Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
27 студзеня 2012, 15:09

КНІГА І ІНТЭРНЭТ - КАНКУРЭНТЫ ЦІ ПАРТНЁРЫ?

Жыццё кожнага чалавека непарыўна звязана з кнігай: яшчэ ва ўлонні маці немаўляты слухаюць казкі, якія чытаюць ім бацькі, а ўменне чытаць становіцца галоўным спосабам пазнання свету. З развіццём высокіх тэхналогій інструментаў для пазнання новага стала больш, і галоўным канкурэнтам кнігі ў барацьбе за ўвагу аўдыторыі стаў Інтэрнэт. Абвяшчэнне 2012 года Годам кнігі падкрэсліла яе значнасць і ролю ў жыцці грамадства, але ў той жа час і абазначыла некаторую неабароненасць. Аб тым, наколькі моцныя пазіцыі кнігі, карэспандэнт БЕЛТА размаўляла з загадчыцай кафедры беларускай літаратуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам, а таксама членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і аўтарам навучальных дапаможнікаў, школьных падручнікаў і паэтычных зборнікаў Вольгай Русілка.

- Перш за ўсё, хачу адзначыць, што абвяшчэнне 2012 года Годам кнігі я ўспрымаю з вялікай радасцю і натхненнем. Беларусы атрымалі кнігу з рук Францыска Скарыны 6 жніўня 1517 года першымі сярод усходніх славян, таму для нашага народа кніга - гэта сапраўды нешта асаблівае і святое. Для мяне як паэтэсы і аўтара навуковых выданняў гэта стымул чытаць і пісаць кнігі.

- Вольга Іванаўна, апошнім часам існуе меркаванне аб выцясненні кнігі Інтэрнэтам. На ваш погляд, наколькі актуальная гэта тэма?


- На жаль, даводзіцца канстатаваць, што такая канкурэнцыя існуе. Аднак варта ўлічваць, што кніга ў традыцыйным сэнсе - гэта прадмет, які можна ўзяць у рукі, пагартаць старонкі, атрымаць ад гэтага працэсу задавальненне. Інтэрнэт жа выконвае толькі інфармацыйную функцыю, пазбаўляючы тактыльнага кантакту і іншых бонусаў у выглядзе ілюстрацый, асаблівасцей афармлення, адчування прысутнасці аўтара ў тваім жыцці. Для мяне гэтыя састаўныя часткі кнігі маюць першараднае значэнне і нішто не можа іх замяніць, бо менавіта яны ў канчатковым выніку фарміруюць асаблівы кантакт паміж кнігай, чытачом і аўтарам. Кніга становіцца мостам, які іх звязвае. Інтэрнэт не можа сфарміраваць такой сувязі з-за сваіх якасцей і прызначэння, але прымяншаць яго ролю і значнасць нельга: ён таксама садзейнічае папулярызацыі чытання, знаёмству шырокай аўдыторыі з пісьменнікамі.

- Улічваючы такія паважлівыя адносіны да кнігі, як вы ставіцеся да ўкаранення ў навучальны працэс планшэтаў?

- Як педагог, аўтар школьных падручнікаў і навучальных дапаможнікаў я, вядома, падтрымліваю гэта рашэнне. Не бачу ў гэтым нічога дрэннага. У гэтым выпадку Інтэрнэт і кніга - гэта інструменты для навучання, якія можна і трэба сумяшчаць у навучальным працэсе. Адмаўляцца ад сучасных інфармацыйных тэхналогій не мае сэнсу, ісці супраць гэтага проста недальнабачна, паколькі яны трывала ўвайшлі ў наша жыццё. Разумны, добра метадычна падрыхтаваны настаўнік зможа паспяхова сумясціць Інтэрнэт і традыцыйную кнігу. Ён заўсёды знойдзе магчымасць паставіць пытанне або заданне так, каб правільна ўраўнаважыць выкарыстанне гэтых двух рэсурсаў.

- Якім чынам паўплывае абвяшчэнне Года кнігі на навучальны працэс?

- У першую чаргу, гэта стане дадатковым стымулам чытаць літаратуру і звычайным спосабам, і ў электронным выглядзе. У нашым універсітэце створана электронная бібліятэка, таму студэнты могуць выбраць любы зручны для іх варыянт. Таксама будуць расстаўлены акцэнты, паколькі ў гэтым годзе беларусы адзначаюць юбілей двух сваіх непераўзыдзеных паэтаў - 130-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы. Несумненна, гэта стане падставай для шматлікіх педагогаў звярнуць дадатковую ўвагу да класікаў літаратуры. На кафедры беларускай літаратуры запланаваны цыклы сустрэч студэнтаў і навучэнцаў з празаікамі і паэтамі, літаратурныя чытанні, конкурсы. Аналагічныя мерапрыемствы будуць шырока арганізаваны і ў іншых установах адукацыі.

- Як сёння можна захаваць і выклікаць цікавасць да кнігі?

- Часта можа зацікавіць добры водгук пра кнігу, калі настаўнік, сябар, вядомы крытык выказвае сваё асабістае ўражанне, эмоцыі ад прачытанага твора. У Інтэрнэце тэксты часта скарочаныя, апускаюцца некаторыя падрабязнасці, а менавіта на іх мастацкі твор і будуецца. І калі гаворыш вучню, што ёсць такая дэталь, эпізод, яму становіцца цікава, ён ужо мэтанакіравана перагортвае старонкі ў пошуках гэтага моманту.

Што датычыцца больш масавых прыёмаў, важны непасрэдны чалавечы кантакт пісьменнікаў і чытачоў на творчых сустрэчах. Проста кажучы, выхад у народ, на якім у ходзе абмеркавання, дыскусій таксама з'яўляецца цікавасць да чытання.

Таксама варта адзначыць ролю творчых конкурсаў. Для моладзі гэта вельмі важна. У Віцебскай вобласці літаратурныя конкурсы праводзяцца даволі часта і для розных узроставых груп, у тым ліку і для прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Напрыклад, у мінулым годзе Віцебская абласная бібліятэка імя Леніна сумесна са Смаленскай абласной бібліятэкай правяла конкурс, прысвечаны творчасці Лермантава, "Герой нашага часу". Таксама прайшлі конкурсы, прысвечаныя вядомым і любімым беларускім аўтарам - Уладзіміру Караткевічу, Максіму Багдановічу. І людзі актыўна ўдзельнічаюць! У прыватнасці ў апошнім прынялі ўдзел больш за 200 аўтараў рознага ўзросту, якія прадставілі больш за 2 тыс. твораў. Гэта сведчыць аб тым, што ёсць людзі, якія цікавяцца літаратурай. Можа, іх стала менш, але яны ёсць, і гэта радуе.

- Вы як паэтэса, несумненна, часта прымаеце ўдзел у творчых сустрэчах і можаце меркаваць, наколькі такія мерапрыемствы цікавыя людзям.

- У асноўным, вядома, прыходзіць мэтавая аўдыторыя - тыя, хто цікавіцца літаратурай. Нараўне з гэтым часам і не чакаеш вялікай аўдыторыі, а прыходзіць шмат людзей. У гэтым плане трэба выказаць вялікую ўдзячнасць і нізкі паклон работнікам бібліятэчнай сістэмы, якія праводзяць значную работу па прыцягненню чытачоў. Яны сапраўды працуюць на папулярызацыю літаратуры.

- Ці зможа ў будучым Інтэрнэт выцесніць кнігу, цалкам перавесці яе ў разрад рарытэту?

- Яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння Года кнігі мы абмяркоўвалі са студэнтамі, як змяняецца роля кнігі, стаўленне да літаратуры ў цэлым. Вывад пакуль адназначны: у жыцці кожнага чалавека ў бліжэйшы час нішто не зможа замяніць кнігу ў традыцыйным яе разуменні, паколькі ўсё роўна мы цягнемся да яе, каб знайсці адказы на нейкія пытанні. Многія звяртаюцца да яе ў геданістычных мэтах: проста адпачыць. Прыносіць задавальненне - у гэтым таксама роля кнігі.

Так, моладзь цяпер чытае менш, кампенсуючы гэта тым, што знаходзіць неабходныя тэксты, інфармацыю ў Інтэрнэце, няхай і ў скарочаным выглядзе. У рэшце рэшт, і гэта добра, бо нейкую інфармацыю яны атрымліваюць, а маглі ж наогул не атрымаць.

Інтэрнэт занадта хуткі і інфарматыўны, што не спрыяе спакойнаму засяроджанаму чытанню. У ім мала месца адводзіцца эмоцыям, а ў добрай мастацкай кнізе яны ёсць. Менавіта за эмоцыямі людзі і цягнуцца да кніг, таму магу ўсім толькі пажадаць чытаць кнігі.

Вольга БАГАЧОВА
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі