Чарговыя навацыі ўнесены ў праграму сямейнага капіталу - адпаведны ўказ падпісаны Прэзідэнтам. Аб тым, як трансфармуецца пад сучасныя рэаліі і як уплывае на дэмаграфічную сітуацыю гэта мера доўгатэрміновай падтрымкі сем'яў з дзецьмі, з якіх іншых "цаглінак" выбудоўваецца сістэмная дзяржаўная палітыка ў гэтай сферы, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч расказала ў інтэрв'ю БЕЛТА.
- Ірына Анатольеўна, кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні на нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна па разглядзе праекта ўказа адзначыў, што падтрымка шматдзетных сем'яў - гэта сацыяльны брэнд нашай дзяржавы, яе візітная картка. Якія асноўныя меры фарміруюць гэты брэнд?
- Галоўнае багацце нашай краіны - людзі, таму ў Беларусі многае робіцца для таго, каб адрадзіць традыцыі шматдзетнасці, павысіць каштоўнасць сям'і з трыма дзецьмі. Палітыка падтрымкі шматдзетнасці фарміравалася на працягу многіх гадоў, і сёння мы па праву ёю ганарымся. Яна разнапланавая і аказваецца па ўсіх жыццёва важных для сем'яў напрамках. Гэта і льготы пры аплаце паслуг у дзіцячых садах, і бясплатнае харчаванне ў школе, і адрасная сацыяльная дапамога, працоўныя, падатковыя, мытныя льготы, пенсійныя гарантыі шматдзетным маці.
Сярод асаблівых мер - ільготы пры будаўніцтве жылля і сямейны капітал. Практычна кожная шматдзетная сям'я, якая знаходзіцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, мае магчымасць пабудаваць жыллё з падтрымкай дзяржавы. За апошнія 5 гадоў 35 тыс. шматдзетных сем'яў рэалізавалі такое права.
Сямейны капітал - гэта наша нацыянальная мера. Так скажам, падарунак дзяржавы за нараджэнне трэцяга або наступнага дзіцяці. Праграма вельмі прывабная для сем'яў. За перыяд яе рэалізацыі з 2015 года адкрыта 104,8 тыс. дэпазітных рахункаў, на якія залічана $824,5 млн і Br512 млн. Як вы ведаеце, у 2020 годзе праграма мадэрнізавана. Замест 18 гадоў дазволена датэрмінова расходаваць сродкі сямейнага капіталу, але на самае важнае: жыллё, медыцыну, адукацыю. З 2020 года прынята больш за 41 тыс. рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу, з іх 88 працэнтаў - на паляпшэнне жыллёвых умоў.
- Па якіх паказчыках можна меркаваць аб эфектыўнасці гэтых мер, іх пазітыўным уплыве на ўстаноўкі сем'яў мець як мінімум траіх дзяцей?
- Аб эфектыўнасці мер сведчаць тэндэнцыі росту колькасці сем'яў з трыма і больш дзецьмі. З 2020 года міністэрствам створаны інфармацыйны рэсурс - аўтаматызаваная сістэма ўліку шматдзетных сем'яў. Так мы атрымліваем актуальную інфармацыю аж да раённага ўзроўню. Сёння ў нашай краіне пражывае ўжо больш за 116 тыс. шматдзетных сем'яў. Для параўнання: паводле даных перапісу насельніцтва 2009 года іх налічвалася 62,5 тыс.
Пераважна сем'і выхоўваюць траіх дзяцей - больш за 80 працэнтаў. Самая шматдзетная - Брэсцкая вобласць, тут пражывае кожная пятая шматдзетная сям'я. 72 працэнты сем'яў - гарадскія, астатнія жывуць у сельскай мясцовасці.
Трэнды росту шматдзетнасці мы таксама бачым з чарговасці нараджэнняў. Калі па першых і другіх дзецях доля нараджэнняў у агульнай колькасці зніжаецца, то ўдзельная вага нараджэнняў трэціх і наступных дзяцей узрастае. У 2009 годзе іх доля складала 11 працэнтаў у агульнай колькасці народжаных, а ў 2019 годзе - ужо 23 працэнты.
Перапіс насельніцтва таксама паказаў, што за апошняе дзесяцігоддзе прыкметна павялічылася колькасць двухдзетных сем'яў - амаль на 43 тыс. сем'яў, або на 13 працэнтаў. Цяпер кожная трэцяя сям'я ў краіне - двухдзетная.
Інакш кажучы, за 10 гадоў адбыліся істотныя змяненні ў структуры і складзе сем'яў, двух-трохдзетная сям'я становіцца сацыяльнай нормай у грамадстве. Гэта вынік мэтанакіраванай палітыкі дзяржавы.
Пры гэтым мы добра разумеем, што акрамя фінансавай падтрымкі трэба павышаць прэстыж сям'і. Маладое пакаленне хоць і абазначае сям'ю ў прыярытэце сваіх каштоўнасцей, тым не менш адкладае яе стварэнне на больш познія этапы жыцця. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці ўжо наблізіўся да 30-гадовага парога. Таму сям'я, яе каштоўнасці і традыцыі павінны быць у цэнтры інфармацыйнай палітыкі. Неабходна пашыраць праз СМІ ў якасці сацыяльнай нормы вобраз сям'і з трыма дзецьмі, павышаць культуру сямейна-шлюбных адносін.
- Вы ўжо адзначылі, што сямейны капітал - папулярная мера. Што ў цэлым паказала практыка яго прымянення? І ў чым сутнасць асноўных падыходаў у адпаведнасці з новым указам?
- Менавіта на падставе практыкі прымянення праграмы сямейнага капіталу мы выбудавалі ўказ па двух узаемадапаўняльных падыходах. Па-першае, гэта развіццё праграмы па асноўных напрамках, па-другое, увядзенне абмежавальных норм.
Па першым падыходзе ўзялі за аснову прапановы шматдзетных сем'яў, якія актыўна вывучалі ў ходзе дыскусійных пляцовак па ўсёй краіне. Мы вельмі ўзважана падышлі да гэтых прапаноў. Адразу скажу, што ўлічана не ўсё. Напрыклад, прапаноўвалася накіроўваць сродкі сямейнага капіталу на куплю аўтамабіля, рамонт жылля, пагашэнне спажывецкіх крэдытаў і інш. Абмяркоўваючы гэтыя напрамкі з банкаўскім сектарам, іншымі дзяржаўнымі органамі, мы ўлічвалі, што сродкі сямейнага капіталу сёння працуюць у эканоміцы. Акрамя таго, іх накіраванне на штодзённыя спажывецкія патрэбы не адпавядае мэтам і задачам сямейнага капіталу як доўгатэрміновай падтрымкі.
Таму развіццё праграмы накіравана на пашырэнне ўжо існуючых напрамкаў. Новы напрамак - для сем'яў, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды або бацькі маюць інваліднасць. Гэта пераклікаецца з палітыкай інклюзіі, якую мы праводзім для выканання Канвенцыі аб правах інвалідаў.
Другі падыход - па абмежаваннях - абумоўлены тым, што трэба было ўстанавіць дадатковыя фільтры. Практыка паказала, што асобныя сем'і неабдумана накіроўваюць сродкі сямейнага капіталу на куплю такога жылля, якое на самай справе жыллёвую праблему сям'і не вырашае. Рэзультат - сродкі патрачаны, а гарантаваная дапамога дзяржавы, якая сям'і належыць у рамках ільготных крэдытаў або субсідый на будаўніцтва жылля, скарачаецца на набытую колькасць метраў. У выніку сям'я толькі страчвае.
Акрамя таго, прадастаўляючы дзяржпадтрымку ў такіх аб'ёмах, дзяржава павінна ставіць "заслоны" для нядобрасумленных грамадзян, паколькі былі і выпадкі нямэтавага выкарыстання. Гэта не бюракратыя, гэта ашчадлівы падыход да дзяржаўных сродкаў. У цяперашніх умовах гэта асабліва запатрабавана. І павінна знайсці разуменне ў насельніцтва.
- Якія канкрэтна абмежаванні замацаваны ва ўказе?
- Гэтыя нормы адносяцца да накіравання на паляпшэнне жыллёвых умоў і ўжо дзейнічаюць у рамках заканадаўства па прадастаўленні дзяржпадтрымкі на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля. Напрыклад, грамадзяне, прымаючы рашэнне аб расходаванні сродкаў сямейнага капіталу на будаўніцтва або набыццё жылых памяшканняў меншых за ўстаноўленыя нарматывы (15 кв.м, а ў Мінску - 10 кв.м на аднаго чалавека), будуць даваць згоду аб зняцці з уліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пры гэтым сям'я зможа паўторна звярнуцца па пытанні пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу, але толькі пры нараджэнні яшчэ аднаго дзіцяці.
Акрамя таго, устаноўлена забарона на адчужэнне пабудаваных або набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу жылых памяшканняў на працягу пяці гадоў з даты рэгістрацыі права ўласнасці на іх. Тут прадугледжаны выключэнні, якія ўлічваюць асобныя жыццёвыя сітуацыі.
Таксама ўводзіцца абавязковая ацэнка кошту (на аснове рыначных метадаў) набываемых жылых памяшканняў. Мера накіравана на выключэнне выпадкаў завышэння кошту жылля пры заключэнні дагавораў куплі-продажу.
Яшчэ адна мера - устанаўленне забароны на набыццё жылля, якое ўключана ў рэестры старых і пустуючых дамоў. Такое жыллё, як правіла, непрыдатнае для пражывання, не мае элементарных выгод - лагічна выключыць магчымасць яго куплі.
У цэлым, гэтыя нормы забяспечаць больш узважаны падыход сем'яў да выбару магчымага жылля, а мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прадаставяць механізмы кантролю за абгрунтаваным і мэтавым выкарыстаннем сямейнага капіталу. Задача - дапамагчы сям'і максімальна вырашыць пытанне з жыллём, а не патраціць сямейны капітал, вырашаючы яго часткова.
- А якія навацыі па пашырэнні межаў выкарыстання сямейнага капіталу змяшчае ўказ? Можна прывесці канкрэтныя прыклады?
- Дапоўнены фактычна кожны напрамак. Напрыклад, па напрамку паляпшэння жыллёвых умоў з'явілася магчымасць датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на пагашэнне пазыкі, выдадзенай арганізацыяй па месцы працы. Раней - толькі на пагашэнне банкаўскага крэдыту.
Прадастаўлена права набываць долю кватэры або дома пры ўмове, калі становішся ўласнікам усяго жылога памяшкання. Гэта актуальна, калі жыллё, напрыклад, атрымліваецца ў спадчыну ад бацькоў і выкупляецца доля брата або сястры.
Важна адзначыць, што датэрмінова выкарыстоўваць сямейны капітал на жыллё могуць, як і раней, толькі сем'і, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Такі падыход апраўданы - сёння ў вырашэнні жыллёвых пытанняў маюць патрэбу больш як 40 тыс. шматдзетных сем'яў, і скарачэнне іх чарговасці знаходзіцца ў прыярытэце жыллёвай палітыкі.
Па напрамку адукацыі пашыраны пералік устаноў. Аплачваць навучанне за кошт сямейнага капіталу можна будзе дзецям або бацькам, якія начаюцца ў каледжах або Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі, а таксама ў Міжнародным універсітэце "МІТСО".
У медыцыне напрамак дапаўняецца за кошт магчымасці набыцця медыцынскіх вырабаў для правядзення складаных і высокатэхналагічных аперацый у артапедыі (цяпер - толькі ў кардыяхірургіі, нейрахірургіі, анкалогіі). Мы таксама ўлічылі інтарэсы шматдзетных сем'яў, у якіх ёсць інваліды. Яны змогуць набываць тавары і ўстройствы, якія дапамогуць ім інтэгравацца ў грамадстве. Гэта пад'ёмнікі, функцыянальныя ложкі, спецыяльныя камп'ютарныя ўстройствы (тактыльныя дысплэі і прынтары Брайля). Напрамак важны, паколькі гэтыя тавары даволі дарагія, іх кошт вар'іруецца ад Br700 да Br26 тыс. Паводле ацэнкі, больш за 140 шматдзетных сем'яў змогуць скарыстацца новай мерай падтрымкі.
Усе навацыі ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2022 года. У цэлым, усе гэтыя напрамкі сістэмнай і паслядоўнай палітыкі дзяржавы запатрабаваны і актуальныя, яны накіраваны на павышэнне якасці жыцця сем'яў. Спадзяёмся, што новыя меры нададуць імпульс бацькам двух дзяцей (якіх сёння ў краіне больш за 650 тыс.) адважыцца на новы статус - шматдзетнай сям'і.
БЕЛТА.