Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
23 верасня 2021, 15:15
Андрэй Крывашэеў

Крывашэеў: на кінафестываль "Еўразія.DOC" паступіла рэкордная колькасць работ - амаль 200 з 21 краіны

Андрэй Крывашэеў

З 27 верасня па 1 кастрычніка ў Мінску і Смаленску пройдзе VI Фестываль дакументальнага кіно краін СНД "Еўразія.DOC". Цэнтральнымі тэмамі гэтага маштабнага форуму стануць знакавыя для еўразійскай прасторы і свету ў цэлым юбілейныя даты: 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 60 гадоў першага палёту чалавека ў космас, 30-годдзе падпісання Белавежскіх пагадненняў. Старшыня Беларускага саюза журналістаў і дырэктар фестывалю Андрэй Крывашэеў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў аб праграме форуму і аб тым, на якія фільмы варта звярнуць увагу беларускаму гледачу.

- Як бы вы сфармулявалі задачы і сэнс фестывалю "Еўразія.DOC"?

- Фестываль патрэбны для таго, каб у фармаце жывых дыскусій, адкрытых паказаў убачыць, чым жыве сучасны кантынент Еўразія з пункту гледжання вопытных, а таксама маладых аўтараў-дакументалістаў. Часта многія рэчы, якія адбываюцца ў палітычнай, сацыяльнай, гуманітарнай, інфармацыйнай плоскасці, дакументалісты бачаць, адчуваюць і перадаюць праз свае фільмы значна глыбей, чым журналісты, у якіх, уласна кажучы, і місія зусім іншая. Таму, апіраючыся на іх погляд, мы аналізуем мінулае, сучаснае і вызначаем контур будучага.

І яшчэ адна нязменная задача фестывалю - падтрымка маладых, дакументалістаў-пачаткоўцаў праз наш традыцыйны конкурс кароткаметражак "Еўразія.doc: 4 мінуты". Гэтыя работы, магчыма, сёння яшчэ недацягваюць да поўнага фармату і выглядаюць як інтэрнэт-ролікі, сюжэты на сацыяльную тэму, відэанарысы, сціслыя, у лаканічным жанры, але дзякуючы ім мы бачым падрастаючае пакаленне кінематаграфістаў, спрабуем даць ім шанц замацавацца ў прафесіі і атрымаць прызнанне на нашай вялізнай еўразійскай прасторы.

- Што цікавага пакажуць гледачам на гэты раз?

- Для кожнага беларускага і расійскага гледача, які будзе глядзець нашы фільмы ў Смаленску і Мінску, знойдзецца свая тэма, свой фільм і свая дыскусія. Як дырэктару фестывалю мне не хацелася б навязваць нейкі канкрэтны парадак дня. Магу толькі сказаць пра палітру тэм, выбраных для кароткага паказу.

Расійскія дакументалісты, напрыклад, адкрываюць малавядомую старонку Вялікай Айчыннай вайны: гэта расказ аб "фабзайцах". Так называлі хлопчыкаў, якія прыехалі на бераг Нявы асвойваць прафесіі ў ФЗВ - фабрычна-завадскія вучылішчы. Апынуўшыся потым у блакадным Ленінградзе, яны праявілі цуды мужнасці і гераізму. "Фабзайцы" і змагаліся, і працавалі на патрэбы фронту. Унікальная гісторыя, забытыя героі і імёны паказаны дзякуючы журналістам.

Яшчэ адна вялікая тэма - гадавіна развалу Савецкага Саюза, пра які зняты шэраг фільмаў. Мы правядзём круглы стол, прысвечаны 30-годдзю здабыцця незалежнасці. Ён называецца "Выпрабаванне суверэнітэтам". Хочам прааналізаваць, як справіліся маладыя постсавецкія рэспублікі з гэтым каласальным эканамічным і палітычным выклікам. Прадстаўлена некалькі фільмаў. Усім рэкамендую прыйсці, паглядзець, паспрачацца са стваральнікамі стужкі, паколькі аўтары пакінулі вялікую прастору для дыскусіі. Напрыклад. у карціне "Крушэнне СССР. Расшыфроўка "чорнай скрыні", знятай нашымі калегамі с RT, прадстаўлены і пункты гледжання тых, хто быў блізкі да Барыса Ельцына, тых, хто выступаў за хутчэйшы дэмантаж савецкай дзяржавы, а таксама тых, хто быў катэгарычным праціўнікам развалу краіны і ўжо тады прадбачыў наступствы, якія напаткаюць усю постсавецкую прастору, уключаючы войны, разбурэнні, голад, дэпартацыю народаў, у прыватнасці рускіх, з новых рэспублік.

Не абмінулі кінематаграфісты і тэму каранавіруса. Сёння модна спрачацца, наколькі правільнымі і своечасовымі былі меры, прынятыя дзяржавамі для барацьбы з гэтай навалай. І тут таксама, адзначу, самае шырокае поле для дыскусіі, тым больш што дакументалісты з уласцівай ім глыбінёй аналізуюць не столькі медыцыну як такую, колькі тыя наступствы, якія пандэмія прынесла ў жыццё чалавека, сям'і, дзяржавы, эканомік, працоўных калектываў.

Варта прыцягнуць увагу і да тэмы вялікай Еўразіі і малой радзімы. З разбурэннем СССР мы страцілі і агульнасаюзны кантэкст, і цяпер вельмі мала хто з нас ўяўляе сабе, чым жыве расійская глыбінка, напрыклад Саха (Якуція), якія падзеі адбываюцца ў Арменіі і Азербайджане. Раю ўсім паглядзець выдатную армянскую работу "Апошні жыхар", у якой жыццё пакідае галоўнага героя літаральна ў кадры. Гэта фільм-трагедыя, фільм-выклік. Журы доўга спрачалася, ці можна паказваць яго на пляцоўцы кінатэатра. Але затым палічылі, што мінская і смаленская публіка даволі інтэлігентная і разумная, каб адэкватна ўспрымаць такое цяжкае, трагічнае кіно.

Тры фільмы прадстаўленыя беларускімі кінадакументалістамі: два з іх - Белтэлерадыёкампаніяй, адзін - АНТ. Усе яны прысвечаны самым першым трагічным старонкам Вялікай Айчыннай вайны. Мы хочам пагаварыць пра гэта зноў, але ўжо з пазіцыі 2021 года.

- Каранавірус наклаў адбітак на правядзенне форуму?

- Пачынаючы рыхтаваць праграму, думалі, што пандэмія нядобра паўплывае на ход форуму. Маральна рыхтавалі сябе да таго, што такі поўнафарматны фестываль можа не адбыцца, паколькі не будзе работ, не прыедуць аўтары. Усе нашы апасенні былі развеяны, ужо ў сярэдзіне прыёму работ на конкурс, а іх паступіла рэкордная колькасць - амаль дзве сотні з 21 краіны. У шорт-ліст увайшлі 30 фільмаў з 10 краін: 29 фіналістаў конкурснай праграмы і адзін за яе рамкамі, паколькі гэта фільм аднаго з членаў журы - Сяргея Зайцава, і ён будзе дэманстравацца на спецыяльным пазаконкурсным паказе. Фільмы розныя, праграма дынамічная, значна мацнейшая за мінулы год. Вядома, каранавірус накладае адбітак у тым сэнсе, што мы захоўваем усе меры засцярогі: рассадка, абавязковы масачны рэжым у кінатэатрах. Частка экспертаў, на жаль, альбо толькі-толькі перахварэлі, альбо знаходзяцца на ізаляцыі і не змогуць дабрацца, але ўсе ключавыя дыскусіі і майстар-класы адбудуцца. Мы засумавалі па прамым, вочным і асабістым дыялогу. І ён адбудзецца - і ў Смаленску, і ў Мінску. Запрашаю ўсіх 30 верасня ў Мінску на адкрытыя паказы і дыскусіі. І нагадваю, што 1 кастрычніка днём пройдуць паказы фільмаў, а ўвечары адбудзецца маляўнічая і яркая цырымонія падвядзення вынікаў фестывалю, узнагароджванне пераможцаў. Прыходзьце, падтрымлівайце, балейце за сваіх!

Алена ЕЛАВІК,

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі