Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
30 студзеня 2019, 12:43
Аляксей Васільеў

Як у Беларусі будуць прыватызаваць прадпрыемствы і прыцягваць інвестараў у 2019 годзе

Аляксей Васільеў
Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці

Дзяржкаммаёмасці вызначыла пералік з 23 адкрытых акцыянерных таварыстваў для прыватызацыі ў бягучым годзе. Аналагічны пералік у 2018-м налічваў 33 прадпрыемствы, інвестар набыў дзяржактывы толькі аднаго з іх. Дзяржава асцярожна падыходзіць да прыватызацыі, прытрымліваецца палітыкі паступальнага збліжэння пазіцый з інвестарамі, акцэнт робіцца на інвестыцыі ў вытворчасць і захаванне рабочых месцаў. Першы намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці Аляксей Васільеў у інтэрв'ю БЕЛТА расказаў аб спрашчэнні механізма продажу дзяржактываў на аўкцыёнах і рабоце па павышэнні прывабнасці прадпрыемстваў для замежных інвестараў.

- Аляксей Аляксандравіч, ці чакаецца ў гэтым годзе ажыўленне прыватызацыі?

- Складана сказаць. Вядомы вызначаны кіраўніком дзяржавы падыход: любое прадпрыемства можа быць прыватызавана, гэта залежыць ад кошту і ўмоў здзелкі. Лепшыя прапановы можна атрымаць па выніках конкурсаў, якія праводзяцца пры рэалізацыі больш як 25 працэнтаў акцый прадпрыемстваў. Аўкцыёны арганізуем на Беларускай валютна-фондавай біржы з выстаўленнем мінарытарных пакетаў акцый. У гэтым годзе акцыі 15 таварыстваў прапануецца рэалізаваць па конкурсе, 8 - на аўкцыёнах. У прыватнасці, на продаж выстаўлены дзяржпакеты акцый 10 прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці. Сярод іх ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Гарызонт", ААТ "Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання", ААТ "Гомсельмаш", ААТ "БАТЭ" - кіруючая кампанія холдынга "Аўтакампаненты". Спіс таварыстваў суправаджаюць умовы, якія павінен будзе выканаць патэнцыяльны інвестар. Напрыклад, 49,9 працэнта акцый "Гомсельмаша" могуць быць прапанаваны для продажу на ўмовах рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, які прадугледжвае не менш як $500 млн інвестыцый у асноўны капітал, рост аб'ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, пашырэнне рынкаў збыту і г. д.

Сфарміраваны пералік не выключае магчымасці прыватызацыі іншых прадпрыемстваў. Мы гатовы да дыялогу. У мінулым годзе былі прададзены кітайскаму інвестару акцыі толькі РУП "Інстытут Белдзяржпраект". Шэраг здзелак быў блізкі да заключэння, але, на жаль, не адбыўся. Некаторыя прадпрыемствы перайшлі ў гэты год з мінулагодняга пераліку. Разам з тым, калі мы бачым, што інтарэс да прадпрыемства не выказваецца, прапануем, напрыклад, або перадаць яго з рэспубліканскай у камунальную ўласнасць, або ставім пытанне аб яго далучэнні да больш моцных прадпрыемстваў.

- Калі я не памыляюся, "Інстытут Белдзяржпраект" быў у пераліку прадпрыемстваў для ўваходжання кітайскага капіталу. Растлумачце, калі ласка, існуюць два розныя спісы?

- У выніку супрацоўніцтва з кітайскім бокам па прапановах дзяржорганаў быў сфарміраваны асобны пералік. Кітайскія інвестары могуць працаваць з міністэрствамі як з нашым удзелам, так і непасрэдна. Патэнцыяльныя вынікі ад уваходжання ў акцыянерны капітал "Белдзяржпраекта" ў Кітаі ацанілі станоўча. Пералікі - не планы. Яны з'яўляюцца своеасаблівай рэкламай для інвестараў і дапамагаюць хутчэй сарыентавацца ў прапановах, параўнаць умовы і г. д.

- У мінулым годзе Дзяржкаммаёмасці аб'явіла аб пошуку інвестара для набыцця дзяржпакета акцый ААТ "Барысаўдрэў". Прапановы паступілі ўжо?

- Так, цяпер вядуцца перагаворы з патэнцыяльным інвестарам - буйной кампаніяй. "Барысаўдрэў" знаходзіцца пад кіраўніцтвам Банка развіцця Беларусі. Эксперты Дзяржкаммаёмасці ўваходзяць у склад камісіі, што ацэньвае паступіўшыя прапановы. Першае ўжо было зроблена, унеслі контрпрапанову, якую інвестар цяпер асэнсоўвае. Будзем збліжаць пазіцыі. Асноўныя ўмовы - максімальнае захаванне працоўнага калектыву і развіццё прадпрыемства. Галоўнае ў гэтай рабоце - пошук узаемавыгаднага рашэння. Напрыклад, можа быць павялічаны перыяд унясення неабходнага аб'ёму інвестыцый.

- Нядаўна змяніліся ўмовы продажу акцый на Беларускай валютна-фондавай біржы. Ці спросціцца ў сувязі з гэтым працэс прыватызацыі? У канцы мінулага года на біржы выстаўляліся акцыі васьмі прадпрыемстваў, але таргі былі безвыніковымі...

- Працэдура продажу акцый на біржы выявіла шэраг праблем, сярод якіх немагчымасць продажу акцый аднаму ўдзельніку і выхаду на біржу прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці. Прынятая пастанова Савета Міністраў ад 17 снежня 2018 года нумар 909 здымае гэтыя пытанні. Таксама ўнесены змяненні ў рэгламент работы біржы. Яшчэ раз вернемся да гэтай тэмы на калегіі Дзяржкаммаёмасці ў лютым. Думаю, што з выхадам на біржу прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці таргі будуць больш актыўнымі.

Абмяркоўваецца яшчэ адно праблемнае пытанне - купля дзяржакцый самімі акцыянернымі таварыствамі. На біржы могуць выстаўляцца на продаж, напрыклад, 8 працэнтаў або 10 працэнтаў дзяржакцый. Пабочнаму іграку такі памер пакета акцый, як правіла, не цікавы, таму што не дае права ўплываць на работу кампаніі. Таму патэнцыяльным пакупніком часта з'яўляецца само таварыства. Мы працуем з Міністэрствам фінансаў па вырашэнні гэтага пытання.

- Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) актыўна ўдзельнічае ў перадпрыватызацыйнай падрыхтоўцы пяці беларускіх дзяржпрадпрыемстваў. Як вы ацэньваеце перспектывы гэтай работы?

- Я магу адказаць на пытанне толькі адносна прыватызацыі ААТ "Краснасельскбудматэрыялы", з якім у ліку іншых прадпрыемстваў працуе ЕБРР. Да куплі акцый гэтага завода выказала інтарэс ірландская кампанія. Перагаворы ідуць даволі канструктыўна. Разам з тым асобныя моманты патрабуюць абмеркавання.

- Як у цэлым прапануецца павышаць інвестыцыйную прывабнасць прадпрыемстваў?

- У гэтым ключы ва ўзаемадзеянні з ЕБРР праводзіцца вялікая работа з холдынгам "Белаўтадар", які ўваходзіць у сістэму Дзяржкаммаёмасці. Распрацоўваецца новая стратэгія развіцця холдынга, што дае магчымасць сканцэнтравацца на вырашэнні канкрэтных праблем. Яшчэ адна група экспертаў ад ЕБРР выпрацоўвае прапановы па ўкараненні карпаратыўнага кіравання, якое з'яўляецца асновай для павышэння яго эфектыўнасці, прывабнасці для інвестараў. Партнёры больш ахвотна ідуць на перагаворы, калі разумеюць, што рашэнні пры кіраванні таварыствам прымаюцца калегіяльна, з удзелам незалежных дырэктараў.

- У краіне прадаўжаецца перадача прадпрыемстваў з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную. Як гэта ўплывае на іх работу?

- У 2018 годзе рэгіёнам было перададзена каля 75 прадпрыемстваў, у асноўным у Віцебскай і Гомельскай абласцях. Калі галіновыя міністэрствы і рэгіёны не бачаць дакладную перспектыву развіцця прадпрыемстваў пасля перадачы, то мы не выходзім з такой ініцыятывай, разглядаем кожны выпадак індывідуальна. Калі прадпрыемства патрабуе ліквідацыі, міністэрствы самі павінны гэта зрабіць, а не перадаваць галаўны боль рэгіёнам. Разумеючы праблематыку гэтага пытання, дамовіліся з Міністэрствам эканомікі комплексна падыходзіць да гэтай тэмы. У бліжэйшы час будзем абмяркоўваць яе.

Як гэта ўплывае на работу саміх прадпрыемстваў? Аднойчы я прыехаў у адзін з рэгіёнаў, ва ўласнасць якога былі перададзены тры прадпрыемствы. Іх кіраўнікі заявілі, што перадача на мясцовы ўзровень пайшла на карысць, таму што прадпрыемствы атрымалі больш увагі з боку мясцовых улад. Думаю, што з аднаго боку такія арганізацыі - гэта пэўная нагрузка на рэгіён. З іншага боку - кіраўнікі раёнаў атрымліваюць дадатковы рэзерв для паляпшэння эканамічнай сітуацыі. Галоўнае - дакладнае разуменне, для чаго гэта робіцца.

- Яшчэ адна нагрузка на рэгіёны ўзнікае пры перадачы арганізацыямі няпрофільных актываў...

- Гэта няпростае пытанне. Растлумачу на прыкладах. У "Беларуськалію" ёсць няпрофільны актыў - кацельня, якая ацяпляе палавіну Салігорска. Калі будзе прынята рашэнне аб спыненні яе работы, што рабіць з ацяпленнем жылых дамоў? Важна захаваць баланс, часам фінансавыя паступленні - не самае галоўнае, улічваецца і неабходнасць падтрымкі прадпрымальніцтва, і іншыя інтарэсы рэгіёна.

- Вы ўваходзіце ў склад групы для сумеснай работы з Сусветным банкам над дарожнай картай структурных рэформ у Беларусі. Якія прапановы лічыце мэтазгодным прапрацаваць у сувязі з гэтым?

- Супрацоўніцтва з Сусветным банкам прадоўжыцца ў частцы работы па раздзяленні функцый дзяржавы як рэгулятара і як уласніка. Нашы крокі ў гэтым напрамку ўспрыняты пазітыўна. Плануем стварыць першую ў краіне дзяржкарпарацыю для павышэння эфектыўнасці кіравання дзяржактывамі на прыкладзе падпарадкаваных Дзяржкаммаёмасці арганізацый: РУП "Інстытут нерухомай маёмасці і ацэнкі", ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Белаўтадар" і ДА "Белрэсурсы" - кіруючая кампанія холдынга "Белрэсурсы", што будзе да 1 ліпеня пераўтворана ў ААТ. Карпарацыя можа стаць мадэллю для далейшага ўзважанага ўдасканалення падыходаў да кіравання дзяржпрадпрыемствамі ў розных сферах.

Вера СЯРГЕЕВА

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі