Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
01 лістапада 2021, 16:28
Генадзь Балбатоўскі

Які попыт на паслугі санаторыяў у кавідны час

Генадзь Балбатоўскі
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва

Заморскі бераг ва ўмовах пандэміі па-ранейшаму вабіць беларусаў, але цяпер ён намнога менш даступны. Таму яны звярнулі больш пільную ўвагу на магчымасці адпачыць у сваёй краіне. А іх, дарэчы, нямала: гэта і шматлікія культурна-гістарычныя мясціны і адметнасці, запаведнікі з іх экасцежкамі, і шырокая сетка аграэкасядзіб, і цудоўныя санаторыі, якім нават замежныя грамадзяне аддаюць перавагу перад сваімі за суадносіны цаны і якасці. Якраз аб гэтым напрамку адпачынку і аздараўлення ў Беларусі, а таксама ўплыве на яго COVID-19 карэспандэнт БЕЛТА пагаварыла з дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзем Балбатоўскім.

- Генадзь Мікалаевіч, што прываблівае людзей у беларускія здраўніцы?

- Перш за ўсё шырокія магчымасці для лячэння з выкарыстаннем прыродных лячэбных фактараў. Фізіятэрапеўтычныя метады лячэння маюць менш проціпаказанняў і пабочных эфектаў, чым, напрыклад, медыкаментозная тэрапія. Такі комплексны дабратворны ўплыў на арганізм чалавека мае адны плюсы і таму карыстаецца заслужаным попытам у насельніцтва і гасцей з-за мяжы. Тым больш што ў нас няма недахопу ні ў прыродных лячэбных фактарах, ні ў інфраструктуры санаторна-курортнага лячэння, аздараўлення насельніцтва, якая дае магчымасць кожны год забяспечваць паслугамі здраўніц каля 1,3 млн чалавек.

Сетка санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый Беларусі прадстаўлена 307 здраўніцамі на 66 тыс. месцаў, з іх 106 санаторна-курортных арганізацый на 29 тыс. месцаў і 201 аздараўленчая на 37 тыс. месцаў.

Усе санаторна-курортныя арганізацыі і многія аздараўленчыя выкарыстоўваюць беларускія мінеральныя воды і лячэбныя гразі, якія падыходзяць для лячэння пацыентаў па розных профілях захворванняў.

- Паслугі санаторыяў не абмяжоўваюцца мінеральнымі водамі і лячэбнымі гразямі. Як абнаўляецца іх база, абсталяванне, як пашыраецца спектр паслуг аздараўлення?

- Матэрыяльна-тэхнічная база санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый Беларусі аснашчана па апошнім слове тэхнікі. Медыцынская частка прадстаўлена ўсімі сучаснымі і некаторымі інавацыйнымі метадамі курортнай тэрапіі, лабараторнай і функцыянальнай дыягностыкай і іншымі відамі запатрабаваных паслуг. У здраўніцах працуюць высокакваліфікаваныя ўрачы-спецыялісты па розных профілях захворванняў.

Таксама не трэба ўспрымаць беларускія санаторыі як толькі месцы лячэння хворых людзей. Паколькі ў іх створаны ўсе неабходныя ўмовы для адпачынку на любы густ. Ёсць і боўлінг, і більярд, і конныя прагулкі, і рыбалка, і, вядома, разнастайнае смачнае і карыснае харчаванне. Рэстараны многіх санаторыяў заслужана лічацца лепшымі ва ўсёй акрузе.

На захаванне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы такіх шматфункцыянальных санаторна-аздараўленча-забаўляльных комплексаў, у якія ператварыліся беларускія здраўніцы за апошнія 15 гадоў, неабходна пастаянна выкарыстоўваць вялікія аб'ёмы грашовых сродкаў. Добра што попыт на такія паслугі дае магчымасць уласнікам здраўніц штогод выдзяляць на гэтыя мэты значнае фінансаванне. Так, у 2020 годзе на правядзенне бягучых і капітальных рамонтаў, набыццё абсталявання і інвентару было выкарыстана Br108 млн - амаль у паўтара раза больш, чым на год раней.

- Што наконт укаранення новых праграм і паслуг? Якія з'явіліся?

- Названыя сродкі ў тым ліку пайшлі на ўкараненне новых відаў паслуг і фарміраванне з іх праграм санаторна-курортнага лячэння згодна з патрэбнасцямі насельніцтва. Такіх праграм створана мноства, яны маюць розную працягласць і ахопліваюць усе магчымыя медыцынскія профілі і прафілактыку ўзнікнення і развіцця розных захворванняў. Найбольш актуальныя - праграмы санаторна-курортнага лячэння людзей, якія перахварэлі на каранавірусную інфекцыю.

Часам у людзей пасля COVID-19 захоўваюцца розныя сімптомы хваробы, у тым ліку павышаная стамляльнасць, некаторыя рэспіраторныя і неўралагічныя парушэнні. Каб устараніць гэту сімптаматыку і не дапусціць яе развіцця, мы рэкамендуем насельніцтву прайсці дадатковы курс лячэння ў санаторна-курортных арганізацыях.

Адпаведныя праграмы распрацаваны і прымяняюцца ў 75 нашых здраўніцах. Яны ўключаюць працэдуры, якія дабратворна ўплываюць на органы дыхання, нервовую сістэму і сістэму кровазвароту, у цэлым на арганізм чалавека. Гэта лячэбная фізкультура, масаж, спелеатэрапія, інгаляцыі і іншыя фізіятэрапеўтычныя працэдуры, у тым ліку з выкарыстаннем эфектыўных прыродных лячэбных фактараў. Курс лячэння па гэтых праграмах, як правіла, складае ад 14 да 21 дня.

Такія праграмы павінны быць даступны для людзей, якія атрымліваюць ільготныя пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне. Таму Рэспубліканскі цэнтр сумесна з Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны прадаставілі гэтым людзям магчымасць пазачарговага санаторна-курортнага лячэння з выкарыстаннем сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Таксама камісіям па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва рэкамендавана ў першачарговым парадку выдзяляць пуцёўкі працуючым людзям, якія перахварэлі на каранавірусную інфекцыю.

Як вынік, мы бачым павышаны попыт на гэтыя праграмы ў насельніцтва. Агульная колькасць людзей усіх катэгорый, якія прайшлі лячэнне па іх за 9 месяцаў бягучага каляндарнага года, склала больш за 40 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 10 тыс. непрацуючых пенсіянераў.

- Калі ўжо загаварылі аб пандэміі, як яна паўплывала на паслугі здраўніц і ў цэлым на эканамічныя паказчыкі іх работы?

- Пандэмія каранавіруснай інфекцыі негатыўна паўплывала і прадаўжае аказваць свой нездаровы ўплыў на ўсю сферу паслуг. Закранула яна і санаторна-аздараўленчы комплекс нашай краіны, які ў 2020 годзе спрацаваў не з такім дадатным вынікам, як на год раней.

Сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, уласнікамі здраўніц мы прынялі ўсе меры, каб захаваць матэрыяльна-тэхнічную базу і кадравы патэнцыял санаторна-аздараўленчага комплексу. Здраўніцы прадаўжалі работу ў нармальным санітарна-эпідэміялагічным рэжыме, павышана даступнасць санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення за кошт разумнай цэнавай палітыкі і шырокага прымянення акцыйных і скідачных праграм, распрацаваны дадатковыя медыцынскія праграмы, у тым ліку, як я ўжо сказаў, для тых, хто перахварэў на COVID-19.

Дзякуючы гэтым мерам нашы здраўніцы забяспечылі аднаўленчы рост асноўных паказчыкаў сваёй дзейнасці ў параўнанні са студзенем - вераснем 2020 года.

Так, сярэдняя запаўняльнасць арганізацый вырасла на 19 працэнтных пунктаў і склала каля 77 працэнтаў, што адпавядае патрабаванням метадычных рэкамендацый па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі.

Агульная колькасць людзей, якім былі аказаны санаторна-аздараўленчыя паслугі, павялічылася на 55 працэнтаў і склала 1 млн 16 тыс. чалавек (у студзені - верасні 2020 года - 655,4 тыс. чалавек). Агульная выручка ад рэалізацыі гэтых паслуг павялічылася на 48 працэнтаў і склала каля Br520,2 млн (супраць Br352,1 млн за аналагічны перыяд мінулага года).

Замежныя грамадзяне таксама больш актыўна карысталіся паслугамі нашых здраўніц: колькасць аздароўленых гасцей з-за мяжы павялічылася на 24 працэнты і склала 98,7 тыс. чалавек (супраць 79,8 тыс.). Выручка ад экспарту паслуг павялічылася на 48 працэнтаў і склала Br108,6 млн (за 9 месяцаў 2020 года - Br73,2 млн).

- Відавочна, ёсць давер да якасці арганізацыі аздараўлення і бяспекі ва ўмовах пандэміі. Ці распаўсюджваецца гэты давер і на дзіцячае аздараўленне?

- Так, нашы грамадзяне давяраюць здраўніцам самае каштоўнае - здароўе сваё і сваіх дзяцей. Наогул больш за 80 працэнтаў ад выдзеленага Рэспубліканскаму цэнтру фінансавання накіроўваецца на набыццё і патанненне пуцёвак для дзяцей. Асноўны перыяд іх аздараўлення супадае з летнімі канікуламі.

Каб усе навучэнцы, якія жадаюць і маюць патрэбу ў аздараўленні, змаглі атрымаць летам такія паслугі, штогод адкрываецца больш за 5 тыс. лагераў. Не стаў выключэннем і бягучы год: у лагерах розных тыпаў аздаравіліся амаль 345 тыс. дзяцей - у два разы больш, чым у мінулым годзе.

Пачаліся ўжо асеннія канікулы. І ў гэты перыяд арганізаваны аздараўленчыя лагеры, у якіх дзяцей дагледзяць, накормяць і дзе ім прадаставяць усе неабходныя магчымасці для атрымання карысных ведаў, уменняў, навыкаў. Выдзеленае фінансаванне дасць магчымасць аздаравіць на асенніх канікулах да 60 тыс. навучэнцаў.

Падводзячы вынік, хачу адзначыць, што сістэма санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва функцыянуе стабільна. Дарослыя і дзеці могуць разлічваць, што нашы здраўніцы, як арганізацыі, якія арганічна дапаўняюць сістэму аховы здароўя, прымуць вычарпальныя меры па ахове і далейшым паляпшэнні здароўя беларусаў і нашых гасцей.

Кацярына КНЯЗЕВА,

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі