Год таму завяршыўся праект "Мадэрнізацыя сістэмы процідзеяння незаконнаму абароту ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў на Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь" (РАДБЕЛ). Ён рэалізоўваўся Дзяржпагранкамітэтам Беларусі і Урадам Японіі. У беларускіх СМІ ўжо нямала пісалі аб тым, што даў праект Беларусі. У інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА японскі эксперт Сансіра Хасака , які курыраваў праект, расказаў, што ў сваю чаргу атрымала Японія ад супрацоўніцтва з беларускім бокам у гэтай сферы.
- Пан Хасака, беларуска-японскі праект РАДБЕЛ быў звязаны з кантролем радыяцыі. Ці дапамог ён Японіі пасля таго, як здарылася трагедыя на АЭС "Фукусіма"?
- Ніхто не мог прадбачыць такую катастрофу, калі мы пачыналі праект. Тым не менш гэта адбылося, і пасля завяршэння праекта РАДБЕЛ мы ўбачылі, што супрацоўніцтва дало ў добрым сэнсе пабочныя эфекты.
Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта Беларусі, апошні год яны прымалі ў сябе многіх прадстаўнікоў Японіі, у тым ліку даследчыкаў, журналістаў, прадстаўнікоў улад. Была сярод іх і дэлегацыя прэфектуры Фукусіма. У час гэтых візітаў японцы наведвалі вучэбную аўдыторыю, у якой можна было азнаёміцца з беларускімі тэхналогіямі маніторынгу радыяцыі. Кожны, хто прыехаў з Японіі, меў магчымасць прайсці індывідуальнае дазіметрычнае абследаванне ў адной з мабільных лабараторый, створаных дзякуючы праекту РАДБЕЛ.
З самага пачатку праект прызначаўся для Беларусі, але нешта з РАДБЕЛ аказалася карысным і для нас. Мы вельмі ўдзячны нашым партнёрам з беларускай пагранслужбы за тое, што яны былі такімі гасціннымі з кожнай японскай дэлегацыяй, а таксама за жаданне дзяліцца ведамі і вопытам, атрыманымі ў час штодзённай работы ў зонах, што пацярпелі пасля аварыі ў Чарнобылі.
Наколькі нам вядома, многія японскія эксперты, якія пабывалі ў Беларусі, зацікавіліся беларускім вопытам па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Акрамя таго, спецыялісты з Беларусі прыязджаюць цяпер у Японію, каб падзяліцца практычнымі рашэннямі ў сітуацыі пасля аварыі ў Фукусіме.
- Што менавіта з беларускага вопыту рэалізацыі РАДБЕЛ выкарыстала ваша краіна?
- Беларусь - краіна, якая мяжуе з некалькімі дзяржавамі. І гэта менавіта сухапутныя межы. Японія ж, як вядома, акружана вадой з усіх бакоў. Таму, працуючы па праекту, мы многаму навучыліся ў пагранічнай службы. Гэта асаблівасці эфектыўнага пагранічнага менеджменту. Гэта ўнікальныя падыходы да радыяцыйнага кантролю на граніцы і забеспячэнню радыяцыйнай бяспекі асабовага складу і жыхароў раёнаў, заражаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, ідэя разгортвання мабільных лабараторый у рамках РАДБЕЛ належыць пагранічнікам.
Для нашага праекта мы выкарыстоўвалі тэхналогіі вымярэння радыяцыі добра вядомых беларускіх фірм, такіх як "Атамтэх" і "Полімайстар". Пры выбары ўлічвалася, што многія пагранічнікі ўмеюць абыходзіцца з прыборамі гэтых вытворцаў. Акрамя таго, абсталяванне высокаінтэгравана з IT-тэхналогіямі. У хуткім часе такія ж прыборы (дэтэктары выпрамянення, спектрометры выпраменьвання чалавека (СВЧ)) былі экспартаваны ў Японію з Беларусі ў вялікай колькасці. Гэтыя беларускія брэнды сталі даволі папулярныя ў нас не толькі сярод прафесіяналаў, але і жыхароў, якія сталі купляць персанальныя дазіметры пасля Фукусімы.
- Як вы ацэньваеце ўзровень супрацоўніцтва Беларусі і Японіі ў гэтай сферы? Ці мае намер японскі бок прадоўжыць узаемадзеянне з беларускімі калегамі?
- Двухбаковае супрацоўніцтва нашых дзяржаў у гэтай галіне мае дваццацігадовую гісторыю і пачалося яшчэ ў 1990-я гады, калі распалася СССР, і неадэкватная абарона ядзерных матэрыялаў і ўстановак у постсавецкіх краінах пачала выклікаць апасенні ў сусветнай супольнасці. У цеснай кааперацыі з МАГАТЭ на працягу 1990-х Японія зрабіла значны ўклад у стварэнне сістэмы ўліку і кантролю, а таксама фізічнай абароны ядзерных матэрыялаў у Беларусі.
Акрамя таго, пасля падзей 11 верасня ў Нью-Ёрку сталі больш актуальнымі тэрарыстычныя пагрозы ў галіне ядзернай бяспекі, уключаючы нелегальны транзіт ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў праз граніцы дзяржаў. Спадзяёмся, у вырашэнні гэтай праблемы дапамог менавіта РАДБЕЛ. Я хацеў бы адзначыць, што ў прынцыпе забеспячэнне абароны ад ядзернага тэрарызму - гэта справа і адказнасць асобнай суверэннай дзяржавы. Але, як паказалі падзеі ў Фукусіме, інцыдэнт, які недзе адбыўся, становіцца агульнай праблемай. Мы павінны ўважліва адсочваць зменлівую абстаноўку і з'яўленне новых пагроз. Цяпер наша ўвага пераходзіць да пытання: "Наколькі паспяхова створаная сістэма спраўляецца з пастаўленымі задачамі?" У сувязі з гэтым мы плануем адправіць у Беларусь каманду, якая ацэніць, які эфект даў наш сумесны праект.
- Папрацаваўшы ў праекце РАДБЕЛ, што вы даведаліся аб чарнобыльскай трагедыі і як у вашай краіне можна выкарыстаць вопыт пераадолення наступстваў таго выбуху?
- Аб Чарнобылі напісана вельмі шмат - і журналістамі, і вучонымі. Пасля аварыі ў Фукусіме ў Японіі чарнобыльская тэма зноў ажыла ў розных публікацыях, паказваючы рост цікавасці японскай аўдыторыі да гэтай праблемы. Праўда, ёсць некаторыя адрозненні ў сацыякультурным аспекце паміж Беларуссю і Японіяй, але ваша практыка, якой чвэрць стагоддзя, неацэнная. Добра адпрацаваныя і сістэмныя падыходы па пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы і развіццю пацярпелых тэрыторый будуць карысны і для нас. У час рэалізацыі праекта мы былі прыемна ўражаны беларускімі тэхналогіямі і падыходамі. Я ўпэўнены, што японцы, якія наведваюць вашу краіну, будуць уражаны напрацоўкамі ў гэтай сферы. У сувязі з гэтым мы гаворым нашым суайчыннікам - "Лепш адзін раз убачыць..."
Васіль МАЛАШЭНКАЎ