Кітай не ўводзіў і не будзе ўводзіць ніякіх забарон на экспарт медыцынскіх вырабаў. Аб гэтым заявіла ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях пасольства КНР у Беларусі Чжаа Цюянь. Яна звярнула ўвагу на тое, што ў некаторых СМІ называецца памылковая інфармацыя пра нібыта існуючыя ў Кітаі абмежаванні на пастаўкі за мяжу медыцынскіх тавараў. Саветнік падрабязна растлумачыла сітуацыю, зрабіўшы акцэнт на ўзмацненні кітайскім урадам кантролю за якасцю асобных экспартуемых відаў медыцынскай прадукцыі. Цяпер ёсць афіцыйны спіс 2 тыс. кітайскіх кампаній, маючых ліцэнзіі на пастаўкі за мяжу экспрэс-тэстаў (рэагентаў), медыцынскіх масак, ахоўных касцюмаў, дыхальных апаратаў, інфрачырвоных тэрмометраў.
- Кітаю ўдалося кантраляваць і прыпыніць распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі. Калі коратка, якая цяпер сітуацыя ў КНР?
- Барацьба з эпідэміяй COVID-19 стала глабальнай тэмай. Кітай першым сутыкнуўся з моцнай ударнай хваляй гэтага захворвання. КНР пад кіраўніцтвам урада і дзякуючы самаадданай працы медыкаў, падтрымцы міжнароднай супольнасці, у прыватнасці бескарыслівай дапамозе Беларусі, здолела кантраляваць распаўсюджванне інфекцыі. Цяпер вытворчыя працэсы ў краіне паступова аднаўляюцца, да працы вяртаюцца вядучыя індустрыяльныя кампаніі.
Хачу звярнуць увагу на тое, што шчырая дапамога, аказаная іншымі народамі, у тым ліку беларускім, у момант цяжкай барацьбы КНР з эпідэміяй, назаўсёды застанецца ў памяці кітайцаў.
- Цяпер многія краіны свету адчуваюць дэфіцыт медыцынскіх ахоўных сродкаў ...
- Кітай, як адказная дзяржава, гатовы разам з прафілактыкай і кантролем эпідэміі ўнутры краіны прадастаўляць падтрымку і дапамогу краінам і рэгіёнам, уносіць свой уклад у міжнародную барацьбу з пандэміяй. У сувязі з гэтым хачу падкрэсліць: Кітай не ўводзіў і не будзе ўводзіць ніякіх забарон на экспарт вырабаў медыцынскага прызначэння. На сёння Кітай экспартаваў і ахвяраваў вялікі аб'ём такіх вырабаў у 127 краін свету.
У цэлым па стане на 5 красавіка ў Кітаі агульная вытворчасць аднаразовых ахоўных медыцынскіх касцюмаў дасягнула больш як 1,5 млн штук за суткі, штодзённы выпуск медыцынскіх масак стандарту N95 перасягнуў 3,4 млн штук, медыцынскіх ахоўных акуляраў і шчыткоў ахоўных для твару - 290 тыс. штук , аўтаматычных інфрачырвоных тэрмометраў - 10 тыс. штук, партатыўных інфрачырвоных тэрмометраў - 400 тыс. штук.
- Якія правілы ўведзены ў Кітаі для экспарцёраў такіх тавараў? Бо вядома, што раней нядобрасумленныя вытворцы ў некаторых краінах скарысталіся вострым недахопам медыцынскіх вырабаў і пастаўлялі не вельмі якасную прадукцыю ...
- Для строгага кантролю за вывазам з Кітая вырабаў медыцынскага прызначэння і забеспячэння іх высокай якасці з 1 красавіка ўступілі ў сілу новыя дадатковыя патрабаванні для экспарту медыцынскіх тавараў за мяжу. Гэтыя правілы прыняты сумесна Міністэрствам камерцыі, Дзяржаўным упраўленнем па наглядзе і кантролі за лекавымі сродкамі, Галоўным мытным упраўленнем КНР.
Новыя патрабаванні распаўсюджваюцца на вываз пяці відаў медыцынскіх вырабаў: гэта экспрэс-тэсты (рэагенты), медыцынскія маскі, ахоўныя касцюмы, дыхальныя апараты, інфрачырвоныя тэрмометры.
У адпаведнасці з гэтымі правіламі мытня прапускае толькі вырабы, якія маюць пасведчанні аб рэгістрацыі, адобраныя Дзяржаўным упраўленнем па наглядзе і кантролі за лекавымі сродкамі. Неабходна таксама дакументацыя, якая пацвярджае стандарты кантролю якасці для адпаведных краін-імпарцёраў.
- Колькі канкрэтна прадпрыемстваў атрымалі права на экспарт экспрэс-тэстаў, масак, ахоўных касцюмаў, дыхальных апаратаў і інфрачырвоных тэрмометраў?
- Цяпер больш за 2 тыс. кітайскіх вытворцаў медыцынскіх вырабаў атрымалі пасведчанні аб рэгістрацыі ад кампетэнтнага органа КНР. Гэта азначае, што для замежных пакупнікоў даступна дастатковая колькасць пастаўшчыкоў, а якасць прадукцыі гарантавана. Прынятыя меры дазволяць спажыўцам пазбегнуць куплі несертыфікаваных медыцынскіх тавараў.
У КНР прапануюць замежным урадам і кампаніям прымаць пад увагу афіцыйны спіс кваліфікаваных кітайскіх вытворцаў і пастаўшчыкоў, тавары якіх адпавядаюць стандартам якасці краіны-імпарцёра. Выбіраючы партнёраў з гэтага спіса, можна пазбегнуць збояў у экспартных пастаўках у сувязі з неадпаведнасцю прадукцыі патрабаванням.
- Ці будзе кітайскі ўрад і ў далейшым прыкладаць намаганні для дапамогі іншым краінам?
- Кітай будзе рабіць усё магчымае, каб забяспечыць надзвычайныя пастаўкі ў краіны, якія пацярпелі ад каранавіруса. Таксама КНР будзе дзяліцца напрацаваным у барацьбе з эпідэміяй арганізацыйным, медыцынскім і вытворчым вопытам, каб разам з іншымі краінамі спыніць распаўсюджванне COVID-19.
Аліна ГРЫШКЕВІЧ,
БЕЛТА.