларускай культуры, навуцы і іншых сацыяльна значных сферах людзі. Назаву толькі некаторых з іх - акадэмік Пётр Віцязь, пісьменнікі і паэты Мікола Мятліцкі, Сяргей Панізнік, Навум Гальпяровіч, Зіновій Прыгодзіч, Анатоль Бутэвіч, Аляксей Дудараў, вучоныя і вядомыя ў Беларусі людзі - Віктар Шадурскі, Іван Чарота, Генадзь Ціхун, Анатоль Суша, Генадзь Пальчык, Барыс Святлоў, Раман Матульскі, Анатоль Талкачоў, Валерый Гедройц.

Краінавыя таварыствы дружбы выкарыстоўваюць для дасягнення сваіх мэт не толькі традыцыйныя, правераныя часам формы работы, як дні культуры, вечары, прысвечаныя значным падзеям у жыцці краін-партнёраў, але і новыя, больш актуальныя. Сёння ўсё больш запатрабаваны такія праекты, як цыкл мерапрыемстваў "Беларусь-Кітай: дасягненні і новыя гарызонты", сустрэчы па тэмах "Шэдэўры нямецкай літаратуры", "Пазнаём Рэспубліку Карэя разам", "Беларуска-польскае сумоўе".

Штогод у розных краінах з поспехам праходзяць Дні Беларусі. У бягучым годзе Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі сумесна з фондам "Дзеці Чарнобыля" Ніжняй Саксоніі і пасольствам Беларусі ў Германіі плануюць правесці Дні беларускай культуры ў Германіі, прысвечаныя 35-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і Дні нямецкай культуры ў Беларусі. У планах таксама арганізацыя з удзелам нашага таварыства мерапрыемстваў, прызначаных папулярызаваць беларускую культуру ў Кітаі, а таксама Дзён культуры Аўстрыі, Швейцарыі і В'етнама ў Беларусі.

Мінчане з вялікай цікавасцю прымаюць удзел у нашых вечарах, прысвечаных знамянальным датам і падзеям культурнага жыцця краін - партнёраў Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Практычна кожны вечар да пандэміі ў Доме дружбы гучалі вершы на розных мовах, песні і музыка беларускіх і замежных кампазітараў. Пастаянна праходзілі выставы работ беларускіх і замежных мастакоў, фатографаў і рамеснікаў.

Можна назваць плённым міжнароднае рэгіянальнае супрацоўніцтва. Так, на пастаяннай аснове паспяхова праходзяць сустрэчы гарадоў-пабрацімаў і партнёраў Беларусі і Латвіі, Беларусі і Германіі, Беларусі і Расіі, Беларусі і Польшчы. Важна, што таварыствы дружбы з Беларуссю ў Польшчы, Германіі, Францыі, Японіі, Кітаі, Расіі, В'етнаме, Аўстрыі і іншых краінах сталі нашымі надзейнымі партнёрамі.

- У папулярызацыі сусветнай духоўнай спадчыны ці супрацоўнічаеце вы з пасольствамі замежных краін?

- Вядома, супрацоўнічаем. Асабліва плённая праца звязвае нашу арганізацыю з пасольствам КНР. Дыпламаты гэтай краіны ахвотна адгукаюцца на прапановы таварыства "Беларусь-Кітай", якое паспяхова працуе ў складзе Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі больш за 60 гадоў. Ні адно мерапрыемства, а іх да пандэміі праводзілася больш за дзясятак у год, не праходзіла без удзелу пасла або супрацоўнікаў пасольства. Дыпламатычная місія падтрымлівае беларускую народную дыпламатыю і ва ўтрыманні будынка Дома дружбы. Напрыклад, у 2020 годзе з падтрымкай пасольства КНР нам удалося адрамантаваць дах, за што мы вельмі ўдзячныя былому Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Цуй Цыміну, які быў і застанецца вялікім сябрам Беларусі.

Разлічваем на рэалізацыю многіх беларуска-кітайскіх мерапрыемстваў у сценах Дома дружбы ў гэтым годзе і ў далейшым. У нас падобныя мэты: народныя дыпламаты Беларусі працуюць пад дэвізам "Каб стала домам дружбы ўся зямля", а КНР і яе лідар Сі Цзіньпін - "Каб свет стаў супольнасцю адзінага лёсу чалавецтва". Важна, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і кітайскі лідар - вялікія сябры.

Хачу таксама падзякаваць нашым замежным сябрам за тое, што ў постчарнобыльскі перыяд яны сканцэнтравалі сваю дзейнасць на дапамозе пацярпелым беларускім рэгіёнам ад радыяцыйнага забруджвання. Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі больш за 25 гадоў супрацоўнічае з фондам "Дзеці Чарнобыля" Ніжняй Саксоніі (Германія), які паставіў 280 апаратаў ультрагукавой дыягностыкі ў розныя медыцынскія ўстановы Беларусі. Фонд штогод арганізуе навучальныя семінары для беларускіх урачоў-дыягностаў, у тым ліку з удзелам вядучых нямецкіх спецыялістаў. Ганаровы старшыня фонду прафесар Х.Экель узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны за заслугі перад Беларуссю.

Такой жа ўзнагароды ўдастоена Марыя Хетцэр з Аўстрыі, кіраўнік аўстрыйскай грамадскай арганізацыі "Адпачынак для дзяцей Беларусі", якая таксама з'яўляецца нашым шматгадовым партнёрам. Больш за 4 тыс. дзяцей з Гомельскай і Магілёўскай абласцей змаглі пабываць у Аўстрыі і даведацца пра культуру, традыцыі аўстрыйцаў, жывучы летам у іх сем'ях.

Тысячы дзяцей, якія пацярпелі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы, змаглі паправіць сваё здароўе пры падтрымцы Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў сем'ях у Італіі, Германіі, Аўстрыі, Францыі і Польшчы.

- Мінулы год стаў, напэўна, выключэннем у вельмі актыўнай рабоце з-за пандэміі COVID-19? Што было зроблена і што ўсё ж такі не ўдалося ажыццявіць?

- Работа істотна змянілася. Тым не менш у 2020 годзе мы прадоўжылі дзейнасць па папулярызацыі беларускай культуры за мяжой і ў Беларусі, падтрымлівалі міжнародны дыялог з прадстаўнікамі замежных краін для ўмацавання дружбы і ўзаемаразумення, развіцця народнай дыпламатыі.

У першыя месяцы мінулага года ішла актыўная работа па падрыхтоўцы і правядзенні тэматычных вечароў (з удзелам пасольстваў Украіны, Сербіі, Палесціны, Арменіі, Германіі, Казахстана, Кубы, Латвіі), пасяджэнняў клубаў "Юны дыпламат" (Венесуэла, Германія) і "Дыялог з паслом".

Безумоўна, з пачаткам пандэміі нам давялося перагледзець фармат мерапрыемстваў, скараціць колькасць удзельнікаў і праводзіць сустрэчы з выкарыстаннем сродкаў індывідуальнай аховы. Пасля летняга зацішша ў верасні былі адноўлены тэматычныя вечары і мерапрыемствы, а таксама арганізаваны новыя фарматы сустрэч. Так, быў створаны клуб "Аматары замежнай літаратуры", удзельнікі якога сустракаліся на паэтычных вечарах, прысвечаных творчасці Роберта Бернса, Сяргея Ясеніна, Фрыдрыха Шылера, а таксама палесцінскіх паэтаў, чыталі вершы на рускай і замежных мовах.

На працягу года актывісты прымалі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных знамянальным датам у жыцці замежных краін, арганізаваных партнёрамі таварыства ў Беларусі. Адбыўся круглы стол на тэму "Казахстан у сучасным свеце. Фактар лідарства Назарбаева", прысвечаны Дню незалежнасці гэтай краіны, з удзелам супрацоўнікаў казахстанскага пасольства, дэпутатаў Нацыянальнага сходу, членаў таварыства "Беларусь-Казахстан" і прадстаўнікоў грамадскасці.

Мы ў мінулым годзе шмат увагі ўдзялілі пытанням падтрымання ў парадку будынка Дома дружбы, які, як я гаварыла, з'яўляецца помнікам архітэктуры. Усё гэта робіцца заўсёды з улікам адпаведных патрабаванняў.

Нам, на жаль, не ўдалося цалкам рэалізаваць план па гуманітарнай праграме. З-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі і краінах-партнёрах рэабілітацыя дзяцей з чарнобыльскіх раёнаў не праводзілася. Аднак фонд "Дзеці Чарнобыля" Ніжняй Саксоніі адправіў у Беларусь 4 ультрагукавыя апараты ў якасці гуманітарнай дапамогі, для чаго мы падрыхтавалі адпаведныя дакументы, растаможылі апараты і перадалі іх у медыцынскія ўстановы Беларусі.

З-за пандэміі на 2021 год былі перанесены два важныя міжнародныя мерапрыемствы - 10-я сустрэча гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Расіі, а таксама 11-я сустрэча гарадоў - пабрацімаў Беларусі і Германіі.

Як бачым, Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, якое мае багатую 95-гадовую гісторыю, прадаўжае добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў, збірае і аб'ядноўвае ідэі і намаганні розных людзей на шляху да ўзаемаразумення і гармоніі праз духоўныя дасягненні чалавечага грамадства, умацаванне дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі.

Аліна ГРЫШКЕВІЧ,

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі