Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
04 лістапада 2011, 16:53

ЯК ВЫВОДЗЯЦЬ АЦЭНКУ ЗА ПАДАТКІ

Беларусь у рэйтынгу Сусветнага банка "Doing business-12" па паказчыку "Падаткаабкладанне" ў гэтым годзе перамясцілася наперад на 27 пазіцый і заняла 156-е месца. Упершыню за некалькі гадоў міжнародныя эксперты ацанілі рэформы ў сферы падаткаабкладання з пункту гледжання садзейнічання паляпшэнню ўмоў вядзення бізнесу. Што паўплывала на іх рашэнне? Ці ўсе рэзервы вычарпаны для паляпшэння гэтага выніку, або гэта толькі першы крок на шляху павышэння пазіцыі краіны па профільнаму паказчыку? Вынікі міжнароднага рэйтынгу пракаменціраваў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА міністр па падатках і зборах Беларусі Уладзімір Палуян.

- Уладзімір Мікалаевіч, як эксперты Сусветнага банка выводзяць ацэнку па паказчыку "Падаткаабкладанне"?

- Ацэнку сістэмы падаткаабкладання ў любой краіне свету, якую, як вы кажаце, выводзяць міжнародныя эксперты, фармуюць паказчыкі трох індыкатараў - "Колькасць плацяжоў", "Падатковая нагрузка" і "Колькасць затрачанага часу". Пры гэтым у Беларусі ацэньваліся рэформы ў сферы падаткаабкладання, ажыццёўленыя па заканадаўству 2010 года. Магу сказаць, што ў адносінах да ўсіх трох індыкатараў ацэнкі экспертаў Сусветнага банка ў параўнанні з мінулагоднімі павысіліся. Усё гэта прывяло да таго, што пазіцыя краіны ў рэйтынгу па паказчыку "Падаткаабкладанне" паднялася да 156-га месца.

- Ці аднолькава важныя для ацэнкі экспертаў усе тры індыкатары?

- Я крыху інакш расставіў бы акцэнты ў пытанні аб важнасці індыкатараў для ацэнкі. Усе тры індыкатары аднолькава важныя для нас - Міністэрства па падатках і зборах і спецыялістаў, якія ў ім працуюць. Звярніце ўвагу, як называецца рэйтынг - "Вядзенне бізнесу". Ацэньваюцца не рэформы самі па сабе, гэта не кірмаш ідэй, а змяненне ў лепшы бок умоў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Менавіта на гэта накіравана работа падатковай службы апошнія гады: стварыць у краіне такі клімат для дзелавой актыўнасці і, у першую чаргу, для малога і сярэдняга бізнесу, калі ўжо мы гаворым аб ацэнцы падаткаабкладання ў міжнародным рэйтынгу, каб айчынны прадпрымальнік адчуваў сябе тут камфортна і імкнуўся развівацца.

Выкажу ўпэўненасць у тым, што сітуацыя ў краіне з падаткаабкладаннем лепшая за тую, якую мы бачым у рэйтынгу. Бо не варта забываць, што крыху скажоную карціну стварае механізм ацэнкі экспертамі рэформ, пры якім у бягучым годзе ўлічваюцца нарматыўныя змяненні, якія адбыліся ў папярэднім перыядзе. Як я ўжо гаварыў, размова ідзе аб заканадаўстве 2010 года.

- Як менавіта змяніліся гэтыя індыкатары ў рэйтынгу "Doing business-2012"?

- Па індыкатару "Колькасць плацяжоў" паказчык скарочаны з 82 да 18 плацяжоў. Па другому індыкатару "Падатковая нагрузка" адмена абаротнага падатку з 2010 года прывяла да скарачэння падатковай нагрузкі на 17,7 працэнта да ўзроўню 62,8 працэнта. Што датычыцца "Колькасці затрачанага часу", то разліковы паказчык гэтага індыкатара вызначаецца на падставе анкетнага апытання плацельшчыкаў аб колькасці часу, затрачанага на вылічэнне і выплату падаткаў, у тым ліку адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Гэты паказчык у нас змяніўся з 798 да 654 гадзін. Ужо можна гаварыць аб тым, што на гэта змяншэнне паўплываў комплекс мер, накіраваных на спрашчэнне разліку падаткаў, скарачэнне аб'ёму, колькасці і перыядычнасці прадстаўлення падатковых дэкларацый (разлікаў), укараненне электроннага дэкларавання.

- Лічбы, якія адлюстроўваюць, на думку міжнародных экспертаў, сітуацыю з часам, што затрачваецца на адміністраванне падаткаў, заўсёды былі даволі спрэчнымі. Ці не спрабавала Міністэрства па падатках і зборах самастойна атрымаць нейкую альтэрнатыўную інфармацыю аб тым, колькі гадзін затрачвае плацельшчык на вылічэнне і выплату падаткаў?

- Безумоўна, мы правялі і ўласнае даследаванне. З мэтай атрымання інфармацыі аб часавых затратах на разлік ПДВ, падатку на прыбытак і адлічэнняў у Фонд сацабароны наша міністэрства ў бягучым годзе ўжо арганізавала ананімнае апытанне плацельшчыкаў. Былі ахоплены арганізацыі з колькасцю працуючых да 100 чалавек. І па выніках гэтага анкетавання паказчык часу разліку названых падаткаў склаў у сярэднім па рэспубліцы 282 гадзіны ў год. У сталіцы, дзе дзейнасць суб'ектаў гаспадарання традыцыйна мае больш шырокі спектр, паказчык склаў каля 340 гадзін у год. Але тут узнікае адно "але".

Аналіз вынікаў анкетавання выявіў некаторую разрозненасць у паказчыках часу, які затрачваюць на адну і тую ж аперацыю арганізацыі з максімальна падобнымі характарыстыкамі. Можна сказаць, што гэтыя разлікі з'яўляюцца суб'ектыўнымі і залежаць ад якасці арганізацыі работы бухгалтара на кожным асобна ўзятым прадпрыемстве.

А работа, пра якую вы сказалі, мае пастаяны, сістэмны характар. Міністэрства выкарыстоўвае любую магчымасць для наладжвання дыялогу з плацельшчыкамі і атрымання аб'ектыўнай інфармацыі аб рэзервах паляпшэння паказчыка індыкатара "Колькасць затрачанага часу". У нас працуе пастаянная тэлефонная лінія, па якой прапановы прымаюцца ў любой зручнай для плацельшчыкаў форме - як пісьмовай (па факсу), так і вуснай. Пытанне абмяркоўваецца з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, а таксама на дзелавых сустрэчах з прадстаўнікамі грамадскіх прадпрымальніцкіх арганізацый.

- Удакладніце, калі ласка, што канкрэтна за ўзяты экспертамі для аналізу перыяд паўплывала на паляпшэнне паказчыка па гэтаму індыкатару?

- Проста пералічу. У сувязі з адменай абавязковых плацяжоў у бюджэт, аб'яднаннем дэкларацый па падатках за пэўны перыяд адменена 10 форм падатковых дэкларацый (разлікаў). Скарочаны аб'ём даведачных звестак у падатковых дэкларацыях (разліках) з неабходнасцю адлюстравання толькі тых паказчыкаў, абавязак па прадстаўленню якіх прадугледжана непасрэдна Агульнай часткай Падатковага кодэкса Беларусі. Напрыклад, у падатковай дэкларацыі (разліку) па падатку на прыбытак колькасць такіх паказчыкаў зніжана да 5 у параўнанні з 15, якія былі раней. З 2009 года ўведзена электроннае дэклараванне, а менавіта падача падатковых дэкларацый у электронным выглядзе.

- Аб электронным дэклараванні раскажыце, калі ласка, больш падрабязна. Ці апраўданы пераход да абавязковага электроннага дэкларавання ў нашай краіне?

- Ведаеце, адыход ад папяровага дакументаабароту з'яўляецца цяпер агульнасусветнай тэндэнцыяй. Гэта практычна ўжо канкурэнтная перавага сістэм падаткаабкладання многіх краін. Чаму Беларусь павінна заставацца на абочыне гэтых тэндэнцый? Такі крок дае магчымасць паскорыць і спрасціць для падаткаплацельшчыкаў працэс падачы падатковай справаздачнасці, а таксама знізіць затраты на падатковае адміністраванне, якія пакрываюцца за кошт бюджэту. Ужо ў многіх дзяржавах - Венгрыі, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Карэі, Латвіі, Расіі - заканадаўча замацавана абавязацельства падаткаплацельшчыкаў, якія адпавядаюць пэўным крытэрыям, прадстаўляць падатковую справаздачнасць у электронным выглядзе. Да такіх падаткаплацельшчыкаў, як правіла, адносяцца плацельшчыкі, колькасць супрацоўнікаў або абарот якіх перавышае ўстаноўленую мяжу.

- У чым заключаюцца канкурэнтныя перавагі электроннага дэкларавання?

- Замежны вопыт паказвае, што электроннае дэклараванне дае магчымасць знізіць часавыя затраты падаткаплацельшчыка на падрыхтоўку і прадстаўленне ў падатковыя органы падатковай справаздачнасці, скарачае папяровы дакументаабарот, адмяняе неабходнасць з'яўляцца ў падатковыя органы асабіста. Акрамя таго, праграмнае забеспячэнне, якое выкарыстоўваецца для электроннага дэкларавання, выключае магчымасць арыфметычных і лагічных памылак, змяшчае падказкі па запаўненню палёў, абнаўляецца ў адпаведнасці са змяненнямі ў падатковым заканадаўстве.

Эфектыўнасць абавязковага электроннага падатковага дэкларавання пацвярджае не толькі практыка, але і тэарэтычныя даследаванні. Параўнальны аналіз 10 падатковых адміністрацый, праведзены ў 2009 годзе міжнароднай кансалтынгавай кампаніяй McKinsey, выявіў, што існуе прамая залежнасць паміж электронным дэклараваннем і зніжэннем затрат на падатковае адміністраванне як падаткаплацельшчыкаў, так і падатковых органаў. Але выгада ў поўным аб'ёме дасягаецца толькі пры набліжэнні да стапрацэнтнага электроннага дэкларавання. Таму што пры частковым выкарыстанні электроннага дэкларавання захоўваецца неабходнасць утрымліваць рэсурсы для вядзення папяровага дакументаабароту, што значна змяншае эфект, які дасягаецца за кошт электроннага дэкларавання.

- Цяпер у Беларусі шмат суб'ектаў гаспадарання карыстаюцца сістэмай электроннага дэкларавання?

- Па стану на 1 кастрычніка 2011 года ў сістэме электроннага дэкларавання зарэгістравана ўжо 46015 юрыдычных асоб і 14537 індывідуальных прадпрымальнікаў. Таму пераход на абавязковае прадстаўленне падатковай справаздачнасці ў электронным выглядзе будзе адначасовым не для ўсіх суб'ектаў гаспадарання, а толькі для неахопленай часткі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Такім чынам, абавязковае электроннае дэклараванне стане лагічным працягам развіцця новых форм электроннага абслугоўвання падаткаплацельшчыкаў.

- Уладзімір Мікалаевіч, давайце вернемся да іншых індыкатараў рэйтынгу. Вы ўжо сказалі, што колькасць плацяжоў у Беларусі зменшылася з 82 да 18...

- Правільна. У той жа час неабгрунтавана, на наш погляд, у справаздачы міжнародных экспертаў указанне на 12 плацяжоў па адлічэннях на страхаванне няшчасных выпадкаў. Экспертамі не ўлічаны нормы пастановы Савета Міністраў Беларусі ад 26 снежня 2009 года нумар 1710, якой унесены дапаўненні і змяненні ў пастанову ад 10 кастрычніка 2003 года нумар 1297. У адпаведнасці з новым дакументам у 2010 годзе замест штомесячнай была ўстаноўлена штоквартальная выплата страхавых узносаў па абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. У мэтах развіцця гэтага дакумента пастановамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі зацверджаны формы справаздачнасці аб сродках па абавязковаму страхаванню ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў. І такая справаздачнасць прадстаўляецца штоквартальна, не штомесяц. Калі б названыя акты былі ўлічаны, то агульная колькасць плацяжоў не перавысіла б 10, што, на наш погляд, дало б магчымасць Беларусі падняцца ў рэйтынгу яшчэ вышэй.

Таксама адзначу, што для замацавання пазіцыі рэспублікі па вызначэнню колькасці падатковых плацяжоў у Міністэрства фінансаў накіравана прапанова аб дапаўненні Агульнай часткі Падатковага кодэкса Беларусі палажэннем, якое абавязвае арганізацыі, сярэдняспісачная колькасць якіх перавышае 50 чалавек, прадстаўляць падатковыя дэкларацыі (разлікі) у электронным выглядзе. Але гэты крок, як мы чакаем, будзе ацэньвацца міжнароднымі экспертамі ў будучым.

- І пра падатковую нагрузку. Наколькі істотна яна змянілася?

- Сусветны банк улічыў адмену ў Беларусі з 2010 года абаротнага падатку. Гэта прывяло да скарачэння падатковай нагрузкі на 17,7 працэнта і адпаведна знізіла значэнне індыкатара "Падатковая нагрузка" да ўзроўню 62,8 працэнта (у 2009 годзе ён складаў 80,4 працэнта). З 62,8 працэнта агульнай стаўкі да прыбытку арганізацыі 38,4 працэнта адносяцца да адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны, што складае больш за 50 працэнтаў агульнага паказчыка.

Варта прызнаць, што без змяншэння ўзроўню адлічэнняў у Фонд сацабароны зніжэнне падатковай нагрузкі на прадпрыемствы і, як вынік, істотнае змяненне рэйтынгавай ацэнкі рэспублікі па паказчыку "Падаткаабкладанне" з'яўляецца складаным.

- Завяршаецца 2011 год, а ў пачатку новага года, як звычайна, адбываюцца ўсе значныя змяненні ў заканадаўстве, у тым ліку падатковым. Ці можаце вы ўжо зараз сказаць, якія асноўныя змяненні чакаюць падаткаплацельшчыкаў у 2012 годзе?

- На 2012 год запланавана рэалізацыя некаторых норм, ініцыятарамі якіх у тым ліку выступалі прадпрымальнікі. Напрыклад, для зніжэння падатковай нагрузкі суб'ектам гаспадарання будзе прадастаўлена права пераносу страт на будучыя перыяды. Для скарачэння колькасці часу, што затрачваецца на вылічэнне і выплату падаткаў, прадугледжваецца выключэнне абавязку па выплаце экалагічнага падатку па месцы знаходжання аб'екта падаткаабкладання. Выплата будзе ажыццяўляцца адзіным плацяжом па месцы пастаноўкі на ўлік арганізацыі. Таксама будзе пашырана сфера электроннага дакументаабароту паміж плацельшчыкамі і падатковымі органамі. Гэта, у прыватнасці, электроннае кансультаванне плацельшчыкаў, ажыццяўленне працэдур падатковага адміністравання ў электронным выглядзе.

І вядома, хачу яшчэ раз нагадаць усім падаткаплацельшчыкам аб тым, што ўсе яны могуць прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы прапаноў па далейшаму ўдасканаленню сістэмы падаткаабкладання. Сёння для гэтага трэба як ніколі мала - накіраваць свае прапановы на афіцыйны сайт Міністэрства па падатках і зборах або паведаміць аб іх іншым чынам. Мы разгледзім усе прапановы.

Лілія КРАПІВІНА,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі