
Забяспечыць людзей усімі неабходнымі таварамі ў шырокім асартыменце заўсёды было важнейшай задачай гандлю. У сувязі з санкцыямі ўмовы імпартных паставак змяніліся, шэрагу тавараў знойдзена замена ў дружалюбных краінах. Асаблівае значэнне ў цяперашніх умовах надаецца насычэнню рынку прадукцыяй айчыннай вытворчасці. Аб сітуацыі на спажывецкім рынку ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ніна Емяльянава.
- Ніна Аляксееўна, як на беларускім рынку ідуць справы з таварамі - як харчовымі, так і нехарчовымі? Ці ўдалося поўнасцю замясціць імпартныя тавары пастаўкамі з дружалюбных краін?
- Адна з асноўных задач, што стаяць перад МАРГ, - насычэнне спажывецкага рынку таварамі, у першую чаргу айчыннай вытворчасці. Цяпер на спажывецкім рынку не назіраецца зніжэння асартыменту прапануемых для продажу тавараў або вымывання асобных іх відаў. Пакупнікам прапануецца шырокі выбар тавараў як айчыннай, так і замежнай вытворчасці.
Пасля ўступлення ў сілу пастановы нумар 700 (аб харчовым эмбарга на шэраг тавараў з заходніх краін у адказ на санкцыі. - Заўвага БЕЛТА) імпарцёры прынялі неабходныя меры, каб пастаўляць тавары з дружалюбных краін. Многія імпарцёры пераарыентаваліся на пастаўку тавараў з Расійскай Федэрацыі. Напрыклад, у 2022 годзе імпарт свежых таматаў і рэпчатай цыбулі з Расіі павялічыўся ў параўнанні ў 2021 годам у 2,3 раза, капусты - у 3,9 раза, морквы і буракоў - у 7,5 раза, свежых агуркоў - у 1,5 раза, яблыкаў - у 3,3 раза.
Увядзенне санкцый з боку недружалюбных краін стварыла спрыяльнае асяроддзе для далейшага развіцця айчыннай вытворчасці тавараў, у тым ліку ў рамках імпартазамяшчэння. Напрыклад, значна вырасла доля продажу арганізацыямі гандлю айчынных яблыкаў (на 11,4 працэнта), фруктовых і агароднінных сокаў (на 10,9 працэнта), цукрыстых кандытарскіх вырабаў (на 5 працэнтаў), шакаладу (на 4,2 працэнта), сыроў (на 3,5 працэнта), мучных кандытарскіх вырабаў (на 3,3 працэнта), макаронных вырабаў (на 3 працэнты), тэлевізараў (на 8,5 працэнта) і іншых.
- У мінулым годзе вырасла доля продажу айчынных тавараў, ці чакаецца, што гэты трэнд прадоўжыцца ў бягучым годзе?
- Сапраўды, у мінулым годзе ўпершыню за апошнія 12 гадоў удалося спыніць тэндэнцыю зніжэння долі продажу айчынных тавараў, што сведчыць аб павелічэнні попыту пакупнікоў на беларускую прадукцыю. Паводле даных Белстата, у 2022 годзе доля продажу айчынных тавараў у тавараабароце арганізацый гандлю прырасла на 1,7 працэнтнага пункта ў параўнанні з 2021-м і склала 60,9 працэнта. У тым ліку доля продажу айчынных прадуктаў харчавання вырасла на 0,2 працэнтнага пункта да 76,8 працэнта, нехарчовых тавараў - на 2,3 працэнтнага пункта да 42,9 працэнта.
МАРГ прадаўжае работу з гандлёвымі сеткамі і аб'ектамі па пытаннях максімальнага насычэння ўнутранага рынку беларускай прадукцыяй, прадастаўлення таварам айчыннай вытворчасці лепшых месцаў на паліцах. Пры гэтым важна сумесная работа гандлёвых сетак і беларускіх вытворцаў. І перш за ўсё айчынны вытворца павінен быць зацікаўлены ў пашырэнні выпускаемай прадукцыі на ўнутраным рынку. Для павелічэння рэалізацыі беларускіх тавараў у шэрагу выпадкаў патрэбна рэклама, правядзенне маркетынгавых мерапрыемстваў. Спадзяёмся, што праводзімая работа дасць магчымасць захаваць тэндэнцыю па павелічэнні долі продажаў айчынных тавараў.
- Ці гатовы нашы вытворцы прапаноўваць разнастайны асартымент, асабліва ў нехарчовым сегменце?
- З улікам існуючага санкцыйнага націску ў нашых вытворцаў з'явілася магчымасць арганізаваць вытворчасць больш шырокага асартыменту ўласнай імпартазамяшчальнай прадукцыі. Айчынныя вытворцы ўжо сёння паспяхова замяшчаюць такія спажывецкія тавары, як цвёрдыя і паўцвёрдыя сыры, кандытарскія вырабы, фруктовыя сокі, сінтэтычныя мыйныя сродкі, зубная паста, касметычныя тавары і іншыя.
У шырокім асартыменце беларускія вытворцы выпускаюць тавары лёгкай прамысловасці. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца беларускі трыкатаж. У рамках канцэпцыі стварэння гандлёвай сеткі беларускіх мас-брэндаў канцэрн "Беллегпрам" адкрыў у Мінску першы беларускі канцэпт-стор "Да дому", у якім прадстаўлена прадукцыя выключна беларускіх вытворцаў.
Валерыя ГАЎРЫЛАВА,
БЕЛТА.