Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
ІНФАГРАФІКА: Змяненне меж Мінска
Учора 13:03 Стужка навiн
Усе навіны

Яўген Куйвашаў: Свярдлоўская вобласць гатова прапанаваць Беларусі шэраг узаемавыгадных прамысловых праектаў

Інтэрв'ю 13.10.2014 | 14:53

Дэлегацыя Свярдлоўскай вобласці на чале з губернатарам Яўгенам Куйвашавым з 13 па 15 кастрычніка наведвае Беларусь для абмеркавання ключавых аспектаў супрацоўніцтва. Напярэдадні візіту кіраўнік гэтага буйнейшага прамысловага рэгіёна Расіі адказаў на пытанні карэспандэнта БЕЛТА.


- Яўген Уладзіміравіч, як вы ацэньваеце ўзровень існуючых адносін паміж Беларуссю і Свярдлоўскай вобласцю? Якія тэндэнцыі ў супрацоўніцтве паміж партнёрамі праяўляюцца апошнім часам?


- Умацаванне супрацоўніцтва з Беларуссю з'яўляецца адным з прыярытэтаў для Свярдлоўскай вобласці. Па аб'ёме ўзаемнага тавараабароту Рэспубліка Беларусь уваходзіць у дзясятку асноўных гандлёвых партнёраў Сярэдняга Урала. У мінулым годзе сярод краін СНД Беларусь заняла лідзіруючыя пазіцыі нараўне з Казахстанам.


У 2013 годзе з Свярдлоўскай вобласці ў Беларусь у асноўным экспартаваліся металы і вырабы з іх - 57 працэнтаў ад агульнага аб'ёму паставак. Доля машынабудаўнічай прадукцыі склала 19 працэнтаў, у тым ліку механічнае, чыгуначнае, электрычнае абсталяванне, фота- і аптычная апаратура. Пастаўляюцца таксама хімічныя прадукты, касметычныя сродкі, пластмасы і вырабы з іх.


Для нашага рэгіёна Беларусь - пастаўшчык машынабудаўнічай прадукцыі. Гэта доля складае 26 працэнтаў. На хімічную прадукцыю прыпадае 21 працэнт. Пастаўкі прадуктаў харчавання складаюць 19 працэнтаў, у тым ліку малочная прадукцыя, мясныя прадукты, кандытарскія вырабы, прадукцыя мукамольна-крупяной прамысловасці. Таксама з Беларусі ў Свярдлоўскую вобласць завозяцца мэбля, абутак, папера і кардон, керамічныя і шкляныя вырабы. Можна без перабольшання сказаць, што значная частка ўральскага ўраджаю вырошчваецца і збіраецца з дапамогай беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Толькі ў 2014 годзе сельгаставаравытворцамі Свярдлоўскай вобласці было набыта больш як 170 адзінак тэхнікі беларускай вытворчасці. Гэта трактары, збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, іншыя сельскагаспадарчыя машыны.


На гэтым этапе Свярдлоўская вобласць зацікаўлена ў пастаўках тэхнікі для нарыхтоўкі лесу, тэхнікі для дарожна-будаўнічай галіны, аўтобусаў. Нам хацелася б развіваць сумесную вытворчасць станкоў, шын, гідраізаляцыйных матэрыялаў, сельгасмашын і абсталявання.


Разам з тым у нас ёсць агульны патэнцыял у такіх пытаннях, як укараненне інавацыйных распрацовак акадэмічных інстытутаў, абмен вопытам у сферы вышэйшай і прафесійнай адукацыі, распрацоўка сумесных адукацыйных праектаў.


Умацоўваюцца і двухбаковыя культурныя сувязі. Так, у вобласці адкрыта школа беларускай культуры і вывучэння мовы. Зусім нядаўна, у канцы верасня бягучага года, у Екацярынбургу з поспехам прайшлі гастролі Беларускага дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі, а 6 кастрычніка мы ўрачыста адкрылі помнік заснавальніку ансамбля "Песняры", уральцу і беларусу, народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну.


Наша мэта - развіццё і паглыбленне існуючых партнёрскіх адносін, заснаваных на ўзаемнай павазе, інтарэсе і даверы. Упэўнены, што ў асобе Свярдлоўскай вобласці Беларусь заўсёды знойдзе надзейнага партнёра.


- На вырашэнні якіх праблем у супрацоўніцтве, перш за ўсё эканамічным, на ваш погляд, бакам неабходна цяпер сканцэнтравацца?


- Хачу нагадаць, што яшчэ ў 2001 годзе паміж Свярдлоўскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь было падпісана пагадненне аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве. У мінулым годзе быў падпісаны план прыярытэтных праектаў у гандлёва-эканамічнай, навуковай і культурнай сферах на 2013-2015 гады, над рэалізацыяй якога мы цяпер актыўна працуем.


Шматгадовае плённае супрацоўніцтва з Беларуссю дае нам падставы лічыць, што ў выпадку ўзнікнення якіх-небудзь пытанняў мы і ў далейшым зможам іх вырашаць у канструктыўным дыялогу. Таму я лічу, што лепш гаварыць не аб праблемах, а аб перспектыўных напрамках супрацоўніцтва, у якіх мы можам быць карыснымі адзін аднаму, і напрамках, яшчэ не да канца асвоеных.


Узаемныя візіты дэлегацый даюць магчымасць выбудаваць прамы дыялог паміж бакамі, максімальна падрабязна і адкрыта абмеркаваць актуальныя пытанні, напрамкі развіцця і выпрацаваць адзіныя рашэнні на далейшую перспектыву. Акрамя таго, у ходзе абмену візітамі ёсць магчымасць наведаць як прадпрыемствы, з якімі ўжо выбудаваны ўзаемаадносіны, так і арганізацыі, з якімі ёсць планы па стварэнні новых сумесных праектаў.


Сёння адна з прыярытэтных задач для нашай айчыннай прамысловасці - хутчэйшае стварэнне лінейкі імпартазамяшчальнай прадукцыі. Вырашыць гэту задачу максімальна аператыўна і эфектыўна магчыма, у тым ліку і з дапамогай развіцця міжрэгіянальнай кааперацыі ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі.


- Якія канкрэтныя праекты Свярдлоўская вобласць гатова прапанаваць Беларусі? Якіх вынікаў вы чакаеце ад візіту ў Беларусь?


- Большасць праектаў менавіта ў прамысловай сферы. У нас запланавана падпісанне стратэгічных пагадненняў па пастаўках машынабудаўнічай прадукцыі для патрэб прадпрыемстваў Беларусі. Размова ідзе аб электравозах, цеплавозах, пуцявой чыгуначнай тэхніцы, дызельных рухавіках для кар'ернай тэхнікі.


У нас ёсць зацікаўленасць у пастаўках з Беларусі камплектуючых і кампанентаў для патрэбнасцей прамысловага комплексу вобласці.


Мы плануем абмеркаваць пастаўкі цягавага рухомага саставу і чыгуначнай тэхнікі прадпрыемстваў ЗАТ "Група Сінара" для патрэб Беларускай чыгункі, ААТ "Беларуськалій". Размова ідзе аб новых сучасных электравозах пераменнага току, якія выпускаюцца ТАА "Уральскія лакаматывы", а таксама аб манеўрова-вывазных цеплавозах і цеплавозах магістральнага тыпу, што працуюць на газавым паліве. У планах - правядзенне выпрабаванняў новага дызеля, які выпускаецца Уральскім дызель-маторным заводам, на кар'ерным самазвале "БелАЗ". Хачу нагадаць, што ў перыяд з 1981 года для Беларускага аўтамабільнага завода было выраблена 4050 дызеляў маркі ДМ-21 вытворчасці УДМЗ.


Уральскі турбінны завод у кааперацыі плануе прыняць непасрэдны ўдзел у рэканструкцыі Мінскай ЦЭЦ-3. Свярдлоўскае прадпрыемства выходзіць на ўдзел у гэтым конкурсе сумесна з федэральнай энергетычнай кампаніяй "Інтэр РАТ - Інжынірынг", якая будзе выступаць у ролі генеральнай падраднай арганізацыі. Уральскае прадпрыемства гатова ў поўным аб'ёме забяспечыць пастаўку вузлоў і дэталей для рэканструкцыі з далейшым забеспячэннем сэрвіснага абслугоўвання на працягу ўсяго тэрміну службы.


Яшчэ адзін буйны праект, які плануецца ажыццявіць, - будаўніцтва завода гідраізаляцыйных матэрыялаў "Пенетрон-Расія" ў Беларусі. Новы завод будзе выпускаць усю лінейку гідраізаляцыйных матэрыялаў "Пенетрон" і зможа поўнасцю забяспечыць патрэбнасці беларускага рынку. З прымяненнем расійскай гідраізаляцыі пабудаваны і рэканструяваны аб'екты кампаніі "Беларуськалій", метрапалітэна і аквапарку Мінска, а таксама шматлікія жылыя дамы і комплексы камерцыйнага прызначэння ў Беларусі.


Для падтрымкі прыярытэтных эканамічных праектаў і маніторынгу іх рэалізацыі будзе створана рабочая група паміж урадам Свярдлоўскай вобласці і Міністэрствам прамысловасці Беларусі.


Упэўнены, што ўсе нашы прапановы будуць ацэнены па заслугах і рэалізацыя сумесных праектаў у прамысловасці, адукацыі і навуцы, іншых сферах выведзе супрацоўніцтва паміж Свярдлоўскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь на новы этап.


Эдуард ПІВАВАР

Версія для друку
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Змяненне меж Мінска У мэтах развіцця тэрыторыі, што прылягае да Нацыянальнага аэрапорта Мінск, змяняюцца межы Мінска і Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.